Вяселле з’яўляецца важным крокам у жыцці чалавека. Духоўна, матэрыяльна і фізічна пасля вяселля людзі спрадвеку мянялі свой стан і жыццё. Юнацтва змянялася сталасцю, гарэзлівасць — адказнасцю, летуценнасць — мудрасцю. Вяселле для селяніна было той таямнічай і важнай гранню, якая падзяляла яго жыццё на дзве часткі — да і пасля жаніцьбы і адпавядала дзіцячаму і даросламу стану. Не трэба забываць, што шлюб усімі народамі свету ўспрымаўся як факт пераходу чалавека з дзяцінства ў сталасць, а права на гэты пераход трэба было даказаць ў прысутнасці ўсяго роду. Відавочна таму, вяселле ў кожнага народа суправаджалася разнастайнымі рытуаламі, дзеяннямі і працэсамі, як ніводная іншая падзея каляндарнага ці абрадавага цыклу.
Не сталі выключэннем у гэтых адносінах і славяне. Заўжды своеасаблівым было вяселле ва ўсходніх славян. Беларускае і ўкраінскае вяселле мала чым адрозніваецца, тут можна вызначыць, як агульныя, так і адметныя рысы, большасць з якіх мае старажытнае магічна-рытуальнае паходжанне, абумоўлена даўнімі язычніцкімі і пазнейшымі хрысціянскімі вераваннямі ўсходніх славян і так ці інакш фарміравалася і мянялася пад уплывам роўных аб’ектыўных гістарычна-сацыяльных абставін.
Пра характэрную асаблівасць беларускага вяселля гаворыць ужо сама назва. Вяселле — ад слова «весела». Сапраўды, на вяселлі не змаўкаюць песні, музыка, жарты, віншаванні, пажаданні, не спыняюцца танцы…
Гэта і зразумела: жаніцьба — важная, асаблівая падзея ў жыцці чалавека. Гэта пачатак яго новага , самастойнага жыцця. Уступленне маладых людзей у шлюб — адказны момант не толькі для маладых, але і для ўсёй сям’і. Вясельны абрад зачароўвае сваімі рытуаламі, як на беларускім, так і на украінскім Палессі.
Адной з самых яскравых частак вясельнай абраднасці з’яўляецца «Каравай» і рытуалы і дзеянні звязаныя з ім.
Каравай — гэта перш за ўсё хлеб. А хлеб у народзе — сімвал шчасця, дабрабыту, сімвал жыцця. Прысутнасць каравая на вяселлі азначала не што іншае, як пажаданне гэтага шчасця маладой сям’і. Калі каравай ўдаваўся, думалі, што на шчасце. Як лічылі жыхары Петрыкаўскага раёна: «Бабуля пекла каравай сама и было такое поверье, что если он будет румяный, красивый и не лопнет, значит, семейная пара будет долго жить. Если каравай лопнул, значит, семейная пара долго жить не будет (Т. П. Г.). Упрыгожвалі каравай самымі рознымі прадметамі, ва ўкраінскай традыцыі часцей за ўсё ўпрыгожвалі: «Зеленими рослинами, передусім калиною та барвінком. Калину клали гілочками по верху, а барвінок спершу сплітали вінком, а потім оперізували ним коровай, а також складали з обох рослин букети тощо. Обидві рослини поліщуки наділяли певною символікою: «Барвінок для життя доброго, а калина — чесність» (О. І. К.).
На Гомельскім Палессі найчасцей сустракаліся выпадкі, калі ў каравай ўтыкалі: шышкі, кветкі, абкручвалі пляцёнкай і некаторымі іншымі фігуркамі з цеста або галінак дрэў і многім іншым. У Мазырскім раёне Гомельскай вобласці каравай упрыгожвалі ружамі і абавязкова абсыпалі макам, лічылася, што мак — сімвал дабрабыту і ён абавязкова прынясе шчасце новай сям’і (Л. І. В.). Сустракаліся выпадкі, калі: «по середине каравая бабуля ставила две птички, я не знаю, как они назывались, они были маленькие с длинненькими хвостиками, потом, возле птичек были 4 цветочка на васильки похожие, по кругу были две косички, еще были цветочки. Когда была свадьба, там, где были птички, вот эта середина вырезалась, она никому не давалась, только молодым. Молодые эту середину не кушали, это нужно было оставить, закрутить в рушник, спрятать за икону. Как оберег семьи» (Т. П. Г.).
