Казакі на Палессі летам 1648 года

0
733
Казакі на Палессі летам 1648 года

Казацка-сялянская вайна, якая разгарнулася на абшарах беларускіх паветаў Вялікага княства Літоўскага ў 1648-1651 гадах, адыграла вялізнае зна­чэнне ў далейшым сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці Беларусі. Гэтая вайна з’яўлялася самай масавай у айчыннай гісторыі адкрытай узброенай барацьбою беларускага сялянства і мяшчанства супраць сацыяльнага прыгнёту, які выражаўся у розных формах. Вайна стала следствам шэрагу нацыянальных, рэлігійных, эканамічных і палітычных супярэчнасцей, якія ў сярэдзіне XVII ст. зліліся ў адзіны когілекс, падзяліўшы грамадства ВКЛ на супрацьлеглыя лагеры. Этнаканфесійныя супярэчнасці былі абумоўлены паступовым аддаленнем мясцовай шляхты ад тутэйшага сялянства, што было звязана з працэсам рэлігійнай і моўнай асіміляцыі шляхты і часткі мяш­чанства ВКЛ [1, с. 82-83]. Стварэнне грэка-каталіцкай царквы, спробы яе гвалтоўнага распаўсюджання ў першай чвэрці XVII ст. абвастрылі рэлігійнае пытанне ў грамадстве ВКЛ. Дарэчы, поспехі уніяцтва ў ВКЛ, нягледзячы на адсутнасць падтрымкі і, нават нейкае варожае стаўленне да яе з боку каралеўскай улады ў 30-40-х гг. XVII ст., таксама спрыялі абвастрэнню міжканфесійных адносін у беларускім грамадстве.

Казацка-сялянская вайна на Беларусі 1648-1651 гг. пачалася пад уплывам падзей у Запарожжы і Левабярэжнай Украіне. Напрыканцы мая першыя казацкія загоны з’явіліся ў беларускім Палессі. Гарнізоны ВКЛ не былі гатовыя да барацьбы з казакамі, бо галоўная ўвага надавалася небяспецы верагоднай вайны з Расійскай дзяржавай. Смерць караля Ўладзіслава 20 мая 1648 г. у спалучэнні з казацкім бунтам зрабіла для магчымай агрэсіі Расій­скай дзяржавы спрыяльныя ўмовы. З гэтай прычыны ўрад ВКЛ намагаўся перш за ўсё ўмацаваць памежную сістэму абароны, што адцягнула значную колькасць сіл ад барацьбы супраць казакоў. Крыніцы поўняцца дакладамі, што “Литовскіе де порубежные городы все скръпятъ” [2, с. 217]. Разгром кароннага войска і поўная непадрыхтаванасць войска ВКЛ да такой небяспекі дазволілі казакам напрыканцы мая 1648 г. амаль бесперашкодна ўварвацца у беларускае Палессе. Дарэчы, 28 мая Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал да казакоў і жыхароў Украіны, у якім ён сярод спрадвечна казацкіх зямель называе: “…провинціи Сарматскіе, альбо козацкіе наши Руськіе, оть Подоля, Волыни… ажъ до самого Вильна и Смоленска, а именно землю Кіевскую, Галицкую, Львовскую…, Мстиславскую, Витебскую и Полоцкую” [3, с. 79]. Першую хвалю казацкіх загонаў, якія ўварваліся на Беларусь, узначаліў Галавацкі. Казацкія загоны распаўсюдзіліся па Палессі, заклікаючы сялян і мяшчан далучыцца да іх, што знаходзіла водгук сярод часткі беларускага насельніцтва. Жыхары Брагіна, Лоева, Гомеля самі адчынілі брамы і ўпусцілі казакоў у гарады. Анархія, якая ўсталявалася ў рэгіёне, суправаджалася казацкім тэрорам і шматлікімі зверствамі ў адносінах да каталікоў, уніятаў, яўрэяў. У Гомелі казакі “побили Жидовъ человъкъ съ восемьсотъ, съ женами и детьми болши дву тысячь, да туть же побили Ляховъ съ щестьсотъ че­ловъкъ” [2, с. 277]. Нягледзячы на тое, што крыніцы неаднаразова адзначаюць, што казакі “Бълорусцевъ де никово не побиваютъ и не грабятъ”, можна зразумець, што беларускія шляхціцы каталіцкага веравызнання не траплялі ў азначэнне “беларусцы” і да іх, відавочна, ставіліся як да “ляхаў”. Толькі такім чынам можна зразумець, адкуль у невялічкім Гомелі (нават улічваючы тое, што навакольная шляхта ўцякала ў горад) такая вялізная колькасць “ляхаў” [2, с. 227].

