Культурная спадчына Гомельшчыны як суб’ект культуралогіі

0
73
культурная спадчына Мазыр храм

Адным з складнікаў i элементаў прадмета культуралогіі з’яўляецца разгляд спецыфікі лакальных, рэгіянальных культур, іхняй гістарычнай тыпалогіі, узаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў разнастайныя перыяды. Такім чынам, суб’ектам культуры становіцца рэгіён, які разглядаецца як сукупнасць пэўных сацыяльна-культурных сіл, этнічных груп, як носьбіт культурнага патэнцыялу, у які ўключаюцца гісторыка-культурныя і этнакультурныя адметнасці, паданні, помнікі гісторыі і культуры, звычаі і абрады, вырабы народных промыслаў і г.д. Усё гэта аб’ядноўваецца пад паняццем матэрыяльная і духоўная спадчына.

У сучаснай культуралогіі тэрмін культура полісемантычны, што абумоўлена разнастайнымі і падчас узаемавыключальнымі падыходамі і метадамі аналізу культуры. Як падаецца, культура — гэта гістарычны сацыяльны досвед, назбіраны за стагоддзі, гэта спадчына, што засталася “ад прадзедаў спакон вякоў”. Культура — гэта жывое дрэва, тысячагадовай гісторыі народа, якое глыбока ўкаранілася ў родную глебу, волат — дуб, які акумулюе, генерыруе і транслюе праграмы дзейнасці, паводзін і зносін паміж людзьмі. Культура — гэта велізарная мазаічная карціна, на якой адлюстраваны калектыўны вопыт памяці чалавечага роду ў выглядзе адбіткаў — архетыпаў. Гэта сума грамадскіх дасягненняў, адмысловая форма дзейнасці, знітаваная з мысленнем, мастацтвам, узроўнем развіцця грамадства, яго адукаванасцю, з духоўным вымярэннем чалавечай дзейнасці, сістэмай нормаў і каштоўнасцяў. Апошнія разам з нормамі і ідэаламі з’яўляюцца найгалоўнейшым кампанентам усялякай культуры. Звычайна да каштоўнасцяў адносяцца агульнапрынятыя і раздзяляльныя той або іншай супольнасцю, групай святыні, духоўныя абсалюты, звычаі і традыцыі, міфалогія. Таму вельмі важна выкарыстоўваць іх пры выхаванні сучаснага чалавека не толькі для прышчэплівання прыгожага, але і пачуцця патрыятызму. Такую працу неабходна, як падаецца, пачынаць з асэнсавання спадчыны малой Радзімы, гісторыі яе культуры, а ўжо пасля пераходзіць да вывучэння агульнанацыянальнай і сусветнай, бо, як вельмі тонка заўважыў В. Ластоўскі “гісторыя — гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народа, і нам, каб адбудаваць сваё жыццё, трэба пачаць з фундаменту, каб будынак быў моцны” [1, с. 247]. Гэта актуальна яшчэ і таму, бо і сёння, як і сто гадоў таму, “амаль кожны дзень знікаюць старыя сялібы нашых продкаў. Адны з іх знішчыў агонь або вайна, другія — бязлітасны час, трэція — заўчасна разбурыла абыякавая рука, нават не пакінуўшы ні малюнкаў, ні апісанняў. Дзіўныя і сумныя бываюць праявы лёсу. Пасля парцэляцыі многія старыя і шмат у чым цікавыя маёнткі — гнёзды высока маральных сямейных і грамадзянскіх традыцый, калыскі знакамітых людзей, асяродкі асветы ў краіне — заняпалі, новыя, дробнамаянтковыя гаспадары пачалі прыстасоўваць іх пад корчмы ці разбіраць на іншыя, драбнейшыя будынкі. Пра кожную старую сядзібу можна было б напісаць цэлую кнігу ці нават раман. Але паказаць праўдзівую гісторыю шмат якіх з гэтых шляхецкіх гнёздаў ужо немагчыма, бо загінулі датычныя іх паперы, зніклі з паверхні зямлі пабудовы, павыміралі людзі, забыліся нават традыцыі” [2, с. 450]. Гэтыя словы, сказаныя ў канцы XIX стагоддзя, актуальны сёння як ніколі. Бо няўмольны час, людская абыякавасць, брак дзяржаўных сродкаў, садзейнічаюць канчатковаму знішчэнню таго, што яшчэ захавалася ад мінуўшчыны, што лучыць сучаснае з прошлым і вызначае накірункі культурна-грамадскай дзейнасці цяпер і ў будучыні.

