Лакальныя формы этнафразеалагізмаў паслявясельнай абраднасці на Гомельшчыне

0
359
Лакальныя формы этнафразеалагізмаў паслявясельнай абраднасці на Гомельшчыне

Заслугоўваюць увагі даследчыкаў пытанні рэгіянальна-лакальнай спецыфікі вясельнага фальклору, “вытокаў рэгіянальнасці, яе сувязей з этнічнымі і этнакультурнымі працэсамі, адносін да агульнанароднай фальклорнай культуры” [1, с. 96]. Матэрыялы па вясельнай абраднасці Гомельшчыны — цудоўная крыніца вывучэння і тлумачэння сэнсу і асобных этнафразеалагізмаў, якія набылі ўстойлівую тэрміналагічную функцыю ў сістэме вясельнай абраднасці. Праблема рэканструкцыі, вызначэння сэнсу фразеалагізмаў патрабуе факталагічнай аргументацыі, як лінгвістычнага, так і нелінгвістычнага характару. На думку даследчыка славянскай этналінгвістыкі М. Талстога, “праблема рэканструкцыі фразеалагізму, як і праблема рэканструкцыі слова або граматычнай формы, ёсць праблема вызначэння часу і месца яго ўзнікнення (яго храналогіі і лакалізацыі), а таксама ступені яго рэканструіруемасці” [2, с. 388].

Пры разглядзе лакальных форм этнафразеалагізмаў найперш будзем карыстацца фактамі міфалогіі, вясельнай абраднасці і паэзіі.

Даследчыкамі беларускага вяселля вылучаны тры яго асноўныя этапы: давясельны (падрыхтоўчы), вясельны і паслявясельны. Як сведчыць вопыт суцэльнага фальклорна-этнаграфічнага абследавання тэрыторыі Гомельшчыны, надзвычай добра развітым абрадавым момантам рэгіянальнага вяселля з’яўляецца яго паслявясельны этап. Напрыклад, на Кармяншчыне ён мае назву “браць банкеты”. Сутнасць гэтага рытуалу, калі звярнуцца да этнафафічнага кантэксту, заключалася ў тым, што “на наступны дзень вяселле спраўлялі ў хаце хроснай маткі нявесты і хроснага бацькі жаніха. Гэта называлася “браць банкеты”. Звычайна на “банкетах” спявалі песню “Да й кацілася ды зорачка з неба”. Цікава адзначыць, што ў гэтай жа мясцовасці, у в. Багданавічы, “на трэці дзень вяселля, гулялі разгуліны. Паводле тлумачэнняў інфарматара, “госці маладой прыходзілі да яче дому, а госці маладога да яго. Зноў гулялі, спявалі песні, пілі за шчасце маладых” [3]. У в. Сямёнаўка кармянскага р-на пацвердзілі, што другі дзень вяселля быў звязаны з узаемным наведваннем гасцямі адзін аднаго і называлася гэта “банкеты”. У асобных вёсках Кармяншчыны (в. Задуб’е) паслявясельны этап вяскоўцы звязвалі з назвай “цыгане”, калі “на другі дзень у маладога, калі прывозілі маладую, тады ўжо назаўтра пераапраналіся ў другую адзежу, хто ў цыган, старухі адзяваліся ў маладую. Пераадзенуцца, пачудзюць” [3, с. 146].

Зусім іншую мясцовую назву мае паслявясельны этап у вёсках Гомельскага р-на. Напрыклад, у в. Маркавічы трэці дзень вяселля называлі “вадзіць цыганаў. Сэнс гэтага ўстойлівага словазлучэння патлумачылі самі інфарматары: “… госці маладога і маладой “вадзілі цыганаў” — хадзілі па дварах тых, хто гуляў на вяселлі, з падстаўнымі маладымі і патрабавалі пачастункі. Самі маладыя ў гэтых гульнях не ўдзельнічалі” [4, с. 154]. Назву паслявясельнай часткі “вадзіць цыганаў” звязваюць непасрэдна з пераапрананнем “у цыганей і лекароў” (в. Глыбоцкае), “мужчыны пераапранаюцца ў спадніцы, хусткі, стараюцца пахадзіць на жанчыну, што выклікае смех, сярод іх ёсць і “цыганка”, якая прыстае к усім. Просіць дазволу паваражыць” (в. Чкалава).

