Кантакты М.П. Румянцава і Я. Лялевеля

0
1254
Кантакты Румянцава і Лялевеля

Кантакты М.П. Румянцава з еўрапейскім вучоным светам, i ў першую чаргу са славістамі Полылчы, Чэхіі, Германй неаднара­зова адзначаліся біёграфамі вялікага расійскага дзяржаўнага дзеяча і асветніка. Яго сувязям з Варшаўскім навуковым асяродкам прысвяціў свой артыкул беларускі румянцазнаўца А. Кіштымаў [1, с.111].

 Паводле публікацыі В.А. Францавым фрагментаў перапіскі

Не меншае значэнне мелі стасункі М.П. Румянцава з навуко­вым асяродкам, які гуртаваўся вакол Віленскага універсітэта, і найперш – з лідэрам гэтага асяродка, буйнейшай фігурай тагачаснай польска-ліцвінскай гістарыяграфіі, а пазней і нацыянальна-вызваленчага руху, Яўхімам Лялевелем. Даволі значны эпісталярый дзвюх выдатных асоб на сёння застаецца пераважна неапублікаваным, хаця яго змест ўведзены ў навуковае карыстанне яшчэ больш за чвэрць стагоддзя таму Б.С. Папковым [2].

Выключэннем з неапублікаванага комплекса эпісталярыя зяўляюцца лісты дзвюх знакамітых асоб, надрукаваныя ў 1909 г. ардынарным прафесарам Імператарскага Варшаўскага універсітэта В.А. Францавым у зборніку “Из переписки Гр. М.П. Румянцова: ма­териалы для истории славянской филологии” (Варшава, Типогра­фия Варшавского Учебного Округа, 1909).

Вартая ўвагі асоба публікатара. Уладзімір Андрэевіч Фран­цузаў — вядомы славіст першай паловы XX ст. Рускі, ён звязаў сваё жыццё з заходнеславянскімі навуковымі цэнтрамі. Пасля заканчэня ў 1892 г. гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага універсітэта больш 15 год выкладаў у ім, зрабіўшы кар’еру ад выконваючага абавязкі дацэнта да ардынарнага прафесара. У 1921 г. У.А. Францаў эмігрыраваў з Савецкай Расіі і да канца жыцця (да 1942 г.) заставаўся прафесарам Пражскага універсітэта. Ён з’яўляецца аўтарам больш 300 прац па славянскай філалогіі і гісторыі. Самая значная работа – “Польскае славяназнаўства канца XVIII – першай чюрці XIX ст.” (Прага, 1906 г.), у якой адзначаны таксама сувязі польскіх вучоных з расійскімі.

Значнае месца ў спадчыне У.А. Францава заняла публікацыя эпісталярыяў вучоных-славістаў – В. Ганкі, Й. Даброўскага, П.Й. Шафарыка. У гэтым шэрагу стаіць і зборнік “Из переписки Гр. М.П. Румянцова”. Яго зместам стала ліставанне М.П. Румянцава з даследчыкамі Й. Даброўскім, С. Ліндэ, інш. Тут жа змешчаны таксама два лісты Я. Лялевеля ад 31 кастрычніка 1823 г. i 1 верасня 1825 г. i два адказы на ix графа М.П. Румянцава (публікацыя апошніх зроблена па чарнавіках графа) ад 28 лістапада 1823 i 23 кастрычніка 1825 г. Лісты надрукаваны на мове арыгінала-французскай, без перакладу на рускую, але з каментарыем-пераказам публікатара, у якім раскрыты змест і абставіны перапіскі. Адзначаючы навуковае i інфарматыўнае значэнне гэтага каментарыя, паспрабуем пашырыць яго з улікам вядомага на сёння гістарычнага кантэкста перапіскі. За дапамогу ў працы над тзкстамі выказваю шчырую падзяку выкладчыку кафедры французскай мовы ГДУ імя Ф.Скарьшы Н.П. Казялец, а таксама Э. Лук’янцавай.

Па-першае, належыць, на наш погляд удакладніць матывы ўзаемнай цікавасці расійскага дзяржаўнага дзеяча і мецэната-асветніка, з аднаго боку, і навуковых аўтарытэтаў былой Рэчы Паспалітай, з другога.