Каб упэўніцца ў тым, што нашы продкі не зніклі бясследна, жылі нездарма, варта пазнаёміцца з тымі помнікамі дойлідства, народных промыслаў і мастацтва, казкамі і песнямі, паданнямі і звычаямі, якія нам засталіся ў спадчыну. А тое, што Гомельшчына як складовая частка Беларусі мае багатую шматвяковую культурную гісторыю — агульна вядомы факт. Гэта зямля, на якой сышліся плямёны радзімачаў, дрыгавічоў і драўлян. Тут захоўваецца комплекс археалагічных помнікаў мілаградскай культуры, які датуецца 4 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Археолагі даказалі, што ўжо ў тыя далёкія часы нашы продкі выраблялі ўпрыгожанні, паляўнічыя прылады і аздаблялі іх адмысловымі малюнкамі. Гомелыпчына — чароўны край, на тэрыторыі якога сустракаюцца Прыпяць, Беразіна і Сож з Дняпром, каб несці свае хвалі ў Чорнае мора. Тут пралягаў шлях з варагаў у грэкі, праплывалі дзіўныя для гэтых мясцінаў ладдзі заморскіх гасцей-купцоў. Людзі, якія спакон веку жылі ля вады, лічылі, што яна валодае цудадзейнай сілай. Сюды прыходзілі шукаць дапамогі падчас войнаў, пераследаў (напрыклад, стараверы). Адсюль родам многія таленавітыя паэты, пісьменнікі, мастакі, музыканты, навукоўцы, якія праславілі не толькі Гомельшчыну.

Падарожжа на Гомельшчыне можна пачаць з старажытнага Турава — сталіцы раннефеадальнай дзяржавы, утворанай на землях дрыгавічоў у канцы X стагоддзя, які ўпершыню згадваецца ў 980 годзе. Тураў — гэта, на нашу думку, брама ў больш, чым 1000-гадовую гісторыю Палесся і Беларусі. Гэта сэрца палескай душы. “Размешчаны на вялізнай і цяжкадаступнай тэрыторыі, гэты надзвычай урадлівы, месцамі гарысты край, захаваў, збярог усе багацці шматвяковай культуры — сялянскай і гарадской” [3, с. 8]. Тут было створана Тураўскае Евангелле — самы старажытны (з захаваных) рукапісны помнік кніжнай культуры на беларускіх землях. Тураўскае Евангелле сведчыць, што пісьменнасць і культура ў гэтай частцы Гомельшчыны былі даволі высокія. Тураўская зямля, Тураў на той час былі месцам прыцягнення і мелі вызначальны ўплыў на прылеглых тэрыторыях. У Тураве XII стагоддзя, як і ў Полацку, сфармаваўся культурна-асветніцкі цэнтр, які складаў аснову і вызначальныя накірункі развіцця старажытнай беларускай культуры. У XIII стагоддзі ўзведзена тураўская вежа — помнік абарончага дойлідства, дамінанта тураўскага замка, на жаль, разбуранага ў 1830-я гады. Сёння можна пазнаёміцца толькі з рэшткамі замчышча старажытнага горада. Тут жыў і працаваў адзін з самых вядомых рэлігійных дзеячаў, пісьменнікаў і красамоўцаў Кірыла Тураўскі. На жаль, лёс горада склаўся не вельмі ўдала. Пасля заняпаду Тураўскага княства і ўваходжання яго земляў у склад BKЛ жыццё ў Тураве паступова занепадае. Аднак у пачатку XVI стагоддзя з’явілася надзея на адраджэнне былой магутнасці горада пасля таго, як ён стаў уласнасцю князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Дарэчы тут, у Тураве, нарадзіўся ягоны сын Канстанцін (Васіль), вядомы культурны і грамадскі дзеяч BKJI, які пазней заснаваў першую школу вышэйшага ўзроўню на Украіне ў горадзе Астрогу, а таксама школу ў Тураве. Добра захаваная і царква Усіх Святых — помнік палескай драўлянай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя, у якім спалучаюцца традыцыі народнага стылю з элементамі праваслаўнага культавага дойлідства.

