Кніга цяпер не толькі лепшы падарунак, але і найтаннейшы

0
1038

Калі нашыя суайчыннікі паціху пачалі вызваляцца ад шокавага стану пасля падвышэння цэн, а ў іх голасе ўсё часцей стала гучаць не здзіўленне, а непазбежная канстатацыя, я вырашыла зрабіць агляд самых, бадай, заляжалых тавараў па старых коштах – кніг.

На гэта мяне наштурхнула папярэдняя публікацыя “Сарцірнае чытво” ці прыгожае пісьменства? ”. Пошук беларускіх танных кніг адбываўся ў гомельскіх кніжных крамах цэнтру горадаю.

Кнігарня на вуліцы Перамогі

Гэтая кнігарня з’явілася першым аб’ектам маёй атакі. Яе змесціва – гэта канцылярскія тавары, парфумерыя і, канешне ж, кнігі, але… толькі не беларускія. Падыходжу да прадавачкі:

– А дзе ў вас тут беларускія кнігі?

– У сэнсе, на беларускай мове?

– Так.

– У нас такіх няма.

У гэтую краму вы можаце завітаць, калі вам патрэбны нейкі дапаможнік, сшыткі па прадметах для вашых дзяцей ці якая навінка ад Дар’і Данцовай, але беларускай мастацкай літаратуры вы тут не пабачыце.

Кнігарня “Книжный мир” на праспекце Леніна

Самымі таннымі і ў гэтай, і ў наступных крамах, што я наведала, з’яўляюцца кнігі серыі “Дэбют”, выдадзеныя “Мастацкай літаратурай”. У гэтай серыі выдаваліся наступныя аўтары: Югася Каляда, Міхась Кулеш, Валянціна Кукса, Алена Брава, Юрась Нераток і інш. Іх кошты вагаюцца ад Br 3.000 да Br 12.000.

Адзін з самых смяхотных з усіх бачаных мною коштаў – Br 1.990 – быў прымацаваны да кнігі П. Саковіча “Дуплетам па этапах”, у якой змешчаны пародыі і эпіграмы. Аўтар мае асабістае знаёмства з творцамі, пародыі на якіх піша (З. Дудзюк, Г. Бураўкін, А. Сыс), з’яўляецца “вопытным майстрам “вясёлага” цэха нашай літаратуры”, пра што паведамляе нам анатацыя да выдання.

Радуе разнастайнасць дзіцячай літаратуры. Тут вы можаце набыць “Чытанне для дзіцячага садка” ад укладальнікаў В. Вячоркі і П. Садоўскага (372 старонкі, Br 16.380), “Малую дзіцячую Чырвоную кнігу”: дзве кнігі вялікага фармату (пра расліны – 152 старонкі за Br 48.100, пра жывёл і птушак – 116 старонак, чамусьці, значна танней – Br 18.060). Шырока прадстаўлена беларуская класіка ў серыі “Школьная бібліятэка”. Кошты вагаюцца: ад Br 4170(“Несцерка” В. Вольскага) да Br 40.040 (У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”). Дарэчы, у дадзенай серыі можна знайсці не толькі беларускіх класікаў, але і творы пісьменнікаў бліжняга замежжа.

На верхніх палічках таксама стаяць класікі, не надта дарагія, але амаль недасяжныя для майго росту. Атрымалася дацягнуцца да 2-га тома М. Танка са збору твораў у 13 тамах (Br 11.530), а таксама да І. Чыгрынава (кнігі з серыі “Беларуская літаратура XX стагоддзя” за Br 7.650).

В. Гаўф “Халоднае сэрца: казка” ў перакладзе А. Бахарэвіча – кніга за Br 18.570, якая, бадай, нідзе больш не сустрэлася.

Сімвалічны кошт (Br 4.540) заплаціце вы, набыўшы кнігу У. Ліпскага “Жыві сёння”. У анатацыі да 384-старонкавага выдання гаворыцца: “Кожным радком, як ударам сэрца, аўтар нагадвае, што жыццё — гэта Божы дар, бацькоўскi крэдыт. Каб апраўдаць гэты давер, каб з дабром спажыць такi скарб, трэба навучыцца цанiць кожны мiг зямнога раю. Жыві годна сёння, у згодзе з сумленнем – і тады цябе ўсцешыць учарашні дзень і ты з настроем будзеш сустракаць новы дзень”.

Што датычыцца спецыялізаванай літаратуры, то тут можна набыць кнігу “Беларуская кніжная графіка 1960 – 1990-х” М. Баразны па яшчэ адным смяхотным кошце – Br 1.830, I том “Гісторыі беларускай літаратуры XI – XIX стагоддзяў” на 910 старонак за Br 28.290 (першы можна будзе знайсці ў іншых крамах за Br 21.190).

