Леанід Аляксандравіч Шамяткоў – славуты матэматык з Гомеля

0
1002

Л.А. Шамяткоў нарадзіўся ў Гомелі. Там жа ён скончыў сярэднюю школу, педагагічны інстытут і паступіў у аспірантуру да акадэміка АН БССР С.А.Чуніхіна. Пасля заканчэння аспірантуры 15 гадоў працаваў у Гомельскім аддзяленні Інстытута матэматыкі АН БССР. У 1977 г. быў пераведзены на пасаду прарэктара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. З 1989 г. працуе рэктарам універсітэта. У 1964 г. абараніў кандыдацкую, а ў 1969 г. –доктарскую дысертацыі. У 1973 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара, а ў 1980 г. абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.

Працягваючы тэматыку свайго настаўніка С.А. Чуніхіна, Леанід Аляксандравіч атрымаў шэраг завяршальных вынікаў у галіне сілаўскіх уласцівасцей канечных груп і тэорыі індэксіялаў. Акрамя таго, ён знайшоў рашэнне праблемы расшырэнняў груп, якую паставіў нямецкі матэматык Віландт у 1958 г. на Эдынбургскім матэматычным кангрэсе, і праблемы Д.К.Фаддзеева а6 пералічэнні канечных вырашальных груп, якая заставалася нявырашанай з 1947 г. У сярэдзіне 70-х гадоў з’явіліся яго першыя працы па тэорыі фармацый, і ўжо праз некалькі гадоў у Гомелі сфарміравалася пад яго кіраўніцтвам навуковая школа. Вось што пісалі ў канцы 70-х гадоў акадэмік В.М.Глушкоў і член-карэспандэнт АН УССР С.Н.Чэрнікаў: “Важна адзначыць, што Л.А.Шамяткоў з’яўляецца стваральнікам і кіраўніком новага навуковага напрамку ў нашай краіне — тэорыі фармацый. Тут ім таксама вырашаны буйныя навуковыя праблемы (напрыклад, праблема фармацыйнай стабільнасці, якая доўгі час не паддавалася намаганням нават такіх вядомых матэматыкаў, як Бэр і Хуперт). Калектыў вучняў Л.А.Шамяткова ўносіць важкі ўклад у развіццё савецкай алгебры”.

Манаграфія Л.А.Шамяткова “Фармацыі канечных груп” (М., 1978) з’явілася першай кнігай у сусветнай літаратуры, што змяшчае дастаткова поўнае і сістэматычнае выкладанне тэорыі фармацый канечных груп да самых апошніх яе дасягненняў на той час. У гэтай манаграфіі былі падведзены вынікі даследаванняў школы Л.А.Шамяткова, вызначаны новыя шляхі развіцця) пастаўлена больш двух дзесяткаў праблем. Метады, прапанаваныя Л.А.Шамятковым, аказаліся важнымі для вывучэння не толькі груп, але і алгебр і нават агульных алгебраічных сістэм. У прыватнасці, упершыню сфармуляваны Л.А.Шамятковым у 1984 г. прынцып частковай лакалізацыі знайшоў глыбокія прымяненні ў класіфікацыйных праблемах тэорыі фармацый канечных груп і іншых класаў алгебр, а таксама пры вывучэнні структурных уласцівасцей саміх алгебр. Гэта выкладзена ў манаграфіі “Фармацыі алгебраічных сістэм” (М., 1989, у сааўтарстве з А.М.Скібай). Новыя магчымасці прымянення гэтага прынцыпу прадэманстраваны ў шэрагу навуковых работ, апублікаваных у апошнія гады Л.А.Шамятковым і іншымі вучонымі.

Аб вялікім укладзе Л.А.Шамяткова ў развіццё матэматьгчнай навукі сведчаць і яго шматлікія выступленні на ўсесаюзных і міжнародных матэматычных канферэнцыях у Англіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Кітаі. Яго даклад “Развіццё лакальнага метаду ў тэорыі класаў”, прачытаны ў чэрвені 1997 г. на міжнароднай канферэнцыі ў Санкт-Пецярбурзе, выклікаў цікавасць сярод вучоных розных краін.

Як рэктар універсітэта і старшыня Савета рэктараў Гомельскай вобласці Л.А.Шамяткоў актыўна займаецца вырашэннем задач адукацыі, адстойвае ідэі навуковага і практычнага вырашэння комплексу мер па ўдасканаленню сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У сааўтарстве з акадэмікамі Б.В.Бокуцем і І.Ф. Харламавым ён алублікаваў манаграфію “Навучанне ў вышэйшай школе” (Мінск, 1989), прысвечаную праблемам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці студэнтаў. У Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Ф.Скарыны па яго ініцыятыве адкрыты спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый па пяці спецыяльнасцях. За апошнія 8 гадоў ва універсітэце адкрыты 9 новых спецыяльнасцей, у паўтара раза павялічылася колькасць дактароў навук, расшырылася міжнароднае супрацоўніцтва з універсітэтамі Францыі, Германіі, Англіі, Італіі, Іспаніі і Кітая.

Сярод вучняў Леаніда Аляксандравіча 7 прафссараў, 4 дактары і 26 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук. Ён з’яўляецца старшынёй спецыялізаванага Савета па абароне доктарскіх дысертацый у Гомельскім дзяржуніверсітэце і намеснікам старшыні спецыялізаванага Савета па абароне доктарскіх дысертацый у Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі, галоўным рэдактарам рэспубліканскага навуковага зборніка “Вопросы алгебры” і членам рэдкалегіі часопіса “Весці НАН Беларусі”, серыя фізіка-матэматычных навук.

Л.А.Шамяткоў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай адукацыі. У 1995 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.

 

Спасылка: http://nasb.gov.by/rus/publications/vestifm/vfm97_4c.php

Карэктура: Яўген Меркіс