Вяселле ў вёсках Жыткавіцкага р-на заканчвалася наведваннем гасцямі бацькоў маладых. У в. Любавічы называлі гэты звычай “пірагі” (або “госці”) і адбываўся ён праз тыдзень пасля вяселля. Удзельнічалі звычайна ў гэтай паслявясельнай цырымоніі блізкія сваякі, хросныя бацькі і бацькі маладой, якіх садзяць на ганаровае месца ў хаце маладога і частуюць лепшымі пачастункамі. Мясцовы звычай забараняў маладой на працягу тыдня бываць у сваіх бацькоў, патрабаваў абавязковага выканання песні “Вецер вее, павявае” (Запісана ў в. Любавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці ад Матарас Сцепаніды Прохараўны). У в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на бытуюць дзве ўстойлівыя лакальныя назвы рытуалаў наведвання бацькоў маладых: гэта “пераводы”. калі радня маладой ішла ў госці да маладых, і “пірагі”. калі госці збіраліся ў хаце маладой. Прыходзілі і маладыя, але ўвагі на іх амаль не звярталі. Госці не проста пелі, жартавалі, але імітавалі асобныя вясельныя дзеянні: “Вубіралі з гасцей молодого і молодую. Молодою пошчы ўсегда буў мужчына, а молодым — жонка. Опраналіса оны, як молодые. Да посля выкуплівалі ў настояшчых молодых покуця, шоб на его сесці. Да ўжэ, ек отвоююць его, то сядзяць усе пірогі на ём. Зноў спяваем, танцуем, шуцімо” (Запісана ў в. Любавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці ад Матарас Сцепаніды Прохараўны). Цікава, што “пераводы” адбываліся ў панядзелак, калі “бацькі і блізкая радня маладой ішлі праведаць маладую, як яна тут прыжылася” (Запісана ў в. Любавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці ад Матарас Сцепаніды Прохараўны). Аналагічны абрадавы сэнс мае выраз “ісці ў прыданыя”. якім у в.Ляхавічы Жыткавіцкага р-на называюць паслявясельнае “гасцяванне” радні маладых у хаце жаніха (Запісана ў в.Ляхавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці ад Кур’яновіч Ніны Іванаўны, 1927 г.н.). Наведванне блізкімі сваякамі маладых у панядзелак мае ў в.Ляхавічы мясцовую назву “хадзінь у пярэзыў”. У в. Сямурадцы праз тыдзень пасля вяселля “назначаліся госці”, дзе збіраліся “самыя родныя з стараны жаніха і нявесты”.

Мясцовай асаблівасцю паслявясельнай традыцыі на Елышчыне з’яўляецца “хвост”, сутнасць якога заключалася ў тым, што ў панядзелак пасля вяселля госці маладога збіраліся ў яго хаце, а госці маладой прыходзілі ў хату да яе, звычайна пераапраналіся мужчыны Ў жаночае адзенне, а жанчыны — у мужчынскае. У якасці прадметнай вясельнай атрыбутыкі выкарыстоўваліся венік, які сімвалізаваў ёлку, каравай, прыносілі снеданне (“на жардзіну начапляюць і буракоў, і качаноў, і костак”), узнаўлялі асобныя вясельныя абрадавыя рытуалы (напрыклад, апявалі ёлку і завівалі маладых), выконвалі абрадавыя песні жартоўнага характару “Под ёлкою спала”, “Завівала мяне дзядзіна”.

Такую ж назву паслявясельнай абраднасці і паэзіі “хвост” давялося сустрэць у в. Ляскавічы Петрыкаўскага р-на: “хвост звычайна рабілі ў панядзелак. На ім прысутнічалі блізкія і родныя”.

