У структуры вясельнай абраднасці Жыткавіцкага раёна можна вылучыць традыцыйныя абрадавыя часткі: 1 комплекс давясельнай абраднасці; 2 уласна вясельны комплекс; 3 паслявясельная частка.
Давясельная частка ў вёсках Жыткавіцкага раёна складалася ca сватання і запоін (заручын).
У розных месцах Жыткаўшчыны абрад сватання меў свае адметныя рысы. У в. Ляхавічы сватанне праводзілася наступным чынам. «У суботу прыходзілі сваты, каб пагаварыць. Прыходзілі ўтрох або чатыры чалавекі: бацька хросны, бацька жаніха, брат ці сястрын мужык». А ў в. Сямурадцы «ў сваты ішлі бацька, маці, хросныя бацькі, брат. У сваты ішлі у суботу вечарам, абавязкова няцотным чыслом. Сваты вязуць з сабою гарэлку і хлеб. Часцей усяго пачыналася з таго, што сваты гаварылі: «Мы – людзі з далёкага краю. Дарогаю прытаміліся. Ці пусціце нас пераначаваць?» Тады бацькі нявесты дазвалялі ім астацца. I тут пачынаецца торг. Сваты гаварылі, што можа тут цялушка ёсць і мо прадасце яе. Бацькі адказвалі, што ніякой цялушкі няма, а ёсць у іх дочка. Тады сваты гаварылі, што ў іх ёсць галубочак да іхняй галубкі. Пры размове сватоў дзяўчыны не было. Калі бацькі давалі згоду, тады і паказвалі сваю дзяўчыну. Калі дзеўка не згаджалася ісці замуж, то бацькі гаварылі, што яна яшчэ малада. Калі дзяўчына згодна, то праз некаторы час назначалі запоіны» А калі дзяўчына была з Любавіч і хацела ісці замуж, то калі да яе прыходзілі сваты, яна збянтэжана калупала сухі мох паміж бярвенняў у сцяне. У в. Пухавічы «ў сваты магло прыйсці 10-12 чалавек. Бацькі молодое прыносілі на стол усякую страву, а гарэлку прыносілі сваты. Молода дае кожнаму падарок. Бацькоў маладога падпаразваюць ручнікамі». Ульяна Андрэеўна Караба, 1924 г. н. з в. Хлупін паведаміла, як яе, апранутую па- святочнаму, пасадзілі за стол супраць радні хлопца, каб яны добра разгледзелі дзяўчыну, якую сватаюць.
У в. Сяменча «ў сваты запрашалі звычайна дзядзькоў маладога або яго бацьку. У сваты ішоў і сам хлапец. З сабою яны бралі пірог і горэлку. Прыходзілі ў хату дзяўчыны і ставілі ўсё гэта на стол. Заводзілі размову. Калі дзяўчына згаджалася ісці замуж за гэтага хлапца, то яна прымала і пірог, і горэлку. Тады і сваты ішлі дадому вяселыя. Задзіраліся да сустрэчных. Калі не, то сваты ішлі дадому ціхенька. Моўчкі, забіралі пірог, наступнае: калі дзеўка не хацела ісці за гэтага хлопца замуж, то яна лажыла яму ў воз вараны гарбуз. А калі хлопец падабаўся дзяўчыне, то садзіліся за стол, елі, пілі».
