Казацка-сялянская вайна на Палессі ўлетку 1648 года

0
418
Казацка-сялянская вайна на Палессі ўлетку 1648 года

Казацка-сялянская вайна, якая разгарнулася на абшарах беларускіх паветаў Вялікага княства Літоўскага ў 1648-1651 гадах, адыграла вялізнае значэнне ў далейшым сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці Беларусі. Гэтая вайна з’яўлялася самай масавай у айчыннай гісторыі адкрытай узброенай барацьбой беларускага сялянства і мяшчанства супраць сацыльнага прыгнёту, які выражаўся ў розных формах [1, с. 274]. Вайна стала наступствам шэрагу нацыянальных, рэлігійных, эканамічных і палітычных супярэчнасцей, якія ў сярэдзіне XVII ст. зліліся ў адзіны паток, падзяліўшы грамадства ВКЛ на супрацьлеглыя лагеры. Спе­цыфіка разглядаемага рэгіёна заключаецца ў тым, што тут сувязі паміж мясцовымі жыхарамі і насельніцтвам Украіны былі вельмі блізкімі, дастаткова шмат выхадцаў з беларускага Пaлесся і Падняпроўя знаходзіліся сярод украінскіх казакоў, блізкімі былі і сацыяльна-эканамічныя і этнаканфесійныя праблемы. Задачай артыкула з’яўляецца разгляд падзей Казацка-сялянскай вайны на Беларусі 1648-1651 гадоў на першым яе этапе, даследаванне прычын антыяўрэйскай і антыпольскай тэндэнцый у ходзе барацьбы сацыяльных нізоў.

Сучаснік Казацка-сялянскай вайны Лось у сваіх успамінах слушна адзначае, што адным са складовых элементаў гэтага комплексу супярэчнасцей “быў празмерны прыціск ад паноў рускіх, настолькі вялікі, што дзяцей ахрысціць няможна было без дазволу яўрэяў арэндатараў” [2, с. 2]. Супярэчнасці паміж яўрэямі і мясцовым сялянствам і мяшчанствам былі выкліканы не столькі рэлігійнымі або этнічнымі праблемамі, колькі эканамічнымі прычынамі. Яўрэі занялі ў сацыяльнай стратыфікацыі месца паміж землеўласнікамі і землекарыстальнікамі, стаўшы ўвасабленнем эксплуатацыі сялянства. Менавіта на гэтым фоне этнаканфесійны фактар набываў сваю актуальнасць. Уплыў яўрэйскай вярхушкі дасягнуў такога маштабу, што яна была ў стане нават сарваць праваслаўнае набажэнства. Мінскі ваявода Аляксандр Агінскі ў лісце да кіраўніцтва мінскага кагалу піша, што іх памагатыя “да манастыру прыходзілі, людзей нявінных падчас урачыстасцей хвалебных на могілках пахапалі, збілі і да вязніцы аддалі” [3, с. 249-250]. Другі фактар этнаканфесійных супярэчнасцей быў абумоўлены паступовым аддаленнем мясцовай шляхты ад тутэйшага сялянства, што было звязана з працэсам рэлігійнай і моўнай асіміляцыі шляхты і часткі мяшчанства ВКЛ [4, с. 82-83]. Стварэнне грэка-каталіцкай царквы, спробы яе гвалтоўнага распаўсюджання ў першай чвэрці XVII ст. абвастрылі рэлігійнае пытанне ў грамадстве. Дарэчы, поспехі ўніяцтва ў ВКЛ, нягледзячы на адсутнасць падтрымкі з боку каралеўскай улады ў 30-40-х гг. XVII ст., таксама спрыялі абвастрэнню міжканфесійных адносін у беларускім грамадстве.

