Кватэрнік Яўгена Барышнікава адбыўся ў Гомелі

0
1238
Яўген Барышнікаў

12  лістапада вечарам на ганку ПК “Фестывальны” сабралася невялічкая купка людзей. Ішоў дождж і маладыя людзі зябка хуталіся ў шалікі ды цярпліва чакалі..

Чаго чакалі? Чакалі сяброў, чакалі пэўнага моманту, калі арганізатары дадуць знак і ўсе змогуць рушыць  на кватэру, каб пачуць у сяброўскай хатняй атмасферы песні менскага госця, барда Яўгена Барышнікава.

У невялікім утульным пакойчыку месціцца каля 20 чалавек. Наўкола паўзмрок, толькі постаць спевака асвячаецца цёплым зялёным святлом. З першых акордаў, з першых словаў выступоўца задае каларыт усёй праграме. Ён далёкі ад дваровых песенак на казытлівыя тэмы і незвычайны ў сваёй самабытнасці. Нягледзячы на тое, што Яўген не мае прафесійнай музычнай адукацыі, ён з’яўляецца мінулагодным пераможцам фестывалю аўтарскай песні «Бардаўская восень – 2010″ у г. Бяльску (Польшча).

Творчасць Яўгена спалучае ў сабе тэхнічную ігру на гітары і глыбокія пранікнёныя тэксты. Змест саўндаў і стылістыка на дзіва разнастайныя: ад глыбока інтымнай лірыкі да патрыятычный, народнай тэматыкі. Але две рэчы апынуліся здольнымі з’яднаць настолькі шматграную праграму: беларускасць – у першую чаргу беларуская мова, і бязмежная туга, якая ў паўзмроку кватэры дзейнічае гіпнатычна на слухачоў.

[quote_box_center]”Я не хачу грузіць людзей народнай культурай: мы раптам станем беларусамі! Гэта асабістая справа кожнага”- кажа Яўген Барышнікаў.[/quote_box_center]

І тым ня менш, ёсць некалькі сродкаў данесці думку людзям: можна аб ёй крычаць і грукацца ў душы людзей, можна глыбока самому перажываць і дзяліцца сваімі перажываннямі праз творчасць. Мусіць апошняе ўласціва Яўгену. Ці не таму такой трывогай прасякнуты ягоныя тэксты?

“Барані карані!” –  словы гэтай песні гучаць не заклікам. Яны гучаць дакорам у пакутлівым прадчуванні непазбежнага дэкадансу.

І складаецца ўражанне, што самому аўтару словы даюцца з невыноснай цяжкасцю. Але пакуль гучыць музыка позіркі слухачоў накіраваны не на выступоўцу, а у сябе саміх. Апладысменды гучаць не адразу. Чым далей тым глыбейшымі становяцца паўзы. Тым больш нацятай сановіцца цішыня, у якой кожнаму варта падумаць, што для яго значаць карані.

Аўтар: Марыся Тульжанкова

Фатаздымкі аўтара