Яскравым узорам бытавання агульнаэтнічнага фальклору і яго ўзаемаадносін з рэгіянальнай фальклорнай традыцыяй з’яўляецца вяселле. Аб’ектыўны факт бытавання рэгіянальных асаблівасцей вясельных традыцый Беларусі дає падставы сцвярджаць, што гэта тая натуральная форма, у якой існує агульнабеларускае вяселле. Рэгіянальна-лакальныя адметнасці датычаць як у цэлым структуры вяселля беларусаў, так і асобных абрадавых момантаў, песеннага суправаджэння, сістэмы міфалагічных прыкмет і павер’яў. Ba ўсіх рэгіёнах рэспублікі традыцыйнае вяселле складаецца з такіх абрадавых кампанентаў, як сватанне, заручыны, зборная субота, пасад, каравай, вясельнае застолле ў хаце жаніха і нявесты, паслявясельная частка.
Падчас праведзення палявых экспедыцыйных даследаванняў на тэрыторыі Гомельскага і Брагінскага раёнаў былі запісаны звесткі па вясельнай абраднасці, праведзена камеральная апрацоўка сабранага матэрыялу, яго класіфікацыя і сістэматызацыя. Засяродзім увагу на характарыстыцы этапаў вясельнага абраду Гомельскага і Брагінскага раёнаў. Адзначым, што структура вясельнага абрадавага комплексу названых раёнаў уключае кампаненты давясельнай, уласнавясельнай і паслявясельнай частак.
Варта адзначыць, што абавязковым этапам давясельнага перыяду ў вёсках Гомельскага раёна з’яўлялася сватанне, падчас якога адбываўся рытуальны дыялог паміж бацькамі нявесты і сватамі. У некаторых вёсках (напрыклад, Задораўка, Калініна) сватанне, запоіны і заручыны адбываліся, як адзначылі інфарматары, адначасова: “У нас запоіны, сваты і заручыны было адно і тое ж, усё было ўмесці” (запісана ў в. Калініна ад Хамяковай Анастасіі Васільеўны, 1927 г. н.).
У в. Аздзеліна, калі ўжо сватанне адбылося, то маладая абавязкова выконвала адметны рытуал — “дзелала рукапажацці і цалавала сватоў” (запісана ад Трышчанковай Домны Мітрафанаўны, 1921 г. н.). Затым яна перавязвала ручнікамі свёкра і іншых сватоў, што сімвалізавала згоду на шлюб. У в. Макаўе сімвалам згоды дзяўчыны на шлюб з’яўляўся разрэзаны ёй хлеб, прынесены сватамі: “Калі дзеўка была згодна, то яна разразала хлеб папалам” (запісана ад Сяргейчык Марыі Мікалаеўны, 1936 г. н.).
Калі дзяўчына не была згодна выходзіць замуж, то, напрыклад, у в. Калініна, яна павінна была вынесці гарбуз і пакласці на парог: “Ну, еслі, напрымер, дзеўка не хоча за гэтага хлопца замуж ісці, так яна — гарбузу. Яны як сталі на парог. Дак яна возьме гарбузу. Поўную гарбузу, абыкнавенную” (запісана ад Філонавай Ганны Фёдараўны).
Адметнай дэталлю ў сватанні на тэрыторыі Гомельскага раёна з’яўляўся рытуал выкупу “пеўня”, якога рыхтуюць спецыяльна, “шыюць із ленты такога, прышываюць, а тады ўжо закрыюць насавіком і выкупляюць, іхнія ўжэ сваты кідаюць грошы дзеўкам: «От колькі там ужэ захадзіла, ну, таргуюцца, тады ўжэ кінуць яны, надзяюць маладому на галаву ета, свяцілка абрывае етага пеўня»” (запісана ў в. Грабаўка ад Каменка Маргарыты Міхайлаўны, 1944 г. н.).
Аналагічны рытуал з “пеўнем” падчас сватання адбываўся і ў в. Маркавічы: “… ужо “пятуха” бяруць пад паху, і дзеўкі гавораць: “Вот і купляйце ўжо петуха”. Ну, і купляюць” (запісана ад Юрасёвай Анастасіі Яфімаўны, 1922 г. н.).
