Ужо 4 кастрычніка славутыя курсы беларускай мовы адновяць сваю працу ў горадзе над Сожам пасля летніх канікул.
Тэмай першага занятка трэцяга сезона гомельскіх курсаў “Мова нанова” стануць коміксы. Адмыслоўцам і госцем па гэтай тэме выступіць перакладнік амерыканскіх коміксаў на беларускую мову Сяргей Козыраў. Арганізатары абяцаюць, што сумесна са слухачамі нават перакладуць кавалак адной з гісторый, каб адчуць, што ўсё не так проста.
Музычную частку забяспечыць Сяргей Доўгушаў з гурта “Вурай”. Падчас яго выступу ён не толькі пазнаёміць наведнікаў з колавай лірай, але і развучыць і заспявае з аўдыторыяй некалькі песень.
Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што першы занятак пройдзе па новым адрасе — у абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы: пр. Леніна, 3 (другі паверх).
Прыходзьце і прыводзьце сяброў!