Іпаліт Клімашэўскі

0
249

Іпаліт Клімашэўскі (19.1.1802—18.9.1874) — пісьменнік, педагог, бібліятэкар. Нарадзіўся ў мястэчку Капаткевічы на Мазыршчыне. У 1820-1822 і 1826-1827 вывучаў філасофію ў Віленскім універсітэце. У 1830 ён выдаў «Noworocznik Litewski na 1831» («Літоўскі каляндар на новы 1831»). Прымаў удзел у паўстанні 1830-1831. Пасля задушэння паўстання ў 1832 эміграваў у Францыю. У 1841 разам з А.Астроўскім, В.Звіркоўскім і Ф.К.Гадэбскім заснаваў у Версалі таварыства Віленскай бібліятэкі і на грамадскіх пачатках стаў яе першым бібліятэкарам. Бібліятэка прызначалася для эмігрантаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Меркавалася, што яна стане асновай новага кнігазбору Віленскага універсітэта замест закрытага царскімі ўладамі. Атрымала назву Версальска-Віленскай, або Польскай, бібліятэкі ў Версалі. Пачаткам кнігазбору сталі кнігі, падараваныя Астроўскім, Ф.Зельтнерам і інш., збор рукапісаў самога Клімашэўскага і інш. пісьмовых крыніц, якія тычыліся паўстання і жыцця эмігрантаў. На працягу 1841-1843 Клімашэўскі надрукаваў некалькі інфармацыйных паведамленняў пра бібліятэку. Да 1847 у гэтай бібліятэцы было 4 тыс. тамоў, 2 апрацаваныя каталогі. З 1.10.1847 К. пачаў працаваць дырэктарам эмігранцкай школы ў прыгарадзе Парыжа Батыньёлі і адначасова стаў апекуном школьнай бібліятэкі, якая налічвала 2 тыс. тамоў і папоўнілася за кошт падараванняў, у тым ліку з кнізабору Ю.I. Крашэўскага. Намаганнямі Клімашэўскага ў 1849 школьная бібліятэка аб’яднана з Версальска-Віленскай і рэгулярна папаўнялася з пазнанскіх кнігарняў; ахвяравалі ёй свае кнігі І.Лялевель і інш. У 1865 яна налічвала 21 383 тамы, 5 тыс. малюнкаў і гравюр, 2 тыс. геафафічных карт і больш за 500 рукапісаў. У 1874 з-за адсутнасці памяшкання бібліятэку вырашылі перавезці ў Польшчу ў г. Курнік да кнігазбораў Дзялынскіх. Пасля смерці Клімашэўскага гэты намер ажыццявіў яго пераемнік А.А. Рупрэхт, які ў хуткім часе і сам памёр. У 1880 бібліятэка перайшла да ўласнікаў Курніка Замойскіх, якія ў 1925 стварылі так званы Курніцкі фонд і перадалі яго дзяржаве. У 1953 гэта бібліятэка ўключана ў склад бібліятэк Польскай акадэміі навук, рукапісы з батыньёльскіх збораў захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Літаратура 

Słownik pracowników ksiązki polskiej. Warszawa; Łódź, 1972. S. 415-416.

 

Крыніца:  Асветнікі зямлі беларускай: Х — пачатак ХХ ст., Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001., ст. 235-236.