Казацка-сялянская вайна на Беларусі 1648-1651 гг. пачалася пад уплывам падзей у Запарожжы і Левабярэжнай Украіне. У першай палове лютага 1648 г. украінскія паўстанцы захапілі Запарожскую Сеч і абралі гетманам Запарожскага войска Багдана Хмяльніцкага. У перыяд з лютага па май 1648 г. у Запарожжы ўтварыўся невялічкі раён, дзе пачалося фарміраванне моцнага казацкага войска, пераманьванне на бок паўстанцаў рэестравых казакоў агульным лікам 6 тысяч, падрыхтоўка паўстання па-за межамі Сечы. Адсюль жа казакі вялі перамовы аб саюзе з Крымскім ханствам, які і быў заключаны да сярэдзіны сакавіка 1648 г. 6 мая і 15 (16) мая 1648 г. пад Жоўтымі Водамі і пад Корсунем казакі разграмілі пасланае супраць іх польскае войска. Гэтыя перамогі дазволілі казакам і іх саюзнікам татарам хваляю разліцца па ўсёй Левабярэжнай Украіне, рабуючы і знішчаючы шляхту, каталіцкае і ўніяцкае духавенства, яўрэйскае насельніцтва гэтага рэгіёна. Сучаснік падзей Яўхім Ерліч напрамкі абвінавачвае ў паражэнні кароннага войска гетмана Мікалая Патоцкага, які „болей гутарыў аб келішках і чарках…аб паннах і маладых дзеўках”, чым аб дабры Рэчы Паспалітай [5, с. 64].

Напрыканцы мая першыя казацкія загоны з’явіліся ў беларускім Палессі, „бо Хмяльніцкі, пачаўшы бунты, таксама і туды паслаў мяцежнікаў, якія на Беларусь і Палессе ўварваўшыся і звычайных падобных сабе назбіраўшы, гарады і вёскі пустошылі” [6, с. 69]. Гарнізоны ВКЛ не былі гатовыя да барацьбы з казакамі, бо галоўная ўвага надавалася небяспецы верагоднай вайны з Расійскай дзяржавай. Смерць караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы 20 мая 1648 г. у спалучэнні з казацкім бунтам зрабіла для магчымай агрэсіі Расійскай дзяржавы спрыяльныя ўмовы. З гэтай прычыны ўрад ВКЛ намагаўся перш за ўсё ўмацаваць памежную сістэму абароны, што адцягнула значную колькасць сіл ад барацьбы супраць казакоў. Крыніцы поўняцца дакладамі, што „Литовскіе де порубежные городы все скръпятъ” [7, с. 217]. Разгром кароннага войска і поўная непадрыхтаванасць войска ВКЛ да такой небяспекі дазволілі казакам напрыканцы мая 1648 г. амаль бесперашкодна ўварвацца ў беларускае Палессе. Дарэчы, 28 мая Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал да казакоў і жыхароў Україны, у якім ён сярод спрадвечна казацкіх зямель называе: …провинціи Сарматскіе, альбо козацкіе наши Руськіе, отъ Подоля, Волыни… ажъ до самого Бильна и Смоленска, а именно землю Кіевскую, Галицкую, Львовскую… Мстиславскую, Витебскую и Полоцкую’ [8, с. 79]. Няцяжка заўважыць, што сваю сацыяльную базу правадыр казакоў бачыў не толькі ў “людзе паспалітым” кароннай Украіне, але і ў праваслаўным насельніцтве беларускіх паветаў ВКЛ. Першую хвалю казацкіх загонаў, якія ўварваліся на Беларусь, узначаліў Галавацкі. Казацкія загоны распаўсюдзіліся па Палессі, заклікаючы сялян і мяшчан далучыцца да іх, што знаходзіла водгук сярод часткі беларускага насельніцтва. Жыхары Брагіна, Лоева, Гомеля самі адчынілі брамы і ўпусцілі казакоў у гарады. Анархія, якая ўсталявалася ў рэгіёне, суправаджалася казацкім тэрорам і шматлікімі зверствамі ў адносінах да каталікоў, уніятаў, яўрэяў. У Гомелі казакі “побили Жидовъ человекъ съ восемьсотъ, съ женами и дътми болши дву тысячь, да тутъ же побили Ляховъ съ щестьсотъ человъкъ” [7, с. 227]. Нягледзячы на неаднаразова адзначаны ў крыніцах факт [7, с. 227], што казакі “Бълорусцевъ де никово не побивають и не грабятъ”, можна зразумець, што беларускія шляхціцы каталіцкага веравызнання не траплялі ў азначэнне “беларусцы” і да іх, відавочна, ставіліся як да “ляхаў”. Толькі такім чвнам можна зразумець, адкуль у невялічкім Гомелі (нават улічваючы тое, што навакольная шляхта ўцякала ў горад) з’явілася такая вялізная колькасць “ляхаў”.

