Каталіцкая царква ў Гомелі ў ХХ стагоддзі

0
1605
касцёл, Гомель, костел, старый

Адразу зробім некаторыя тэрміналагічныя ўдакладненні. Звычайна ў нашай літаратуры для абазначэння рэлігійнай арганізацыі а таксама культавага будынка ў праваслаўных ўжываюць тэрмін царква , а ў каталікоў – касцёл . На наш погляд, больш слушным было б ужываць тэрмін “царква” таксама і ў дачыненні да каталіцтва. Бо касцёл – чыста польскі адпаведнік лацінскага castelium, і ў беларускай мове яўна ўспрымаецца як запазычаны тэрмін. Пры ўжыванні яго для абазначэння рэлігійнай арганізацыі ўзнікае, у прыватнасці, наступная праблема. Як вядома, спачатку, да 1054 года, хрысціянства было адзіным і не падзялялася на праваслаўе і каталіцтва. Для абазначэння рэлігійнай арганізацыі гэтага непадзельнага хрысціянства ў беларускай мове ўжываецца тэрмін “царква”. Ён жа выкарыстоўваецца і ў перакладах Бібліі: “на камяні гэтым я збудую Царкву маю” Мц. 16. 18 (пераклад В. Сёмухі). У польскай мове для абазначэння першапачатковай хрысціянскай рэлігійнай арганізацыі ўжываецца тэрмін kosciol. Пры такім словаўжыванні, на наш погляд, непазбежна узнікаюць непаразуменні. Атрымліваецца, што спачатку існавала “царква”, заснавальнікам якой, згодна з Бібліяй, з’яўляецца сам Ісус Хрыстос, а потым узнік нейкі “касцёл”. Апроч таго, узнікае праблема, як абазначаць каталіцкія рэлігійныя арганізацыі, напрыклад, у Ірландыі ці Іспаніі, відавочна, што тэрмін касцёл тут непрыдатны. Таму, на наш погляд, слушна разам з тэрмінам касцёл ужываць як сінонім выраз каталіцкая царква, для абазначэння як культавага будынка, так і рэлігійнай арганізацыі: “каталіцкая царква ў гатычным стылі” і “уплыў каталіцкай царквы на культуру Беларусі”.

Згодна з той жа логікай, здаецца слушным для абазначэння другой ступені святарства ў каталіцкай царкве ўжываць разам з ксёндз (чыста польскае слова) каталіцкі святар і айцец.

Трэба адзначыць, што заўвагі гэтыя маюць характар хутчэй пажаданняў, чым прадпісанняў. Бо вядома, што, пачынаючы з канца ХVII ст. на Беларусі, і у каталіцкай царкве ў асаблівасці, узмацняецца працэс паланізацыі. У ХХ ст. мы назіраем ягоныя вынікі. Таму ўжыванне тэрмінаў касцёл і ксёндз адпавядае рэальна існуючаму ў гэтыя часы стану рэчаў. Але ў канцы ХХ ст. адбываюцца працэсы пераадолення ненармальнай сітуацыі ў грамадстве, у тым ліку і ў сферы рэлігіі. У каталіцкай царкве ў Гомелі гэта праявілася таксама і ў працэсе беларусізацыі рэлігійнага жыцця. Таму заўвага наконт ужывання тэрмінаў касцёл і ксёндз тычыцца сучаснага стану а таксама перспектывы.

Шмат якія даследчыкі сцвярджаюць, што ХХ ст.—пераломны час ў гісторыі хрысціянства, калі яно падверглася ганенням, падобным на тыя, якія былі ў першыя стагоддзі яго гісторыі, і, як у гэтыя часы, паказала сваю сілу і жыццяздольнасць.

касцёл, Гомель, костел, старыйГісторыя каталіцкай царквы ў Гомелі налічвае каля 400 гадоў. Яшчэ ў ХVII cт. тут будаваліся каталіцкія цэрквы. Да рэвалюцыі Гомельская парафія мелы статус дэканата, гэта значыць, яе пробашч быў каардынатарам для дзесяці парафій. У 1917 г. пробашчам і дэканам у Гомелі быў а. Антоній Ячэйка. Ён меў двух памочнікаў: вікарыяў а. В. Васілеўскага і а. Ю. Ворслава. Да Гомельскай парафіі тады належылі капліцы ў вёсках Баршчоўка, Грабаўка, Антонаўка, Борхуў, Ціхінічы, Засоўе, Касцюкаўка, Міхалкі, Сноўск, Лапічы, Новазыбкаў. Яны абслугоўваліся святарамі з Гомеля. У самім Гомелі была адна капліца і адна царква пад назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, пабудаваная ў 1822 годзе пад патранажам графа Мікалая Пятровіча Румянцава архітэктрам Джонам Кларкам у стыле неакласіцызму. Будынак царквы знаходзіўся на месцы перакрыжавання цяперашняй Пралетарскай вуліцы і праспекта Леніна.

