Крытычная мапа Гомеля

0
531
Крытычная мапа Гомеля

Часта можна пачуць, што Гомель — нічым не прыкметны шэры горад, у якім, да таго ж, нічога не адбываецца. Перакананыя ў адваротным, сябры гомельскай «Талакі» вырашылі данесці да гамельчукоў і асабліва іншых гарадоў тое, што нам таксама ё чым ганарыцца, а наш горад нічым не горшы, а нават і лепшы за шмат якія іншыя.

Данесці гэты масіў інфармацыі было лепш за ўсё праз мапу. Ідэя жыла даўно, пераўвасабляла ў розныя формы, але стала рэальнай у 2013 г.

Канкрэтны метад нам падказалі немцы з ініцыятывы «Orangotango», якія выступалі летам 2013 г. у Менску з публічнай лекцыяй па крытычным мапаванні. Гэты метад палягае ў крытычным падыходзе да стандартных мапаў, да таго, што на іх адлюстравана і як. Адпаведна гэта дае вялікую прастору для творчасці — удзельнікі самі вызначаюць, якой быць іх мапе, што на ёй адлюстраваць і гэта дазваляе інакш паглядзець на звыклыя рэчы, з’явы і аб’екты.

Праца над стварэннем «Крытычнай мапы Гомеля» вялася каля двух месяцаў. Нашая каманда збіралася на сустрэчах і накідвала розныя ідэі. Паступова вылучыліся шэсць блокаў:

  1. Гарадскія адметнасці. Гэта не банальныя архітэктурныя асаблівасці горада, а цікавосткі, гарадскія славутасці кшталту вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча.
  2. Гарадская актыўнасць. У Гомелі ёсць не толькі чым ганарыцца і на што глядзець, але і да чаго далучыцца, што зрабіць. Гэта шматлікія арганізацыі, рухі, рэгулярныя тусоўкі.
  3. Фізічная актыўнасць — першасная ідэя распавесці пра роварны рух перарасла сябе. У Гомелі ёсць добрыя кропкі, дзе заняцца фізкультурным адпачынкам — летам — пяшчаныя пляжы амаль у цэнтры горада, а зімой з узгоркаў можна спусціцца на санках, пакатацца на лыжах у парку за ракой. Ёсць нават вяслярны канал, які ўжо алімпійскіх чэмпіёнаў даваў Беларусі. І гэта ўсё — у цэнтры горада.
  4. Гарадскія легенды і гісторыя — тое, чым можна ганарыцца, але і тое, што нельга забыць. Мала хто ведае, што менавіта ў Гомелі адбыўся першы ў Беларусі футбольны матч. А на месцы вядомай фабрыкі раней быў канцлагер, дзе загінулі 100 тыс., пра гэта сведчыць цяпер толькі маленькі барэльеф.
  5. Крытычны блок — дзе што не так. Гомель заўжды быў горадам каштанаў, але апошнія гады дрэвы часцей спілоўваюць і замест іх ужо нічога не высаджваюць — напэўна так лягчэй, чым іх лячыць і імі займацца.
  6. Прапановы і мары — пра што мараць у Гомелі. Пра гомельскае метро нават песня ёсць, але гэта пакуль такая ж ідэя як і стварэнне аглядальнай пляцоўкі ў вежы фабрыкі «8 сакавіка».

На мапе адзначаныя і гістарычныя раёны, што існавалі ў горадзе — Манастырок, Свісток, Амерыка, Кагальны роў, Спасава слабада і інш.

Гістарычны раён Гомеля "Амерыка"
Гістарычны раён Гомеля «Амерыка»

Асобнымі колерамі пазначаныя прамысловыя зоны. З савецкіх часоў цэнтр горада перанасычаны заводамі, фабрыкамі і прадпрыемствамі. Гамельчукі мяркуюць, што калі ўсё гэта паступова вынесці з цэнтру, то вызваліцца пляцоўка для стварэння цікавых зонаў адпачынку, пешаходных вулачак і тэматычных кварталаў.

Аўтар ідэі мапы — старшыня ГМКГА “Талака” Яўген Меркіс, дызайнер — талаковец Зміцер Кірэенка.

У электронным выглядзе мапу памерам A3 можна спамваць тут:

Фармат PDF пастаронкава: «Крытычная мапа Гомеля»

У фармаце jpg: першы бок, другі бок.