Вывучэнне фальклорна-этнаграфічных традыцый асобных раёнаў як адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак надзвычай важна, калі мець на ўвазе рэалізацыю канцэпцыі «культурнага ландшафту». Несумненна, што атрыманыя такім чынам вынікі даследавання мясцовых асаблівасцей традыцыйнай народнай культуры дазволяць зрабіць абагульненні як рэгіянальнага, так і агульнаэтнічнага характару.
Каб пераканацца ў тым, што, фальклор як від мастацтва сапраўды бытуе і функцыянуе непасрэдна на рэгіянальным (лакальным) узроўні, звернемся да характарыстыкі асобных відаў каляндарна-абрадавай паэзіі Жыткавіцкага раёна. Напрыклад, устойлівасцю захавання адрозніваецца абрад калядавання, падчас якога ў вёсцы Хільчыцы ўдзельнікі каляднай світы пераапраналіся ў казу, мядзведзя, чорта, каня ці кабылу, гандляра, нячыстую сілу, цыгана. Цэнтральнае месца адводзілася абрадавым дзеянням, звязаным з казой. Варта адзначыць, што «абрад ваджэння «казы» ў тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нас, прадстаўляе сабой не столькі абрадавае дзеянне, колькі бытавую гульню, забаву» [1, 22]. Абавязковай у вёсцы Хільчыцы была просьба да гаспадароў дазволіць пакалядаваць: «От, ек подходзімо до хаты, то путаем: «Добры вечор, пані господыня, пан господар! Ці можна Вам песню проспявацъ, Ваш дом повеселіць?» Ек з хаты получаюцъ дозвол, то заходзяцъ у хату. Коза ўбегае першою ў хату, падае на серэдзіну, быццам умерла. Пры гэтым спявалі:
Пусцъ каза упала,
Здохла, пропала.
Гасподзь ідзе,
Каляду нясе,
А гаспадыня ідзе,
Каляду нясе.
На рожанькі Два пірожанькі,
А на хвасток
— Сала кусочак [*1].
У прыведзеным тэксце знайшлі адлюстраванне матывы ахвярнай смерці казы і яе ажывання. Даследчыца Р. М. Кавалёва, засяродзіўшы увагу на семантыцы скокаў, смерці і ажывання казы і ўважліва прааналізаваўшы тэксты калядных песень («тэксты павышанай семантычнай нагрузкі»), структуру абраду ваджэння казы, зрабіла наступныя вывады: «Адметнасць абраду надаюць наступныя моманты:
- ахвярапрынашэнне казы ў сапраўднасці не адбываецца, яно перажываецца сімвалічна. Смерць казы імітує пераапрануты чалавек;
- забойства казы ўспрымаецца як рэальнае, але мяркуецца, што яно адбылося не тут, не цяпер, а ў мінулым і без удзелу калядоўшчыкаў;
- віна за забойства, як у буфоніях, мядзведжых святах і падобных да іх абрадах, пераносіцца на ўмоўных злачынцаў;
- сучаснае «хаджэнне» — гэта рытуальны абыход сядзіб казой, якая ажыла і набыла магічную здольнасць дабратворна ўплываць на ўрадлівасць палёў» [7, 36].
Яскрава выражаны матыў заклинання ўрадлівасці нівы ў другой частцы песеннага фрагмента звязаны з магічнай функцыяй казы, якой у міфалагізаванай свядомасці нашых продкаў адводзілася прадуцыравальная роля. Як слушна адзначыла JL В. Пакроўская, «носьбітамі ідэі ўрадлівасці і цыклічнасці ў прыродзе ва ўяўленнях старажытных земляробаў выступалі і жывёлы: бык, каза, свіння, конь і інш.» [8, 71].
У вёсцы Хільчыцы святкавалі і Шчадрэц, вечар напярэдадні старога Новага года. Мясцовай адметнасцю абраду шчадравання з’яўлялася пераапрананне хлопцаў: «У нас тожэ шчадравалі, дзеўкі гадалі. От пока мы гадалі, то хлопцы перэпраналіса адзін другога мудрэй. Робілі козу, ек на Коляды, выбіралі мехоношу, а шчэ робілі «шчадраца», на его цэплялі лахмоцце старое, косы рабілі з лёну, горба. Да посля ўся гета компанія шла шчадравацъ по селу з песнямі, музыкой. От подходзяцъ к хаці, путаюцъ дозволу, шоб песню заспевацъ. А ек з хаты скажуцъ: «Вольно!», то почынаюцъ спевацъ:
Ой, по моры, по сінему,
Шчодры вечор Васілю!
