Асобнае месца сярод традыцыйнай культуры беларусаў займае вясельны абрад, які цікавіць не толькі сваімі рытуаламі, але і непаўторнымі вобразамі — сімваламі, якія з глыбокай даўніны суправаджаюць песенныя тэксты абрадаў сватання і заручын. Зусім не выпадкова, адна з песень, тэкст якой сустракаецца ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, найбольш поўна адлюстроўвае абрад сватання. Дыялог, які прысутнічае ў песні, звычайна гучыць падчас размовы, якая вядзецца па ініцыятыве сватоў, звычайна гэта своеасаблівыя прымаўкі, прыказкі, пры абрадзе куплі-продажу нявесты, што напаўняюць тэкст своеасаблівым каларытам:
Сватово-панове, па што вы прыехалі?
Ці па грэчку, ці па жнэчку,
Ці па доўгую касу …
Няма грэчкі, не памыта,
Няма жнэчкі, не пабіта,
А наша дзеўка ўся адмыта*.
Падобны варыянт песні сустракаецца і ў Мазырскім раёне:
Сватово-панове, па што вы прыехалі:
Ці па гарох, ці па сачавіцу,
Ці па чырвоную дзявіцу?
Наш гарох ня малачоны,
А сачавіца ў капах стаіць,
А наша дзевачка ў косах сядзіць [1, с. 66].
Прадстаўленыя вышэй песні аднолькавыя не толькі па структуры, але і па сваім змесце. Такі мастацкі сродак, як паўтор, робіць песню найбольш мілагучнай, узмацняе яе выразнасць: «Ці па гарох, ці па сачавіцу, / Ці па чырвоную дзявіцу? / А сачавіца ў капах стаіць, / А наша дзевачка ў косах сядзіць»*. І ў першым варыянце, і ў другім прысутнічае вобраз дзявочай касы: «Ці па доўгую касу», «А наша дзевачка ў косах сядзіць», што з’яўляецца сведчаннем незвычайнай прыгажосці дзяўчыны, а таксама выступае як абрадавы элемент: так як на вяселлі было прынята расплятаць касу, што азначала своеасаблівы пераход ад дзявоцтва да жаноцкасці. Каса заўсёды лічылася: «ацэнкай нявіннасці нявесты, якую яна насіла да заручын» [2, с. 254]. Падчас заручын касу распляталі. З распушчанымі валасамі маладая хадзіла да пачатку зборнай суботы. У зборную суботу сяброўкі зноў запляталі ёй валасы ў адну касу.
Што тычыцца іншых характэрных рысаў традыцыйнай паэтыкі абрадавай паэзіі, то ў песнях сватаўства, як і ў іншых тэкстах вясельных песень, часцей за ўсё сустракаецца такі мастацкі сродак, як параўнанне, ён надае песні пэўны сэнс. Напрыклад калі ў песні мяшок параўноўваецца з хлопцам, а торба — з дзяўчынай, відавочна, што нават і самі рэчавыя прадметы падабраныя даволі арганічна (торба з мяшком — прадметы аднаго тэматычнага раду):
Як-так вяселле бог нам даў,
Ажаніўся мяшок — торбу ўзяў.
Мяшок трэсак, торбу лучыны
— Тое нашыя заручыны [1, с. 66].
Выклікаюць цікавасць і такія мастацкія сродкі, якія часцей за ўсё сустракаюцца ў вясельных песнях, а асабліва ў тэкстах, што выконваліся пры абрадзе сватання і змовін, гэта своеасаблівыя разнавіднасці паўтору — анафара і эпіфара, паўторы адных і тых жа паэтычных радкоў у пачатку і ў канцы, трэба адзначыць, што гэтыя і падобныя да іх паўторы робяць паэтычны рад эмацыянальна больш насычаным:
Ой, скарэй бы вечар даждаці,
Пойдуць недзе дзяўчыну сватаці.
Пойдуць недзе дзяўчыну сватаці,
А мы пойдзем пад акно слухаці [1, с. 66].
Мілы мой, Андрэйка,
Мілы мой, Андрэйка,
Прыходзь мяне сватаці,
Прыходзь мяне сватаці**.