Сярод так званых “падарункавых” выданняў таксама можна знайсці шмат чаго цікавага: “Гаўрыіл Вашчанка” Н. Шаранговіч (Br 51.160), “Жыццяпіс вялікіх князеў літоўскіх. Міндаўг. Пачатак гаспадарства” А. Краўцэвіч (Br 11.360), фотапогляд на Беларусь Вадзіма Грудзько пад назвай “Край” (Br 39.780) і інш.

Кнігарня на вуліцы Савецкай (каля 1 корпуса ГДУ ім. Ф. Скарыны)

Звернемся да таго, што не сустрэлася ў папярэдняй краме альбо выпадкова было прапушчана.  З поўных збораў беларускіх аўтараў-класікаў (танных) тут засталіся самыя непапулярныя тамы. У іх змешчаны, як правіла, не мастацкія творы, а публіцыстыка, літставанні і г. д. Напрыклад, са збору твораў М. Багдановіча застаўся III том (Br 3.280), Я. Купалы – VII и 1-я кніга IX тома. Затое адносна нядорага можна набыць 13 з 15-ці тамоў збору твораў Я. Коласа, за капейчыны – яго “Другое чытанне для дзетак беларусаў”.

Пераклады на беларускую мову Юзафа Крашэўскага, Джорджа Байрана, Альбэра Камю каштуюць тут недзе ад Br 12.000 да Br 16.000.

Хапае і спецыялізаваных літаратуразнаўчых выданняў: “Жылі-былі класікі. Хто напісаў “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”” Г. Кісялёва (Br 16.820), “Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей” М. А. Тычыны, У. І. Мархель (Br 4.910) і інш.

У стосе дзіцячай літаратуры вока зачапілася за выданне “Маладзічок” (Br 22.370): казкі, загадкі, вершы, апавяданні, прыказкі і прымаўкі. Дапаможнік складаецца з 12 раздзелаў (назваў месяцаў).

Іншая спецыялізаваная літаратура: невялікая кніга С. А. Падокшына “Эстэтычная думка ў культуры Беларусі XVI – XVII стст.” (Br 3.900), “Іканапіс Заходняга Палесся XVI – XIX стст.” В. Ф. Шматава (349 старонак, Br 9.010), “Беларускія народныя музычныя інструменты XX стагоддзя” А.Скорабагатчанка (Br 14.350), за капейчыны можна набыць таксама “Хрэстаматыю па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі” і сёмы выпуск зборніка “Беларуская драматургія”.

Сярод вялікафарматных прыгожых выданняў – “Знічкі Айчыны” (Br 52.110), “Тураў. Тураўскае Евангелле” (Br 13.240), “У пошуках страчанага. Гісторыя Беларусі ў старых паштоўках” (Br 30.500), “Тэатральная Беларусь” (2 тамы: Br 12.270 і Br 11.570), “Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 30/30 (1480 – 1546)” (Br 38.260), II том энцыклапедыі “Беларускі фальклор” (каля Br 60.000), “Жаночы касцюм на Беларусі” і “Мужчынскі касцюм на Беларусі” (каля Br 40.000 за кожную кнігу), вялікі і файны альбом на беларускай і ангельскай мовах “Повязь часоў – беларускі рушнік” В. А. Лабачэўскай (Br 46.680), тамы “Беларусаў” Я. Карскага, кошты якіх вагаюцца адBr 17.000 да Br 26.000. А вось “Міфалогія беларусаў” за Br 88.640 – усё яшчэ недасяжная для маёй студэнцкай кішэні.

На палічках за шклом самотна стаяць 2 тамы выдання “Культура Беларусі” (I том – А-Б – Br60520, II том – Б-Г – Br181530). Нелюбоў менавіта да першых чатырох літар алфавіту пацвердзіць і змесціва іншых кнігарняў: паўсюль будуць стаяць толькі гэтыя два тамы.

Крама “Букинист” на вуліцы Савецкай

За невялікія грошы тут можна набыць непапулярныя тамы збору твораў Я. Купалы, І. Шамякіна. Калі ж не паўтарацца, то адзначым таксама зборнік “Люстэрка Сусвету” – цудоўны падарунак аматару беларускай фантастыкі.