Там ластаука купаласа,
Купаласа, умываласа,
На берэжку сушыласа.
Вуйшла Галя — дзівіласа,
Прыйшла дамоў, хваліласа:
— Ой, мамонька, я бачила
Дзіво дзіўнэ, чудо чуднэ,
То по моры по сінему
Там ластаўка купаласа.
— Это, доню, не ластаўка,
То Прычыста рызы мула. [*2]
Прыведзены песенны тэкст, як адзначыла інфарматар, выконваўся ў вёсцы толькі «на Шчадрэц», «астатнія ж песні спявалі тыя ж самыя, што і на Коляды». Гэты факт пацвердзілі і ў вёсцы Запясочча Жыткавіцкага раёна: «Песні спевалі на Шчодрэц, як і на Коляды. Одно казалі: «Шчодры вечор!» [*3]. Лакальнай асаблівасцю ў абрадзе шчадравання ў вёсцы Запясочча з’яўляецца звычай абвязваць саломай сад: «13 январа — шчодры вечар, бралі кочэргу, бохан хлеба, які пеклі к Рождству, і ездзілі на кочэрзе обвязвацъ сад соломой або сеном, пры гэтым казалі: “Едзе Радзівон на сівом коне, везе белы цвет і красные вішні”» [*3]. Заўважым, што у славян быў вядомы звычай «абвязваць Д. п. (дрэва пладовае — В. Н.) саламянымі або гарохавымі перавясламі, каб Д. п. лепш пладаносіла, не баялася марозу, каб справакаваць завязванне пладоў на Д. п.» [1, 73]. «Прадукавальны сэнс рытуалаў з саломай у складзе каляндарнай абраднасці даволі празрысты: салому з каляднага стала неслі ў поле, абвязвалі вакол садовых дрэў, падпярэзвалі ёю бясплодных жанчын» [4, 448].
У гурце калядоўшчыкаў, якія хадзілі ў вёсках Жыткавіцкага раёна ад хаты да хаты, былі пераапранутыя не толькі у казу, але і ў каня, бусла [6, 705].
У вёсцы Града падчас калядных святкаванняў гулялі ў народную гульню «Олея», сутнасць якой заключалася ў тым, што хлопец знаходзіўся ў сярэдзіне карагода і выбіраў сабе ў якасці ахвяры прыгожую дзяўчыну: «Дзевочкі робілі корогод і спявалі:
Цяпло, цяпло Олею
Пад дубовай карою.
Олей атвечаў:
Курна, курна, дзевачкі,
Пад дубовай карою.
Дзевочкі ему говорылі
Дык бяры сабе, Олею,
Красну панну Волечку.
Олей браў сабе з карагоду дзеўчыну ў круг і адказваў:
Дзякуй, дзякуй, дзевачкі,
За красну Волечку» [*4].
У абрадзе калядавання звычайна прымалі ўдзел дарослыя. Акрамя выканання велічальна-віншавальных песень, адрасаваных гаспадарам і іх дзецям, у вёсцы Запясочча «робілі з бумагі звязду, у серэдзіне запальвалі свечку, бралі сані і ходзілі. На санях возілі тэ, шо ім давалі: пірогі, сало, коўбасы. Спевалі песню, у якой славілі Хрыста:
Рожество Хрістово, ангел прілецел.
Он лецел по небу, людзям песні пел.
Все людзі, лікуйце, всей дзень торжэствуйце
Есць Хрістово Рождзество.
Пастушкі в пешчеру первым! прішлі,
В яслях на соломе Господа нашлі» [*3].
