Канцэпцыя душы ў нізавай хрысціянскай культуры беларусаў

0
1132

Паўнавартаснае апісанне асноўных традыцыйных уяўленняў пра душу ў нізавой культуры беларусаў патрабуе вывучэння іх з пункту гледжання носьбіта традыцыйнага светапогляду, што вымагае спецыяльных методык іх выяўлення і апісання іх узаемадзеяння: методык даследавання народнай міфалогіі, уяўленняў аб свойскасці, блізкасці аб’ектаў, моўнай і вобразнай рэпрэзентацыі ўяўленняў.

Пры падыходзе да аналізу тэкстаў нізавой культуры для мяне была важна захаваць у паняційнай сістэме ўяўленні інфарматараў пра душу пры перакладзе на мову навукі і прааналізаваць першакрыніцы, а не уяўленні пра гэтыя крыніцы сучаснай беларускай навукі. З другога боку, разумеючы, як цяжка тлумачыць паняцці, на якія ў аўдыторыі яшчэ не выпрацавалася эмпірычнай рэакцыі, я суаднесла прапанаваныя мной тэрміны з шырока вядомымі ідэямі і школамі сусветнай навукі.

Мной праводіліся апытання і анкетаванне інфарматараў на Тураўшчыне (Жыткавiцкi i Лельчыцкi раёны), Гомельшчыне (Веткаўскi, Гомельскі, Добрушскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі раёны), Магілёўшчыне (Бабруйскі раён), у Гарадоцкiм, Маладзечанскiм, Дзятлаўскім раёнах, Бельска-Падляскім павеце і іншых.

На пачатку для разумення паняцця душы ў нізавой культуры хачу прапанаваць цытату: “Чалавек нарадзіўся на свет. Бог дае кожнаму сваю душу, свой рост, свой розум. Хоць бог аднаго чалавека на зямлі знайшоў, каб душа была аднолькавая. Бог дае чалавеку душу, распараджаецца, лёсам надзяляе яго і рост яму дае і розум. Душы даецца розум, каб душа распараджалася гэтым розумам. Усім аднолькава. Хто як ведае, так і распараджаецца. А потым пачынае расці, развівацца”.

Так у народнай філасофіі ўсе кантэнуанты разыходзяцца ад паняцця розум. Разумным прызнаецца існуючы ў светапоглядзе парадак рэчаў. Такім чынам свет рэчаў сацыялізуецца. Бо парадак – гэта не толькі месцазнаходжання рэчаў, а і сувязі паміж гэтымі рэчамі ці сацыяльныя адносіны. У міфалагічнай школе такая з’ява носіць назву міфалагізацыі рэчаіснасці і прымянялася для апісання фальклору як найбольш устойлівай у сваёй стерэотыпізацыі сістэме.

Прытрымлівацца тэрміну міфалагізацыя не зусім зручна, бо для большасці беларускіх вучоных ён асацыюецца з мінуўшчынай і не ўспрымаецца як сучасны, і яшчэ адзін фактар: успрымаецца вузка, прыпісваецца да галіны фалькларыстыкі. Тым не меньш, большасць з нас, беларусаў, працягвае жыць і думаць на бытавом узроўні ў дакапернікаўскім свеце. Напрыклад, мы карыстаемся стерэотыпамі: неба знаходзіцца над галавой чалавека, а зямля пад нагамі. Стереатыпамі маўлення зараз актыўна займаецца Школа Талстога ў Маскве (Расія) і Школа Бартмінскага ў Любліне (Польша). Я для апісання успрыняцця і разумення працэса уключення ўсяго існага ў кола ацэнкі і рэагавання хачу скарыстацца паняткам сацыяльныя адносіны, бо для нізавой альбо народнай (неінтэлегентскай) культуры не характерна правядзення мяжы паміж чалавекам і нечалавечым асяроддзем. У традыцыйнай лінгвістыцы …такую з’яву яшчэ называюць увасабленнем ці ачалавечваннем, але на мой погляд дадзенае азначэнне задае няправільную кропку адліку, бо з той жа верагоднасцю можна сказаць, што чалавек ‘ажывёльваецца’ ці ‘араслінваецца.’
У нізавой культуры беларусаў раўнавартаснымі з’яўляюцца тэрміны маючы душу і жывы.Да маючых душу ў нізавой культуры належаць у рознай ступені расліны, зверы, людзі і звышнатуральныя істоты. Ва ўспрыняцці чалавекам навакольнага асяроддзя адыгрываюць ролю наступныя чыннікі:
А. Фізічныя чыннікі.
1. Будова цела чалавека і спосабы руху чалавека.
2. Навакольнае асяроддзе..
В. Сацыяльна-культурныя чыннікі. Гэта грамадства, сям’і, сваяцкія дачыненні і інш.