Хутка загоны Галавацкага адышлі на Старадубшчыну, дзе замацаваліся ў Паповай гары і іншых гарадах гэтага краю. На змену першай хвалі казацкіх загонаў у сярэдзіне чэрвеня 1648 г. у Палессе адзін за адным сталі прасочвацца загоны Нябабы, Крывашапкі, Мікуліцкага, Гаркушы, Сакалоўскага, Бута і іншых [4, с. 89]. Гэтыя загоны ў адрозненне ад папярэдніх былі накіраваны дзеля таго, каб яны замацаваліся ў Палессі і Падняпроўі, прыкрыўшы такім чынам правы фланг асноўнага войска Багдана Хмяльніцкага, і, па магчымасці, пашырылі паўстанне на Вялікім княстве. У чэрвені — ліпені атрады казакаў і далучыўшыхся да іх сялян “захапілі Гомель, Старадуб, Чачэрск … аблажылі Любеч, Лоеў, Халмеч, Рэчыцу, Горваль, Стрэшын” [5, с. 36]. Сялянства актыўна далучалася да казакоў, стварала ўласныя атрады. Стано­вішча паўстанцаў тут стала настолькі трывалым, што яны перанеслі сваю скарбніцу з Чарнігава ў Гомель. Казакамі стваралася сістэма абароны па Дняпру: Любеч — Лоеў — Холмеч — Горваль — Стрэшын — Рагачоў — Новы Быхаў — Стары Быхаў. Стратэгічнае значэнне ў гэтым ланцугу абароны занялі Рэчыца і Мазыр, якія Хмяльніцкі загадаў захапіць і пільна абараняць [6, с. 106]. Да верасня 1648 г. “Города, которые объединились и показачились, — это… Мозырь, Речица, Гомель, Туров, Лоев, Бабура и другие” [6, с. 105]. Усяго ў жніўні 1648 г. пад Брагінам сабралося каля 12000 казакоў палкоўніка Кізімы, пад Рэчыцай стаяў казацка-сялянскі атрад палкоўніка Кемкі ў 3000 шабель, у Рэчыцы было каля 700 тутэйшых паўстанцаў на чале з казацкім палкоўнікам Пакусіным. Паўстаўшыя жыхары Мазыра стварылі атрад з 400 сялян і мяшчан пад кіраўніцтвам Івана Столяра, на дапамогу якому напачатку жніўня падыйшоў 2-тысячны атрад казакоў Яна Сакалоўскага, а пазней Міхненкі [6, с. 103-106, 61-163]. 2-тысячны атрад на чале з Пракопам Цэўкам стварылі мяшчане Турава. Паўстанцкія атрады былі створаны таксама жыхарамі Кажан-Гарадка і Давід-Гарадка [7]. Арганізаванага супраціўлення з боку шляхты казакі не сустрэлі, што было звязана з нечаканасцю казацкага нападу на ВКЛ. За свае грошы сабралі жаўнераў харунжы ВКЛ Ян Пац, абозны ВКЛ Уладзіслаў Халецкі. Пісар польны Уладзіслаў Валовіч сваім коштам узброіў 3 харугвы на абарону Мазырскага павету. Аршанская шляхта сабралася пад кіраўніцтвам князя Друцкага-Горскага. Аднак адсутнасць адзінства кіраўніцтва шляхецкіх войскаў асуджала іх дзеянні на правал. Летам 1648 г. атрад пад кіраўніцтвам Мірскага пераправіўся праз Бярэзіну каля мястэчка Горваль, накіроўваючыся да Рэчыцы, але тут ён быў сустрэты казакамі Гаркушы, якія прымусілі яго спехам адступіць [8, с. 114]. Услед за тым, каля Загалля, быў разбіты атрад Валовіча. Паражэнне двух шляхецкіх атрадаў стварыла спрыяльныя ўмовы для замацавання казакоў у Палессі і захопу Пінска, жыхары якога ў кастрычніку 1648 г. адчынілі казакам брамы горада. Захоп Пінска стаў кульмінацыяй замацавання казакоў у Палессі.

Такім чынам, можна адзначыць, што за вельмі кароткі час з канца мая да кастрычніка 1648 г. украінскія казакі замацаваліся ў беларускім Палессі, якое стала базаю казакоў у ВКЛ. Менавіта адсюль казацкія загоны сталі распаўсюджвацца ў цэнтральную Беларусь, даходзячы да Мінска і Магілёва. У самім Палессі пачаўся працэс наказачвання сялянства і мяшчанства, а побач з вайною украінскага казацтва пачалося грандыёзнае антыфеадальнае паўстанне беларускага “люду паспалітага”. Варта адзначыць, што сам Б. Хмяльніцкі не далучаў паўстанцкія фарміраванні мясцовых сялян да казакоў, абураючыся тым, што яны называюць сябе Войскам Запарожскім і пагражаючы ім “на горло покарати” [9, с. 87-88]. Гэта паказвае, што на Беларусі сталі ўтварацца свае, вельмі нетрывалыя, псеўдаказацкія атрады.

  1. Piwarski К. Opozycja litewska pod koniec XVII wieku // Pamiкtnik Vpowszechnego zjazdu historykу w polskich w Warszawie. — Lwуwnakіadempolskiegotowarzystwahistorzcznego, 1931. — 412 s. — S. 82-83.
  2. Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Россіи, собранные и изданные Археографическою комиссіею. — СПб.: Въ тип. П.А. Кулиша, 1861. — Т. 3. — 22 с.
  3. Акты, относящіеся къ исторіи Западной Россіи. — Спб.: В тип. Э. Праца, 1853. — Т. 5. — VII, 288, 7, 21 с.
  4. Historya panowania Jana Kazimierza przez nieznajomego autora. Wydana z rкkopismu przez Edwarda Raczyс — Т. 1.Poznaс, 1840.
  5. Чернигову 1300 лет: Сб. документов и материалов. — Киев, Наукова думка, 1990 — 368 с.: ил.
  6. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — Киев: Наукова думка, 1965. — 825 с.
  7. НГАБ, ф. 694, воп. 6, спр. 4233, лл. 569-672.
  8. Kotіubaj Е. Їycie Janusza Radziwiіі — Wilno-Witebsk, 1859 — 460 s.
  9. Документа Богдана Хмельницького (1648-1657). — К.: Вид-во Акад. Наук УРСР, 1961. — 740 с.

Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: Славянский мир Полесья в древности и средневековье: Материалы Международной историко-археологической конференции (19-20 октября 2004 г.) / Гомельский областной исполнительный комитет, Учреждение образования «Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины», кафедра истории славян и специальных исторических дисциплин, НИИ истории и культуры восточнославянских народов. — Гомель, 2004. Ред. кол. О.А. Макушников (гл. ред.) и др. — Гомель. — 205 с. Ст. 184-186.