Прыведзены песенны тэкст у болып поўным варыянце выконвалі на Шчадрэц у вёсцы Рычоў, дзе ў гэты час «насілі звязду, выдзялялі аднаго чалавека для гэтага і дзелалі свечкі. Звычайна спявалі мужчыны, прыходзілі ў хату ca звяздой i пыталі дазволу заспявацъ» [*5]. На «Шчадрэц», 13 студзеня, у гэтай вёсцы вадзілі казу, ролю якой выконвала жанчына [*5]. Сутнасць семантыкі прадметнай атрыбутыкі (сена, грошы, соль), звязанай з другой куццёй, інфарматары тлумачылі наступным чынам: грошы клалі, каб «яны заўсёды вяліся ў хаце, соллю пазней мазалі цяля, каб карова пасля злізала, гэта рабілі, каб у каровы старое і молодое малако было добрае» [*5].
У вёсцы Кольна адзначалі тры куцці: «первая куцця была на Ражство і была бедная, но ўрачыстая, другая куцця была багатая і варылі з 13 на 14 (стары Новы год) і трэцяя куцця была галоднай і варылі яе на Хрышчэнне» [*6]. З першай куццёй былі звязаны такія міфалагічныя вераванні вяскоўцаў як забарона каштаваць кашу ў той час, калі яна варылася; пад сена падкладвалі грошы, каб «у хаце цэлы год грошы вяліся»; «скарынку з куцці» аддавалі курам, каб «вяліся добра»; не садзіліся за калядны стол, пакуль «першая зорачка на небе не з’явіцца».
Абрад шчадравання, у якім удзельнічала ў асноўным моладзь, быў звязаны з другой куццёй (вёска Кольна). Адметным быў той факт, што тут не толькі вадзілі казу, але і насілі ёлачку («хадзілі з ёлкаю, а на той ёлкі свечкі былі»). Чаму прысутнічаў менавіта гэты абрадавы атрыбут — ёлка, жыхары вёскі не змаглі растлумачыць, аднак можна выказаць меркаванне аб невыпадковасці выкарыстання гэтага дрэва, міфалагічныя ўласцівасці якога звязаны з ахоўнай магіяй, культам продкаў, з ідэяй захавання жыцця («…у беларускай традыцыі існує ўяўленне пра елку як пра дрэва «свянцонае» (асвечанае)» [4,159].
Як бачым, зімовая каляндарна-абрадавая паэзія Жыткавіцкага раёна, якая з’яўляецца арганічнай часткай фальклору і рэгіёна, і беларускай вуснай народнай творчасці ў цэлым, мае адметнае ў кожнай мясцовасці песеннае суправаджэнне. У агульнатрадыцыйным абрадзе ваджэння казы ў вёсцы Хільчыцы абавязковай была прысутнасць антрапаморфнай маскі (яркая лакальная спецыфічная асаблівасць) — апранутага ў «лахманы» «шчадраца», які выразна асацыіраваўся з прадстаўніком духаў продкаў. Каляднікі, якія здзяйснялі абход двароў, успрымаліся як небяспечныя агенты «свету іншага, здольныя прыносіць дабрабыт, калі іх адпаведным чынам надарыць» [9, 160]. Адметным быў звычай абвязваць саломай сад, што спрыяла, паводле мясцовых вераванняў, яго пладаноснасці (веска Запясочча). Узоры лакальных варожбаў узнаўлялі агульнатрадыцыйныя народныя матывы вызначэння лёсу.
Як сведчаць запісы, надзвычай распаўсюджаным святам на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна была масленіца. У вёсцы Града быў вядомы масленічны звычай «калодкі»: «Дзе жыў стары халасцяк, дзевачкі часто падпіралі ему дзверы калодай». У мясцовай традыцыі гэты звычай меў не толькі значэнне асуджэння, але боязі дзяўчат выйсці замуж за нялюбага: «Кеб не мог вылезці з хаты, таму што бояліса папасціся ў замужжа за старога ды нялюбага» [*4]. Абрад «калодкі» выконвалі таксама і ў вёсцы Сямурадцы. З’яўленне гэтага звычаю інфарматары звязваюць з мясцовай традыцыяй забароны адмаўляць у шлюбе хлопцу, які прыходзіў сватацца ў дзень масленіцы: «А ў дзень масленіцы буў такі обычай, шо як прыйдзе хлопец у хату к дзеўцы, она не імее права яму адказацъ, таму што пойдзе пракляцце на ўсю сям’ю» [*7]. Сярод мясцовых масленічных рытуалаў можна адзначыць і наступныя: катанне на санках з гары засватанай пары, спальванне старых «сеннікоў» («бо ў іх оставаласа і хвароба, не добрэ шо було за зіму»), шлюбныя варожбы з блінамі («ото напекуцъ бліноў, да з самага ранку, шчэ як не світає, дзеўка бярэ ў мацеры бліна, да пойдзе, да кіне гэтага бліна дзе-нібудзь, на якіх росходніх дорогах, да ўжэ стоіць да карауліць, чый сабака ухопіць того бліна»).
