Лазнік (баннік)

0
2627
ЛАЗНІК (БАННІК)

Гэтая істота жыла ў бані (лазня). Ён хаваўся ў веніках, яго нельга ўбачыць. Лазнік хаваўся, але калі пачыналі тапіць баню, лазнік вылазіў. Нельга было хадзіць у баню ў трэці пар, а то лазнік прывяжа к лаўцы і паб’е бярозавым венікам, пакуль скуру не здзярэ.

Запісана ў в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на ад Міненка Ганны Уладзіміраўны, 1929 г.н. студэнткай Міненка В.

Лазнік жыве ў лазні. Выглядае ён як стары дзед з вялікай сівай барадою. Ён любіць мыцца і парыцца. Тых людзей, якія мыюцца ў бані пасля апоўначы, ён пужае храпам, крыкамі, шорахамі рознымі. Не любіць, кагда ў бані п’юць і ругаюцца. Нельга астаўляць жанчыну, якая раджае дзіця, адну, бо Лазнік можа загубіць іх. Не баіцца ён крыжоў і ікон. Калі Лазніка не запрасілі ў новую баню, дак старую ён можа спаліць ці разбурыць. Асцерагацца гэтых нечысцей трэба.

Запісана ў в. Бабоўка Жлобінскага р-на ад Аўраменка Ніны Дзмітрыеўны, 1930 г.н., перасяленкі з в. Дронькі Хойніцкага р-на студэнткай Ядчанка В.

Жыве ў бане. У бане няльзя мыцца после 12 часоў. А то там паяўляюцца чэрці ці ведзьмы і параць, пакуль не вырвешся чуць жывы ад іх. Есць 2 духі: адзін ад Бога, другі ад чорта. Нячыстая сіла была заўсёды. Адны лечуць (што ад Бога), а другія порчу наводзяць.

Запісана ў в. Бальшавік Гомельскага р-на ад Аўдзеевай (Дзямідавай) Зінаіды Іванаўны, 1932 г.н., перасяленкі з в. Гарадок Кармянскага р-на студэнткай Карабаньковай Л.

Жыў у бані. Обязацельно ставіць ему воду, мыло, мочалку, каб ён памыўся.

Запісана ў в. Прудок Мазырскага р-на ад Прус Н.В., 1959 г.н., нарадзілася ў в.Мерабель Мазырскага р-на, Кур’ян М.А., 1941 г.н., перасяленкі з г.Хойнікіў 1979 г, Яшчыкоўскай Р.В., 1935 г.н., нарадзілася ў в.Загорыны Мазырскага р-на студэнткамі Снітко М., Міхальцовай А., Жыгар В.

Лазнік жыве ў лазні. Небяспечны для тых, хто ў ёй мыецца. Уяўляўся ў выглядзе голага старога дзеда невялікага росту, з барадой, вялікімі рукамі. У іх ён трымае посуд з вадой. Лазнік любіць парыцца і мыцца, яму пакідаюць для гэтага венік і ваду. Мыецца ён пасля поўначы, і таму не любіць, каб кто-небудзь заставаўся да гэтага часу ў лазні. Калі хто застаецца так доўга, то лазнік можа забіць яго камянямі з пячы.

Запісана ў г. Добрушы ад Брычанка Марыі Міхайлаўны, 1932 г.н., нарадзілася ў в.Прудок Калінкавіцкага р-на студэнткай Антончыкавай Н.

Лазніка я не бачыла, але як я думаю, гэта невялікі дзядок з барадой і валасамі, але ў яго яшчэ і валасатыя рукі (з калядных варожбаў). Ён небяспечны для людзей: не любіць п’яных, калі мыюцца пасля апоўначы, можа і задушыць.

Запісана ў г. Гомелі ад Драбышэўскай Надзеі Іванаўны, 1928 г.н. студэнткай Канавалавай Т.

Лазнік жыў у бані, яе раней называлі лазняй. Ён хаваўся ў веніках, яго нельга ўбачыць. Калі баню не тапілі, ён спаў, ажываў, калі затопяць баню.

Нельга хадзіць у баню ў трэці пар, а то лазнік прывяжа к лаўке і паб’е бярозавым венікам, пакуль скуру не здзярэ. Малых дзяцей не пускалі адніх у баню, а то лазнік забярэ.

Калі ў бані пачынае ісці пар ці венік сам шавеліцца, то гэта лазнік.

 

Запісанаў в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на ад Васілеўскай Марыі Андрэеўны, 1930 г.н. студэнткай Барадзіной В.

Каб задобрыць лазніка, яму пакідалі ў лазні венік, мыла і ваду ў тазіку. Лазнік не баіцца ні крыжа, ні малітвы.

Запісана ў п. Бальшавік Гомельскага р-на ад Логвінавай Марыі Мікалаеўны, 1924 г.н. студэнткай Фёдаравай Л.

Да, у лазні мог жыць лазнік. Гэта голы, стары дзядок з барадой і доўгімі рукамі. Ён ня любіць людзей, якія мыюцца пасля поўначы, пужае іх, кідае гарачыя камяні. Для яго пакідалі венік, мыла і трохі вады, каб задобрыць.

Запісана ў г. Гомелі ад Шкурко Адама Ігнатавіча, 1928 г.н. студэнтам Балмачэнкам Дз.

Крыніца: Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорнаэтнаграфічны зборнік. — ЛМФ “Нёман”, 2003. — 320 с. Ст. 44-47.