Хутка загоны Галавацкага адышлі на Старадубшчыну, дзе замацаваліся ў Паповай Гары і іншых гарадах гэтага краю. Зыход казакоў з Беларусі можна растлумачьщь адноснай нешматлікасцю першых казацкіх загонаў і іх імкненнем захапіць Старадубшчыну, якая, уваходзячы ў Смаленскае ваяводства, з’яўлялася складовай часткаю ВКЛ. Умацаванне казакоў у Старадубскім павеце з аднаго боку адразала Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі ад зямель кантралюемых урадам, а з другога боку стваралася зручная база для барацьбы на Левабярэжжы Дняпра не толькі на Ўкраіне, але і на Беларусі. На змену першай хвалі казацкіх загонаў у сярэдзіне чэрвеня 1648 г. у Палессе адзін за адным сталі прасочвацца загоны Нябабы, Крывашапкі, Мікуліцкага, Гаркушы, Сакалоўскага, Бута і іншых [9, с. 89]. Гэтыя загоны ў адрозненне ад папярэдніх былі накіраваны для замацавання ў Палессі і Падняпроўі, прыкрыўшы такім чынам правы фланг асноўнага войска Багдада Хмяльніцкага, і, па магчымасці, пашырэння паўстання ў Вялікім княсгве. У чэрвені — ліпені атрады казакаў і далучыўшыхся да іх сялян “захапілі Гомель, Старадуб, Чачэрск … аблажылі Любеч, Лоеў, Халмеч, Рэчыцу, Горваль, Стрэшын” [10, с. 36]. Сяляногва актыўна далучалася да казакоў, стварала ўласныя атрады. Становішча паўстанцаў тут стала настолькі трывалым, што яны перанеслі сваю скарбніцу з Чарнігава ў Гомель. Казакамі стваралася сістэма абароны па Дняпру: Любеч — Лоеў — Холмеч — Горваль — Стрэшын — Рагачоў — Новы Быхаў — Стары Быхаў. Стратэгічнае значэнне ў гэтым ланцугу абароны мелі Рэчыца і Мазыр, якія Хмяльніцкі загадаў захапіць і пільна абараняць [11, с. 106]. Да верасня 1648 г. “города, которые объединились и показачились, — это… Мозырь, Речица, Гомель, Туров, Лоев, Бобр и другие” [11, с. 105]. Усяго ў жніўні 1648 г. пад Брагінам сабралося каля 12000 казакоў палкоўніка Кізімы, пад Рэчыцай стаяў казацка-сялянскі атрад палкоўніка Кемкі ў 3000 шабель, у Рэчыцы было каля 700 тутэйшых лаўстанцаў на чале з казацкім палкоўнікам Пакусіным. Паўстаўшыя жыхары Мазыра стварылі атрад з 400 сялян і мяшчан пад кіраўніцтвам Івана Столяра, на дапамогу якому напачатку жніўня падыйшоў загон у дзве тысячы казакоў Яна Сакалоўскага, а пазней — Міхненкі [11, с. 103-106, 161-163]. Двухтысячны атрад на чале з Пракопам Цэўкам стварылі мяшчане Турава. Паўстанцкія атрады былі створаны таксама жыхарамі Кажан-Гарадка і Давід-Гарадка [12]. Арганізаванага супраціўлення з боку шляхты казакі не сустрэлі, што было звязана з нечаканасцю казацкага нападу на ВКЛ. За свае грошы сабралі жаўнераў харунжы ВКЛ Ян Пац, абозны ВКЛ Уладзіслаў Халецкі. Пісар польны Уладзіслаў Валовіч сваім коштам узброіў 3 харугвы на абарону Мазырскага павету. Аршанская шляхта сабралася пад кіраўніцтвам князя Друцкага-Горскага. Аднак адсутнасць адзінага кіраўніцтва шляхецкіх войскаў асуджала іх дзеянні на правал. Летам 1648 г. атрад пад кіраўніцтвам Мірскага пераправіўся праз Бярэзіну каля мястэчка Горваль, накіроўваючыся да Рэчыцы, але тут ён быў сустрэты казакамі Гаркушы, якія прымусілі яго спехам адступіць [13, с. 114]. Услед за тым каля Загалля быў разбіты атрад Валовіча. Паражэнне двух шляхецкіх атрадаў стварыла спрыяльныя ўмовы для замацавання казакоў у Палессі і захопу Пінска, жыхары якога ў кастрычніку 1648 г. адчынілі ім брамы горада [3. 383-384}. Захоп Пінска стаў кульмінацыяй замацавання казакоў у Палессі.

