Ланкастэрскія школы, школы ўзаемнага навучання, пачатковыя навучальныя ўстановы ў канцы 18 — першай палове 19 ст. ў розных краінах. Узніклі ў выніку грамадскага руху за танны i хуткі спосаб атрымання элементарнай адукацыі па сістэме англійскіх педагогаў Дж. Ланкастэра (1771-1838), А. Бэла (1753-1832) і інш.
Бэл-Ланкастэрская сістэма прадугледжвала навучанне дзяцей i дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Замест кніг выкарыстоўвалі разнастайны дыдактычны матэрыял, пераважна друкаваныя і рукапісныя табліцы. Методыка выкладання вызначалася стандартызацыяй, навучанне заключалася ў механічным завучванні матэрыялу. У выніку вучні хутка засвойвалі навыкі чытання, пісьма і лічэння, але не атрымлівалі сістэмы ведаў.
Першая ў Беларусі і Расійскай імперыі школа ўзаемнага навучання адкрыта ў 1819 у Гомелі ў маёнтку графа М.П. Румянцава, куды для навучання і распрацоўкі праграмы з Англіі быў запрошаны педагог Дж. Герд. У ёй выкладаліся чытанне, пісьмо, арыфметыка, вывучаліся рамёствы (кавальскае, экіпажнае, кравецкае), земляробства і жывёлагадоўля, існавала да 1825.
У першай чвэрці 19 ст. на Беларусі існавала 13 Ланкастэрскіх школ: у Гомелі. Мінску, Шчорсах (Навагрудскі павет), Кобрыне, Пружанах, Стоўбцах, Полацку, Століне і інш. Усе яны (за выключэннем Мінскай i Полацкай) утрымліваліся на сродкі буйных землеўладальнікаў, нярэдка былі гаспадарчым прыдаткам памешчыцкай гаспадаркі. У 1819 Віленскі універсітэт арганізаваў падрыхтоўку настаўнікаў па ланкастэрскім метадзе навучання на базе Гомельскай вучэльні ўзаемнага навучання, з 1821 — i Гродзенскай вучэльні. Пэўную ролю ў арганізацыі вучэльняў узаемнага навучання, распрацоўцы метадычных рэкамендацый i вучэбных табліц адыгралі “Таварыства для заснавання вучэльняў узаемнага навучання” ў С.-Пецярбургу (1819-1824) і “Камітэт для заснавання вучэльняў узаемнага навучання” пры Галоўным упраўленні вучэльняў (1819-1831). Урад, занепакоены ростам i дзейнасцю тайных таварыстваў i іх уплывам на Ланкастэрскія школы, узяў апошнія пад свой кантроль.
У 1820 Міністэрства народнай асветы патрабавала весці навучанне па табліцах, выдадзеных дэпартаментам народнай адукацыі; выкарыстанне іншых табліц i дапаможнікаў дапускалася толькі пасля іх праверкі. Паводле загада міністра асветы (1821) прыватныя вучэльні ўзаемнага навучання падпарадкоўваліся павятовым вучэльням, а потым — міністэрству. Падрыхтоўка настаўнікаў сканцэнтроўвалася ў Санкт-Пецярбургскім настаўніцкім інстытуце. У 1830-я г. рабіліся захады падрыхтоўкі настаўнікаў для Ланкастэрскіх школ Беларусі ў Магілёўскай і Віцебскай узорных вучэльнях, у 1834-1839 — у Віцебскай настаўніцкай семінарыі. Пасля ўвядзення “Статута гімназій, вучэльняў павятовых і прыходскіх” (1828) выкарыстанне ланкастэрскага метаду абмежавана прыходскімі вучэльнямі і падрыхтоўчымі класамі гімназій. Гэта перашкодзіла пашырэнню школ узаемнага навучання. У Беларусі яны існавалi больш працяглы час, што было выклікана патрэбнасцю ў навучальных установах пасля скасавання каталіцкіх манаскіх ордэнаў, закрыцця і рэарганізацыі манастырскіх школ.
Літаратура
О способах взаимного обучения по системе Белля Ланкастера и других: Пер с нем. 2 изд. СПб 1853;
Асвета і пелагагічная думка ў Беларусі: Са старажытнасці да 1917 г Мн., 1985;
Лухверчык В.М. Школы ўзаемнага навучання ў Беларусі // Нар. асвета 1992. № 11.
Аўтар: Мікалай Марчанка
Крыніца: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі — Том 4. С. 332.