Калі прыняць фізічныя чыннікі за аб’екты, а сацыяльна-культурныя за сувязі паміж аб’ектамі, то, выходзячы з перавагі вартасцяў, характерных для нізавой культуры беларусаў, категорыя ‘сацыяльна-культурныя чыннікі’ функцыянальна ўключыць у сябе категорыю ‘фізічныя чыннікі,’ так як для нізавой культуры прынцып функцыянавання …, быцця жывым з’являецца першасным.
У беларускай народнай рэлігіі няма адрознення душы і цела. Ва ўсякім разе такога, як у сучаснай артадаксальнай думцы. Філасофія падзелу праходзіць па лініі дзейнасці: расце, дыша і мае розум. Душа з’яўляецца жыццёвай сілай цела, ажыўляе яго. З абсалютнай дакладнасцю можна сцвярджаць, што, калі аб’ект мае усе гэтыя ўласцівасці: расце, дыша і мае розум – ён узнаецца за жывы. А жывы аб’ект узнаецца за цела.

Wyjawi ciała: krew, powietrze, zdolność do zrostu, zdolność do dychania.

Rośnie
Rośnie+dysza=żywy. Rośliny.
Rośnie+dysza=żywy. Zwierzęta.
Rośnie+dysza=żywy. Ludzi.

Інфарматары не кажуць, што дрэва мае розум, але пры тым існуе меркаванне, што яно імкнецца прыдавіць чалавека, калі ён яго ссякае [Архіў СЭТ К13]. У традыцыйных уяўленнях часам лічыцца, што расліны дыхаюць: “Усё дыша. Пціца. Жывёла. Расценіе. І рыбы дышуць.” [Архіў СЭТ К1, п73]. Традыцыйнае ўшанаванне дрэў звязваецца з тым, што: на дрэве з’явілася ікона, пад дрэвам пахаваны нябожчык, дрэва знаходзіцца каля святой крыніцы, каменя, дрэва дапамагае ад хвароб [Архіў СЭТ К1, Drysa 2004, Krupkі 2001; Дучыц дрэвы]. Напрыклад, каля в. Пышачы Крупскага раёна ў 2000 г. было дрэва, пра якое лічылі, што яно дапамагае ад хвароб: пад каранямі якога пралазяць такім чынам, каб вылузнуцца з вопраткі, якую пакідаюць, каб пазбавіцца ад хвароб [Архіў СЭТ К1, Krupkі 2001].

Асноўная выразная ўласцівасць раслін — тое, што яны растуць. Але на раслін пераносяцца і ўяўленні пра чалавека, жывёл, — лічыцца, што расліны “дыхаюць”. “Усё дыхае. Птушка. Жывёла. Расліна. І рыбы дыхаюць” (в. Галубіца, Петрыкаўскі раён) [31, № п73]. З-за таго, што расліны, як лічаць многія інфарматары, “дыхаюць”, “растуць”, яны лічацца жывымі: “Жыта жыве, як не сажнеш. Расліна дыхае. Жыта дыхае, як расце”, “Што расце, то дыхае. Яно ўсё жывое. Зямля жывая, расце ж на ёй, дыхае.” (в. Дубравы Маладзечанскі раён) [24, с. 15—16, 35], “Расце трава, усялякія зеллі… Жыта жывое. Расце. Жыта расце з зямлі, душа — зямля, дае рост” (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п47].

Традыцыйная класіфікацыя жывёл здзяйсняецца па прыродных, гаспадарчых прыкметах.
Жывёл падзяляюць па ўзроўні свойскасці [90]. Дзікія жывёлы, асабліва небяспечныя для чалавека і свойскіх жывёл, завуць “звяры”: “Калі ў лесе жыве — гэта звяр’ё. Калі хатняе — гэта не звяр’ё” [31, ф. Петрыкаў 2005].