Звычайна каравай мела права выпякаць галоўная каравайніца, якой з’яўлялася хросная маці: «Ну, маці хросна, обычно выпякала. Еслі она ў пары жыве і другі раз замуж не выходзіла і еслі заўдавее, то тожэ не пяклі каравай еты. А так, маці хросна пякла. Он круглы быў. Рэжуць, раздаюць бяседзе етой. Самі прыдумлялі чым упрыгожваць. І цвяточкі, і шышачкі з цеста» (Я. Ф. Ш.). Ва ўкраінскай жа традыцыі сустракаліся выпадкі, калі: «Кількість частин, на які попередньо ділили тісто, відповідала кількості запрошених коровайниць. Усі рухи учасниць коровайного обряду були пов’язані з дотриманням напряму руху сонця («за сонцем»). Розробляла тісто старша коровайниця, причому його можна було набирати лише один раз, без подальшого додавання чи відбиранння від уже взятого шматка, що в майбутньому магло сприяти щасливому життю з єдиним обранцем. Вимішане тісто з’єднували і формували залежно від місцевих традицій» (О. І. К.). У беларускай традыцыі можна сустрэць тэксты песень у якіх адлюстраваны непасрэдна сам абрад выпякання караваю і пры дапамозе гэтых тэкстаў было зразумела, хто яго выпякаў:
Каравай будзе мясіць,
Каравай будзе мясіць,
Ой, да, хросная маці!
Ой, яго ўпрыгожваць,
Ой, яго ўпрыгожваць,
Ой, да, кветкамі… (Я. Ф. Ш.).
Як ва ўкраінскіх, так і ў беларускіх тэстах песень галоўным персанажам з’яўляўся каравай, якому заўсёды надавалася своеасаблівая ўвага. Асноўнае значэнне пры апісанні абраду, надавалася той частцы, калі каравай ужо клалі ў печ. Пры гэтым звычайна выконваліся песні. Цікава, што змест песень як беларускіх, так і ўкраінскіх быў вельмі падобны:
А коровай рогоче,
До печоньки хоче,
Вон на ноженькі гіблє,
До печонькі диблє.
Усе дзеянні, звязаныя з караваем і песні прысвечаныя яму, якія выконваліся на Гомельска-Чарнігаўскім памежжы вельмі яскрава паказваюць як ушаноўвалі яго, якая ўвага яму надавался:
Ой прогнівався коровай,
У коморі стоячи.
— Ви п’єте, гуляєте,
За мене не дбаєте (О. І. К.).
У абодвух варыянтах каравай і ўсе прадметы, якія мелі да яго дачыненне нібы ажывалі: «А коровай рогоче, // До печоньки хоче.» або «Ой прогнівався коровай, // У коморі стоячи // — Ви п’єте, гуляєте, // За мене не дбаєте».
Як ва ўкраінскіх, так і ў беларускіх варыянтах разнастайныя прадметы быту надзяляліся чалавечымі якасцямі: печка — рагочэ, прыпечок — колываецца… :
Наша печка рагочэ,
Наша печка рагочэ,
Караваю ёй хочэ.
Наш прыпечок калываецца,
Наш прыпечок калываецца,
Караваю сподзеваецца.
Расходжайся же маці,
Расходжайся же маці,
Да по велікой хаце.
То за комін, то за печеньку,
То за комін, то за печеньку,
Головою о прыпечок.
Сядзьмо, мамко, повячэраймо,
Сядзьмо, мамко, певячэраймо,
По вечары подзелімось.
По вечары подзелімося,
По вечары подзелімося,
3 тобой, мамка, разлучылась.
