Лакальна-рэгіянальныя адметнасці абраду Гукання вясны

0
2233
Гуканне вясны з гомельскай

Гуканне вясны, адзін з самых старажытных язычніцкіх абрадаў, што захаваліся на Беларусі, уплецена ў вянок народнага календара, распачынаючы ўвесь цыкл каляндарных святаў беларускага народа. Вядома, што ў розных рэгіёнах абрад гукання адзначаўся ў розныя дні: «…першага сакавіка (на хрысціянскае свята Аўдакеі), усюды з дваццаць пятага сакавіка, на Благавешчанне» [2, 161]. Так, можна пагадзіцца і з гэтымі днямі, але ж для ўдакладнення звернемся да лакальнай традыцыі і паспрабуем разгледзець структуру абраду гукання вясны на матэрыяле аднаго раёна. У якасці кантрольных локусаў былі ўзяты дзве вёскі Лельчыцкага раёна — Сіманічы і Сіманіцкая Рудня.

З запісаў, зробленых у 2009 годзе падчас адной з уласных экспедыцый, вынікае, што гукалі Вясну ў вышэйадзначаных вёсках аж тры разы. Першы раз — на «Стрэчанне» (15 лютага), потым — на другі дзень Вялікадня (кожны год дата розная) і трэці раз — на «Саракі» (22 сакавіка). Заслугоўваюць увагі сведчанні саміх інфармантаў: «Весну гукаць хадзілі на Стрэчанне, 15 феўраля празнік Стрэчанне. Мы хадзілі, усе такіе дзевачкі, по дзвенаццаць, по дзесяць год, большые і меншые, розные. І кругом дзярэўні з ёлкою нарожджоною ходзілі. Ёлка така ото, тады ж цацок не було, а з бумажок паробімо. І хадзілі тры раз вокруг дзярэўні сустрэкаць весну» [*3]. У прыведзеных звестках вельмі цікавым з’яўляецца факт «трайнога» абыходу вёскі. Магічны лік тры ўказвае на семіятыную адзначанасць дзеяння: гэта быў не проста абыход дзеля весялосці, а своеасаблівы зварот да звышнатуральных сіл, якія былі закліканы садзейнічаць хутчэйшаму прыходу вясны. Аналіз зафіксаваных палявых матэрыялаў дае падставы сцвярджаць факт семантычнай наяўнасці язычніцкіх элементаў: абыход вёскі «па колу» сімвалізаваў, зварот да сонца, бо «кола — наводзіць на думку пра салярны культ» [2, 20].

У мясцовым абрадзе гукання вясны важнае месца адводзіцца прадметнай атрыбутыцы — абрадаваму дрэву — елцы, што з’яўляецца сімвалам вечнага жыцця. Так, вечназялёны колер дрэва быў падставай гаварыць аб яго неўміручай сіле. Але вядома, што іншы раз у народзе елку адносілі да «нядобрага» дрэва, якое можа прынесці смерць у двор, дзе яго пасадзілі: «Ёлку не можна садзіць кала хаты, як яна перарасце вільчыкам хату, то абязацельно нехто памрэ ў етай хаці» [*2]. Выкажам меркаванне, што пры гуканні вясны з елкай ўдзельнікі «траістага абыходу вёскі» маглі такім чынам палохаць зіму, супастаўляць ёй жыццёвую сілу гэтага дрэва, а з другога боку, актуалізаваць адмоўную семантыку елкі, «нядобры знак», якім яна пазначана ў народзе. Елка, такім чынам, з’яўляецца своеасаблівым медыятарам паміж мінулым і будучым. Вядома, што як прадметны атрыбут ёлка выкарыстоўваецца ў вясельным цыкле абрадаў: «На свадзьбу подружкі молодое ўсегда рабілі елачку» [*1]. Маладая дзяўчына (нявеста) магла пакінуць бацькоўскую хату і «перайсці да свайго мужа» толькі пасля таго як сваты («дружкі») выкупяць елку: «По елачку подружкі молодое ходзілі ў лес. Прынесуцъ ее і ўжэ ўсякім цвятамі з бумагі ўкрашалі, і зверху ўжэ, напрымер, вешалі цэну. І от дружкі зразу даўжны булі вукутцъ платочкі, кожны ў свае подружкі, а потом ужэ старшы сват вукупліваў ёлку. І тады ужэ яны маглі пабачыцъ молоду» [*1].