Наяўнасць розуму і ў дзікіх жывёлаў: “Розум у іх ёсць. Яны ведаюць сваё месца, яны ведаюць парадак, яны ж жывуць з розумам. Не ідзе ў вёску, рагамі не стукае ў сцяну. Пачухае рогі аб дрэва ды і далей жыве. Ежу сабе шукае добрую” (в. Брынёў, Петрыкаўскі раён) [31, № п23]
наяўнасць розуму. Тлумачаць гэта тым, што, калі свойскім жывёлам кажаш, яны слухаюцца, а дзікія жывёлы самі прымаюць рашэнні.

Нават могуць сказаць, што сабака разумнейшы за чалавека, бо не здрадзіць: “Вось вазьмі сабаку. Ніколі чалавека не прадасць. А чалавек любога чалавека прадасць. Вось ён разумнейшы за чалавека” [31, с. 94]. Тыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць душы як “духа” — дыхання, прызнаюць наяўнасць яго і ў жывёл, тлумачачы тым, што жывёлы дыхаюць, рухаюцца, растуць: “(Я: У каровы душа ёсць?) Ну як жа. Карова жыве, дык таксама нешта ёсць. Яна ж таксама ўсё разумее, толькі што не гаворыць. (Я: Хто жыве, у таго душа ёсць?) Хто жыве, той і дыхае. У нас па-свойму душа, ў яго па-свойму. Яна (жывёла — мая заўвага) так разбіраецца, як і чалавек, толькі не гаворыць. Ёй скажы, яна і ведае, яна і ідзе куды, яна і назад варочаецца. (Я: А ў птушак таксама душа ёсць?) А як яны без душы? Раз нішто там ўнутры, сэрца не працуе, то курыца здыхае. (Я: А ў вужа душа ёсць?) Як жыве, адпаведна. І плыве, і не толькі, адпаведна сіла ёсць” (в. Брынёва Петрыкаўскі раён) [31, № п35—37], “Любяць каровы песні. Я тады частушкі пяю ўсякія, усе прыпеўкі пяю, і слухаюць каровы. Кажуць, скаціна, а любіць. (Я: Так вы кажаце, душа ёсць у каровы.) Ёсць, ёсць, праўда, душа ў каровы. Пяю, а яны ходзяць ціхенька, свой тупат прыцішаюць і на адным месцы. А я стану, пяю ім. І сабе пяю і сама весялюся. Усякія песні. І любоўныя, і лясныя” (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі раён) [31, ф. Чачэрск 2005].

Інфарматары, якія аддзяляюць “душу” ад “духа”, лічаць, што: ”У скаціны няма душы. Дух ёсць, дыхае” (в. Палачаны, Маладзечанскі раён) [24, с. 67]. Але і тады розум можа праяўляцца ў тым, што жывёлы рухаюцца, слухаюцца чалавека: “(Я: А ў каровы душа ёсць?) Не. (Я: А яна ж дыхае.) Яна дыхае, толькі па-свойму. (Я: А ў чым розніца?) Гэта ж худобіна. Яна ўсё знае, толькі не ўмее гаварыць. А ўсё знае. Пакліч — то ідзе. (Я: Яна разумная?) Так” (в. Ляскавічы Петрыкаўскі раён) [31, № п54]. Інфарматары, якія ведаюць паданне пра паходжанне бусла ад чалавека, які выпусціў з меха гадаў, часта і лічаць бусла чалавекам: “Бусел — сапраўдны чалавек” (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п42].

І ў мінулыя стагоддзі запісваліся падобныя да сучасных традыцыйныя біялагічныя ўяўленні [56, с. 66, 99—160; 198 с. 54—60; 188, с. 304—344; 92, с. 63—145, 479], напрыклад суаднясенне ўяўленняў пра чалавека і пра навакольнае асяроддзе ў уяўленні пра тое, што жывёлы маюць розум: “Гаўяда думае і ўсё ведае, дарма што не можа аб тым гаварыць.”, “іншае жыўёло такое разумнае, што моо разумней за чалавека” [198, с. 58].