Ужо больш за 1000 гадоў існуе паданне пра тураўскія крыжы, якія нібыты прыплылі ўверх па цячэнні Дняпра і Прыпяці за часамі прыняцця хрысціянства з Кіева. Налічвалася больш за дзесяць каменных крыжоў, якія знаходзіліся ў Тураве і навакольных вёсках. Найбольш вядомы з іх гэтак званы Тураўскі, або Святы, які цяпер захоўваецца ў Гомельскім абласным музеі, сюды перавезены і два крыжы з Барысаглебскіх могілак (бадай, самых старажытных і дзейных у нашай краіне). Аднак найбольш уражваюць два крыжы з Тураўскай Усясвяцкай царквы, якіх у народзе называюць Бацька і Маці, і крыж, які расце з зямлі на Барысаглебскіх могілках і які называюць Сынам. Крыж сапраўды робіць уражанне, паступова “вырастаючы” з зямлі і вылучаючы цяпло. He выпадкова, што ён стаў аб’ектам паломніцтва — людзі вераць у яго цудадзейную сілу і дапамогу ад хвароб і едуць, ідуць, каб дакрануцца да яго.

Якраз тут, на старажытнай Тураўшчыне, адчуваеш повязь пакаленняў і разумееш, наколькі дакладна ахарактарызаваў гэтае пачуццё О. Шпенглер, калі гаварыў, што “кроў продкаў працякае праз шэраг пакаленняў і аб’ядноўвае іх у ланцуг лёсу, рытму і часу” [4, с. 9].

Узыдзеш на Замкавую гару да помніка Кірылу Тураўскаму, паглядзіш на Прыпяць і падасца, што да прыстані падплываюць чаўны, лодкі-чайкі, шугалеі з дарамі Палесся і распачынаецца шумны гандаль, льецца меладычная паляшуцкая гаворка.

З Турава ўніз па Прыпяці мы патрапім ў в. Юравічы Калінкавіцкага раёна, дзе знаходзіцца адно з самых старажытных паселішчаў першабытнага чалавека на Беларусі і курганны могільнік дрыгавічоў. Тут, у палескай глыбінцы, у 2-й палове XVII стагоддзя быў пабудаваны выдатны помнік позняга беларускага барока комплекс — касцёл Раства Багародзіцы, у якім захоўваўся цудадзейны абраз Юравіцкай Маці Божай, і рэзідэнцыя езуітаў, які нават цяпер пасля доўгіх гадоў занядбання і запусцення ўражвае сваёй велічнасцю, быццам казачны велікан, аглядаючы наваколле з высокага берага Прыпяці. Як паведамляе “Люстрацыйны інвентар Юравіцкай калегіі езуітаў”, складзены пры касацыі ордэна, “касцёл вялікі, мураваны, пышны, дахоўкамі крыты, з дзвюма вежачкамі на перадзе”. У адной з вежаў быў вялікі гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны, у другой — “звонаў дужых тры” [5]. (Зараз у комплексе дзейнічае жаночы праваслаўны манастыр Раства Багародзіцы, што дае надзею на яго аднаўленне). Юравічы былі вядомым у BKЛ мястэчкам, якое мела каралеўскі прывілей на вольны гандаль і правядзенне кірмашоў. Яны не раз згадваюцца ў “Палескай хроніцы” I. Мележа, таму было б мэтазгодна арганізаваць літаратурную экскурсію па старонках гэтага твора, наведаць месцы, дзе жылі героі твора, прайсціся па сцежках-дарожках Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі, Міканора Дамеціка і Апейкі, Карчоў і інш.

