Купецкая сядзіба ў Гомелі др. пал. ХІХ ст. (спроба этнаграфічнай рэканструкцыі па архіўных дадзеных)

0
334
Масіўныя вокны на старым доме ў Гомелі і сядзіба

Пры вывучэнні такой складанай і шматграннай з’явы, як быт гарадскога насельніцтва Беларусі др. пал XIX ст., важнае значэнне мае разгляд асобных яго аспектаў, якія характарызуюць штодзённае жыццё гараджан розных этнічных, канфесійных і сацыяльных груп. У сувязі з гэтым з’яўляецца цікавай праблема развіцця жылля, асабліва ў правінцыйных гарадах Беларусі, якая вывучана недастаткова.

Этнаграфічнае даследаванне жылля прадугледжвае вывучэнне гарадской сядзібы (жылога дома, двара, гаспадарчых пабудоў), размяшчэння жылога дома адносна вуліцы, праблемы валодання і карыстання сядзібай, архітэктурных асаблівасцей, добраўпарадкавання, велічыні і высотнага развіцця дома, агульнага і асаблівага ў планіроўцы, інтэр’ера розных памяшканняў у залежнасці ад іх функцый і прыналежнасці, унутранага убрання і ўплыву на яго моды і г.д.

Адказ на некаторыя з вышэй пералічаных пытанняў можна знайсці пры аналізе архіўных матэрыялаў. Звернемся да аднаго з вопісаў маёмасці і дамоў гараджан: «Объявление и переписка о взыскании купцом Никифором Ивановичем Тепляковым с Гомель­ского 2-ой гильдии купца Михаила Николаевича и его племянника Семена Ивановича Рубановых по расписке 2975 руб» (1869-78 гг.)1. Гэта крыніца дапамагае вызначыць некаторыя рысы жылля і хатняга быту гомельскага купецтва.

Купец-старавер Міхаіл Мікалаевіч Рубанаў на розных прычынах нарабіў значную колькасць даўгоў, таму ў 1869 г. быў накладзены арышт на рухомую маёмасць і дом з пабудовамі, які знаходэіўся «на Спасовой Слободе на Береговой улице между домами купца Кирилы Шустова и мещанина Нефёда Губкина«. Паліцэйскі наглядчык Брусевіч склаў вопіс, матэрыялы якога — каштоўная крыніца для вывучэння купецкага быта.

У дакументах ёсць звесткі, што дом будаваўся самімі Рубанавымі, аднак дакладная дата будаўніцтва адсутнічае. Разам з садам і надворнымі пабудовамі дом займаў плошчу прыкладна 5500 кв.м, для свайго часу гэта была вельмі вялікая сядзіба (у сярэднім велічыня зямельных участкаў у гарадах Расіі др. пал. XIX — пач. XX ст. ад 150 да 600 кв.м2).

У Гомелі большасць дамоў была зроблена з дрэва. Дом Рубанавых быў двухпавярховы: ніжні паверх — мураваны, другі «из соснового дерева, обложен снаружи кирпичом, а изнутри оштукатурен». Мураваны дом каштаваў вельмі дорага, і далёка не ўсе гараджане маглі набыць ці пабудаваць яго. Аднак валодаць мураваным домам лічылася прэстыжным, таму часта імкнуліся, каб пабудова мела выгляд мураванай. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі, напрыклад, тынкаванне звонку і ўнутраных памяшканняў, а таксама абкладванне цэглай. З’яўпенне двухпавярховых дамоў змешанага тыпу (ніз мураваны, верх драўляны) адносяць да сяр. XIX ст., значыць, дом Рубанавых мог быць пабудаваны не раней, чым прыкладна за 15-20 год да апісаных падзей. Дарэчы, у 1856 г. у Гомелі адбыўся вялікі пажар, які знішчыў каля паловы будынкаў, што таксама дае магчымасць меркаваць, што дом быў пабудаваны пасля 1856 г.