Тобі, мамка — ніт бярдзечко,
Тобі, мамка — ніт бярдзечко.
А мне, мамка — все сердечко.
Тобі, мамка — хатка і сені,
Тобі, мамка — хата і сені,
А мне, мамка — каравай свій
(Μ. п. ш.).
Асобае значэнне на Гомельска-Чарнігаўскім Палессі надавалася каравайнай сімволіцы. Перш за ўсё, каравай гэта хлеб — сімвал шчасця, яго звычайна рабілі круглай формы, якая нагадвала сонца, што сімвалізавала нявесту. Акрамя самаго караваю, асобным значэннем і сімволікай надзяляліся прадметы, якія выкарыстоўваліся пры выпяканні хлеба, гэта: вада, дровы і інш., атрыбуты тэхнікі, якія спрыялі выпяканню: лапата, печ; і нават самі ўдзельнікі гэтага абраду: хросная маці і інш, што таксама адлюстроўвалася ў песенных тэкстах.
Ніхто не вгадає,
Що в нашому короваї в:
Три мірки муки,
Троє відер води,
І сім горшків масла,
І яєць півтораста [2, с. 196].
Каравайны абрад багаты на наяўнасць вобразнай сімволікі. Сімвалы, якія найчасцей сустракаюцца ў песенных тэкстах, гэта і разнастайныя галінкі дрэў, якія ўтыкалі ў хлеб, гэта і зааморфныя, антрапаморфныя, астральныя і іншыя фігуркі з цеста, якія сімвалізавалі шчасце, дабрабыт, і спрыялі ўмацаванню будучай сям’і.
Наяўнасць гэтых прадметаў дае магчымасць лічыць каравай сімвалам багацця і шчасця маладых:
Караваю, наш раю,
Мы цябе ды й убіраем.
Шышкі з груўкі,
Каравай грэцкі,
Спяклі па-шляхецкі!
Караваю, наш раю,
Мы цябе да й ўбіраем
Ручкамі да бяленькімі,
Пярсценкам залаценькімі [1, с. 96].
Па сваёй структуры каравайныя песні амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых вясельных тэкстаў: у кожнай з іх прысутнічае пачатак, развіццё дзеяння і канцоўка. Тэксты такіх песень маюць невялікі памер, і, як правіла, не выконваюцца па-за межамі самога абраду з прычыны функцыянальнага і тэматычнага дачынення да яго:
Ох, ніхто не ўгадае,
Што ў нашым караваі:
Жменька мукі, жменька пшанічкі,
А яшчэ вада з крынічкі.
Мы спячэм яго духмяным і прыгожым,
І падорым маладым… (Н. І. П.).
А хвала табе, божа,
Што мы дзела зрабілі,
Каравай учынілі,
Замясілі, усадзілі.
Замясілі, усадзілі
Ручанькамі ды бяленькімі,
Перснямі залаценькімі [2, с. 84].
Каравайны абрад складаецца з некалькіх этапаў, кожны з якіх суправаджаецца песнямі, якія адпавядаюць пэўнай частцы. Найбольш шырока прадстаўлены наступныя варыянты песенных этапаў:
1) Запрашэнне радні і суседзяў на каравай:
Ой, суседкі, маёі матачкі, / 2 р.
Да й хадзіце вы ка мне.
Не ка мне, а к майму дзіцяці / 2 р.
Каравай будом саджаці.
Ой, суседкі, маёі матачкі / 2 р.
Да й хадзіце вы ка мне.
Не ка мне, а к майму дзіцяці / 2 р.
Каравай будом убіраці (В. Я. П.).
Ва ўкраінскіх жа песнях сустракаюцца варыянты, калі сама маці запрашае на каравай ўсіх гасцей:
Що Галюніна мати
По сусідочках ходить.
По сусідочках ходить
Да сусідочок просить:
— Сусідочки, мої голубочки,
Да прошу я й до хати.
Да прошу я й до хати
Да й до свого дитяти
Да ділечка робити
— Коровалю ліпити.