Варта адзначыць, што сам Б. Хмяльніцкі не далучаў паўстанцкія фарміраванні мясцовых сялян да казакоў, абураючыся тым, што яны называюць сябе Войскам Запарожскім і пагражаючы ім “на горло покарати” [14, с. 87-88]. Гэта паказвае, што на Беларусі сталі ўтварацца свае, вельмі нетрывалыя, псеўдаказацкія атрады. Такім чынам, можна адзначыць, што за вельмі кароткі час з канца мая да кастрычніка 1648 г. украінскія казакі замацаваліся ў беларускім Палессі, якое стала базаю казакоў у ВКЛ. Менавіта адсюль казацкія загоны сталі распаўсюджвацца ў цэнтральную Беларусь, даходзячы да Мінска і Магілёва. У самім Палессі пачаўся працэс паказачвання сялянства і мяшчанства, а побач з вайною ўкраінскага казацтва пачалося грандыёзнае антыфеадальнае паўстанне беларускага “люду паспалітага”.

Літаратура

  1. Г. Сагановіч, Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя, Мінск, ’’Энцыклапедыкс”, 2001.
  2. Pamiętniki Łosia towarzysza chorągwi pancernej Władysława margrabi Myszkowskiego wojewody Krakowskiego, obiejmujące wydarzenia od r. 1646 do 1667, Kraków: Nakładem księgarni D E. Friedlena, 1858.
  3. Собраніе древнихъ грамотъ и актовъ городовъ Минской губерній, православныхъ монастырей, церквей и по разными предметами, Минскъ: Въ Губернской типографии, 1848.
  4. К. Piwarski, Opozycja litewska pod koniec XVII wieku, Pamiętnik V powszechnego zjazdu historyków polskich w Warszawie, Lwów: Nakładem polskiego towarzystwa historzcznego, 1931, S. 82-83.
  5. Latopisiec albo kroniczka Joachima Jerłicza, Warszawa. W druk. Wienhoebera, 1853,
  6. Pamiętnik o wojnach kozackich za Chmielnickiego przez Nieznanego autora, Wydanie z rękopismu, Wrocław: Nakładem Zygmunta Schlettera, 1842.
  7. Акты, относящееся къ ucmopiu Южной и Западной Pocciu, собранные и изданные Археографическою комиссіею, СПб.: Вътип. П.А. Кулиша, 3 (1861), 604, 134, 22 с.
  8. Акты, относящееся къ ucmopiu Западной Pocciu, Спо.: В тип. Э. Праца, 5 (1853), VII, 288, 7, 21 с.
  9. Historya panowania Jana Kazimierza przez nieznajomego autora. Wydana z rękopismu przez Edwarda Raczyńskiego, Poznań, 1 (1840).
  10. Чернигову 1300 лет: Сб. документов и материалов, Киев: Наукова думка, 1990.
  11. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг., Киев. Наукова думка, 1965.
  12. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), ф. 694, воп. 6, спр. 4233, лл. 569-672.
  13. Kotłubaj Е. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno-Witebsk, 1859.
  14. Документи Богдана Хмельницького (1648-1657), Киев, Вид-во Акад. Наук УРСР, 1961.

Аўтар: С.А.Чаропка
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №2 (29), 2005. С. 138-141.