“Хадзіць па бяседах” — так называлі паслявясельную частку на Брагіншчыне ў в. Савічы. Паводле ўспамінаў перасяленкі К.М. Кудан, новым месцам жыхарства якой пасля Чарнобыля стала в.Шкураты Брагінскага р-на, “падзеляць ужо каравай, пагуляюць, а потым ходзяць па бяседах. Сколькі двароў у свадзьбы, усе хадзілі ў тыя двары па бяседах. Спачатку ідуць к хросным. Тады бяседа ўжэ ідзе к бабам, тады ўжэ к дзядзькам, цёткам і другім гасцям” [5, с. 21]. Другі дзень паслявясельнага тэатралізаванага прадстаўлення быў звязаны з галоўнымі персанажамі — цыганам і (“маладыя хлопец і дзеўка ў цыганей надзяваюцца, бяруць гармошку і з аднае вуліцы да ў другую ходзяць”). У гэтай мясцовасці, як і ў іншых вёсках Гомельшчыны маладыя ў цырымоніі наведвання гасцямі іх бацькоў не ўдзельнічалі: “а маладым нельзя хадзіць, штоб ужэ ўсягда ля двара былі нада” (в. Савічы). Вяселле ў в. Вязок Брагінскага р-на заканчвалася тым, што пераапранутыя наадварот вясельнікі (“надзяваюцца бабы ў мужыка, а мужыкі ў баб”), а таксама ў цыганскую вопратку “ехалі на пірагі”. выконваючы песню “Казалі нам людзі, што сваты багатыя” (Запісана ў г. Гомелі ад перасяленкі з в.Вязок Брагінскага р-на Курыленка Аляксандры Мікалаеўны, 1923 г.н.). А ў в. Калыбань Брагінскага р-на падчас “цыганаў” адбываўся мясцовы рытуал, калі прыбівалі на вільчык (канец страхі) вельца (з грушы высякалі трайчатку, упрыгожвалі яе кветкамі). Цікава, што ў пачатку вяселля маладыя абменьваюцца вельцамі, па колькасці якіх меркавалі, колькі вяселляў было ў вёсцы.

Для паслявясельнай часткі выселенай вёскі Галоўчыцы Нараўлянскага р-на характэрны быў звычай “гулянь куру”. Сутнасць гэтага этнафразеалагічнага выразу, калі звярнуцца да абрадавага кантэксту, заключалася ў тым, што вясельнікі з боку маладога наведваюць падвор’е маладой: “тую жывёліну, што ўкралі на падворку ў маладое, кладуць на насілкі, і чатыры мужчыны нясуць яе да рэчкі, там забіваюць, абсмальваюць і зноў кладуць на насілкі і нясуць у двор. Гэта вельмі смешна, калі нясуць тую куру, яшчэ жывую, яна вылятае, а тыя, хто йдзе за мужчынамі пачынаюць яе лавіць. Бывае проста носяць куру ўкруг двара, калі ён дастатні, а потым на двары і пякуць. Кожнаму з гасцей даюць кусочак тае “куры” [5, с. 78].

Паслявясельныя звычаі на Жлобішчыне вызначаюцца таксама лакальнымі асаблівасцямі. Напрыклад, у вёсцы Малевічы адзначаліся “крошкі”. лічылася, што маладая гаспадыня павінна пачаставаць гасцей, таму і збіраліся апошнія ў хаце маладой. У вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на трэці дзень вяселля абазначаўся этнафраземай “гулянь пятухі”. Як адзначыла інфарматар Ганна Андрэеўна Саханчук, “у еты дзень нараджаюцца ў цыгане і ходзяць па тых хатах, хто гуляў на вяселлі. Уперадзі ўсіх ідзе запрэжаны пятух. Кожна хата далжна падарыць куру або пятуха… Іх скубуць, вараць, жараць. Тут ужэ падстаўляюць другіх маладых з жанатых пар і прадаўжаецца такое вяселле” (Запісана ў в.Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці ад Саханчук Ганны Андрэеўны, 1936 т.н.). Адметным у гэтай вёсцы з’яўляецца той факт, што радня маладога гуляе ў хаце яго бацькоў, а радня маладой збіраецца на “пятухі” ў яе бацькоў. У вёсцы Касакоўка Жлобінскага р- на паслявясельны абрадавы момант называлі “цыганы”: “збіраюцца ў хаце маладой яе родзічы, каб ісці па курэй да гасцей маладога. Цыганы весяляць гасцей. Злавіўшы куру, яе забіваюць. Смаляць, убіраюць у кветкі, перавязваюць лентай і нясуць маладому за стол, каб ён з яе першы сарваў цвет, як і з маладой” (Запісана ў в. Касакоўка Жлобінскага р-на ад Страковіч Марыі Фёдараўны, 1919 г.н., Чысловай Любові Маісееўны, 1940 г.н.).