У вёсцы Чэрнічы, як і ў Сямурадцах, было прынята «спускаць з горкі першым блін», прычым рабілі гэта дзяўчаты з мэтай хутчэй выйсці замуж: «А дзеўкі стараліся, пака хлопцы не ўстануць, забегчы на тую коўзалку і пусціць первага бліна па той коўзалцы, маслам памазанага, шоб ето скарэй замуж выйсці» [*8].
З ідэяй ачышчэння, засцярогі ад хвароб і зла быў звязаны рытуал спальвання саламянага пудзіла або «старых саломенных сельнікаў, набітых саломай» [*4]. Раскідванне попелу па полі, паводле народных уяўленняў, павінна было садзейнічаць урадлівасці глебы, а значыць і ўраджайнасці.
Абрад гукання вясны ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна адбываўся «на масленом, тыжні после месоеда, выбіралі вяснянку, дзеўку на ўсе рукі масцярыцу і рабілі для яе вялікі вянок». Цікавай лакальнай адметнасцю з’яўлялася тое, што гэты вянок вяснянка павінна была павесіць на самую лепшую бярозу, вакол якой вадзілі карагод. У песні, якую выконвалі ў карагодзе, гучыць шлюбны матыў вянка, які ў дадзеным выпадку прадказваў нешчаслівы сямейны лёс:
Ой, венчэ, мой венчэ,
Да зялёны бярвенчэ,
Ек я цебе звіла
Шчэ ўчора звячора
Да й на вішэньку аднесла,
А мая маці шла
Да мой венчык знайшла,
Да нелюбаму аддала [*9].
Адметным кампанентам у структуры абраднасці гукання вясны у вёсцы Хільчыцы з’яўляецца падкідванне кожным з удзельнікаў карагода «кусочкаў сыру, масла, яец уверх з наступным прыгаворам: «Гу, весна, гу, красна! На табе яечка, сыра, маслечка, шоб быстрэй лето принесла, сонцэ прывела», а посля только ўжэ емо. Потом зноў спеваем, танцуем аж да самого ранку» [*9]. Абрад гукання вясны ў вёсцы суправаджаўся карагодамі і выкананнем вяснянак з матывамі: «Гу, вясна, гу, красна, што ты нам прынясла?», «Травушка-муравушка, зялёнай лужок, ой!».
У вёсцы Кольна, паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, гукалі вясну на ўзгорку, дзе абавязкова раскладвалі вогнішча, вакол якога вадзілі карагоды, спявалі песні-вяснянкі, а таксама «каталіся на арэлях» [*10]. У лакальнай структуры абраду гукання вясны важнае месца адводзілася і абрадаваму печыву ў выглядзе птушак: «Выпеквалі птушачак маленькіх і давалі іх дзеткам ці крашылі і падкідвалі ўгору: зазывалі, каб хутчэй птушачкі прыляцелі і з сабой цяпло, вясну прыняслі» [*11].
У вёсцы Чэрнічы гукалі вясну 1 сакавіка, «на Оўдакею», бо ад яе, лічылі, залежаў будучы ўраджай. Рыхтаваліся да святкавання старанна ў кожнай сям’і: выпякалі абрадавыя піражкі, рабілі сыр, варылі яйкі. Кожнаму дзіцяці паасобку «складалі ежу ў вузлікі, шоб не сварыліся, сколькі було ў сям ’і дзяцей, столькі маці гатовіла вузлікаў» [*8]. Мясцовы абрад гукання вясны ўключаў такія абрадавыя элементы, як выхад на высокі бераг ракі, выбар прыгожай дзяўчыны на ролю вясны, распальванне хлопцамі вогнішча, скокі цераз агонь, абрадавую трапезу каля вогнішча, карагоды і гульні («закопвалі обучно сталба, ды хлопцы лазілі, хто вышэй залезе. Ну ім трэба було пахваліцца около дзявок, якія яны спрытнейшыя ды лоўкія выкананне песень-вяснянак:
Ой, вясна, мая вясняначка,
Ты прыйдзі да нас, красняначка;
Угу, вясна, угу, красна,
Шо ты нам прынясла?