У в. Пракопаўка сватанне называлася магарычом: “Як выходзіць дзеўка замуж, прыходзяць піць магарыч увечары… Бацька, матка прыходзяць мужыковы і п’юць магарыч, сватаюць маладую” (запісана ад Мядзведзевай Любові Акімаўны, 1933 г. н.).
Зборная субота ў вёсках Гомельскага раёна мела назву “завіванне ёлачкі”: “Увечары таго ж дня завівалі ёлачку. Падругі нявесціны вілі яе. Вешалі цвяты і другое што-нібудзь на ёлачку, украшалі яе, адным словам. Калі вілі ёлачку, то песні пелі… Калі свілі ёлачку, то яна аставалася ў хаце нявесты. Абязацельна, штоб ета ўсё дзелалі ў нявесцінай хаце” (запісана ў в. Калініна ад Хамяковай Анастасіі Васільеўны, 1927 г. н.).
Паводле сведчанняў жыхаркі в. Рудня Марымонава, перасяленкі з в. Халочча Чачэрскага р-на, рытуал выкупу маладой адбываецца менавіта ў становішчы пад ёлкай, пры гэтым дзяўчаты імкнуліся як мага хутчэй сесці на гэтае месца, дзе была маладая, каб “тожа пайсці замуж. Пад ёлкай садзілі толькі тую, якую вязлі к вянцу” (запісана ад Драбышэўскай Соф’і Трыфанаўны, 1939 г. н ).
У в. Урыцкае таксама рыхтавалі “ёлку” (“У лесе вырубілі ёлку, цвятоў надзелалі і цвятамі наражаюць”) і ў хаце жаніха, і ў хаце нявесты: “Маладая і падружкі ставяць ёлку на стале, забіваюць яе ў калодку крэпка, каб яна стаяла, а тады ўжо збіраюцца каля стала і спяваюць песні маладой, пакуль жаніх прыедзе” (запісана ад Нядолі Марыі Паўлаўны, 1947 г. н.). Пры гэтым дзяўчаты стараліся хутчэй схапіць і адламаць вярхушку ёлкі: “Хто атламае, той быстрэй замуж выйдзе” (запісана ад Нядолі Марыі Паўлаўны, 1947 г. н.).
Важнымі момантамі ў комплексе вясельнай абраднасці Гомельскага раёна з’яўляюцца падрыхтоўка і дзяльба каравая. Апошні абрадавы этап адбываўся ў хаце маладой, дзе абавязкова павінны былі паставіць пасярод стала ёлку, якую напрьпсанцы (“раздаўшы каравай”) “ламалі і якой білі маладых, штоб былі здаровымі, прыткімі ў рабоце і не былі лянцяямі” (запісана ў в. Аздзеліна ад Грышчанковай Домны Мітрафанаўны, 1921 г. н.).
Паслявясельную частку ў вёсках Гомельскага раёна называлі па-рознаму: “вадзіць пярэзвы” (“Як дзень, сабіраюцца к нявесце, а тады назаўтра — к жаніху” (в. Бальшавік)), “гіята” (“А калі ўжо паследніх гасцей угасцілі, ідуць к дзеўцы, ловяць курыцу, скубуць, вараць. Называецца гэта пята”) (в. Брылёва), “драць курыцу” (“На другі дзень свадзьбы дралі курыцу. Пераадзяюцца ўсе, ідуць па сялу, дзе курыцу паймалі, галаву адкруцілі ёй… Бяруць палку длінную такую, за ногі звяжуць, галаву скруцяць, павесяць…”), “на гарэлыя пірагі” (“Чэраз нядзелю после свадзьбы едуць, напрымер, я сына свайго жаніла, сваха прыгласіла, прыязжайце на “гарэлыя пірагі”) (в. Глыбоцкае), “цыгане” (“У нас казалі — цыгане ходзяць: “Хавайце куры. Бо ўжо цыгане ходзяць”) (в. Даўгалессе), “курыца” і “пярэзвы” (“Патом нявесціны госці едуць да жаніха. Гуляюць там. На другі дзень ловяць курыцу. Яе смаляць і вараць з яе суп. На трэці дзень збіраюцца і ходзяць у пярэзвы”) (в. Задораўка), “банкеты” (“Калі два дні пагулялі, то пасля цэлую нядзелю вадзілі бяседу. Гэта калі хто-небудзь з жаніховай і нявесцінай радні шчэ гуляць хацелі, то дзелалі банкет”) (в. Калініна), “разгрэбіны” (“На разгрэбіны гуляюць у гульні. Пяюць песні, танцуюць. Сваты гасцей запрашаюць у хату, за стол з пачастункамі і гарэлкай. З ліку гасцей выбіраюць жаніха і нявесту. Дзяўчына пераапранаецца ў мужчыну, а мужчына — наадварот”) (в. Рудня-Марымонава), “атводзіны” (“Прьгехалі к маткі. Матка зноў пасадзіла за стол. Яны прыйшлі, як кажуць, у атводзіны. Гулялі, танцавалі. Скублі ды варылі суп з кураціны. Раскладалі агонь і смалілі курыцу, і скакалі чэраз агонь”) (в. Сямёнаўка) і інш.