Адметнасцю давясельнай часткі на Жыткаўшчыне з’яўляецца правядзенне запоін і заручын (змовін) у адзін дзень, нават у той жа дзень, калі прыходзілі сватацца. На запоінах, як і паўсюдна на Беларусі, замацоўвалася згода на шлюб. Дзяўчына лічылася засватанай, яе як бы «запівалі» да роду жаніха. Пасля сватання адмовіцца ад шлюбу было яшчэ магчымым, хоць і непажадана, а пасля запоін дзяўчына ўжо не мела права адмовіцца ад замужжа
Звычайна запоіны прызначалі на вечар у суботу ці нядзелю. Жаніх з бацькамі і бліжэйшымі сваякамі (чалавек 20) ішлі да нявесты. Прычым жаніх прыносіў нявесце традыцыйныя падарункі: піражкі, варэнікі, гарбузікі, арэшкі і цукеркі. Нявеста раздавала іх сяброўкам – вясковым дзяўчатам, і на тэту ўрачыстасць запрашаўся музыкант. Малады частаваў усіх прысутных сваёй гарэлкай, прычым апошнія стараюцца, каб было выпіта гарэлкі як мага болын – гэта каб нявеста і яе бацькі не адмовілі жаніху, бо тыя ведалі, што калі вяселле не адбудзецца па іх віне, яны абавязаны будуць вярнуць назад усе выдаткі бацькам жаніха. Напіўшыся і наеўшыся, маладыя пад музыку танцавалі «Польку», «Кракавяк», «Карапет», «Падыспан», «Во саду лі». Акрамя спецыяльных заручынных песень выконвалі самыя розныя песні і прыпеўкі. Бацькі маладых абменьваліся хлебам перад вяртаннем сватоў і бацькоў хлопца дадому. Ад запоін да вяселля нявеста павінна была насіць толькі заплеценую касу. Калі раней яна магла ўкладваць валасы як хацела, то цяпер яе адзіная прычоска – каса, што сімвалізавала хуткае развітанне ca сваім дзявочым жыццём. Пасля вяселля хадзіць з касой яна ўжо не мела права (в. Любавічы).
У в. Востранка на заручынах дзяўчына рабіла ўсім сваякам маладога падарункі. А ў в. Сямурадцы, «калі сваты на запоінах збіраліся ісці дахаты, нявеста давала ім зерне і бутылку. Мяняліся хлебам. Маці жаніха зерне рассыпала ў двары сваім. Вяселле пасля заручын назначалі пасля двух нядзель».
Уласна вясельная частка складалася ca зборнай суботы (дзявочай суботы), каравайнага абраду, прыезду дружыны жаніха да нявесты, вясельнага застолля, дзяльбы каравая, ад’езду да дому маладога, сустрэчы маладых, ходу вяселля ў хаце маладога. Адметнасцю ўласна вясельнай часткі ў Жыткавіцкім раёне з’яўляецца абрад «мерання сарачок», або «прымярання сарочак». У в. Любавічы «дзявочая радня (маці, хросная, братава жонка, сястра) адпраўляюцца «мераць сарачкі» да маладога. Іх сустракаюць бацькі маладога і вядуць у хату. Спачатку гасцей саджаюць за стол і частуюць смачнымі стравамі, якія падрьіхтавалі для іх. Пасля выпіўкі дзявочая радня прымаецца за свае справы. Яны пачынаюць здымаць мерку з сарачок маладога, якія трэба будзе пашыць маладой да вяселля са свайго палатна. Маці маладога таксама давала і сваю сарочку, каб будучая нявестка вышыла ў сарочцы каупер, рукавы і падол. Уважліва аглядалі хату маладога, каб ведаць, колькі трэба ручнікоў, фіранак, шырм і іншага падрыхтаваць». У Тураве дзяўчыны-дружкі прыходзілі да маладой, каб выбраць да вяселля лепшую з прынесеных імі сарочак. Таксама яны прыносілі рушнікі, каб упрыгожыць імі ў дзень вяселля абразы Божай маці, рамкі і перавязаць сватоў. У гэты дзень маці маладой частавала яе дружак, усе разам спявалі песні.
Зборная субота не была абавязковай у структуры вясельнага абраду ва ўсіх вёсках Жыткаўшчыны (часам раўнапраўнай з ёй быў каравайны абрад). Цікава праходзіла зборная субота ў Тураве. Увечары збіраліся дружкі і сяброўкі маладой, таксама прыходзіла бабка, якая падтрымлівала паміж імі гутарку. Яна вучыла іх варажыць, расказвала пра вясельнае адзенне беларусаў, нацыянальныя стравы і пітво, песні і танцы, нагадвала пра асаблівасці шлюбнага абраду, абрадавы этыкет. Дзяўчаты завівалі для маладой вянок з жывых кветак і, перадаючы вянок па крузе, выказвалі свае пажаданні. Маладая, у сваю чаргу, выбірала для сябе галоўную дружку на вяселле. У тэты ж вечар да іх заходзілі дружкі маладога. Яны танцавалі з дзяўчатамі, а пасля ўсе разам ішлі на пляцоўку, даўшы наказ маладой не плакаць і не сумаваць.
