Княжацкая слабада. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1511
Княжацкая слабада

Некалі над усёй гэтай зямлёй валадарыў надта багаты князь. Магутны быў валадар, усяго меў даволі. Ніякі сусед на яго вайной пайсці не асмельваўся, бо ведаў, што атрымае такі ўдар, што і да дзесятага пакалення насельніцтва вынішчыцца. Надта любіў той князь раптоўна знікаць з палаца ў невядомым нават для князёўны накірунку. Ускочыць у сядло, прысвісне на ахову і загадае коратка:

Паскакалі!
— Не надта дапытваюцца, ім галоўнае — загад выконваць, служба такая.

Вылецяць у чыстае поле, і валадар прамовіць:

Што, хлопцы, разамнемся?

Гэта азначала, што ахова разам з валадаром падзеліцца на дзве роўныя палавіны і пачнецца трэніровачны бой, у час якога яны будуць павышаць сваё ратнае майстэрства. Гузакоў ды шрамаў у такіх паядынках бывала болей чым дастаткова. Сам валадар махаўся мячом, кідаў дзіДу, страляў з лука, ухіляўся ад удараў, адным словам, рабіў усё тое, што і астатнія. Прытомяцца людзі, прагучаць словы валадара: «Хопіць на сёння!» — і дзе стаяць, там і пападаюць, толькі сапуць ды аддыхваюцца цяжка. Некаторыя і раны перавязваюць ды кроў выціраюць. З такіх пасмейваліся:

Галава не круглая, таму і атрымаў!
— Нос — што капор, то і зачапілі!
— Лішні зуб вырас, то яго і вынеслі!

Не смяяліся толькі з князя — хто паважаў, а хто і баяўся.

Аднаго разу паехалі за замак, доўга там вучыліся вайсковаму майстэрству, а потым валадар запытаўся ў дружыннікаў:

Хлопцы, а ці не паехаць нам?..
— Куды, княжа?
— На паляванне.
— Воля княжацкая для нас закон. А куды пакіруем?
— Звера ўсюды хапае.
— Гэта так, але хочацца куды-небудзь у глыб пушчы забрацца.

Толькі стары ваявода, які князя з пялёнак гадаваў і таму не надта баяўся, хмыкнуў:

— Што такое, ваявода?
— Нічога.
— Але ж я бачу, што ты нечым не задаволены.
— Якая мне радасць на тыя ловы перціся?
— То вяртайся дамоў.
— А што ў замку мне рабіць загадаеце? Там мяне князёўна пачне дапытваць, куды яе муж з’ехаў, для чаго і гэтак далей.
— Гора табе, ваявода, — падміргнуў князь воям. — Як пагляджу, мяне баішся, а яшчэ болей — маёй жонкі.

Усезарагаталі, гыгыкнуў і ваявода, потым ціха прамовіў:

— Я ўжо лепей з вамі паеду. Якога звера вам патрымаю, каб хто з вас не прамазаў у бягучага, — зазлаваў стары. — Што вы ад мяне хочаце?

Князь адразу папярэдзіў дружыннікаў:

— Усё, хлопцы. 3 ваяводы болей не картуйце, а то пакрыўдзіцца і яшчэ пешкі дамоў пойдзе.

Людзі зноў зарагаталі, але весела, без злосці, таму і стары заўсміхаўся, уткнуўшыся ў конскую грыву.

— Паедзем у далёкую пушчу? — запрапанаваў нехта.
А што, гэта ідэя, — адразу ўхапіўся валадар, — там мы даўнавата не былі.
— Гады два, калі не болей.
— А звяроў там усялякіх колькі… Спакойна ходзяць, да чалавека, не лякаючыся, ідуць.
— Бо калі яны там бачылі таго чалавека?
— I то праўда.
— Навокал толькі першастваральныя лясы, дзе нага чалавечая не ступала.
— Гайда туды, хлопцы!
— Гайда! — адгукнулася ахова.

Панеслі коні-віхуры вояў. Паімчалі дружыннікі на паляванне, каб набіць звера, праверыць, ці не дрыжыць рука, ці не зальюцца слязьмі вочы, калі выскачыць насустрач аграмадзіна тур ці зубр.

Пакуль дабраліся да месца, то ўжо надвячорак на кустоўе садзіўся.

Што, паляваць нам сёння ўжо не выпадае?
— Трэба толькі на вячэру што падбіць — і хопіць, — азваўся ваявода.
Слушная заўвага, — пагадзіўся валадар. — Хто тут маладзейшы? Давайце на вячэру якога звера ўпалюйце, астатнія — буданы на ноч стаўляць!

Князь не баяўся спаць і на голай зямлі, але прызвычаіўся ў любым месцы ўладкоўвацца належным чынам.

Людзі хуценька заняліся справай. Неўзабаве былі гато:’ вы буданы, а над вогнішчам смажыўся на рожнах невялікі кабан. Перакусілі і, як заўсёды, адразу спаць не палеглі, а засталіся сядзець ля вогнішча, каб паслухаць старэйшых, а тыя, у сваю чаргу, каб парасказваць маладзейшым усялякія жыццёвыя гісторыі, якія прыключаліся з імі. Была ўжо глыбокая ноч, калі параспаўзаліся па буданах.

Восеньская ночка — не летняя, яна даўжэйшая, і людзі паспелі добра адпачыць. Усталі і пачалі рыхтавацца да палявання. Вылез і валадар са свайго будынчыка, пацягнуўся, крутнуў галавой туды-сюды і здзіўлена ўсклікнуў:

Якая прыгожая мясціна! Нельга такое месца губляць!
— Правільна, княжа.
— Кідаем усялякае паляванне і давайце тут невялічкую вёсачку заснуём, каб потым прыязджаць сюды пастаянна.

Так і зрабілі. А потым назвалі паселішча — Княжацкая Слабада.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 389-391.