Касмаганічныя ўяўленні беларусаў-палешукоў

0
1445
У беларусаў касмагонія была

Паходжанне свету, нябесных свяціл, прыродных з’яў, чалавека, жывёл з даўніх часоў хвалявала людзей. У працэсе працоўнай дзейнасці і асабістых назіранняў за навакольным светам чалавек выказваў згадкі, ствараў міфы, імкнучыся спасцігнуць таямнічыя і загадкавыя скарбонкі гісторыі. Бяссілле і страх перад неспазнанымі, грознымі сіламі прыроды выклікалі розныя рэлігійныя ўяўленні. Думаецца, роля такіх вераванняў была адной з самых вызначальных, бо ў штодзённым жыцці чалавека яны выконвалі не толькі дарадчую, але ж і перасцерагальную, забаронную функцыю.

Касмаганічныя ўяўленні для прадстаўнікоў старажытнага грамадства мелі зусім іншае значэнне, і, безумоўна, аказвалі больш значны ўплыў, чым для людзей нашага часу. Аднак цяжка аспрэчыць той факт, што і сягоння многія калі не прымаюць у разлік прыметы і павер’і, то ва ўсялякім выпадку маюць іх на ўвазе. Бо, як вельмі ўдала заўважыў А. К. Сержпутоўскі, для таго, «каб зразумець сучаснае жыццё людзей, трэба азірнуцца назад, у глыбіню вякоў, паглядзець і паслухаць, як даўней жыў, пра што думаў і ў што верыў старажытны чалавек».

Людзям не хапала ведаў, каб растлумачыць свае назірані за тымі зменамі, якія адбываліся вакол іх. Многае для нашых продкаў было тайнай – менавіта таму яны па вялікім рахунку самастойна спасцігалі пэўныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця ўсяго, што мела дачыненне да жыцця. Вось, напрыклад, як тлумачылі палешукі ўзнікненне Сусвету: «Да пачатку свету была цемра. Богу не падабалася гэта, і ён вырашыў сатварыць зямлю», «Спачатку нічога не было: ні зямлі, ні неба, ні яснага сонейка, а так сабе было пуста й цёмно, што хаць ты вока выкаль» (Ж. Г. М.), «Калі Бог стварыў сусвет, ён аддзяліў свет ад цемнаты, патом ён стварыў землю і ваду (акіян)» (Ш. А. І.). Шмат павер’яў было звязана з тым, што зямля стаіць у цэнтры свету на якой-небудзь жывёліне. У розных месцах па-свойму інтэрпрэтавалі тое, што гэта была за жывёла: «Свет дзержыцца на трох сланах, што знаходзяцца на вялізнай рыбіне, якая плавае ў глыбокім моры. Яшчэ казалі, што Зямля дзержыцца на спіне ў вялікай рыбы-кіт» (Ш. А. І.), «Раней лічылі, што зямля стаяла на вялізнай чарапасе, якая ляжала на спінах трох сланоў, а сланы на трох кітах, якія плавалі ў акіяне» (Л. М. М.), «Старыя кажуць, што зямля стаіць на чатырох кітох, але гэто мабыць няпраўда, бо дзе тым кітом утрымаць такую ценжар да махіну» (Л. Л.).

Надзвычай патаемнымі і па-свойму незвычайнымі былі вераванні адносна існавання края свету. Вось што можна было пачуць ад людзей на гэты конт: «Старыя думалі, што край света – гэта вялізная пропасць, дзе няма святла і жыцця» (Л. М. М.), «Канец зямлі дзесь далеко за морэм, там, дзе зямля стыкаеца з небам» (Л. Л.), «Зямля не мае канца, бо яна круглая, як галка» (Б. У. А.), «Ніхто яго (краю) не бачыў, ніхто яго не глядзеў, дзе ён канчаецца, дзе начынаецца» (К. М. З.).