Прысутнасць каравая на вяселлі абазначала не што іншае, як пажаданне шчасця і дабрабыту маладой сям’і, бо хлеб у народзе – сімвал заможнага і шчаслівага жыцця. Расчынялі каравай у суботу раніцай і ў доме жаніха, і ў доме нявесты. Запрашалі трох жанчын – дзвюх хросных маці і добрую суседку і столькі ж мужчын. Жанчыны рыхтавалі цеста, а мужчыны прыносілі дзяжу ў хату. Хросная старэйшая маці перад тым, як сыпаць у дзяжу муку, тройчы казала:
Благаславіце, айцец, маці,
І ўся родзінонька ў хаце,
Маладой Ганульцы каравай рашчыняці.
Зрабіўшы рошчыну, закрываюць дзяжу, а мужчыны перакручваюць яе тры разы і ставяць накрыж супраць печы. Пакуль цеста не падыдзе, працягваюцца жарты і танцы. Калі цеста для каравая гатова, тады каравайніцы збіраюцца саджаць каравай у печ. Адзін каравай робіцца ў выглядзе паўмесяца і прызначаецца для абмену, другі – у форме вялікай булкі, якая называецца «перапека». Выпякаецца яшчэ адна невялікая булачка – трэці каравай. Гэтыя тры булкі ўпрыгожваюцца рознымі фігуркамі. Саджаюць яшчэ чацвёртую булку, без упрыгажэнняў, плоскую – каб хутчэй спяклася. Яе потым дзеляць паміж сабой каравайніцы і ўсе прысутныя.
Калі ўсе пірагі пасаджаны, каравайніцы танцуюць і спяваюць. Дастаўшы каравай з печы, каравайніцы і дзяўчаты пачынаюць упрыгожваць яго кветкамі, галінкамі елкі, мятай, барвінкам. Стараюцца, каб болын было зеляніны, яркіх колераў. Жывымі кветкамі ўпрыгожваюць рэдка, таму што за два дні вяселля яны завянуць. Упрыгожаныя галінкі каравайніцы ўтыкаюць у каравай. Сам каравай абвязваюць ручніком, зверху пакрываюць белай хусткай. Гаспадары заўсёды частавалі каравайніц за працу (в. Любавічы). У в. Сямурадцы «каравай пякці запрашаліся жанчыны, якія не павінны былі быць удавамі. З таго цеста таксама рабілі цветы. Галінкі вішні абматвалі стужкамі цеста і запякалі, а пасля рабілі маленькія абаранкі». Мясцовай асаблівасцю каравайнага абраду ў в. Сямурадцы з’яўляецца тое, што з рэшткаў «цеста для каравая кожная коровайніца рабіла собе шышку, якую потым несла сваім дзецям».
У в. Любавічы перад уласна вяселлем ішоў абрад вянчання. Наступная частка – уласна вяселле. Яно пачынаецца з ад’езду дружыны жаніха па маладую. Бацькі зычылі маладому шчаслівай дарогі. Бацька бярэ хлеб, гарэлку. На двары маладога і яго дружыну чакалі ўжо запрэжаныя коні. Жаніх садзіўся на першы воз, з ім сват і свацця. На ўсе астатнія вазы садзіліся госці. Для вясельнага поезда выбіралі лепшых коней і лепшыя вазы. Яны засцілаліся прыгожымі саматканымі посцілкамі. Коням плялі ў грывах косы, упляталі ў іх чырвоныя стужкі. Хвасты завязвалі вузлом. Над дугамі вешалі па званку, іншым коням на шыю чаплялі жалезныя бразготкі на вузкім скураным рэмені (каля 10 штук). Дугі, аглоблі, увесь воз упрыгожвалі бярозавымі галінкамі, дзеразой. Калі ўся дружына ўсаджвалася, бацька жаніха з чаркаю гарэлкі ў руцэ і маці з жытам у прыполе абходзілі тры разы вакол вазоў, пасля чаго маці абсыпала жытам усе вазы. З песнямі і музыкай вясельны поезд адпраўляецца ў дарогу.
Маладога ў дарозе перапыняюць сталом з хлебам-соллю. Часцей за ўсё гэта робіцца перад домам нявесты. Жаніх адкупліваецца гарэлкай, якую ставіць сват. Як прыедуць да маладой на двор, іх сустракае сват. Дружына маладой выходзіць з хаты прывітаць гасцей. Маці маладой і дружкі, якія нясуць ручнікі, выходзяць на двор і перавязваюць па парадку старшынства ўсю дружыну жаніха ручнікамі, перакідваючы іх цераз плячо і завязваючы канцы збоку.