Гісторыя каталіцкай царквы ў Гомелі ў ХХ ст – частка трагічнай гісторыі рэлігіі часоў камуністычнага панавання. Трэба адзначыць, што ў бальшавікоў было дакладна вызначанае і ідэалагічна абумоўленае стаўленне да розных канфесій, вынікам чаго з’явілася наяўнасць у першыя дзесяцігоддзі савецкай улады розных тэрмінаў разгортвання рэпрэсій і іх жорсткасць. Так на фоне агульнага стаўлення да рэлігіі як для “опіуму народа”, іслам лічыўся рэлігіяй каланізаваных народаў, і ў 20-я гады да яго было вельмі лаяльнае стаўленне. Розныя пратэстанцкія секты разглядаліся як кірункі, якіх пераследавалі ў царскай Расіі (дарэчы, так яно і было), і рэпрэсіі супраць іх пачаліся з канца 20-х гадоў. Праваслаўе і каталіцтва былі адразу ж успрыняты савецкім кіраўніцтвам як варожая сіла; першае за тое, што з’яўлялася пануючай рэлігіяй пры царызме, другое разглядалася як знешняя палітычная сіла, “агент імперыялізму”. Таму жорсткія рэпрэсіі супраць гэтых хрысціянскіх кірункаў бальшавікі разгарнулі адразу ж пасля захопу ўлады. Адной з першых ахвяр пераследу католікаў ў Гомелі з’явіўся а. Павел Бірнік, расстраляны чэкістамі ў 1919 годзе.

ксёндз, ІльінПакутніцкі скончылі жыццё ўсе каталіцкія святары ў Гомелі, якія былі тут да Вялікай Айчыннай вайны. У 20-х гадах пробашчам Гомельскай каталіцкай царквы з’яўляўся а. Канстанцін Андрэкус. 5 чэрвеня 1933 года ён быў арыштаваны па абвінавачванню ў стварэнні ў Гомелі з веруючых палякаў контррэвалюцыйнай арганізацыі ПАВ (“Польскай арганізацыі вайсковай”). Разам з ім былі арыштаваны 54 чалавекі з ліку прыхаджан. Па пастанове “тройкі” ад 24 лютага 1934 года а. Андрэкус быў заключаны ў лагер на 10 год. Далейшы лёс яго невядомы. У 1957 годзе ён быў рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі.кс. Вінцэнт Ільін
ксёндз, ШацілаЗ 1934 года пасля арышту а. Андрэкуса Гомельскую каталіцкую парафію абслугоўваў а. Уладзіслаў Кунда. Арыштаваны ён быў 5 снежня 1935 года Рагачоўскім раённым аддзелам НКУД (НКВД). Абвінавачваўся як кіраўнік “Польскай контррэвалюцыйнай групы” (з ім было арыштавана яшчэ 8 чалавек). Растралялі а. Кунду ў 1938 годзе.

З красавіка 1937 года пробашчам ў Гомелі робіцца а. Франц Чырскі. Арыштаваны ён быў у тым жа годзе. Абвінавачваўся як адзін з кіраўнікоў “Польскай арганізацыі вайсковай”. Расстраляны ў лістападзе 1937 года.

У пачатку 20-х гадоў будынак каталіцкай царквы ў Гомелі быў зачынены, а ў 1938 годзе разбураны ўладамі наогул. З гэтага часу афіцыйнае існаванне каталіцтва ў Гомелі спыняецца, і пачынаецца падпольнае. Веруючыя сустракаліся ў хатах кожную нядзелю і па святах. Маліліся на Ружанцы, спявалі рэлігійныя песні. Самі хрысцілі дзяцей – каталіцкія святары, прадчуваючы, што будуць ганенні, падрыхтавалі людзей, якія маглі гэта рабіць.