У вёсках Сіманічы і Сіманіцкая Рудня, як адзначалася вышэй, пачыналі гукаць вясну на Стрэчанне. Яскравым пацверджаннем таго, што людзі уяўлялі гэты дзень, як час спаборніцтва вясны і зімы, з’яўляецца наступная прыкмета: «Ек на Стрэчанне певенъ з-пуд страхі нап ’ецца, то весна пабедзіла зіму і ўжэ скоро трэба ждацъ цепла» [*2]. Наступным аргументам на карысць думкі, што гэты дзень ў свядомасці людзей уяўляўся не проста як дзень спаборніцтва, а нават як дзень своеасаблівай «вайны» паміж зімой і вясной, можа паслужыць наступная песня, якая выконвалася падчас абыходу вёскі гуртам маладых дзяўчат:

Ой, зіма з летом стрэкаецца,
Король на войну ўбіраецца.
— Ой, королі, короліку,
Верніса з войны додомонъку,
Бо твоя жонка сына родзіла.
— Ой, ек сына, то вернуса,
Ой, ек сына, то вернуса,
Ох, ек і дочка, не глянуса [*3].

У першых радках яскрава прадстаўлены матыў так званай «вайны». Але ж яшчэ цікавейшы падтэкст песні: гэту своеасаблівую «вайну» павінны весці не мужчыны, а жанчыны, бо, зыходзячы са зместу твора, кароль павінен вярнуцца «дадоманьку». І сапраўды, гукалі вясну толькі дзяўчаты: «Хадзілі ўсе такіе дзевачкі по дзвенаццацъ, по дзясецъ год, болъшые і меншые, розные» [*3]. Заключным этапам гукання на Стрэчанне было агульнае гулянне: «А после етаго (трайнога абыходу вакол вёскі з песнямі. — Ц. П.) сабіраемса ў адну, дзе болъша, хату. Хто што прынесе, тады ж не було чаго есці пасля вайны, хто пшана, хто картошкі, хто што. Хлеба не було вообшчэ. Ну, от так ото ў той хаці сабіраемса. Паселі ўжэ, паелі. Водкі тады не знаў ніхто, шо ето таке — квас. От попілі ўжэ той квас. І ўжэ танцы да самаго да утра ўжэ ў нас» [*3]. Гэты этап, на мой погляд, відаць, звязаны з такой сацыяльнай з’явай, як стварэнне новай сям’і. У гэты вечар хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць пазнаёміцца, паказаць свае здольнасці ў гатаванні ежы, у выкананні песень і танцаў. Як вядома, сярод сялян асноўным крытэрыям выбару сабе пары, раней было не матэрыяльнае становішча (вялікага дастатку ў сялян не было), а спрыт і майстэрства чалавека. І таму на вячорках і хлопцы, і дзяўчаты стараліся паказаць усе свае здольнасці. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца наступная песня, якая выконвалася гуртам дзяўчат перад пачаткам вечарыны:

Ой, весна, весна, весняночка,
Ой, була дочка Мар’яночка,
Ой, назбірала горшчок сыра,
Да ўсіх хлопцаў запросіла.
— Ой, есце, хлопцы, да й мочайце,
А на гарэлку пробачайце! [*3]

У прыведзеным тэксце дзяўчына, па-першае, паказвае сваю гасціннасць: «усіх хлопцаў запрасіла», па-другое — здольнасць займацца гаспадарчымі справамі: «назбірала гаршчок сыра», па-трэцяе, гэта песня мае яшчэ і падтэкст: своеасаблівы прадметны атрыбут «сыр» сімвалізуе цнатлівасць дзяўчыны. Аналагічная семантыка сыра сустракаецца ў тэксце купальскай балады: «Не жджы, маці, з белым сырам, // А жджы, маці, з малым сынам». У нашай сітуацыі «сыр» сведчыць аб цнатлівасці дзяўчыны Мар’яначкі.

Наступны этап гукання вясны — свята Саракі, якое адзначаецца 22 сакавіка. Карані гэтага свята можна адшукаць і ў хрысціянскай, і ў язычніцкай традыцыях. Яно мае дачыненнне да гісторыі хрысціянства: «у гэты дзень у 313 годзе ў армянскім горадзе Севасцій былі пакараны сорак воінаў-хрысціян, якія адмовіліся перад паходам прынесці ахвяру паганскім багам. Каб зламаць іх волю, іх прымусілі адмовіцца ад Хрыста. Воінаў вывелі на лёд возера ў люты мароз, але лёд растаў, а над галовамі мучанікаў з’явіліся светлыя вянцы. Тады воінаў забілі палкамі да смерці, а целы спалілі» [1, 164]. Хоць вобраз 40 хрысціянскіх пакутнікаў сапраўды ўсплывае ў свядомасці, калі надыходзяць Саракі, увесь антураж гукання вясны апелюе і да іншага значэння ліку сорак, суадноснага з каляндарна-прыроднай семантыкай. Як адзначае Г.А. Барташэвіч, «лічба сорак і такая назва гэтага дня маглі прыйсці да нас з паганскай традыцыі, дзе менавіта такая колькасць цёмных сіл закоўвае зямлю на працягу ўсёй зімы» [1].