Загадкавымі і непаўторнымі ўяўляліся палешукам нябесныя свяцілы. Адсюль спробы старажытнага чалавека знайсці адказ на шэраг пытанняў: што ўяўляе сабой неба, як яно ўзнікла? Чаму сонца свеціць днём і не свеціць ноччу? Што такое Млечны Шлях? Не маючы абгрунтаваных тлумачэнняў, народ звяртаўся да легенды аб стварэнні свету Богам. «Перш Бог зрабіў сабе небо, дзе было заўжды ясно ды так гожэ, што не можна й сказаць» (Л. М. М.), «Неба, наверна, далеко, мо там жыве Бог на небе. І людзі знают, шчо туда дабрацца нельзя», «Неба – гэта паветра. Яно высока і далёка» (Ц. А. П., Р. А. М.), «Неба так штучно зроблено, што людзі ніяк не могуць даведацца. Яно прасвечвае, бы шкло, але цьвордае й моцнае» (Л. Л.). На пытанне, нашто люду дано сонца, усе зыходзіліся на думцы, што яно павінна дарыць цяпло і свет: «Сонейко ніколі не злуе, яно заўжды ласкаво пазірае да хукае на ўсіх, як матка на сваіх дзетак», «Сонейко, гэто той агонь, што грэе небо, каб там было цёпло», «Яснае сонейко Бог даў, каб яно свяціло да грэло»; «Казалі, што ноччу сонца аддыхае, а яму на смену прыходзіць месяц – родны брат, з якім яны ніколі не сустрэнуцца» (Ш. А. І.). Цікавымі былі і ўяўленні на конт існавання Млечнага Шляху: «Гэта такая дарога ў рай. Людзі, якія заслужываюць рая, ідуць па ёй туды» (К. М. З.), «…Млечны Шлях вядзе да Бога, ці паказвае дарогу людзям, гэта таксама дарога для ўлюблёных. Гэта шчэ зоркі, якія сабраліся разам і жыць не могуць адна без адной. І Шлях гэты шчэ паяўляецца ў апрэдзялённыя дні» (А. Н. Д.).

Лічылася, што зоркі маюць непасрэднае дачыненне да дзвух асноўных момантаў чалавечага жыцця – нараджэння і смерці: «Кожны чалавек мае на небе сваю асабістую зорку: каму добра жывецца, таго зорка ясна гарыць, хорашо блішчыць, а ў каго жытка цёмная, таго й зорка цьмяная», «Каждая зорка паяўлялася пры нараджэнні чалавека. Як дзіця народзіцца, так у небе зорка засвеціцца. А калі зорка з неба падае, то значыць, чалавек недзе памёр» (Ц. А. П., Р. А. М.), «Як чалавек памірае, та й яго зорка тухне на небе ці падае. Калі ўбачым, як падае зорка, та трэ перахрысціцца, бо гэта хтось памёр», «Зоркі падаюць таму, што чалавек, якому належала зорка, не папаў у рай, а вярнуўся на зямлю, каб выправіць тое, што неправільна зрабіў» (Ж. Г. М.).

Старажытны чалавек залежаў ад магутных сіл прыроды, ад невядомых прадметаў, што яго акружалі. Пагэтаму нядзіўна, што ў народзе жыло шмат самых розных павер’яў аб узнікненні навальніцы, маланкі, ветру. «Гром і маланка бываюць тады, як па небу едзе святы прарок Ілля. Ён так хутка едзе на сваіх колах, што тыя грукаюць, бы на масце, як вязуць пустыя бочкі», «Калі гром грыміць, гэта Бог на нас злуецца», «Гром – гэто Бог ездзіт на карэце. Граза – гэто Бог зліцца на людзей. Дзе молнія бляскнула, там Бог убіл злога чалавека. Гдзе грыміць гром – там знікае нячыстая сіла» (Ш. Н. Л.); «Вецер – гэта бальшы чалавек, але ён свеціцца. У яго выпучаныя вочы, тоўстыя губы і вялізныя шчокі. Гэта каб ён дуў моцна», «Буран, віхор бывае, калі чэрці бушуюць. Гады гэтыя вяселлі ўстрайваюць, а людзям добрым дрэнна ад гэтага» (Ж. Г. М.). Своеасаблівым і поўным непрадказальнасці здарэннем было пралятанне каметы: «Камета ў небе – ета відзеніе. Вот Гасподзь пасылае відзеніе і людзі апрадзеляют, шчо будзе» (К. М. З.), «Мы ўяўлялі камету ў выглядзі старай агромністай і страшнай ведзьмы на мятле. Лётае гэтая страшыдла на небе ды і пужае ўсё там. А калі зляціць яна на Зямлю, дак усё граміць будзе, няшчасце прыносіць. І паяўляецца яна рэдка, у некаль гадоў раз» (А. Н. Д.), «Мятла (камэта) толькі тагды зьяўляецца на небе, калі мае быць вялікая вайна, што змятае шмат людзей» (Д. В. М.).