Ці по яечачку, ці по піражэчачку,
Угу, вясна, угу, красна,
Шо ты нам прынясла?
Ці сырца кусок, ці масла брусок,
Угу, вясна, угу, красна [*8].
У гэтай вёсцы дзеці выконвалі рытуал падкідвання ўгору выпечаных птушак з цеста.
На абумоўленасць спецыфічных матываў тураўскіх песень-вяснянак абрадавай практыкай масленічнага тыдня звяртае ўвагу Т. А. Агапкіна, якая падкрэслівае спецыфічнасць матыву «вясна прыносіць сыр і масла», уласцівага для вясенніх закліканняў у арэале Тураўскага і часткова Пінскага Палесся, а таксама на канкрэтных запісах, зробленых у вёсцы Дзякавічы, пацвярджае важнасць традыцыйнай масленічнай стравы (сыр, масла, малако) у абраднасці гукання вясны: «И кликали весну на масленицы. Я и сама лезла, озероды таки были. А шчэ на ту масленку едим сыры. Сыры брали и с сыръми в руках на озероды лезли. И весну ту поём на озеродах» [2, 53].
У вёсках Рудня, Запясочча, Сямурадцы, Пагост, Кольна, Перароў і інш. падрыхтоўка да святкавання Вялікадня ўключала пэўныя віды работ, выкананне якіх было абавязковым. Напрыклад, «прыбіралі ў хаце, перамывалі бялізну» (вёска Кольна), «мылі ўсё ў хатах, сціралі ўсё, бялілі» (вёска Рудня). У сістэме велікоднай абраднасці значнае месца займаюць прыкметы і павер’і. Паводле народных уяўленняў, калі «чалавек устане ў чацверг да ўсхода сонца і памыецца чыстай вадой, то будзе цэлы год чысты і здаровы». Калі раптам у гэты год памёр хто-небудзь з членаў сям’і, то «яйкі зусім не красілі або красілі ў сіні колер». «Калі пасха выходзіла румяная, прыгожая», то, лічылі, «і жыццё сям ’і будзе такім» [*12].
Па сутнасці, велікодны абрад валачобніцтва не характэрны для фальклору Гомельшчыны, аднак у вёсцы Сямурадцы, як адзначылі інфарматары, «валачобнікі ў нас по селу ходзілі». У мясцовай традыцыі быў распаўсюджаны звычай «насіць валачобнае»: «У нас, напрымер, дзеці хадзілі к хросным. От ужэ маці ў вузелочак положыцъ і яец, і паску, і кусочак сыра, і кусочак масла. Ну як булі конфеты, то і конфет трошкі положыцъ. Да ўжэ збіраліся дзеці, там пяцъ ці шэсцъ, бралі гетого вузелочка і ішлі к хроснай маці і к хроснаму бацъку. Ды ўжо хросныя саджалі дзяцей за стол да частавалі. I обратно ложылі ў вузелок болъш, чым было положэно» [*12]. Гэты ж звычай ў Тураве меў іншую спецыфіку: «Ужэ хросныя ходзяцъ к сваім хрышчоным у госці». У Хваенску таксама быў вядомы звычай «валачайнічаць», удзельнікамі якога была моладзь: «Абавязкова павінна кожная дзяўчына і хлопец зайсці да сваіх хросных маці з бацъкам, а таксама да сваёй бабы. Яны насілі валачобны (пасхі, яйкі, стравы іншыя) хросным» [*12].