Вобраз птушкі-жаваранка яскрава прасочваецца ў якасці дамінуючага сімвала свята. Менавіта выпяканне своеасаблівага печыва ў выглядзе птушкі і з яўляецца цэнтральным дзеяннем ў комплексе абрадаў, якія выконваліся ў гэты дзень: «На Саракі ўсегда пеклі жаваранкаў, такіх пцічак з цеста і ў адзін абезацельно клалі капеечку. От каму пападзе ета птушачка з капеечкаю, той будзе цэлы год шчаслівуй. Рано перад усходам сонца малые дзеці ўставалі і перакадвалі чэраз хату сорак трэсачак, каб летам найці сорак вераб’іных кублаў» [*2]. На наш погляд, менавіта сорак птушак і з’яўляліся тымі самымі звышнатуральнымі істотамі, якія сваім прылётам дапамагалі вызваліць зямлю ад сарака «цёмных сіл».

Да ўласна гукання вясны ў традыцыі вёсак Сіманічы і Сіманіцкая Рудня Лельчыцкага раёна адносіцца спяванне вяснянак на другі дзень пасля Паскі (Вялікадня). У гэты дзень, паводле сведчання жыхаркі вёскі Сіманічы Н М. Федаровіч, 1938 г. н., «жанкі збіраліса разам, вуходзілі на пагон (месца ў вёсцы, дзе збіралі статак свойскай жывёлы для далейшага выгану ў поле ці ў лес — звычайна канец вёскі, месца без высокай расліннасці «і спявалі веснянкі, у карагадзі хадзілі, у гульні ўсякіе гулялі» [*4]. Рэпертуар удзельнікаў абраду ўключаў наступныя песні: «Ой, гуляйце, дзеўкі», «Ой, посею конопелюшку», «Перэманочка, чорная галочка», «Туман поле, / Туман полей й облегае» [*1].

Тэматыка мясцовых вяснянак звязана з будучым ураджаем:

Ой, посею конопелюшку
На вусокой горы,
Ой, лелюшкі на вусокой горы.
Ох, росці ж, росці, конопелюшко,
На вусокой горы.

Звычайным у іх з’яўляецца выказванне надзей на сямейнае шчасце:

Ой, гуляйце, дзеўкі,
Не церайце сілкі,
Ой, рано-рано,
Не церайце ж сілкі.
Ужо ж не знаеце,
Шо ж которой будзе,
Ой, рано-рано,
Шо которой будзе.
Увосень замуж пойдзе.

Як вядома, восень у беларусаў — час вяселляў.

Адметнасць мясцовай традыцыі гукання вясны ў вёсцы Сіманічы — гульнявыя карагоды. Як адзначыла Ніна Мікалаеўна Федаровіч, вяскоўцы гулялі «У бацька і маці». На вялікі жаль, інфармантка прыгадала толькі невялікі фрагмент гэтай гульні: «Усе жанкі, мужчыны, молодшые і старэйшые станавіліса ўкруг, выбіралі аднаго чалавека, які хадзіў у сярэдзіні круга і спеваў: А ты ж будеш маім баценькой, а ты ж будзеш маёй матухнай, аты ж будзеш маёй сестрыцой, а ты ж будзеш маёй завіцой і так дальшэй павочарадзі вуцягваючы да сябе ў круг па чалавеку» [*4].

Такім чынам, у вёсках Сіманічы і Сіманіцкая Рудня Лельчыцкага раёна абрад гукання вясны мае паэтапную форму ўвасаблення: на Стрэчанне — «траісты абыход вёскі»; на Саракі — прыгатаванне абрадавага печыва ў выглядзе птушак, на другі дзень Вялікадня — выкананне песень-вяснянак. 

Заўвага

У артыкуле выкарыстаны уласныя запісы аўтара, зробленыя падчас фальклорнай экспедыцыі ў 2009 г.

Інфарманты

*1. Запісана аўтарам у в. Сіманічы Лельчыцкага раёна ад Астаповіч Валянціны Дзмітрыеўны, 1942 г. н., мясцовай.

*2. Запісана аўтарам у в. Сіманічы Лельчыцкага раёна ад Куціс Валянціны Мікалаеўны, 1937 г. н., мясцовай.

*3. Запісана аўтарам у в. Сіманіцкая Рудня Лельчыцкага раёна ад Ранчынскай Яўгеніі Міхайлаўны, 1937 г. н., мясцовай.

*4. Запісана аўтарам у в. Сіманічы Лельчыцкага раёна ад Федаровіч Ніны Мікалаеўны, 1938 г. н., мясцовай.

Літаратура

  1. Барташэвіч, Г. А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя / Г. А. Барташэвіч. — Мінск, 1985.
  2. Этнаграфія Беларусі: энцыкл. Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інттт.]. — Мінск, 1989. — http://www.calend.ru/holidays/0/0/1625/7/.

Аўтар: Пятро Цалка
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні :Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі : зб. навук. арт. Вып. 8 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка; уклад.: Т. А. Марозава. – Мінск : Права i эканомiка, 2011. – С.132-136.