Кожны з этапаў вясельнай абраднасці ў вёсках Гомельскага раёна вылучаецца адметнымі рытуаламі, разнастайнымі па тэматьщы і ў жанравых адносінах песнямі, багатай сістэмай міфалагічных уяўленняў, адлюстраваных у прыкметах і павер’ях.
Для структуры вясельнага абраду Брагінскага раёна характерны такія этапы, як сватанне, магарыч, “оцьведы”, змовіны, каравай, прыезд маладога да маладой, вянчанне, вясельнае застолле ў маладога, “па бяседах” (в. Савічы). Вясельныя этапы ў в. Залессе — гэта сватанне, другі дзень вяселля, прыезд маладога да маладой, завіванне маладой, трэці дзень вяселля; у в. Калыбань — сватанне, першы дзень вяселля, другі дзень вяселля, цыганы.
На тэрыторыі Брагіншчыны ў сваты прыходзілі ў суботу вечарам, праўда, колькасць сватоў у розных вёсках была неаднолькавай. Іншы раз колькасць удзельнікаў гэтага вясельнага этапу ахоплівала 15-40 чалавек: “Пасля вячэры сватоў перавязваюць палаценцамі, жанок перавязваюць платкамі, дзявок — плаццямі і дагаворваюцца аб вяселлі”. У вёсцы Калыбань Брагінскага раёна сваты прыходзілі звычайна ў пятніцу, сватанне ж называлася магарычом, на якім прысутнасць нявесты была абавязковай. Як паведаміла жыхарка гэтай вёскі Г. М. Лісіца, “у нядзелю маці маладога збірае кумоў, сясцёр і ідзе на пагляднае, нясуць падарункі нявесце і дагаворваюцца аб вяселлі”.
Своеасаблівым было сватанне і ў вёсцы Савічы Брагінскага раёна. Як адзначыла М. М. Кудан, у сваты хадзілі ўтраіх — жаніх і два добра знаёмыя мужчыны. Калі ж ужо высватаюць нявесту, то клікалі хросных. Дзяўчына не адразу давала згоду на шлюб, “дзеля смеху”, як растлумачыла інфарматар, “прычэплівалі да хлясціка фуфайкі жаніха коўш з вадой, штоб пацёг па хаце”, падкрэсліваючы гэтым, што “дзеўка не хацела ісці замуж”. Такое абрадавае дзеянне выконвалі ўсе тры сваты. Сімвалам жа згоды на шлюб з’яўляўся разрэзаны нявестай пірог. Паводле звестак М. М. Кудан, “як разрэжа адразу, добра жыць будуць маладыя, а калі там рэжа ды яшчэ падумае, да і зноў і другі, і трэці раз, то ўжэ кажуць, што пагана будуць жьщі”. Лакальнай адметнасцю вясельнай традыцыі ў вёсцы Савічы з’яўляўся магарыч, калі ў хаце нявесты збіраліся яе блізкія родзічы (родныя цёткі, дзядзькі, хросная маці, хросны бацька) і частаваліся. Асобным этапам у давясельным перыядзе з’яўляліся “оцьведы”, калі ў госці да маладой прыходзілі родзічы жаніха і прыносілі падарункі. Паводле ўспамінаў М. Т. Кузьмянок з вёскі Міхнаўка Брагінскага раёна, жаніх і нявеста перад тым, як выпіць першую чарку, павінны былі сказаць: “Мама і папа, давайце вып’ем”, гэта значыць, што жаніх такім чынам звяртаўся да бацькоў нявесты, а нявеста — да бацькоў жаніха. Калі нявеста была згодна на шлюб, то “пераразала хлеб, які прыносілі сваты, адну яго палавінку выносіла на вуліцу, дзе звычайна збіраліся яе сяброўкі, і кідала хлеб уверх. Было пакое павер’е: хто першы зловіць гэты хлеб, той наступны пойдзе замуж”.