Усіх запрашаюць у хату і па ўказаннях гаспадароў садзяць за стол, а маладога на покуці. У гэты час радня маладой рыхтуецца да новага абраду, які называецца «садзіць маладую на пасад».
Пасад жаніха і нявесты адбываецца наступным чынам.
Засцілалі вывернутым кажухом лаву на покуці. Першым садзіўся малады з маршалкамі. Затым хросны бацька маладой падводзіў на пасад першую дружку. Яна была прыбрана як маладая. Малады з маршалкамі не згаджаліся прыняць яе за стол. За другім разам ён вёў сястру маладой, таксама ўбраную ў адзенне нявесты. Малады не згаджаўся зноў. За трэцім разам вёў маладую на пасад брат маладой. Малады з маршалкамі прызнавалі сваю суджаную. Маладая садзілася паміж дружкамі. Затым адбываецца абрад выкупу нявесты. Пасля яго маладыя садзяцца за стол разам на вывернуты кажух, што з’яўляецца своеасаблівым сімвалам багацця маладых. У гэты момант радня маладой стараецца пасунуць яе так, каб яна магла зрушыць з места маладога. Гэта робіцца для таго, каб потым у сумесным жыцці яна заўсёды мела верх над мужам. Потым хросная маці, а часам сястра маладой, прыступае да «спавівання» маладой. Яна намазвае ёй валасы маслам і сыпле на іх самасейны мак, каб нявесце ніхто нічога дрэннага не зрабіў. Затым тройчы абносіць галовы маладых запаленымі свечкамі, падбірае валасы нявесты, абматвае галаву «сарпанкам», напускаючы яго на вочы, паверх павязвае хусцінку, а на яе ўскладае вянок з рознакаляровымі стужкамі.
Развітанне ў хаце з бацькамі, роднымі і наогул са сваім «гняздом» не абыходзіцца без слёз з боку бацькоў і нявесты. Ад’езд нявесты ў дом жаніха суправаджаецца рознымі абрадамі. Так, сват дае нявесце ў руку канец хусткі і тройчы абводзіць яе вакол стала, пры гэтым яна тройчы кланяецца абразам і цалуе іх у знак развітання з імі. Маці дае нявесце ікону з ручніком, і сват выводзіць яе з бацькоўскай хаты на двор да воза. За нявестай ідзе жаніх і ўсе прысутныя. Яны таксама спыняюцца каля воза. На воз ставяць пасаг маладой. Нявеста і жаніх садзяцца на воз. На другі воз кладуць пасцель маладой і ставяць скрыню з яе пажыткамі.
Маці нявесты надзявае вывернуты кажух і тры разы абягае воз маладых. Гэта асаблівае пажаданне маладым быць багатымі. Затым маці бярэ жменю аўса і дае яго коням, запрэжаным у воз маладых. Пасля сват гаворыць:
Добрыя людзі,
Старыя і малыя,
Благаславіце маладых
У дарогу адпраўляці.
Усе адказваюць: «Бог благаславіць». Па дарозе вясельны поезд спыняюць некалькі разоў, таму што дарогу перагароджваюць. Ад вясельнікаў патрабавалі перапой. Сват злазіў з воза, ставіў на ўслон гарэлку, хлеб- соль, і дарога была адкрыта. Прыехаўшы да хаты жаніха, вясельны поезд спыняецца каля варот. Выходзіць маці жаніха, накрытая вывернутым кажухом. Яна частуе маладых мёдам з адной лыжкі. Частаванне салодкім медам лічылася добрай прыкметай. Гэта было сімвалічнае пажаданне шчаслівага «салодкага» жыцця маладым.
Цераз парог засцілаецца намітка, па якой ідуць маладыя на покуць, дзе яны садзяцца на вывернуты кажух. Хто-небудзь з радні маладой вешае на сцены ручнікі, прыгаворваючы: «Вот табе, гваздок, ручнічок!», «Вот табе, абразок, палаценца!». Вешаюць на вокны занавескі, шырму ў запечак.