Дом быў вялікі па памерах: у даўжыню 30 арш., у шырыню 17 арш., «кругом дома 23 окошка со ставнями». Наяўнасць аканіц была традыцыйнай для гарадскіх дамоў. На двор выходзілі трое дзвярэй. Па-першае, магчыма, што кожны з Рубанавых (Mixaл Мікалаевіч, яго пляменнікі Сямён і Барыс) карыстаўся асобным уваходам з вуліцы; па-другое, гэта маглі быць так званыя «парад­ны» i «чорны” уваходы, гэта можна звязаць і са з’явай здачы часткі плошчы ўнаём (адсюль асобныя дзверы для іншых жыльцоў).

Пры доме мелася прыбудова з сасновага дрэва. Два яе пакоі падзяліліся паміж сабой перагародкай з дошак. У ёй было 4 акны з аканіцамі груба. Так як прыбудова мела пакоі і ацяплялася, яе маглі выкарыстоўваць для жылля чэлядзі ці для здачы ўнаём. У даўжыню прыбудова складала 12 арш. Побач з ёй — зашклёны калідор. Мяркуючы па апісанні, ён ішоў уздоўж бакавой стараны дома і, магчыма, аб’ядноўваў прыбудову з домам. Гэта з’ява характерна для планіроўкі шматлікіх дамоў ХІХст.

Сярод надворных пабудоў пералічваецца «кухня с кладовою из несколькіх комнат… варивня… ледник… сарай… кучерская изба …амбар из соснового дерева». У кухні, якая была «в квадрате 10 арш.», стаяла печ. Дададзім, што ў самім доме таксама мелася памяшканне з такім жа функцыянальным прызначэннем. Наяўнасць двух кухань ускосна сведчыць, што ў доме жыло некалькі сем’яў, ці частка дома здавалася ўнаём. Па апісанні, задні бок варыўні «из кирпича, остальные из соснового дерева об одних воротах на завесах». Яна прызначалася для захоўвання гародніны, садавіны, малочных прадуктаў, часам i гаспадарчых прылад. Як падсобнае традыцыйнае збудаванне варыўня шырока бытавала сярод сялянскіх пабудоў на Палессі і поўдні Беларусі3. Напэўна, традыцыя мець падобныя пабудовы была перанесена ў горад, дзе апошнія нават захавапі сваю назву «варивня», як зафіксавана ў дакуменце. Такім чынам, комплекс пабудоў сядзібы даволі значны па велічыні збудаванняў і разнастайны па іх функцыянальным прызначэнні

У адрозненне ад дробных гандляроў, у якіх тавар захоўваўся ў доме ці ў памяшканнях пабудоў на тэрыторыі двара, і гандаль вёўся часцяком непасрэдна на месцы, Рубанавы займаліся гандлем за межамі свайго дома, таму характэрна адсутнасць спецыялізаваных памяшканняў для гандлю і захоўвання тавараў на тэрыторыі іх сядзібы. Сярод лабудоў сядзібы вопіс не называе лазню, што таксама не выпадкова і звязана з развіццём у гэты час грамадскіх лазняў.

За надворнымі пабудовамі цягнуўся сад «узкой полосой до линии шоссе, в нем фруктовые деревья, яблони разных сортов, дохода с сада, смотря по урожаю, бывает до 25 рублей».

Звернемся да ўнутранай планіроўкі і інтэр’ера купецкага дома. Нa ніжнім паверсе размяшчаліся два вялікія пакоі і кухня, у якой былі печ і груба. На другім паверсе — 13 невялікіх пакояў. «Снутри дома 13 дверей столярной работы на завесах». Цяжка высветліць, якім было размяшчэнне пакояў на другім паверсе: анфіладным ці калідорным. Некаторыя пакоі не мелі дзвярэй i, наогул, уяўлялі сабой адгароджаныя лёгкімі перагародкамі часткі большых па плошчы пакояў. Гэту з’яву можна растлумачыць павелічэннем складу сям’i і колькасці прыслугі.