Падчас сватання ў в. Пажаркі Брагінскага раёна адбываўся рытуал абменьвання хлебам паміж бацькамі маладых. Сімвалам згоды на шлюб з’яўляўся разрэзаны маладой “хлеб папалам”. Інфарматары пацвердзілі дзейнасць у сістэме вясельнай абраднасці як сімвала замацавання шлюбу не абраду царкоўнага вянчання, а дзяльбы каравая.
Асноўныя рытуалы вясельнага застолля ў маладой у в. Савічы — гэта завіванне маладой, благаслаўленне маладых. Паслявясельная частка ў в. Савічы мела назву “па бяседах” — удзельнікі вяселля прымалі на сваіх падвор’ях гасцей: “Спачатку ідуць к хросным, тады бяседа ўжо ідзе к бабам, а тады ўжэ к дзядзькам, цёткам і другім гасцям”. Песенныя тэксты, запісаныя ў в. Нудзічы Брагінскага раёна, ілюструюць асноўныя абрадавыя вясельныя моманты і рытуалы: напрыклад, заручынныя песні (“Заручаєш мяне, мамка, заручаєш”), песні на пасад (“Станавіся, радзіначка, уся ў рад”), каравайныя (“Караваю, караваю, я ля цябе добра йграю”) і інш.
У каравайнай абраднасці меў месца цікавы рытуал “пасьшання маладых шышачкамі з цеста”. Прыезд маладога да маладой вызначаўся рытуалам выбару сапраўднай маладой з ліку падстаўных нявест.
Падрыхтоўка каравая ў вёсках Брагінскага раёна суправаджаецца кароценькімі песенькамі, якія ілюструюць асноўныя абрадавыя этапы, напрыклад, калі рашчыняюць каравай “замужнія паважаныя шчаслівыя жанчыны, якія добра жывуць”, то прыгаворваюць:
Із сямі крыніц вада,
Із сямі пшаніц мука,
Загранічнае масла
І яец паўтараста (в. Савічы).
Каравайніцы, рыхтуючы абрадавы вясельны хлеб, адносіліся да гэтай справы надзвычай адказна і сур’ёзна. Ад якасці выпечанага каравая залежаў лес маладых, шчасце ў іх сямейным жыцці. Важнасцъ каравайных рытуалаў пацвярджалі і песенныя радкі, якія гучалі падчас самой выпечкі каравая:
А, караваю-караваю,
Я ля цябе добра граю.
Хачу цябе не спаліці
Да ўвесь род абдзяліці (в. Савічы).
Рытуал выкупу пасагу нявесты адбываецца напрыканцы вясельнага застолля ў маладой, а на вяселлі ў маладога “маладую пераводзяць у жаноцкі стан”: “Знімаюць з галавы маладой вянок з лентамі, вешаюць яго на ікону, а на галаву маладой адзяваюць хустку, стукаюць маладога з маладой галовамі, каб жылі ў саглассі” (в. Пажаркі). Паслявясельная частка ў гэтай мясцовасці мае назву “цыганы”.
Як бачым, рэгіянальны фальклор як арганічная частка агульнанароднага, або агульнаэтнічнага фальклору, фарміруецца на глебе лакальных традыцый, якія ў працэсе бытавання паралельна вар’іруюць. Менавіта фальклор асобных рэгіёнаў (раёнаў) фарміруецца на аснове агульнафальклорных традыцый, улічваючы як лакальна адметныя, так і этнічна-характэрныя рысы.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 232-235.