Калі ўсе збяруцца ў хаце, пачынаецца вясельнае частаванне ўсіх гасцей. Пасля маладая атрымлівае падарункі. Сват у гэты час трымае ў левай руцэ сподак (на яго накінута насавая хустачка і за яе ражкі ён трымае яго знізу), а ў правай руцэ – чарку. Ен падносіць чарку кожнаму, а на сподак кладуць падарункі: грошы, палатно, наміткі, хусткі і інш., прычым кожны павінен выказаць свае пажаданні маладым. Пасля таго, як усе госці абдарылі маладых, пачынаецца здыманне «спавівання». У гэты момант да маладой падыходзіць старшы дружка, каб зняць «завівала». Смыкам ён паднімаў намітку і закідваў яе на печ, адначасова выказваючы пажаданне: «Адзін сын!», «Два сыны!», «Тры сыны!» і г. д. да дзевяці, а дзесятая дочка, да і та – швачка». Гэта называлася «благаславіць сынамі». Затым дружка вядзе маладую ў танец: правядзе яе тры разы вакол па хаце, і тады ўжо ўсе «гуляюць».
Дзяльба каравая – асобны абрад. Каравай маладога дзялілі ў хаце нявесты, а каравай нявесты – у хаце жаніха. Каравай дзяліў старшы сват. Верх зразалі і аддавалі маладым. Але перш чым дзяліць каравай, прасілі благаславення ў бацькі і маці. Калі дзялілі каравай, маладыя стаялі. Першымі запрашалі пачаць каравай бацька і маці, а потым і ўся радня. Каравай дзялілі з рознымі прыказкамі:
Я дарую іголку і кручка,
Каб было восем сынкоў і адна дачка.
Я дарую вам рубля,
Купіце караля.
Штоб днём каталіся,
А ноч цалаваліся.
Дарую кашэлю гліны,
Каб праз год пазвалі на хрысціны.
Дарую каня з дугою,
Каб малады не бегаў за другою.
Дарую бочку проса,
Каб праз год радзіла матроса.
А вось мае пажаданні:
Колькі ў гэтай хаце сучкоў —
Столькі вам сынкоў,
Колькі дасок –
Столькі дачок.
Дарую веткі зялёнага саду,
Каб малады маладу любіу спераду і ззаду.
Дарую куру-квактуху,
Као маладая ўсе жыцце паважала свякруху.
Дарую дзве лапаты,
Каб малады маладу не ганяў вакол хаты.
Дарую веткі бярозы,
Каб малады прыходзіў дадому цвярозы.
Я ў бутэльку насыпала жыта,
Каб маладым была добрая жытка.
Праз тыдзень пасля вяселля рэшткі каравая маладыя павінны былі разнесці ўсёй радні, якая была на вяселлі.
Паслявясельная частка называлася на Жыткаўшчыне «піраті» (госці, пярэзыў). У в. Любавічы «ўвесь цыкл вясельнай абраднасці заканчваецца ўзаемным наведваннем бацькоў маладых. Робіцца гэта праз тыдзень пасля вяселля. На пачастунак запрашаюцца таксама блізкія сваякі – важнейшыя і найбольш сталыя асобы: хросныя бацькі, дзядзькі, цеткі. Іх саджаюць за сталы ў парадку старшынства. На покуці садзяцца бацькі маладой. ім аказваюць асаблівую пашану. Яны самыя ганаровыя госці. Частуюць іх лепшымі пачастункамі.
Нявеста да гэтага дня не мае права бываць у сваіх бацькоў, нават калі ёй вельмі патрэбна. Тут, у гасцях, бацькі маладой запрашаюць бацькоў маладога прыехаць у наступную нядзелю паглядзець, як яны пажываюць.
Госці на «пірагах» гуляюць даволі доўга. Размова ідзе, як правіла, пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, пра будучае жыццё маладых. Танцуюць мала. Спецыяльных «гасцінных» песень няма, звычайна паўтараюцца тыя, што спявалі свацці аб жаночай долі на чужыне, у чужым родзе («Зяленая вішня», «Аддала мяне маці ў чужую старану»). У іх – туга і смутак, выкліканыя развітаннем нявесты «дзявоччынай», з сяброўкамі і родным домам. Але такіх песень спяваюць мала. Пяюць у асноўным жартоўныя прыпеўкі.
Так «пірагамі» і заканчваецца цікавае і прыгожае беларускае вяселле.
Літаратура
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. Мн., 2003.
Аўтар: Марына Маркевіч
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 4 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. – Мiнск: Бестпрынт, 2007. – C.180-187.