Клёнкі. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1420
Клёнкі

Гэта было ў старадаўні час, яшчэ за князем Паскевічам, якому ўсе навакольныя землі належалі. Багаты быў надзвычай. Для яго вёска-другая — што тая пясчынка ў кургане. Паўсюдна меў ён сваіх спраўнікаў ды стражнікаў, бо сам жа не ўпраўляўся і не паспяваў за ўсім сачыць, таму на іх толькі і разлічваў. Так і гаварыў:

— Я вам давяраю, але калі хто-небудзь нешта ўкрадзе, то галавой давядзецца адплочваць.

Аднаго разу Паскевіч ездзіў ca слугамі па сваіх уладаннях. Прытаміўся, седзячы ў вазку, і кажа вернаму дварэцкаму:

— Ці не час нам дзе-небудзь пад кустом пасядзець? Ды і перакусіць хочацца.
— Толькі знайдзі такое месца, дзе сонца не прыпякала б, бо надакучыла гарачыня. І каб дрэвы былі, а то нейкая лаза ды лаза навокал.
— Слухаю, ваша светласць.

Дварэцкі скокнуў на коніка і паімчаў, адно толькі пыл за ім, як за чортам, закурэўся. Паскевіч заплюшчыў вочы і, пакалыхваючыся ў такт колам, задрамаў. Ён, мабыць, і заснуў, бо прахапіўся і адразу ж гукнуў:

— Дварэцкі?
— Я тут, княжа.
— Ну?
— Баяўся вас будзіць.
— Гэта правільна зрабіў. А месца знайшоў?
— Не, ваша светласць. Не загадвайце караць, княжа, але дрэў навокал няма.
— Як няма?
— Так вось. Адно толькі кустоўе. Лаза ды алешнік пакручасты, і нічога болей.

Дварэцкі стаяў, выцягнуўшыся, перад князем і, здавалася, не дыхаў. Чакаў, небарака, што зараз Паскевіч ускінецца і загадає даць яму бізуноў. Ужо змірыўся з такім паваротам справы, але раздалося зусім іншае:

А чыя гэта зямля?
— Ваша, княжа.
— Ды я не пра тое. Хто тут ад майго імя кіруе?
— Явіцкі, ваша светласць.
— Явіцкі? Давай яго сюды.
— Будзе зроблена, пане.

Не прайшло і пару хвілін, як збялелы Явіцкі згорбіўся ўнізкім паклоне перад Паскевічам. Той, нават не гледзячы на аканома, думаючы пра нешта сваё, мармытнуў:

— Ты тут кіруеш?
— Гэта ўсё ваша, ваша светласць.
— Я ведаю, але ты ад майго імя пастаўлены, таму адказвай: што, дрэваў навокал сапраўды няма?
— Няма ніводнага, пане, толькі кустоўе.
— Дрэнна.
— Што? — вырвалася ў аканома.
Тое, што дрэваў навокал няма. Хацеў я пасядзець, адпачыць крыху ў засені, дык адно кустоўе.
— Ваша светласць, — нясмела звярнуўся дварэцкі, — дазвольце слова сказаць.
— Гавары, калі пачаў. — Паскевіч быў у добрым настроі і таму не злаваўся.
Давайце загадаєм насадзіць тут дрэў. Паўсюдна.
— Насадзіць? А гэта добра задумана, малайчына.

Дварэцкі лез са шкуры:

— Загадаєм, каб у адным месцы садзілі адну пароду, а ў другім — другую.
— А якую параіш тут садзіць?
— У гэтай прыгожай мясціне? Клёнікі. Маладыя клёнікі, ваша светласць.
— Во, а Явіцкаму загадаю, каб ён за імі сачыў і, калі трэба будзе, нават паліваў.

З таго самага дня і пачалі саджаць у той мясцовасці дрэўцы, а каб Явіцкі мог сачыць за ўсім, то яму і людзей дадаткова далі. Пасяліліся яны ў адным месцы і паселішча сваё назвалі Клёнкі, бо даглядалі княжацкі клённік. Так яно і па гэты дзень засталося. Вось толькі дрэў тых болей няма — пападалі адстарасці.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13.