У час Вялікай Айчыннай вайны адбываюцца змены ў стаўленні савецкіх улад да рэлігійных кірункаў. Спыняюцца адкрытыя рэпрэсіі супраць праваслаўнай царквы. Прычынай гэтага з’яўляецца паслядоўна патрыятычная пазіцыя, занятая кіраўніцтвам Рускай праваслаўнай царквы з першых дзён фашысцкага нашэсця. Ужо 22 чэрвеня 1941 г. мітрапаліт Сергій звярнуўся да духавенства і веруючых з пасланнем, дзе заклікаў устаць на абарону Айчыны. Царква арганізоўвала збор сродкаў на дапамогу фронту. На сабраныя грошы была, напрыклад, пабудавана танкавая калона “Дзмітрый Данскі”. У верасні 1943 г. у Крамлі адбылася сустрэча Сталіна з кіраўніцтвам РПЦ, на якой было дамоўлена аб узнаўленні патрыяршаства, адкрацці раней зачыненых цэркваў, духоўных навучальных устаноў і г.д. Але з 1948 г. пачалося новае наступленне на праваслаўе. Зноў зачыняюцца цэрквы, манастыры і семінарыі.

Рэпрэсіі ж супраць каталіцкай царквы не супыняліся, яна па-ранейшаму разглядалася як сродак імперыялістычнага ўплыву. Да сярэдзіны 1946 г. усе каталіцкія храмы ва ўсходніх раёнах БССР, адчыненыя пры немцах, былі зноў зачынены. Скарацілася колькасць храмаў і ў заходніх абласцях. Калі ў 1945 г. іх тут дзейнічала 387, дык у 1951 — 154. Абвастрыліся рэпрэсіі супраць каталіцкіх святароў, іх колькасць за 1946 –1950 гг. скарацілася больш чым напалову. У 1947 г. ім было забаронена праводзіць любыя заняткі з дзецьмі. Святароў не рэгістравалі і не давалі магчымасці працаваць на Беларусі. Частка з іх была вымушана выехаць у Польшчу. У Гомелі пасля вайны доўгі час не было свайго каталіцкага святара. Прыязджалі святары з іншых месцаў. Першым такім святаром быў а. Мячыслаў Малыніч, якога да гэтага часу памятаюць прыхаджане старэйшага веку. Упершыню ён прыехаў у Гомель у 1946 годзе. У 1949 годзе а. Малыніч быў арыштаваны і асуджаны на 10 (па іншых звестках – 15) год зняволення, але пасля вызвалення зноў і зноў прыязджаў у Гомель і адпраўляў імшы па дамах веруючых. Памёр а. Малыніч ў 1969 г.

У 70-80-я гады ў Гомель прыязджаў а. Уладзімір з Вільні. Звычайна гэтыя прыезды прымяркоўваліся да святаў Пасхі і Раства.

Адраджэнне каталіцтва на Беларусі пачалося ў канцы 80-х гг. З 1987 г. адбываецца няўхільны рост колькасці прыходаў і вернікаў. Вялікі ўплыў на гэты працэс аказала сустрэча Генеральнага сакратара ЦК КПСС Прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова з папам Янам Паўлам П, якая адбылася 1 снежня 1989г. 28 чэрвеня 1989 года Савет па справах рэлігіі пры Саўміне СССР пратаколам № 7 зарэгістраваў “религиозное общество верующих Римско-Католической церкви в г. Гомеле Белорусской ССР”

І менавіта ў 1989 г. У Гомель прыязджае малады каталіцкі святар з Люблінскай епархіі Славамір Ляскоўскі. У гэты час веруючыя збіраліся ў старожцы на могілках у Навабеліцы насупраць мясакамбіната. У асноўным гэта былі жанчыны сталага ўзросту, прыкладна 30 чалавек.

Гомель, костел, касцёлСтвораная каталіцкая суполка пачала актыўна дабівацца ад улад горада будынка, дзе можна было б ажыццяўляць рэлігійнае жыццё. 20 лютага 1990 года рашэннем № 50 Гомельскага гарадскога савета народных дэпутатаў рымска-каталіцкай суполцы быў перададзены будынак па вул. Савецкай, 118, які ў той час належыў камбінату “Мастацтва”. У чэрвені 1990 г. суполка гомельскіх рыма-католікаў перабралася з старожкі на могілках у будынак па Савецкай Гэты будынак атрымаў статус капліцай.