Полепліте да й шишечки,
Як на небі ясні зерочки;
Як на небі да місяць ясни[й],
Ой щоб же був короваль красни[й] [2, с. 211].
2) Вымешванне караваю:
У такіх песнях вялікая ўвага надавалася вадзе, як у вузкім, так і ў шырокім значэнні. У вузкім — сімвал хуткаплыннасці жыцця, у шырокім — прадстаўлены ракой, у дадзеным выпадку гэта — Дунай. I безумоўна сам каравай — сімвал шчасця, багацця і дабрабыту, напрыклад:
Ой коли ми короваль
Ліпили,
До Дунаю по водицю
Ходили.
— Ой що ж ти змовиш,
Дунаю,
Да для нашого
Коровалю?
— Я вашому коровалю —
Не знаю;
Наберіть водиці
З криниці
Да зліпліть короваль,
Сестриці [2, с. 215].
3) Вялікая ўвага надавалася песенным тэкстам, калі рыхтавалі печ для караваю:
Що піч стоїть на стовпах,
А діжу носять на руках.
— Пече наша, пече,
Спечи нам коровай [г]рече [2, с. 227].
Заключны этап — частаванне, дзяльба і прашэнне караваю, як ў беларускай, так і ва ўкраінскай традыцыі мае вялікае кола песень, напрыклад:
Вже ми діло поробили,
Короваль ізліпили.
Йа ви теє знайте,
Нам горілочки дайте [1, с. 230].
Мы зрабілі каравай:
Замясілі, ўсадзілі,
I пачаставалі… (Л. I. В.).
Кожная частка каравайнага абраду, якая была адлюстравана ў песнях, пачынаючы ад яго упрыгожвання і заканчваючы выманнем з печы была насычана мастацкімі сродкамі, у асноўным пераважалі эпітэты, метафары і найчасцей сустракаюцца паўторы, якія рабілі тэкст больш меладычным:
Ой, суседкі, маёі матачкі, / 2 р.
Да й хадзіце вы ка мне.
Не ка мне, а к майму дзіцяці / 2 р.
Каравай будом саджаці.
Ой, суседкі, маёі матачкі / 2 р.
Да й хадзіце вы ка мне.
Не ка мне, а к майму дзіцяці / 2 р.
Каравай будом убіраці (В. Я. П.).
Указаныя фактары дазваляюць сцвярджаць, што каравайныя традыцыі і сімволіка беларускага і ўкраінскага Палесся маюць і на сённяшні дзень не толькі вялікае значэнне, але і значную цікавасць.
Літаратура:
- Захарава В. А. Палескае вяселле / В. А. Захарава. — Мінск : Універсітэцкае, 1984. — 303 с .
- Весільні пісні : у 2 кн. — К. : Наукова думка, 1982. — Кн. 1. — 680 с.
Спіс інфарматараў:
В. Я. П. — Валянціна Якубаўна Пацярайло, 1932 г. н., в. Грабаў Петрыкаўскага р-на, Гомельскай вобласці.
Л. I. В. — Ларыса Іванаўна Васілец, 1937 г. н., г. Мазыр, перасяленка з Уржумскі раён, Кіраўская вобласць.
М. П. Ш. — Марыя Паўлаўна Шостак, 1936 г. н., в. Брынёў Петрыкаўскага р-на, Гомельскай вобласці.
Η. I. Π. — Наталля Іванаўна Пырх, 1962 г. н., в. Левашы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
О. I. К. — Ольга Ι..·|.:ιί|·ιιι:·ι Кучарськая, 1909 р. н., с. Буках Малинського р-ну Житомирської обл.
Т. П. Г. — Таццяна Пятроўна Галіцкая, 1980 г. н., г. Петрыкаў, Гомельскай вобласці.
Я. Ф. Ш. — Яўгенія Фёдараўна Шарамет, 1940 г. н., в. Брынёў Петрыкаўскага р-на, Гомельскай вобласці.
Аўтар: Алена Павлова
Крыніца: Матеріали до української етнології. — 2013. — Вип. 12. — С. 210-213.