Адсюль зусім недалёка да Беларускай Швейцарыі, як вобразна нярэдка называюць Мазырскае Палессе і яго “сталіцу” Мазыр. Тут знаходзіцца адзін з цэнтраў айчыннай нафтаперапрацоўчай прамысловасці і першы на Беларусі солевыварны камбінат, які вырабляе кухонную соль “Палессе”. Аматараў экатурызму не пакінуць абыякавымі пешаходныя экскурсіі па тэрыторыі ландшафтнага заказніка Мазырскія Яры, у якіх можна пабачыць рэдкія для нашай краіны кляновыя і букавыя гаі, піхту, калі пашанцуе, — занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі венерын чаравічак, лілею кучаравую, званочак сібірскі і іншыя. Стары Мазыр прываблівае аматараў даўніны няблага захаванымі помнікамі беларускага барока такімі, як касцёл і кляштар кармелітаў і Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары і касцёл (дасюль захаваўся будынак касцёла і частка жылога комплекса), а таксама помнікам архітэктуры савецкага канструктывізму — будынкам клуба-тэатра, які ўражвае сваім аб’ёмным паўкруглым фасадам з калонамі. Да 850-годдзя горада адрэстаўраваны замак, які існаваў на працягу 16-18 стагоддзяў. Для аматараў экстрыму ўзведзены гарналыжны комплекс.

Далёка вядомыя за межамі нашай краіны выдатныя вырабы ўжытковага мастацтва Неглюбскія ручнікі на Веткаўшчыне. У старажытным арнаменце гэтых ручнікоў захоўваецца інфармацыя пра светаразуменне нашых продкаў, іх узаемаадносіны з навакольным асяроддзем, адлюстраваны рытм жыцця, погляд на будову сусвету. Ветка прываблівае турыстаў і шыкоўным музеем народнай творчасці, у якім прадстаўлены цудоўныя ўзоры веткаўскай разьбы, якія ўвасабляюць традыцыі народнага архітэктурнага дэкору па аздабленні ліштвы, ганкаў, варот, карнізаў і г. д. Аматары даўніны з цікавасцю азнаёмяцца з калекцыяй рэдкіх беларускіх старадрукаў 16-18 стст., творамі мясцовай школы іканапісу і шыцця жэмчугам, золатам і бісерам. Ветку вобразна называюць Іерусалімам старавераў. Знаёмства з узорамі ручнікоў дазваляе пранікнуць у мікракосмас мясцовай культуры, якая непарыўна лучыцца з культурай агульнанацыянальнай. He даязджаючы да Веткі, можна завітаць у вёску Хальч, дзе захаваўся палац Халецкіх — помнік архітэктуры класіцызму пачатку XIX стагоддзя, пабудаваны на стромым высокім беразе Сажа, цяпер тут размешчана філія абласнога краязнаўчага музея.

