Касцюкоўка. Назва паводле легендаў і паданняў

0
567
Касцюкоўка

Жыў-быў у нас Касцюк. Сярод людзей славіўся тым, што ведаў процьму замоў, на ўсялякія выпадкі жыцця, здарэнні. Здавалася, што няма такой сілы, ад якой гэты вясковец не змог бы выратаваць. Толькі ўсміхнецца, паслухаўшы, і скажа:

Усяго і бяды?
— Ну.
— Дык я яе за пару хвілін развяду.
— Праўда? Ой, дзякуй вам.
— Дзякаваць не спяшайся, гэта ў любы момант паспееш. Калі дапамагу, тады і скажаш. Што ў цябе баліць?
— Ды як вам сказаць…
— Так і скажы.
— Баліць у мяне… сэрца.
— Сэрца?
— Так.
— I ад чаго ж яно баліць? Калі стала балець? Пасля якога выпадку?
— З самае вясны.
— Коле ці цісне?
— I так, і гэтак. Вось як правёў яе першы раз, тады і адчуў. Дапаможаце, дзядзька Касцкюк?
— Толькі тае і бяды.
— Няўжо?
— Сам пераканаешся хутка.
— А што мне рабіць?
— Нічога. Сядзі і ўважліва слухай, можа, калі-небудзь і сам каго ад такой жа сардэчнай хваробы выратуеш. Я ж не вечны, не паспею ўсім дапамагчы.
— Ды што вы гэта кажаце? Вы ж яшчэ зусім малады, і жыць вам да ста гадоў.
— Дзякуй на добрым слове, а зараз слухай мяне і не перабівай. Гатовы? Тады слухай:
«Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Мацеры Божай пакланюся, кіеўскім, пячэрскім, усім сілам нябесным, усім святым Гасподнім Божым угоднікам і ўсім святым Гасподнім скорым памочнікам. Прыступайце рабу Божаму Івану да помачы пра любоў гаварыці.
Маладзік малады, у цябе рог залаты. Табе, маладзік, на высату, а Івану жыць з Палінаю ў пары на красату. Табе, маладзік, высакавацца, а Івану з Палінай жыць у пары заўсёды ды красавацца. Вітаю я цябе, маладзік, вячэрняю зарою, як зараз, так і заўсёды.

Месяц і зоры, не давайце маёй Паліне спакою, што б яна не піла, не ела, не драмала, а толькі аб адным мне, Іване, думала. Бо я, Іван, нараджоны-хрышчоны, месяцам абгараджоны, сонейка ў вачах, месяц у плячах, зоры па рэбрах, ангелы па нябёсах, камень у сінім моры. Як таго камяня з сіняга мора ніхто не можа падняць, так рабу Божаму Івану ў пары ніхто і ніколі не можа адмовіць. Амінь».

Іван сядзеў і ўважліва-ўважліва слухаў, ціха перабіраючы губамі, потым ледзьве чутна прашаптаў следам за Касцюком: «Амінь».

Вось і ўсё, — сказаў Касцюк.
Усё?
— Ага. Толькі ты запомні, хлопча, што гэтую замову самому трэба будзе паўтарыць тры разы запар.
— Тры разы…
— I самае галоўнае — зрабіць гэта на змярканні, калі зойдзе вячэрняя зара.. Так мяне мой дзед навучыў. А за дзяўчыну не хвалюйся, яна цяпер толькі твая будзе, бо з гэтага моманту яе стануць трымаць замоўныя словы.
— Каб жа словы ды не падвялі мяне…
— Не падвядуць.
— Вы, дзядзька Касцюк, так упэўнена гаворыце.
— Бо я, хлопча, сотням, а можа, і тысячам людзей за сваё жыццё дапамог, і ніколі мае словы не хібілі.
— Вы, калі ласка, прабачце. Можа, я нешта не тое сказаў?
— Ды чаго там, усё добра. Любы можа сумнявацца, на гэта ён і чалавек, каб не давяраць ды пераправяраць.
Ой, і не верыцца нават.
— Паверыш, калі мяне на вяселле паклічаш.
— Абавязкова, дзядзька Касцюк, абавязкова.
— Да ўсіх і не находзішся.
— Да мяне прыйдзеце, калі толькі атрымаецца.

I што ж вы думаеце? Праходзіла ўсяго нейкіх пару месяцаў, і шчаслівы хлапчына ляцеў да хаціны знахара:

— Дзядзька!

Той выходзіў на ганак і спакойна, хаваючы ў свае рудыя вусы ўсмешку, пытаўся:

Што на гэты раз, хлопча, здарылася?
— Ды… На вяселле вас запрашаю.
— Вось як?
— Але.
— Значыцца, атрымалася?
— Ой, дзякуй вам, дзядзька Касцюк.
— Тады я прашапчу яшчэ адну замову, якая прывяжа на ўсё жыццё тваю Паліну да цябе. Хочаш?
— Ведама ж.
— То слухай:
«Я іду каменным бродам, а мая Паліна гарою. Я стаў і гляджу ў ваду, які з мяне цень: з вады — вадзяны, а з лазы — лазіны, а з мяне — мой. Як мая нага за нагою, каб так Паліна за мною. Каб яна куды ішла — не дайшла, каб яна ела — не даела, каб яна спала — не даспала, каб яна дзень і ноч думала аба мне — і ў ядзе, і ў хадзе, і ўва сне». Вось і ўсё…
Дзякуй яшчэ раз, дзядзька Касцюк, ды прыходзьце абавязкова да нас на вяселле.
— Калі такая справа, то прыйду. Вяселле — гэта і людзей паглядзіш, і цікавага многа пачуеш.
— I вам дзякуй не адзін чалавек скажа.
— Ну, гэта ўжо неабавязкова.

Такі вось добры чалавек быў Касцюк. I месца тое, дзе ён жыў, ласкава сяляне назвалі Касцюкоўкай.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203.