Цікавіліся людзі і тым, адкуль жа ўсе яны паходзяць, хто быў першым чалавекам, ад якога потым пайшоў увесь род людскі. Самымі распаўсюджанымі былі наступныя версіі: «Створаны чалавек ад абез’яны, і звалі яго Адам. А потым яму стала скушна, і Бог з яго рабра зрабіў Еву» (Ц. А. П., Р. А. М.), «Бог ляпіў чалавека з гліны. А тады адвярнуўся памыць рукі. А чорт – тут как тут. Усунуў апендыцыт і ўсяго яму туды» (Б. М. А.), «Бог зляпіў з гліны сябе падобнага і пусціў на зямлю. Усё, што харошае ёсць у людзях – гэта ад Бога, а злосць, завісць, дрэнныя ўчынкі – гэта ад чорта» (К. М. З.), «Бог стварыў чалавека з гліны: зрабіў галаву, тулавішча, рукі, ногі, а потым удыхнуў у яго жывую сілу» (Д. Н. І.).

Аднак не толькі надзённыя, бытавыя праблемы хвалявалі нашых продкаў. Безумоўна, верылі яны ў існаванне ў кожнага чалавека свайго анёла, які яму заўсёды дапамагае і ахоўвае. «Пры раждзеніі кожнага чалавека да яго спускаецца ангел, які будзе аберагаць гэтага чалавека ў жыцці ад усялякай бяды. Але калі чалавек не будзе жыць па законе Божым, то гэты ангел пакідае чалавека і на яго звальваюцца розныя няшчасці» (Ш. А. І.), «У чалавека ёсць два анёлы. З правага боку анёл-ахоўнік. Гэты добры. А з левага боку чорт. Дык вось анёл – ад Бога, а чорт дрэнны, той ад самаго чорта. І яны заўсёды змагаюцца» (Ж. Г. М.), «У каждага чалавека ёсць свой аберагальны анёл. Таго пакідае, хто не вера ў гэта, хто ідзе проціў, ён адказваецца ад гэтага чалавека. Яго нада прасіць, маліцца аб помашчы ў анёла» (П. Н. С.). Верылі і ў тое, што Бог існуе, толькі яго нельга пабачыць, а царствуе ён на нябёсах. Некаторыя вобразна ўяўлялі, як ён павінен выглядаць, іншыя ж прытрымліваліся патрыярхальнай і кананічнай думкі, што якіх бы намаганняў не прыкладвалі, усё роўна Бога ўявіць немагчыма. «Бог бывае на зямлі, толькі яго ніхто не відзіць. Людзям прастым не дано яго відзіць. Ён можа паявіцца толькі тым, хто сапраўды ў яго верылі і любілі» (К. М. З.), «Бог не жыве на зямлі, а жыве на небе. Выглядае як чалавек. Ён вельмі добры . Кругом яго анёлы» (К. К. Ф.), «Бог быў пахожы на чалавека. Такі ж. Толькі крылы былі ў яго за спіной. І в белам он хадзіл. От Бога завісела жізнь чалавека, яго лёс. І всё была па воле божай» (С. І. Р.), «Уяўленне Бога – не для нашага разума. Таму што мы яго не бачылі. Бога дажэ грэх уяўляць, мы і не знаем, ці стары он, ці малады» (А. Н. Д.).

Існавала сярод палешукоў і вера ў жыццё пасля смерці, у існаванне душы, у рай і пекла: «Жыццё пасля смерці існуе. Як ты жывеш на зямлі, так ты будзеш жыць пасля смерці» (Л. М. М.), «Гавораць так, душа, як умрот чалавек, мозг робе тры дні, душу водзяць, паказваюць, як хто жыве, хто што заслужыў, душа ходзе на етым свеце і ў том, пройдзе 40 дней, адпраўляюць у царкве мёртвага чалавека і паказваюць яму тое месца, дзе ён будзе жыць вечна» (П. Н. С.), «А еслі хто преступленіе дзелае – ідзе ў пекла, а хто на гэтым свеце заработае, той будзе ў раю. Рай в облаках, на небе, а пекла пад Зямлёю» (Б. У. А.), «Гаварылі, што на небе есць такі сад красівы. О! Гэта рай. Есць яшчэ і кацёл з вадой кіпяшчай і многа вагню там. І грэшнікаў кідаюць у той кацёл. Гэта ад» (К. М. З.), «Калі чалавек добры, дык чаго ж яму не жыць добра ў раю. Рай знаходзіцца на небе, радам з Богам. Чалавек там яму верна служыць. А дрэнны чалавек не павінен быць радам з богам. Ён вяртаецца на зямлю, каб выправіцца» (Ж. Г. М.).