Вывучаны матэрыял не дае прамых звестак аб функцыяналь­ным выкарыстанні ўсіх жылых памяшканняў, аднак ускосна аб гэтым сведчыць комплекс мэблі і прадметаў, якія ўнесены ў вопіс. Пералічваюцца дзіцячыя рэчы, якія маглі знаходзіцца ў дзіцячай, абедзенны стол — у кухні ці зале, пісьмовы — у кабінеце, канапы — у гасцёўні. Выкарыстоўваючы пералік маёмасці дома Рубанавых i апісанні ўбранства тыловых для др. пал. XIX ст. дамоў заможных гараджан, уяўляецца магчымым у агульных рысах узнавіць знешні выгляд некаторых пакояў i, у адпаведнасці з гэтым, даведацца аб гусце і звычках гаспадароў.

Хутчэй за ўсё, ў доме на першым паверсе была вялікая зала, дзе стаяў «складной обеденный стол, ясеневого дерева» (дарэчы, такія сталы-сараканожкі сустракаюцца ў апісаннях дваранскіх пакояў сяр. XIX ст.4), «12 кресел старого фасона, с мягкими без пружин подушками, обитыми шерстяной зеленого цвета мате­рией»; «шкаф посудный о трёх полках и с ящиком внизу ольхового дерева вышиною 3 арш., а шириною 3/4 арш., вылакированный». З’яўленне ў інтэр’еры зашкалённых паліц і шафаў для посуду (асабліва чайнага) і выстаўленне яго напаказ было характэрнай рысай часу і звязана з распаўсюджаннем звычаю чаяпіцця. У зале, відаць, вісела «стенное зеркало в рамке красного дерева», яго кошт складаў 13 рублёў (дастаткова каштоўная рэч на той час), пад ім размяшчаўся «подзеркальный столик красного дерева”, на ім — дзве гіпсавыя белыя статуэткі, якія ўяўлялі сабой хпопчыкаў. Упрыгожваннем служыла і гіпсавая статуя (выява жанчыны), а таксама кввткі. У вопісу лічацца 14 вазонаў з рознымі кветкамі. Яны стаялі не толькі на вокнах, але і на двух спецыяльных століках, кожны з якіх «на двух ножках с резьбою, окрашен под красное дерево». Карціны на сценах дапаўнялі інтэр’ер залы, напрыклад, карціна вялікага памеру, «изображающая св. Марию-Магдалену, на холсте рисованная масляными красками».

Цікава, што ў пакоях дома трымалася мноства карцін, у вопісу зазначаны каля 40, амаль усе маленькага памеру, танныя, у простых рамках. Усё гэта сведчыць, што жыхары дома для ўпрыгожвання жылля аддавалі перавагу не творам мастацтва, а масавай прадукцыі свайго часу. Наогул, для ўнутранага ўбрання дамоў гараджан у др. пал. XIX ст. было тыпова упрыгожванне сцен карцінамі рэлігійнага i свецкага зместу з разнастайным! сюжатамі: малюнкі на грамадскія і патрыятычныя тэмы, ілюстрацыі да народных песень i казак, выразкі з часопісаў мод, лубачныя карцінкі.

У спальнях, акрамя ложкаў «ольхового и ясеневого дерева», размяшчалася старая камода «о трёх ящиках ольхового дерева, окрашенная чёрною краской», ”4 стула с мягкими простыми подушками, ольхового дерева, окрашенные черною краскою», «угловой маленький столик на трех ножках ольхового дерева”, пераліку маёмасці такіх вуглавых і маленькіх столікаў даволі многа, што звязана з невялікімі памерамі пакояў у доме. Гаспадары карысталіся «ширмами о 8-ми половинках, плетеными из корня , за якімі мог хавацца «умывальный маленький шкапчик с дверцами, ольхового дерева, окрашенный под орех». Са спальняй межавала гардэробная, дзе захоўвалі адзенне ў «гардиробном шкафу, ольхового дерева, с двумя ящиками внизу», а таксама ў чатырох «больших сундуках, из которых три окрашены и окованы железом», на сцяне — «зеркало в рамках красного дерева», пад ім — столік.