Восенню 1991 года пачаўся яе рамонт, а з 1994 на базе капліцы пачалі будаваць царкву. На будоўлі шмат працавлі самі прыхаджане, грошы збіраліся адзінаверцамі з Аўстрыі і Італіі. Асвечаная каталіцкая царква ў Гомелі была 9 снежня 2000 года кардыналам Казімірам Свёнтэкам. Ёй нададзена імя Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Трэба адзначыць, что тыя святары, якія прыязджалі ў Гомель ў якасці вікарыяў а. Славаміра, былі з Люблінскай епархіі. Усе яны скончылі знакаміты Люблінскі каталіцкі універсітэт, які з’яўляецца адным з цэнтраў каталіцкай адукацыі. Гэта а. Гжэгаш Хлудэк (быў вікарыям у 1993-1998 гг., зараз пробашч у Рэчыцы), а. Тадэуш Самарэк (1999-2002 гг., зараз пробашч у Светлагорску, замест а. Яна Саламона, які стаў рэктарам каталіцкай семінарыі ў Пінску), а Петр Голец (з 2003 па цяперашні час).

Таксама каталіцкімі святарамі зрабіліся выхадцы з Гомеля: а. Павел Халяўкін (скончыў Гарадзенскую каталіцкую семінарыю, пасвечаны ў 1998 г.), а. Генадзь Казлоў (пасвечаны ў 2000 г.), а. Аляксандр Каліноўскі (у 2001 г.) і а. Аляксандр Драбышэўскі (у 2001 г.). Тры апошнія святары скончылі місіянерскую семінарыю Redemptores Mater (Маці Выратавальніка) у Варшаве. Зараз у гэтай семінарыі вучыцца жыхар Гомеля Мікалай Фокін.

Сёння колькасць пастаянных прыхаджан у Гомельскай каталіцкай царкве складае прыкладна 600 чалавек, на Раство і Пасху прыходзіць больш за тысячу. Дзейнічае нядзельная школа. У адпаведнасці з рашэннямі Другога Ватыканскага сабора (1962-1965) вядзецца праца па катэхізацыі дарослых. Людзі рыхтуюцца да прыняцця таінстваў хрышчэння, мірапамазання, шлюбу. Каталікі з Гомеля рэгулярна выязджаюць на сустрэчы з Папам Рымскім. Першая такая паездка была ў Беласток у чэрвені 1991 г., апошняя – у Кёльн у жніўні 2005.

Працуе дабрачынная арганізацыя “Caritas – Милосердие”, аказваецца дапамога найбольш бедным людзям. У верасні 1991 г. у Гомель прыехалі манашкі ордэна Маці Тэрэзы ( “Місіянеркі любві”). Гэты ордэн працуе па ўсім свеце сярод самых абездоленых людзей, яго заснавальніца Маці Тэрэза Калькуцкая ў 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію “За дзейнасць у дапамогу чалавецтву ў пакутах”. У 2003 г. яна была абвешчана Папам Янам Паўлам ІІ блажэннай. Зараз у Гомелі 6 манашак гэтага ордэна: з Індыі, Конга і Польшчы.

З 1997 г. ў Журавічскім доме для дзяцей-інвалідаў, ад якіх адмовіліся бацькі, Рагачоўскага раёна працуюць чатыры манашкі ордэна Бенедэктынак-самарыцянак. Таксама ў Навабеліцы будуецца дом і цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-сірат з цяжкімі формамі інваліднасці, працаваць у якім будуць бенедэктынкі-самарыцянкі.

Згодна з рашэннямі Другога Ватыканскага сабора, служба ў Гомельскай каталіцкай царкве вядзецца на нацыянальнай, гэта значыць, беларускай мове. Але трэба ўдакладніць, што па-беларуску кажуцца асноўныя багаслужэбныя формулы, а казанне адбываецца на той мове, якая больш зразумела людзям, гэта значыць, па-руску. Таксама ёсць адна служба на тыдзень, якая ведзецца цалкам па-польску. Але святары даволі крытычна ставяцца да ведання прыхаджанамі польскай мовы, і калі трэба зрабіць нейкія важныя аб’явы, пераходзяць на рускую. Наогул для гомельскіх каталіцкіх святароў характэрна паслядоўнае трыманне адлегласці ад польскай спецыфікі і падкрэсліванне, што каталіцкая царква мае сусветны характар (грэц. katholikos – агульны, сусветны) і звяртаецца да ўсіх людзей, незалежна ад нацыянальнасці.

Аўтар: В.А. Адзіночанка