Памінанне памерлых у першы дзень Вялікадня (у Тураве ж памінаюць нябожчыкаў на пяты дзень Вялікадня), гульня ў біткі, выкананне ў карагодзе песні «Ой, суседочкі, моє голубачкі» («спевалі бабусю») — мясцовыя велікодныя рытуалы ў вёсцы Пагост: «У пост і на Велікдзень спевалі «бабусю». На селе рабілі круг з 15 чоловек, у серэдзіне «бабуся» — жонка. Чатыры жонкі ходзяцъ к бабусі ў круг, а тыя не пускаюцъ. Яны спеваюць, што «бабусі» гарэлкі дадуцъ і боршчу, кашы, пампушак, а тыя спеваюць: “Мы бабусі не дамо… Мы самі поемо.. ”». [*14].
Вядомае на ўсёй тэрыторыі Беларусі юраўскае свята ў Жыткавіцкім раёне, як адзначыў К. П. Кабашнікаў, «набывае сваю адметнасць і нечым нагадвае звязанае з Вялікаднем валачобніцтва» [6, 705]. Непаўторнымі рысамі адрозніваецца юраўскі карагод у вёсцы Хільчыцы. Адзначым, што карагодам тут называлі бохан хлеба або каравай, які спецыяльна рыхтавалі жанчыны і дзяўчаты: «Збіраліса дзеўкі, жонкі у одну компанію да спеком корогода (каравая), нарадзімо его веткамі, цветамі, лентамі да и становімо на веко. А наражаного корогода, перш чым з ім шлі, подымалі тры разы ўверх і прыгаворвалі:
Каравай, каравай, мы цябе праслаўляем
І шчасцем, і долей.
Дай, Божэ, нам у сё маці
І зноў усім Юр ’я згуляці [*15].
Акрамя каравая, важным прадметным атрибутам з’яўляліся граблі, да якіх прывязвалі два фартухі. Калі адбывалася шэсце па вуліцы, то імі «махалі ў вокны». «Ек у хаці траур, то махалі белым фартухом, а ек не, то красным» [*15]. Спачатку ўдзельнікі абраду ішлі на поле, спераду працэсіі — хлопец з «корогодам» (караваем), затым — жанчына з граблямі, а за ёй — усе астатнія, выконваючы песню, асноўнымі матывамі якой былі забеспячэнне дабрабыту і шчасця сялянскай сям’і, пажаданне добрага ўраджаю:
Веду, веду карагод, карагод,
Усе дзевочкі наперод, наперод,
А хлопчыкі за намі,
Маргаючы вачамі.
Ото ж карагод,
Ото ж ваявод.
У нашага карагода
Быў сын-ваявода.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе не буває,
Там жыто улегае.
У нашага карагода
Быў сын-ваявода.
Ідзе, ідзе карагод,
Усе дзевачкі наперод,
А хлопчыкі за намі,
Маргаючы вачамі [*15].
Абрад працягваецца на полі, прычым удзельнікі пытаюць дазволу гаспадара вадзіць карагод: «Ці дазволіце карагод вадзіць, поле ўслаўляць, Юр’я заклікаць?» Вадзілі карагод вакол хлопца з караваем, які знаходзіўся ў цэнтры, і спявалі:
Эй, у карагода
Сын-ваявода,
То йдзе карагод ходзіць,
Там Бог жыто родзіць.
А йдзе ж да не буває,
Там жыто да ўлегае.
Зародзі, Божэ, жыто
Да на новое лето,
Шчо на жыто, на пшэніцу,
На усяку пашніцу.
Да подай, маці, ключа,
Што б небо отворыці
Да росіцу спусціці [*15].
Пасля таго як паводзяць карагод на полі, жанчыны і дзяўчаты накіроўваюцца назад у вёску і гуртам абходзяць хаты, жадаючы кожнай сям’і плёну, шчасця, дабрабыту: «Выйдзі, гаспадар, за вароты ды стрэчай Юр ’я, бо ён йдзе, землю адмыкае, росу выпускає.
Да подай, маці, ключэ,
Да ня мужу отворыці,
Да росою спусціці,
Зародзі, Божэ, жыто,
Да на новэ лето,
Да на жыто, на пшаніцу,
Да на усяку пашніцу
Шоб і ўнізу карэністэе,
У серэдзіне ядроністэе,
А до верху колосістэе,
Белі дзеўкі карагод,
Сам Бог наперод.
