Кастусь Жукоўскі (конкурс “Чалавек, якім я ганаруся”)

0
1016

Суд над ім учынілі,

І ў тым паядынку няроўным

Ён ад іх бараніўся як мог

Словам праведным родным.


Мовай маці-зямлі

Ён прабіцца хацеў у іх сэрцы,

Ды яго зразумець не маглі,

Бо былі… іншаземцы:

 

Ні адзін, хто яго

Вінаваціў у цяжкай крамоле,

Ані слова ў судзе

Мовай гэтай зямлі не прамовіў!

 

Ніл Гілевіч

26.01.94

 

Пазнаёміліся мы не адразу і досыць нечакана.

Упершыню я ўбачыў гэтага чалавека ў ролі Ан. Сыса. Калі б ён не падглядваў у сцэнар, то можна было падумаць, што сам Сыс расказвае пра сваё жыццё, настолькі гэта было натуральна і шчыра.

А завочна пра яго даведаўся яшчэ раней: мне трэба было пабачыцца з Андрэем Мельнікавым і той прызначыў сустрэчу на Кніжнай, 10: “Там мой знаёмы, які вярнуўся з Масквы, будуе сабе дом, і я яму дапамагаю”. Па прыкметнай бел-чырвона-белай шыльдзе з нумарам дому вынікала, што чалавек гэты неардынарны і што ён – наш.

На культурніцкай глебе пачалося нашае сяброўства. Спачатку была калядная акцыя, дзе мы ў ролі Сьв. Мікалая, Лесавіка і Балотнага Чорта віншавалі дзетак з прытулку. Лесавіком ён атрымаўся не абы-якім, хоць словы ўсё роўна ніяк не запаміналіся: -Няма часу, бацькавіч! Рэпетыцыі заўсёды адбываліся ў ягонай хаце, а пасьля там жа пачалі зьяўляцца ўсё новыя людзі, якіх ён дзівосным чынам згуртоўваў дзеля нейкай новай справы па адраджэнню Беларушчыны. Некалькі разоў яго садзілі на “суткі”, адкуль ён выходзіў схуднелы, але не зломлены, і з яшчэ большым імпэтам працягваў пачатае, кожны раз выслухоўваючы абяцанні жонкі разьвесьціся.

Кастусь Жукоўскі, а гэта расповед менавіта пра яго, для мяне ёсць увасабленнем беларуса-змагара, які не забываецца пра свае карані, пра сваю родную вёску Яланы, які спадзяецца на Бога і кіруецца ў жыцці хрысьціянскімі прынцыпамі, імкнецца дапамагчы кожнаму, каму неабходна, часьцей задарма. Часам здаецца, што яму ўставілі маторчык-ён не можа ўседзець без працы, не разьдзяляючы яе на мужчынскую і жаночую. Пашыць сьцягі ці надрукаваць нешта на кампутары, зварыць ці прыбраць у хаце-толькі сам. Нават у судзе сам сябе бараніў. А ў вольны час – на рыбу, якую ён звычайна ловіць рукамі.

Лета для нас пачалося падрыхтоўкай да выбараў. Акруга Кастусю, як кандыдату ў дэпутаты, выпала нялёгкая – цэлых тры раёны, і яму давялося аб’ехаць іх на сваёй машыне некалькі разоў. Былі спадзяванні на зьмены ў выбарчым заканадаўстве і мы працавалі з надзеяй у перамогу. Сустрэчы з людзьмі па хатах, выступленні ў залах перад вялікай аудыторыяй, дэбаты з вертыкальшчыкамі дабаўлялі ўпэўненасьці, хоць досьведу ў гэтай працы ні ў кога не было. Выступ Кастуся па тэлебачанні меў вялікі розгалас і дадаў яму вядомасьці. Вынік гэтай вядомасьці – яшчэ да выбараў звальняюць з працы. Зьняццё сваёй кандыдатуры ў першы дзень датэрміновага галасавання. І зусім ужо прадказальна – у палатку з апазіцыянераў не прайшоў ніхто. Яшчэ адна страта – падчас выбарчай кампаніі здох сабака, бо не было часу зьездзіць да ветэрынара, усё забірала праца.

Было моцнае расчараванне, былі нават думкі зьехаць з краіны, але патроху гэта забылася, – трэба працаваць, плаціць штрафы і карміць сям’ю.

Перамог здаровы сэнс, Кастусь працягвае змагацца, не губляючы аптымізму, веры ў перамогу, надзяляючы гэтай верай сваіх аднадумцаў.

І вось тут чытач можа заўважыць – нейкая ідэальная асоба ў цябе атрымалася, без недахопаў нават! Гарэлкі ня п’е, ня паліць, маты амаль што не ўжывае, працавіты, – проста мара для жанчыны. Нешта тут ня так. І праўда, ёсьць недахоп – не хапае валасоў на галаве, амаль што лысы. Пра іншыя недахопы казаць ня буду, бо ня ведаю – можа калі сам раскажа.

Аўтар: Алесь Сівакоў

Студзень 2009 г.