“Метрыка Вялікага княства літоўскага” ёсць і тут, але на гэты раз кніга запісаў № 46/46 (1562 – 1565). А вось усяго за Br 50.000 можна зрабіць падарунак аматару беларускага жывапісу – “Жывапіс барока Беларусі”: “Выданне прысвечана мастацтву аднаго з самых значных стылістычных кірункаў — барока, якое пратрымалася ў Беларусі з канца XVI і амаль да канца XVIII ст. Кніга складаецца з уступнага артыкула, ілюстрацый з каталожнымі данымі, слоўнікаў жывапісцаў, якія працавалі ў XVI- XVIII ст. у Беларусі”, як паведамляецца ў анатацыі.

Дзіцячая літаратуры тут даволі дарагая, але можна сёе-тое адшукаць і ў скрыні з кнігамі для дзяцей. Напрыклад, дагэтуль вы маглі назіраць “Незвычайную энцыклапедыю беларускіх народных інструментаў” Я. Малішэўскага і А. Спрынчан, але аўтар гэтага агляду сышла з кнігарні шчаслівым яе ўладальнікам.

Крама “Книги” на вуліцы Савецкай

Танныя кніжачкі невялікага фармату (звычайна – сучаснай прозы і паэзіі), якія, як правіла, маюць мяккі пераплёт стаяць тут у глыбі адной з палічак, і іх захінаюць сабой вялікія тамы “История русской жизни”, “История польского народа”, “Германия. История цивилизации за 2000 лет” і іншыя выданні па сусветнай гісторыі. Таму трэба прыкласці намаганні, каб нешта адшукаць. Сярод іх, напрыклад, нарысы В. Вольскага “Падарожжа па краі беларусаў” (Br 7.700).

Ляжыць у краме II том збору твораў М. Багдановіча за Br 3.950. Вось так пабегаеш па кнігарнях, там адзін том ухопіш, там – другі, глядзіш – і поўны збор твораў атрымаеш. Ёсць некалькі прыемнасцяў і для калекцыянераў серыі “Беларускі кнігазбор”. Калекцыянеры-філолагі, мажліва, зацікавяцца “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы”, “Этымалагічным слоўнікам”. Самі па сабе тамы не надта дарагія, але ўся калекцыя можа пацягнуь на прыстойную суму. Прыхільнікі творчасці М. Танка могуць набыць кнігу М. Мікуліча “Максім Танк. На скразняках стагоддзя” па зусім смешным кошце – Br 750 (!), а аматары літаратуры XIX стагоддзя – кнігу Г. В. Кісялёва “Ад Чачота да Багушэвіча” за Br 2.930.

Гісторыкам і культуролагам спадабаюцца кошты на тамы “Беларусаў”, выдадзеных Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (у наяўнасці VI – X тамы за Br 9.500 – Br 19.290), а таксама на кнігу М. В. Доўнар-Запольскага “Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах”.

З гэтай кнігарні я сышла са “Слоўнікам асабовых уласных імён” за Br 6.450.

Кнігарня на вуліцы Тэльмана

Крама вельмі багатая на танныя кнігі сучаснай паэзіі і прозы невялічкага фармату: яны стаяць двума шэрагамі на ніжняй паліцы. Сустракаецца сярод іх і літаратурная крытыка. Але кнігарня цікавая не толькі сваёй мастацкай і спецыялізаванай літаратурай, але і энцыклапедычнай. Але гэта зноў жа, часцей за ўсё, рэшткі поўнага збору тамоў.

Так, напрыклад, нядорага можна набыць XIII, XVI, XVII, XVIII тамы “Беларускай энцыклапедыі”, VI том “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” у 6 тамах (Br 7.220), энцыклапедыю “Археалогія Беларусі” (2 тамы за Br 41.330і Br 52.970), “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагоддзя” (Br 29.100) і “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва 1920 – 1950-ых гадоў” (Br 38.320), “Сакральны жывапіс Беларусі XV – XVIII стагоддзяў” (Br 38.320).

Багата таннай спецыялізаванай літаратуры стаіць на адной з ніжніх паліц карашкамі ўверх. Гэтыя кнігі чамусьці закрытыя ад вачэй пакупніка фанернай шыльдачкай з надпісам “Выдавецтвы Беларусі прапануюць”. Тут, напрыклад, вы можаце набыць “Беларусазнаўства” В. С. Смятаннікава ўсяго за Br 500 (!). Я не чытала гэтага выдання, мне абсалютна невядомыя яго вартасці, аднак, спадзяюся, вы разумееце, што тут можна паставіць нават дзесяць клічнікаў, таму што зараз такіх коштаў нават на звычайную паперу ПРОСТА НЕ ІСНУЕ!

Сябры, спяшайцеся! Можаце зайсці ў любую кнігарню, і вы проста не здолееце выйсці адтуль без падарунка сябру, сваяку ці сабе любімаму.

Аўтар: Валянціна Міронава