Далей наш шлях праляжа ў Чырвонабярэжскую сядзібу Жлобінскага раёна — помнік сядзібна-паркавага дойлідства канца 19 стагоддзя. Двухпавярховы сядзібны дом у стылі мадэрн і ўязная брама ў неагатычным афармленні і яркай афарбоўцы не пакінуць незадаволенымі вытанчаных эстэтаў. Тут жа, у Чырвоным Беразе, неабходна наведаць мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”. Выдатным узорам расійскага класіцызму на Жлобіншчыне з’яўляецца мураваная стрэшынская Пакроўская царква пачатку 19 стагоддзя — помнік рэспубліканскага значэння. Жлобін вядомы за межамі нашай краіны не толькі Беларускім металургічным заводам. 3 сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагоддзя горад становіцца своеасаблівым цэнтрам дэкаратыўна-ўжытковага мастацкага промыслу інкрустацыі саломкай. Сваім нараджэннем ён абавязаны таленавітым майстрам — мужу і жонцы Міхаілу Васільевічу і Веры Нікадзімаўне Дзехцярэнкам, якія ў 1955 годзе арганізавалі цэх інкрустацыі. Невялікі калектыў з васьмі чалавек вырабляў інкруставаныя куфэркі, папяросніцы, пудраніцы, ігольніцы і іншыя рэчы, якія карысталіся вялікім попытам, былі ўпрыгожаны дзівосным, мудрагелістым і дарагім арнаментам, што ззяў, пераліваўся залацістымі адценнямі ў яркім бляску сонечных промняў. I ўсё гэта выраблялася са звычайнай жытняй саломкі. У 1961 годзе маленькая саматужная арцель стала фабрыкай мастацкай інкрустацыі, душой якога доўгія гады былі муж і жонка Дзехцярэнкі, якія ў сваёй творчасці абапіраліся на традыцыі народнага мастацтва. На аснове багатай спадчыны і традыцый беларускага народнага мастацтва сфармаваўся своеасаблівы мастацкі стыль жлобінскай інкрустацыі, які заваяваў папулярнасць не толькі ў СССР, але і ў Канадзе, Італіі, Бельгіі, Польшчы і іншых краінах свету. Вырабы жлобінскіх майстроў годна рэпрэзентавалі дасягненні нацыянальнага мастацтва нашай краіны на разнастайных Усесаюзных і замежных выставах. Вырабленыя рукамі жлобінскіх майстроў падарункі, можна сказаць без перабольшвання, разыходзіліся ва ўсе канцы свету, бо адным з галоўных заказчыкаў было Таварыства культурных сувязяў з замежнымі краінамі. З прадпрыемствам актыўна супрацоўнічаў вядомы беларускі мастак Уладзімір Басалыга. Справу Дзехцярэнак прадоўжылі іх вучні В. Котаў, З. Пашкоўская, Т. Аляксеева, якія, абапіраючыся на традыцыі папярэднікаў, шукаюць новыя вобразныя і арнаментальныя вырашэнні ў інкрустацыі, робяць іх паліхромнымі. Промыслы працягваюць развівацца, сёння гэта сучаснае прадпрыемства, дзе побач з ручной працай выкарыстоўваецца і механізаваная. Зараз у горад прыязджаюць і аматары водных відаў спорту. Тут узведзены сучасны аквапарк і басейн.

Знаёмства з гісторыяй Гомельшчыны і яе культурнай спадчынай дэманструе, што яна мела асаблівасці і развівалася як па адпаведных унутраных законах, так і пад знешнім уплывам, што выразна праявілася ў разнастайнай мастацкай стылістыцы (барока, класіцызм, неаготыка, народнае дойлідства і промыслы) і своеасаблівай народна-паэтычнай творчасці (паданнях, звычаях, побыце).

Папулярызацыя культурнай і духоўнай спадчыны, абуджэнне інтарэсаў да яе, будзе садзейнічаць захаванню помнікаў, іх належнай ахове. Бо не сакрэт, што многія з іх прыйшлі ў заняпад, занядбаныя, знаходзяцца ў запусценні. У гэтым артыкуле мы не звярталіся да апісання помнікаў горада Гомеля: яны дастаткова разгледжаны ў разнастайнай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, добра захаваныя і з’яўляюцца аб’ектамі для наведвання шматлікімі гасцямі горада як беларускімі, так і замежнымі.

Літаратура

  1. Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. Уклад., прадм. і кам. Я. Янушкевіча / Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1997. — 512 с. [4] л. іл.
  2. Глогер, А. Дудзічы. Старонкі з гісторыі старой сядзібы / А. Глогер // Ельскі А. Выбранае / Уклад. Н. Мазоўка, У. Казберука. Прадм. У. Казберука, К. Цвіркі. Пер. з пол. Н. Мазоўка, У. Казберука, Г. Кісялёва. Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2004. — 496 с. [4] с. Іл
  3. Лабынцаў, Ю. А. Старая казка Палесся: Турава-Пінская зямля / Ю. А. Лабынцаў. Пер. з рус. м. М.І. Шорнікавай. Прадм. Г. Каханоўскага. — Мн. Полымя. 1993. — 144 с.: іл.
  4. Шпенглер О. Закат Европы. Очерки морфологии мировой истории. Т. 2. Всемирно-исторические перспективы. Мн.: ООО «Попурри», 1999. — 720 с.
  5. ЦГАДА (Москва). Ф. 2188. Оп. 8 Д 94.
  6. Кісялёў, Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха-наступнікі. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 303 с. [12] л. іл.

Аўтар: Д.Д. Паўлавец
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №2(65), 2011 г.

The article deals with the monuments of artistic and spiritual culture of the Gomel region which may be included into tourist itineraries, acquaintance with them will help foster the love for a country, contribute to the conservation of objects described.