Кроў чалавека ўспрымаецца як носьбіт як вонкавых, так і псіхічных уласцівасцяў чалавека, яна выкарыстоўваецца як тэрмін з сістэмы сваяцтва (кроўныя сваякі), чалавек спадкуе рысы праз кроў: “кажуць, па чыёй крыві пайшоў”(в. Галубіца, Петрыкаўскі раён) [31, № п69], а таксама як з’ява, якая надзяляе чалавека не толькі ўнутранымі, але і трансцэндэнтнымі ўласцівасцямі: “На вецер нарвіся і захварэеш. У злога чалавека моцная кроў. Пераможа кроў хворага — вылечыць, адчаруе. Знахар кроў пераможа” (в. Студзераўшчына Дзятлаўскі раён) [27, с. 100].

У традыцыйных уяўленнях беларусаў уяўленне аб такой з’яве навакольнага асяроддзя, як паветра, лічыцца асноўнай субстанцыяй чалавека, у выніку наяўнасці якой чалавек існуе фізіялагічна. Паветра атаясамліваецца з дыханнем і называецца “дух” ці “душа”: “Душа тое ж самае, што дыханне” (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п59], “душа ў чалавеку — паветра. Апошняе дыханне зрабіла і душа паляцела” [26, с. 75]. Пра тое, што чалавек жыве ў выніку таго, што дыхае, што ў яго ёсць “дух”, інфарматары кажуць наступным чынам: “Дух па жылах ходзіць. Дух робіць, так што ўсе жылкі, костачкі ў цябе працуюць” (в. Цялуша, Бабруйскі раён) [28, с. 82], “Душа ва ўсім чалавечым целе, як кроў цыркулюе” (в. Варатынь, Бабруйскі раён) [28, с. 75], “Душа, дух гэта тое самае, адно слова. Дух. (як) Жыве чалавек, то дыхае. Душа гэта сэрца. Ходзіць сэрца і ўсё. Гэта называецца душа. Ходзіць сэрца — чалавек ходзіць” (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п47]. Пры апісанні навакольнага асяроддзя словам “дух” звычайна апісваецца цёплае ці гарачае вільготнае паветра, такое, як у нагрэтай лазні. Агульнапашыраным з’яўляецца ўяўленне, што ў чалавека забалела шыя, спіна з-за таго што яго “прадзьмула” ветрам, існуе забарона сядзець на скразняку. Найбольш выразна ў уяўленнях пра “дух” праяўляецца ўзаемасувязь паміж рознымі падсістэмамі традыцыйнага светапогляду беларусаў, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў лекарскіх рытуалах. Апытаныя аўтарам большасць знахарак лічылі, што ўздзейнічаюць на хворага, дыхаючы на яго — “хукаючы”, пасля прамаўлення слоў замовы, часта замова з выдыханнем паўтараецца тры разы. Пры гэты яны лічылі, што ўздзейнічаюць на хворага такім чынам “сваім духам”. Знахарка ў замове звяртаецца да бога, каб ён дапамог ёй вылічыць хваробу і паўплываў на яе, і каб яна, ў сваю чаргу, паўплывала на хворага. Эфектыўнасць уздзеяння знахаркі тлумачаць тым, ці “палюбіць іх дух” хворы [31]. Уздзеянне на чалавека “духам” можа быць і не непасрэдным, знахаркі дыхаюць на прадметы, часцей на ваду ці на хлеб: “Дух палюбіў і не палюбіў. Дух — я хукнула табе” (в. Цялуша, Бабруйскі раён) [28, с. 82]. Іншым традыцыйным уяўленнем пра трансцэндэнтныя субстанцыі чалавека з’яўляецца ўяўленне пра “сілу”, якая ўяўляецца не толькі як фізічная моц, але і як тое, што можа пераходзіць ад аднаго чалавека да другога, ад іншых істот, рэчаў да чалавека. Лічаць, калі чалавек лічыць сваёй сілай, то яму пасля таго, як ён палячыў, дрэнна. Інфарматары гавораць: “Замаўляеш. Аддаеш сваю частачку сілы. Адмаўляць нельга, бог пакарае” (в. Студзераўшчына Дзятлаўскі раён) [27, с. 10], “(Я: Як вы лечыце?) “Святым духам і божай сілай. Унутры трымаю ў сябе божую сілу, яна і дапамагае.” (в. Варатынь, Бабруйскі раён) [28, с. 72], “Трава расце і мае сілу. Сіла памагае” (в. Палачаны Маладзечанскі раён) [24, с. 64].