А ў карагода сын воеводы,
А ў коромислі добрые мыслі.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыто Бог родзіць,
А дзе не буває, там улегае,
Дзе карагод уецца,
Там жыто удаецца,
А дзе не бувае, там улегае [*15].
Удзельнікаў карагода частавалі як калядоўшчыкаў, а пасля таго, як быў завершаны абход сяла, наладжвалася калектыўнае гулянне на тым полі, дзе раней вадзілі карагод. Як бачым, галоўная функцыя юраўскага карагода аграрна-магічная, асноўныя ж складаныя часткі — выпечка каравая, абход усіх двароў вёскі, шэсце па вуліцы з караваем і граблямі, выхад у поле, ваджэнне карагодаў, выкананне юраўскай карагоднай песні, калектыўнае частаванне. Адзначым, што адрозненні і спецыфічнасць рытуалаў юраўскага карагода датычаць даволі істотных момантаў, што дазваляе меркаваць аб самастойным характары гэтай мясцовай традыцыі. Можна пагадзіцца з У. П. Анікіным наконт таго, што «лакальнасць можа перарасці ў рэгіянальнасць — самастойнасць, суаднесеную з аўтаноміяй мясцовых фальклорных традыцый» [3, 355].
Структура юраўскай абраднасці ў вёсцы Чэрнічы мае падабенства да юраўскай традыцыі, лакалізаванай у Хільчыцах. Г эта падрыхтоўка жанчынамі каравая («перад гуканнем Юр ’я збіраліся жанкі ў адной хаце, учынялі коровая, ставілі на веко дзежкі, обсыпалі под веком дзежкі зерном»), упрыгожванне галінак вішні або слівы кветкамі і лентамі, калектыўнае шэсце з караваем у поле, царкоўны малебен на полі («поп чытае сваю малітву, спявае бажэственную песню, закліпає Юр’я і Госпада Бога, штоб дожджычак прайшоў, шоб пшаніца не повяла, шоб яна добра расла»), ваджэнне карагода ў полі вакол хлопца з караваем і граблямі, выкананне песні «Да падай, маці, ключэ», вяртанне ў сяло («карагод ідзе спераду, а граблі ўжо пераварочваюцъ красным фартухом, а як ішлі ў поле, то няслі граблі з зялёным фартухом»), ваджэнне карагодаў на кожным падвор’і (перад тым як выконваць гэты рытуал, пытал і дазволу, што адпаведна выражалася наступнай формул ай:
Юр ’я прыйшло, свята прынясло,
Адчыні дварыцу, выпусці расіцу.
Ці можно, гаспадар, карагод павадзіць,
Юр’я паспявацъ і гаспадароў паслоуляцъ [*15], адорванне гаспадарамі ўдзельнікаў карагода, калектыўнае абрадавае частаванне.
У вёсках Пагост, Старажоўцы, Сямурадцы, выганяючы карову на пашу, давалі ёй абрадавае печыва «хрэшчык», які «пяклі на Крашчэнне». Каб зберагчы ад злых духаў, каля дзвярэй клалі замок з цэпам, «краец хлеба з палаценцам». У вёсцы Старажоўцы, перш чым выгнаць карову з хлява, гаспадыня «працягвала перад дзвярыма ланцуг, а на парозе клала замок ці якую-небудзъ жалезку», акрапляла пасвечанай вадой, абцірала тканым ручніком, прамаўляючы: «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай маці пакланюся. Прачыстая Божая маці з прыстолу ўстала, маю кароўку Рабку ў чэрэду ўганяла. Ідзі, кароўка, у чэрэду, а сам Госпад поперэду, сперэду прыпуняе, ззаду падганяе, злога духа не падпускае. Ідзі, кароўка, у чэрэду, травіцу наедай, вадзіцу панівай, а после чэрэды дадому ідзі» (вёска Старажоўка).
Сціплыя звесткі запісаны па русальнай абраднасці. Напрыклад, у вёсцы Рудня Жыткавіцкага раёна выбіралі на ролю русалкі дзяўчыну, якая «сама згаджалася», упрыгожвалі яе зялёнымі галінкамі і кветкамі ў лесе [*16]. Сярод мясцовых рытуальных дзеянняў вылучаюцца наступныя: шэсце з русалкай з лесу ў вёску, выкананне песень (звычаю абходу хат не было), ваджэнне карагода на вясковай вуліцы, выбар русалкай пары, праводзіны русалкі з яе абраннікам да жыта, раскладанне вогнішча, зняцце з галавы русалкі вянка і закідванне яго ў агонь, уцёкі русалкі ў жыта, затым у лес [*16].