У вясельных песнях Гомельшчыны часцей за ўсё можна сустрэць анафару. Як вядома, анафара і эпіфара з’яўляюцца ў выніку абразавання сінтаксічнага паралелізму, суправаджаючы адна адну ў песнях, але на Гомельшчыне падобныя варыянты сустракаюцца даволі рэдка.
На Палессі нярэдка можна знайсці такія варыянты песень, у тэкстах якіх малюецца звычайнае застолле: «піце, сваты, гарэлачку … », а таксама гаворыцца аб тым, як павінны весці сябе шчодрыя гаспадары, калі яны просяць гасцей піці і есці за здароўе сваіх дзяцей:
Піце, сваты, гарэлачку,
Падчышчайце талерачку,
Запівайце паненачку.
І румяны і прыгожа,
Ды любы працы гожа [1, с. 68].
Піце, ешце, сваты,
Ды хваліце маці,
Што дзеўку гадавала,
Для вас нараджала.
Ешце піце сваты гарэлачку,
Запівайце дзеўку [1, с.68].
У гэтых варыянтах адбываецца абрад «запоін», які праходзіў адразу пасля сватання, пры ім дзяўчыну як бы запіваюць да роду жаніха і яна ўжо не можа адмовіцца ад замужжа.
Тэкст песні: «Не ідзі, не ідзі, Маладая Дзеванька … » нібыта засцерагае маладую дзеўку перад адказным крокам у сваім жыцці, бо жыццё ў хаце свякрухі вельмі адрозніваецца ад мацярынскага дома, так як маці заўсёды выслухае, дапаможа, параіць тое, што заўсёды будзе верным і правільным, а свякруха, якой бы добрай і прыемнай яна не была, усё роўна будзе стаяць на баку сына:
Ня ідзі, не ідзі, Маладая Дзеванька,
Туды, дзе п’юць.
Ці не бяры таго гасцінчыка, што даюць.
Бо яны ж цябе тым гасцінчыкам абмануць
Ды пекла маманькі
Ды ды свякроўкі павядуць [1, с.68].
Трэба адзначыць, што сімволіка песень сватання Гомельскага раёна даволі традыцыйная, гэта не толькі вобраз каліны, вяночка, але і такіх вобразаў як, Дунай, зязюля, галубка, вецер, такіх пар як зязюля і салавей, што ў сваю чаргу, таксама ўзбагачае тэксты песень, робіць іх больш выразнымі і цікавымі.
Варта адзначыць больш дакладна, што выява зязюлі ў вясельнай абраднасці традыцыйная:
Кукавала зязюля ля двара,
Плакала святло — Танечка за сталом:
Божа мой! Ды хто мяне, горку, узвесяліць,
Хто мяне, няшчасную, ўзвесяліць? [1, с.68]
Песенныя тэксты пра зязюлю былі не толькі журботнымі і горкімі, але сустракаліся і пазітыўныя песні, у якіх гэты вобраз атаясамліваўся не толькі з плачам і няўдачай:
Зязюлька, матулька,
Я такая вясёлы.
Зязюлька, матулька,
Выходжу я замуж.
Такое там шчасце*.
Што тычыцца пар, якія параўноўвалі хлопца і дзяўчыну, то нельга абыйсці ўвагай і такое параўнанне, як зязюля і салавей. Звычайна, калі салаўя ў «сірочых» песнях пасылалі за Дунай, каб даведацца пра сваіх бацькоў, і мець нейкую сувязь з імі, то ў песнях сватання галубка параўноўвалася з нявестай, а салавей з голубам, што было звычайнай з’явай.
Такім чынам, зыходзячы з вышэйпрыведзенага аналізу, трэба сказаць, што вясельныя песні багатыя не толькі на сродкі мастацкай выразнасці, але і разнастайнай сімволікай, што яшчэ раз падкрэслівае непаўторнасць дадзеных песень.
* Запісана ад Весёлай Марыі Сяргееўны, 1940 г.н., в. Азершчына Рэчыцкага раёна.
** Запісана ад Курбацкай Ніна Уладзіміраўны, 1952 г.н., г. Гомель.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Захарава, В.А Палескае вяселле / В.А Захарава. — Мінск. “Універсітэцкае”, 1984. — 303 с.
- Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Савецкая энцыклапедыя) — Мінск: БелСэ, 1989. — 254 с.
Аўтар: А.П. Паўлава
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / редкол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2012. — Вып. 5. С. 156-161.