Адзін з выразных аповедаў пра чалавека запісаны мною ў Петрыкаўскім раёне: “Чалавек нарадзіўся на свет. Бог дае кожнаму сваю душу, свой рост, свой розум. Хоць бог аднаго чалавека на зямлі знайшоў, каб душа была аднолькавая. Бог дае чалавеку душу, распараджаецца, лёсам надзяляе яго і рост яму дае і розум. Душы даецца розум, каб душа распараджалася гэтым розумам. Усім аднолькава. Хто як ведае, так і распараджаецца. А потым пачынае расці, развівацца” (в. Снядзін, Петрыкаўскі раён) [31, № п93—94]. Часам сустракаецца меркаванне, што: “Толькі ў чалавека (ёсць) душа” [31, ф. Дуброва 2005].

Як лічаць, чалавечы эмбрыён мае душу: “(Я: Як маці носіць, то ўжо ёсць душа?) А як жа ён дыхае, як няма душы. Ёсць.”, (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п47] “(А душа адкуль у чалавека бярэцца?) Нараджаецца з душою. (Я: Як дзіця ў жываце, душу ўжо мае?) Мае. Пасадзіў курыцу на яйкі, так ужо кураняты выведуцца” (в. Брынёва, Петрыкаўскі раён) [31, № п37], ці душа з’яўляецца падчас нараджэння: “Не чулі, каб у жываце ў мацеры да ўжо з душою дзіця было. Як на свет з’яўляюцца, кажуць, з душою. Плача і дыхае. У жываце ў мацеры ж не плача. Раз плача, думае” (в. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён) [31, № п59].

Пасля смерці чалавека, згодна з традыцыйнымі ўяўленнямі, застаецца існаваць трансцэндэнтная субстанцыя чалавека — “душа”, “дух” чалавека. Звычайна лічаць, што:
1. Душа пойдзе на неба: “Цела згніе, душа застаецца. У чым адзеты, пахаваны, у тым і будзе душа твая.” [31, ф. Дуброва 2005], “Дух у неба пайшоў. Да Бога, калі хто заслужаны. Уздыхнуў — яго душа пайшла кудысьці, на вышыню.” . (в. Брынёў, Петрыкаўскі раён) [31, № п36].
2. Духі памерлых ходзяць па зямлі: “Целы мы іх зарылі ў зямлю, а дух іх па зямлі ходзіць” (в. Бабічы Чачэрскі раён) [31, ф. Чачэрск 2005].
3.“Дух”, “душа” пасля смерці аднаго чалавека ўсяляецца ў таго чалавека, які нарадзіўся: “Гаварылі, што хтосьці памрэ і ў тое час дзесьці нехта народзіцца, дык вот, дух, з таго чалавека, каторы памёр, можа ўсяліцца ў таго чалавека, каторы нарадзіўся (в. Бабічы Чачэрскі раён) [31, ф. Чачэрск 2005], “Душа, калі грэшная, душа ачысціцца. Пакуль не ачысціцца можа перайсці ў 100 рэчаў. Я чытала ў бібліі… Душа ідзе па радні, будзе ўсяляцца ў унукаў, праўнукаў. Душа ідзе па крыві. Яна ачышчаецца” (в. Дуброва Маладзечанскі раён) [24, с. 39], “Чалавек памірае, назначае сваё лёс, каторы нарадзіцца. (Душа пераходзіць) ад чалавека да чалавека. Душа трымаецца сваіх месцаў (душа пераходзіць у нованароджаных недалёка ад тых месцаў, дзе памер першы чалавек)” (в. Палачаны, Маладзечанскі раён) [24, с. 63, 66].