Адметнасцю каляндарна-абрадавага фальклору Жыткавіцкага раёна з’яўляецца Купалле. Напрыклад, пад назвай «купальны Іван» святкуецца яно ў вёсцы Кольна. Хоць і нельга сказаць, што гэты від летняй абрадавай паэзіі захаваўся ў мясцовай традыцыі ў пэўнай сістэме рытуалаў, але ўсё ж асобныя з іх бытуюць. Гэта збор лекавых траў і кветак і іх засушванне, запальванне вогнішча (абавязкова прымацоўвалі кола (як салярны сімвал свята) на жэрдцы, якую ставілі пасярод агню), скокі цераз вогнішча («шчыталася, што так чалавек ачышчаецца ад злога духа»), спальванне непатрэбных рэчаў («жанчыны кідалі пабітыя гаршкі, другі посуд, а мужчыны — непатрэбныя зломаныя прылады працы»).
Аналіз прапанаваных асобных узораў мясцовых апісанняў каляндарных абрадаў і звычаяў дазваляе убачыць, як бытуе агульнаэтнічная традыцыя на рэгіянальна-лакальным узроўні, якімі асаблівасцямі валодаюць мясцовыя абрадавыя з’явы.
Інфарматары
*1. Шруб Марыя Пятроўна, 1926 г. н., в. Хільчыцы
*2. Кацэвіч Праскоўя Андрэеўна, 1909 г. н., в. Хільчыцы
*3. Чыкіда В.С., 1939 г. н., в. Запясочча
*4. Нікіценка Яўгенія Васільеўна, 1935 г. н., в. Града
*5. Рыдзецкая Ганна Рыгораўна, 1932 г. н., в. Рычоў
*6. Сінкевіч Валянціна Іванаўна, 1924 г. н., в. Кольна
*7. Лой Ганна Пятроўна, в. Сямурадцы
*8. Юнчыц Марыя Дзянісаўна, 1944 г. н., в. Чэрнічы
*9. Шруб Кацярына Авакумаўна, 1926 г. н., в. Хільчыцы
*10. Уласавай Марыя Паўлаўна, 1928 г. н., в. Кольна
*11. Гаўрыловіч Сцепаніда Цімафееўна, 1919 г. н., в. Кольна
*12. Шляга Валянціна Іванаўна, 1932 г. н., в. Кольна
*13. Скрыгалоўская Марыя Данілаўна, 1918 г. н., в. Хваенск
*14. Маркевіч Валянціна Пятроўна, 1939 г. н., в. Пагост
*15. Казак Надзея Архіпаўна, 1932 г. н., в. Хільчыцы
*16. Пракаповіч Марыя Сцяпанаўна, 1934 г. н., в. Рудня
Літаратура
- Агапкина Т. А. Дерево плодовое // Славянские древности. М., 1999.
- Агапкина Т. А. Этнографические связи календарных песен. Встреча весны в обрядах и фольклоре восточных славян. М., 2000.
- Аникин В. П. Теория фольклора: Курс лекций. М., 1996.
- Беларуская міфалогія: Энцыкл. слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. Мн., 2004.
- Гурскі А. І. Святкаванне каляд на Беларусі. Мн., 1998.
- Кабашнікаў К. П. Народная творчасць Жыткавіцкага раёна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Жыткавіцкага раёна / Рэд.-укл. В. Р. Феранц. Мн., 1994.
- Кавалёва Р. М. Гістарычныя карані «ваджэння казы» на Каляды // Свет славянскага фальклору. Мн., 2001.
- Покровская А. В. Земледельческая обрядность // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Исторические корни и развитие обычаев: Сб. ст. М., 1983.
- Юдин А. В. Русская народная духовная культура. М., 1999.
Аўтар: Валянціна Новак
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 3 / пад нав. рэд. Т. А. Марозавай, В. В. Прыемка. — Мінск : Бестпрынт, 2006. — 224 с.