Капаткевічы. Назва паводле легендаў і паданняў

0
137
Капаткевічы гісторыя

У нас спрадвеку балоты навокал стаялі. Такія непралазныя ды дрыгвяністыя, што ў некаторых мясцінах нават і людзі не бывалі. А дзе жылі, то балот жа і баяліся. Не хавалі страху, не лічылі гэта за нейкую там адмоўную рысу характару. Паступова навучыліся змагацца і з багнай. Праўда, далёка не ўсе асмельваліся займацца такім небяспечным заняткам. Гаварылі, што і нячысцікі не даруюць разбурэння «чортавых» вокнаў ды буктаў, і заплутаюць вяскоўца, і жывёла ў яго не будзе весціся, і на сям’ю ўсялякія згрызоты абрынуцца. З даўніх часоў сцвярджалі, што з балотамі ваяваць адпраўляліся толькі тыя, у каго ўжо выйсця іншага не было. Можа, яно і так.

Жыў некалі ў нашай мясцовасці адзін гаспадар. Мікітам звалі. Зямлі той меў, якраз як дзве добрых будыніны паставіць, і ўсё. А сям’я вялікая распладзілася. Дзеці малыя былі, то неяк муж з жонкай перабіваліся. Нават балота дапамагала, бо птушак усялякіх там хапала, а ўюноў жа было, што толькі не лянуйся і лаві іх. Малыя па пуза ў гразі лазілі і шукалі ў густой асацэ то яйкі птушыныя, то ўюноў лавілі. Усё ж лягчэй пражыць было.

Але пачалі дзеці падрастаць. Адну дачку аддалі замуж, другую, а там і сын ужо распраміў плечы. Добры быў, спагадлівы, таму і не наступаў бацькам на горла, ведаў, як ім цяжка. Заплача маці, а сын да яе:

— Што такое?
— Ат, жытка такая.
— У чым яна благая?
— Сам бачыш — зямлі ў нас мала. Як жа цябе, сынку, ажаніць?
— Ды неяк жа будзем. Я не спяшаюся.
— Не спяшаешся, але ж і цягнуць з такой сп-равай нельга.
— Пабачым.
— Заспакойваеш мяне, а сам перажываеш, думаеш, я не бачу?
— Неяк выкруцімся, не першы ж раз.

Так ён матулю супакойваў, а калі гаспадыня ўжо надта заходзілася, то спакойна мовіў:

— Я ж не дзяўчына, і сам здолею што-небудзь зрабіць.

За гэткія словы яго асабліва бацька хваліў:

— Дзякуй табе, Мартынка, дзякуй.
— Не сумуйце вельмі. Я ўжо над многім падумаў. Можа, удасца недзе падзарабіць, то адразу зямлі прыкупім, і ўсё тады наладзіцца.
— Лёгка сказаць, але ж у нас тут такой і мясціны няма, дзе можна было б падзарабіць.
— Нешта прыдумаем, тата.
Мікіта з сынам ведаў балоцістыя мясціны на дзесяткі вёрст навокал. Забіраліся сена касіць у такую ўжо глухамань, што астатнія вяскоўцы толькі жагналіся:

— Як вы адтуль сена потым павозіце?
— Удараць маразы, прыціснуць, то санямі рады дамо.
— Але ж гэта балота, а з ім жарты дрэнныя.
— Усюды замярзае.
— Не, не надта.
— Там, дзе не зацягвае, то відаць, як балота дыхае. У нашым выпадку, калі не будзеш рызыкаваць, то нічога не будзе.

Сена многа накошвалі, то і жывёлы ўсялякай многа трымалі. Пасвіць было дзе. Такое раздолле, што толькі сам пільнуйся ды жывёлу далёка ад берага балота не адпускай, бо там як пойдзе, то сама сабе смерць хутка знойдзе. Не праваліцца, то ваўкі падпільнуюць. Таму Мікіта пастаянна пастушкам сваім нагадваў браць сабак ды далёка ад берага не адыходзіцца. I папярэджваў:

— Калі што якое, то крычыце. Гарлайце так, каб у хаціне пачулі, ды і мы тут паблізу будзем.