“нябачнага гаспадара” нельга ідэнтыфікаваць, бо нейкія прыродныя з’явы, птушкі, звяры могуць быць ці могуць не быць ім, але чалавек мусіць засцерагацца [98, с. 108; 118; 170, с. 110, 112; 178, с. 59; 31, ф. Неглюбка 1995; Mscіsl 2000; Kascukovіczy 2000; Чачэрск 2005; 45], аналагічныя запісы з мінулых стагоддзяў стагоддзяў [193, с. 91—93, 215; 120, № 188]. Інфарматары не толькі ўяўляюць, што духі-гаспадары маюць чалавечы выгляд, але апавядаюць, што ў іх ёсць вёскі, гаспадарка, дзеці, жонка, ў іх ёсць свае дарогі [135; 98, с. 108; 31, ф. Неглюбка 1995; Чачэрск 2005; 45].

Законамі ўзаемадзеяння паміж людзьмі, свойскімі жывёламі і “нябачнымі гаспадарамі”,
Выразным рэпрэзентантам гаспадаркі (ці “хазяйства”) ва ўяўленнях беларусаў з’яўляюцца жывёлы. Дадаткова да іх могуць дадавацца сельскагаспадарчыя пабудовы. Напрыклад, у в. Бабічы Чачэрскага раёна: “Хазяйства — гэта скаціна, гаспадарка, куры там, авечкі, конь. (Я: А хлявы?) Гэта ўсё да гаспадаркі мае дачыненне. Каня трымаеш, трэба пабудаваць яму хлеў” [31, ф. Чачэрск 2005]. І ў мінулыя стагоддзі адсутнасць жывёлы найперш называлася пры апісанні адсутнасці гаспадаркі: “Хазяйства яны нікакога не садзержывалі, не было ў іх ніякай худобы, ні скацінкі дамашняй, ні прыпасу, ні запасу” [Легенды, № 29]. [120, № 29].

Найперш гэта карова, якая служыць мераю гаспадарчага стану вёскі: інфарматарамі параўноўваюць дынаміку колькасці кароў, каб апісаць сучасны стан вёскі, гаспадаркі: “(Я: Спраўны гаспадар што павінен мець?) Трымалі па двое кароў, па шасцёра быдла. О! Авечкі”. (в. Норцавічы Дзятлаўскі раён) [27, с. 33].

Ва ўяўленнях беларусаў усё павінна мець гаспадара, беларусы пра занядбанае месца кажуць “няма гаспадара” (напрыклад: в. Пярэспа, Сенненскі раён  [23, с. 18]. Ва ўяўленнях сучасных сялян ідэальны гаспадар — “спраўны гаспадар” з’яўляецца найперш прыватным уласнікам жывёлы (звычайна пералічваюць найперш кароў, свіней і потым ўсемагчымых іншых жывёл), сродкаў працы, напрыклад: “усё ёсць, свінні, каровы, мужык у хаці, не бедны, хворы”, “багаты, ўсё мая: гаспадарка, падвор’е, скаціну сваю” (в. Лучын, Рагачоўскі раён) [26, с. 37, 39], [17, с. 118; 26, с. 57]. На 2000 год у Рэспубліцы Беларусь утрымлівалася насельніцтвам (не сельгаспрадпрыемствамі і фермерамі) 630000 кароў, 1333000 свіней, 101000 коней [59, с. 51].

“нябачныя” людзі ўсведамляюцца як катэгорыя людзей, якія жывуць у тым жа свеце, што і людзі звычайныя, маюць сваё месца жыхарства, а адрозніваюцца сваёю нябачнасцю. Іх адносіны ўяўляюцца адпаведнымі чалавечым. Узаемадачыненні паміж бачнымі і нябачнымі людзьмі будуюцца на падставе традыцыйных уяўленняў пра звычаёвыя нормы паводзінаў, сваяцтва, сутнасць чалавека, якія ўяўляюцца агульнымі для людзей бачных і для людзей нябачных. Паміж сабою людзі бачныя і “нябачныя” ўзаемадзейнічаюць там, дзе ў іх ёсць агульныя поле, лес, хата. Аповеды пра нябачных людзей утрымліваюць звесткі пра іх ідэнтыфікацыю, указанні на правільныя, нарматыўныя паводзіны, якія парушаюцца шляхам крыўды ці шкоды, працэдуру выпраўлення наяўнай сітуацыі, якая афармляецца як дамова з падарункам, пакаранне за парушэнне звычаю і падзяка за яго выкананне.

Аўтар: Таццяна Тоўсцік