Паслявясельны перыяд у в. Данілавічы Веткаўскага р-на меў такія назвы, як “банкет” і “карэнне”. Адметнасць другога дня вяселля і звязаных з ім рытуалаў, заключалася ў тым, што яно працягвалася не ў хаце маладой і маладога, а ў хросных бацькоў і іншых гасцей. Невыпадкова, як адзначылі інфарматары, “банкет” мог працягвацца яшчэ тыдзень. Заключным вясельным этапам з’яўлялася “карэнне”. калі госці збіраліся ў хаце маладой. Паводле ўспамінаў Т.І. Дзмітрачковай з в. Данілавічы, пераапранутыя госці “раскладвалі вогнішча, ставілі чугун, лавілі курыцу, абдзіралі яе і варылі ў чугуне, пер’е жанчыны кідалі на голавы мужчынам” (Запісана ў в. Данілавічы Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці ад Дзмітрачковай Т.І., 1913 г.н.). Пераапрананне ў жабракоў, звяроў — асаблівасць мясцовай паслявясельнай традыцыі. Трэці дзень вяселля ў в.Стаўбун называлі “пята”. Паводле тлумачэнняў інфарматараў, “малады і маладая даюць гасцям петуха, на вуліцы яго скубуць і вараць суп. Ён не паспее зварыцца, але яны ўсё роўна ядуць яго, і ўсё гэта з жартамі, ca смехам” (Запісана ў в.Стаўбун Веткаўскага р-на ад Кебікавай Марыі Фёдараўны, 1927 г.н.). У вёсцы Казацкія Балсуны адзначалі і “банкет, і пяту”. Адметнасцю першага паслявясельнага этапа з’яўлялася калектыўнае гулянне разам з маладымі ў іх дружак: “Маладыя зато патом былі на банкетах. У адну нядзелю — у першага дружка, у другую — у другога дружка, у трэцюю — у трэцяга дружка” (Запісана ў в. Казацкія Балсуны ад Суднека Ганны Іванаўны, 1937 г.н.).

Фальклорна-этнаграфічныя звесткі, запісаныя на Гомельшчыне, дазваляюць суоднесці названыя фразналагізмы з паслявясельнай абраднасцю канкрэтнай мясцовай традыцыі. Мэтай прыведзеных матэрыялаў з’яўляецца на прыкладзе аднаго з фрагментаў вяселля паказ багацця лакальных асаблівасцей абрадавых з’яў у рэгіёне, а таксама пацверджанне вузка тэрытарыяльнай дыферэнцыяцыі адпаведнай вясельнай фразеалогіі.

Літаратура

  1. Путилов Б. Н. Изучение фольклора региональное // Восточнославянский фольклор. Словарь научной и народной терминологии. — Мн., 1993.
  2. Толстой Н.И. Язык и народная культура. Очерки по славянской мифологии и этнолингвистике. — М., 1995.
  3. Крыніц кармянскіх перазвоны (абрады і песні ў сучасных запісах). Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступны артыкул В.С.Новак. — Гомель, 2000.
  4. Роднае. Фальклорна-этнаграфічная і літературная спадчына Гомельскага раёна. Укладайте, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступны артыкул І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мазыр, 2000.
  5. Абрадавы фальклор Гомельскага Палесся. — Гомель, 1998.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Славянская фразеология в ареальном, историческом и эт­нокультурном аспектах: Материалы международной научной конференции / Отв. ред. В. И. Коваль. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2001. С.   143-148.