Мартын таксама нагадваў брацікам ды сястрычкам:

— Будзеце слухацца, то на рыбу вас возьмем.
— Праўда?
— Ага, вось толькі з працай крыху разбяромся і пойдзем. На балацінах яе засталося мноства. Самі пабачыце.
— А не падманеш?
— Хіба ж я вас некалі падманваў?

Так і жылі людзі, так і стараліся. Дзівіліся з іх многія, як жа так атрымлівалася, што і зямлі не маюць, а справу ды гаспадарку ладна вядуць.

Была ўжо даволі позняя восень, і гаспадар шкадаваў малых. Пасвіць жывёлу выбіраліся найбольш самі: Мікіта, жонка, Мартын. Дзень кароткі, працы асаблівай па гаспадарцы няма, то чаго б не падмяніць меншых, хай сабе адпачнуць у цяпле, хай паіграюцца на печы.

У той дзень выпала якраз Мартыну жывёлу пасвіць. Яна ўжо і не надта парывалася шукаць траву, але.ўсё роўна адчувала сябе намнога лепей, чым у хляве. Хлапчына распаліў невялічкае вогнішча, укінуў у прысак некалькі бульбін і задумаўся, гледзячы, як дымок пакручастым змеем цягнецца вышэй кустоўя і потым нібы раствараецца. Так і не заўважыў, як да яго падышоў дзядулька. Кірхнуў ціхенька за спінаю, тады толькі пастух акінуўся.

— Дзень добры, чалавеча.
— Добры дзень, дзядулька.
— Можна, я з табой пасяджу ды пагрэюся? А то здарожыўся я.
— Ведама што. Адкуль вы ідзяце?
— Здалёк, братка.
— Чаго ж так выбраліся?
— Бачыш, наказалі людзі, што дачка мая старэйшая захварэла, то хачу даведацца.
— Зразумела. То вы з самага ранку ідзяце?
— Яшчэ і ранак не пачынаўся, калі выбраўся, а да вечара ўсё роўна нё паспею. Буду дзе прасіцца пераначаваць па дарозе.
— Вечар ужо хутка, а вам спяшацца сёння не трэба. Заўтра мы ў млын з бацькам павязем, то якраз па дарозе нам будзе, падкінем вас.
— Вось дзякуй.
— Ды чаго там, людзі павінны адзін аднаму дапамагаць. У нас і пераначуеце.
— Зусім тады добра атрымліваецца, — падхапіў стары.

Мартын зарагатаў:

А зараз у мяне бульба ў прысаку будзе гатова — пачастую.

На гэты раз засмяяўся дзядулька:

Старая не пускала, гаварыла, што дачка і так паправіцца, але ж карціць самому зірнуць. Унукаў адведаць таксама хочацца, я ж іх даўно не бачыў. Не часта мы адзін аднаго адведвалі, бо далекавата.
— Ды і працы хапае, — задуменна працягнуў Мартын.
— Не без гэтага.

Стаў хлапчына выграбаць бульбачку і частаваць старога. Перакусілі, пагаманілі, а ўжо і сонейка садзіцца.

— Вось і дамоў пара, — прамовіў Мартын.
— Так, цямнее хутка, — пагадзіўся стары.
— То пайшлі да нас, пераначуеце, а заўтра ў дарогу ўсе разам выберамся.
— Дзякуй яшчэ раз.

Дзядулька, відаць, і не чакаў, што так лёгка вырашацца ўсе ягоныя пытанні адносна начлегу і таго, як дабрацца да дачкі.

Мартын прыгнаў жывёлу і распавёў бацьку, што за стары з ім прыйшоў. Той пахваліў сына:

— Малайчына, што чалавека падарожнага запрасіў да нас. У дарозе ўсялякае здараецца. I нам жа даводзіцца ў чужых мясцінах бываць, і таксама да іншых людзей просімся адпачыць ды пераначаваць. Ніхто і нам не адмаўляе.