Такім чынам можна з дакладнасцю гаварыць аб тым, што рэлігійныя вераванні даволі крэпка замацаваліся ў свядомасці кожнага і прадстаўлялі сабой даволі прочны «фундамент», закладваючы падмурак якога, чалавек быў упэўнены, што менавіта тут знойдзе падказку для вырашэння сваіх праблем.

Нельга абмінуць увагай і тое, што людзі верылі ў наканаванне лёсу, спадзяваліся на сваю долю, што быццам бы вызначае жыццёвы шлях чалавека. Не ведаючы сапраўдных прычын сацыяльнай няроўнасці, не бачачы шляхоў да шчаслівага жыцця, людзі спрабавалі растлумачыць свае няшчасці дзеяннем не падуладных чалавеку сіл. Час пераконваў чалавека, што жыццё яго цалкам залежыць ад лёсу. Вось, якім чынам разважалі палешукі: «Хоць і гавораць, што чалавек сам кузнец свайго шчасця, і бувае, што чалавек усёй душой стараецца. Нет. Эта ўсё ўсявышчая сіла ведзёт так» (К. А. А.), «Говорят, чалавек радзіўся, яго лёс ужо вызначаны» (Ж. В. Ф.), «Адразу, калі чалавек нараджаецца, сразу судзьба яму даецца – Гасподзь чалавеку сразу яе дае. Судзьбу можна сваю абыйці, проста нада захацець» (Б. М. А.), «Лёс чалавеку даецца к яго нараджэнні, сколькі яму пражыць, якой смерцю яму памерці. Гавораць: «Сколькі адмерана, столькі і адрэжаш» (П. Н. С.), «Усё адбываецца, як на раду напісана. Не ўбяжыш ад лёсу» (К. К. Ф.).

Такім чынам, назіранні за працэсамі і з’явамі прыроды і іх узаемасувяззю ўзбагацілі чалавека вопытам і ведамі, якія шмат у чым дапамагалі яму ў пераадоленні сляпой веры ва ўсемагутнасць звышнатуральных сіл. І гэта з’явілася, на маю думку, адной з важнейшых перадумоў да пераходу яго на наступную, больш высокую прыступку лесвіцы пад назвай «жыццё».

Інфарматары:

Ж. Г. М. – запісана ў в. Гадзічы Гомельскага р-на ад Жукавай Галіны Мікалаеўны, 1922 г. нар.

Ш. А. І. – запісана ў г . Гомель ад Шкурко Адама Ігнатавіча, 1928 г. нар.

Л. М. М. – запісана ў п. Бальшавік Гомельскага р-на ад Логвінавай Марыі Мікалаеўны, 1924 г. нар.

Л. Л. – запісана ад Лявона Лябедзіка.

Б. У. А. – запісана ў г. Гомель ад Белакаваленкі Уладзіславы Антонаўны, 1922 г. нар.

К. М. З. – запісана ў в. Лядцы Гомельскага р-на ад Кашлаковай Матроны Зосімаўны, 1927 г. нар.

А. Н. Д. – запісана ў в. Бабоўка Жлобінскага р-на ад Аўраменка Ніны Дзмітрыеўны, 1930 г. нар.

Ц. А. П., Р. А. М. – запісана ў в. Глініца Мазырскага р-на ад Цалко Аляксандры Пракопаўны, Радаўні Арсенія Міхайлавіча.

Ш. Н. Л. – запісана ў в. Мар’іна Добрушскага р-на ад Шокун Ніны Лаўрэнцьеўны, 1935 г. нар.

Д. В. М. – запісана ў в . Матнявічы Чачэрскага р-на ад Дамасканавай Вольгі Маркаўны, 1930 г. нар.

Б. М. А. – запісана ў в. Балотня Рагачоўскага р-на ад Бужан Марыі Аляксандраўны, 1938 г. нар.

Д. Н. І. – запісана ў г. Гомель ад Драбышэўскай Надзеі Іванаўны, 1928 г. нар.

П. Н. С. – запісана ў г. п. Акцябрскі ад Паўлюковай Надзеі Сямёнаўны, 1924 г. нар.

К. К. Ф. – запісана ў г. Добруш ад Курдэсавай Ксеніі Фёдараўны, 1919г. нар.

С. І. Р. – запісана ў в. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на ад Сарокіна Івана Раманавіча, 1920 г. нар.

К. А. А. – запісана ў г. Гомель ад Каляды Аксаны Антонаўны, 1924 г. нар.

Ж. В. Ф. – запісана ў в. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на ад Жыліцкай Вольгі Піліпаўны, 1925 г. нар.


Аўтар:
К.А. Смірнова
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук..практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. Ст. 109-112.