Рубанаў працаваў у кабінеце за пісьмовым сталом, дошка якога «обита зеленым сукном». Тут жа размяшчаўся і столік «конторный, с одним большим и 4 маленькими ящиками ольхового дерева», іншая мэбля з альхі.

Абавязковай прыналежнасцю пакояў былі іконы. У вопісу іх 22: «20 икон, писаных на досках», а таксама «образ св. Николая в серебряной вызолоченной рызе в вызолоченных с резьбою рамках, за стеклом» i «образ Божьей Матери в рызе, вышитой цветным бисером с серебряным вызолоченным венцом, вызолоченной с резьбой раме за стеклом”.

Такім чынам, сядзіба гомельскага купца Рубанава i яго пляменнікаў мае тыповыя рысы, характерныя для гарадской сядзібы заможнага насельніцтва др. пал. ХІХ ст комплекс надво­рных пабудоў традыцыйны, сярод іх адсутнічаюць спецыялізаваныя сельскагаспадарчыя і вытворчыя будынкі, лазня. Гэта звязана з новымі тэнцэнцыямі развіцця гарадскога жыцця. Планіроўка дома, наяўнасць прыбудовы да яго і дзвюх кухань дазваляюць меркаваць, што частка дома, магчыма, здавалася ўнаём, што таксама стала характэрнай з»явай таго часу. Дом Рубанавых, як i шматлікія дамы заможнага насельніцтва, — вялікі па памерах, шматпакаёвы, памяшканні ў ім невялікія, пакоі маюць спецыялізаванае прызначэнне. Колькасць жыхароў дакладна вызначыць немагчыма, але, напэўна, гэта некалькі малых сем’яў.

У інтэр’еры выкарыстоўвалі толькі перастаўную мэблю. Тыпы, аналагічныя ёй, былі вядомы і ў дамах гараджан іншых рэгіёнаў Расіі. Сярод запісаных рэчаў звяртаюць на сябе ўвагу каштоўныя іконы. Відаць, выкананне рэлігійнага абавязку займала важнае месца ў жыцці сям’і купца-старавера. Рэлігійныя звычаі накладалі своеасаблівы адбітак на сямейна-бытавы ўклад старавераў. Напрыклад, нельга было мець гадзіннікі, самавары і іншыя прадметы, якія выдаюць гукі, шыпенне і г.д.6 (магчыма таму яны адсутнічаюць у вопісе). Для хатняга ўклада Рубанавых таксама, напэўна, была характэрна традыцыйнасць і вернасць старым звычкам. Так, напрыклад, мэбля не толькі старая, але і «старога фасона».

Мноства танных карцін і малюнкаў, наяўнасць малакаштоўных упрыгожванняў, простага ўбрання (нават калі не выключаць магчымасць, што да надыходу цяжкіх у фінансавых адносінах часоў каштоўныя рэчы меліся ў доме) — усё гэта сведчыць пра густ гаспадароў, якія не так даўно падняліся на новую прыступку сацыяльнай лесвіцы і спрабавалі браць прыклад з гараджан, якія стаялі вышэй за іх у гэтым плане — з дваранства, але ўсё ж захавалі прыхільнасць да звыклага ладу жыцця і сямейна-бытавога ўкладу сярэдніх сацыяльных слаёў (рамеснікаў, дробных гандляроў і іншых).

Літаратура

  1. НАРБ. Ф.2004. Воп.1. Спр.4. (далей у тэксце цытуюцца матэрыялы гэтай архіўнай справы).
  2. Анохина Л. А., Шмелева М.Н. Быт городского населения сред­ней полосы РСФСР в прошлом и настоящем. М., 1977. С. 134.
  3. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, С.513.
  4. Рабинович М.Г. Очерки материальной культуры русского феодального города. М., 1988. С. 116.
  5. Короткая Т.П., Прокошина Е.С., Чудникова А.А. Старообрядчес­тво в Беларуси. Мінск, С.101-102.

Аўтар: А.Р. Яшчанка
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 54-60.