Тым часам гаспадыня гаспадарку дагледзела, вячэру на стол паставіла і ўсіх есці запрасіла. Прыселі людзі, ядуць моўчкі, бо так спрадвечны закон патрабаваў, каб не крычалі за сталом і не размаўлялі. Калі павячэралі, то дзедка, падзякаваўшы шчыра гаспадарам, прамовіў:

— Не заможна вы жывяце, але дружна. За гэта малайцы. Гэта ў многім падтрымлівае.
— А як жа нам быць, старэча, — працягнула гаспадыня, — калі зямлі той усяго вузенькая палоска? Добрагшто балота нічыйнае ды часта выручае. I малако сваё, і скварка на стале не рэдкая, і рыбы заўсёды хапае, бо мужчыны не лянуюцца.
— Так, — падаў голас і гаспадар, — іначай невядома, як бы яно склалася. Вунь і хлопца жаніць трэба, а зямлі той кот наплакаў.

Усе зірнулі на Мартына, а той, здавалася, і не слухаў, пра што гаманілі старэйшыя, бо расчэсваў пышныя валасы малодшай сястрычцы і нешта смешнае ёй на вуха нашэптваў.

— Ён у нас здаравенны, — не ўтрымалася маці, — і такі добры.
— Умее ўсё рабіць, не прападзе за такім мужам жонка, — задуменна прамовіў Мікіта.

Стары кірхануў, потым пакруціў галавой і пачаў:

— Я, людзі добрыя, паспрабаваў бы вам параіць, калі вы не супраць?
— Наадварот, рады будзем слушнае слова пачуць.
— Тут справа такая, — гаспадары зацікаўлена паглядалі на незнаёмца. — Я ёю некалі і сам займаўся. Вы сказалі, што балота нічыйнае?
— Але.
— То ад яго яшчэ болей пажывіцца можна.
— Як? Мы ж, здаецца, многа ў яго бяром? — прыткнуўся да дзядулькі Мікіта.
Нічога вы ў яго не бераце, гэта вам падалося.
— А што ж?
— Я грабаром быў.
— Грабаром?
— Так.
— Ну і?
— Тут жа ў балотах такая зямля, што яе хоць на хлеб намазвай. Канавы трэба навучыцца капаць, і ўсё пойдзе як нельга лепей. Я вам раскажу і заўтра пакажу, адкуль лепей пачаць, то і пачынайце.
— А калі гэта трэба рабіць? — загарэўся Мікіта, якога любая гаворка адносна зямлі адразу заводзіла.
Гэта, чалавеча, звычайна робіцца позняй вясной і летам, калі спадае вада ў балотах і, да таго ж, вада тая становіцца намнога цяплейшай, бо прастудзіцца можна, тады і зямля не ўзрадуе.
— А што, гэта справа, — прагуў Мікіта.

Гаспадыня войкнула:

— Няўжо атрымаецца?

У адказ дзядулька засмяяўся:

— Самі хутка пераканаецеся ды яшчэ здзіўляцца будзеце, як раней да гэтага не дадумаліся.
— Тодзякуй вам вялікі.
— Вы са мной добра абышліся, а я з вамі. Так заўсёды сярод людзей вядзецца.

Так і стаў Мікіта з Мартынам займацца грабарствам. За першую вясну яны не надта многа выкапалі канаў, бо галоўным чынам вучыліся, прызвычайваліся, меркавалі, як далей працаваць стануць. А вось у наступныя гады сколькі хацелі зямлі, столькі сабе і прыдбалі. Калі жаніўся Мартын, то бацька яму ладны кавалак даў ды яшчэ і прымовіў:

— Сам сабе прыкапаеш, цяпер для цябе гэта не сакрэт.

Так той Мартын усё жыццё і асушваў балоты і капаў.

Ягоныя дзеці таксама займаліся грабарствам, таму і месца, дзе іхнія хаціны стаялі, назвалі — Капаткевічы.


Аўтар:
А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 295-299.