У.А. Францаў, пералічваючы імёны “польскіх вучоных-карэспандэнтаў” графа Г. Брандке, З. Даленга-Хадакоўскага, С. Ліндэ, Х. Мронговіуса, М. Баброўскага, І. Даніловіча, І. Анацэвіча і інш. – называе асновай кантактаў мецэнацкія памкненні і магчымасці М.П. Румянцава. Фактар матэрыяльнай падтрымкі не выклікае сумненняў. Але, на наш погляд, трэба прызнаць дзейсным i важным матыў асабістай апекі з боку багатага і ўплывовага расійскага вяльможы, улічваючы прамую ці ўскосную апазіцыйную заангажаванасць многіх польскіх знаёмых М.П. Румянцава да расійскай улады. Дастаткова прыгадаць прафесара Віленскага універсітэта І. Анацэвіча, папярэдніка І. Лялевеля па кафедры, працаваўшага ў Гомелі з калекцыяй Румянцава, які ў 1828 г. быў абвінавачаны ва ўдзеле ў нелегальнай студэнцкай арганізацыі “Племя Сарматаў”, у “апантанасці польскім нацыяналізмам”, выдалены з універсітэта і асуджаны. Другі прыклад – В. Анастасевіч, выдавец Статута 1588 г., які быў зволены з пасады цэнзара Віленскай вучэбнай акругі з пазбаўленнем пенсіі за допуск да друку “Конрада Валенрода” А. Міцкевіча. Сам Яўхім Лялевель у гэтым сэнсе – найбольш яркі прыклад.

Можна меркаваць, што кантакты і прамая падтрымка апальных прадстаўнікой грамадскасці былой Рэчы Паспалітай сталі падставай для стварэння ў іх асяродку рэпутацыі М.П. Румянцава як паслядоўнага дэмакрата, ледзь не апазіцыйнага самаўладдзю. На гэту думку наводзіць прыведзены Б.С. Папковым эпізод ужо больш позняга перыяду – выступлення Я. Лялевеля на сходзе польскіх эмігрантаў у Бруселі. Высока ацаніўшы высакародныя памкненні “пакутнікаў Расіі” дзекабрыстаў, І. Лялевель выказаў версію аб падтрымцы іх Румянцавым і аб тым, што паміж імператарам і Мікалаем Пятровічам адбылася сутычка, калі Румянцаў заявіў, што ідэі гэтай моладзі падзяляе ўся Расія [2, с. 128]. У такім выпадку прывабнасць асобы М.П.Румянцава для патрыётаў Рэчы Паспалітай значна вырастала.

Але існавала, на наш погляд, сустрэчная патрэба з боку М.П. Румянцава, звязаная з роллю і мэтамі яго навукова-асветніцкай дзейнасці. Не варта даказваць, што шырыня поглядаў і еўрапейская эрудыцыя гэтага высокаадукаванага чалавека вызначылі ўсведа ленне ім каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны любога народа, тым больш роднасных славянскіх. Менавіта гэта разумение з’яўлялася галоўным рухавіком яго арганізатарскай і мецэнацкай дзейнасці па вывучэнні Беларусі. Як чалавек дзяржаўнага мыслення М.П. Румянцаў адчуваў нацыянальнае значэнне гэтай справы. Можна пагадзіцца з трапнай заўвагай А. Кіштымава, што з далучэннем беларускіх земляў – абломкаў былой Рэчы Паспалітай – Расія адчыніла шырокія дзверы ў Еўропу, але спачатку расійскай грамадскасці трэба было адкрыць і зразумець тэрыторыю, якая ляжала на парозе ў Еўропу – Беларусь. М.П. Румянцаў стаў адным з першых Калумбаў на шляху да навуковага асэнсавання беларускіх старажытнасцяў [1, с.112].

Пры гэтым, на наш погляд, менавіта дзяржаўніцкае мысленнне і менталітэт М.П. Румянцава абавязвалі яго да выканання галоўнай расійскай дзяржаўнай ідэйна-палітычнай заданы – доказу рускага характару новадалучаных земляў. Гэта было ня проста, бо патрэбныя сведчанні не ляжалі на паверхні. Якраз наадварот, рэаліі Беларусі аддалялі мясцовую рэчаіснасць ад расійскай. Так, большасць народа, які дэклараваўся як у’зяднанная частка рускага насельніцтва, па Пушкіну – “народ извечно нам родной”, была не праваслаўнай веры, а ўпарта трымалася ўніяцкага, грэка-каталіцкага веравызнання, не кажучы ўжо пра каталіцкую эліту былой Рэчы Паспалітай. На гэтай тэрыторыі дзейнічалі іншыя, статутавыя зако­ны, у культурным i адукацыйным асяродку панавала польская мова, а ў старадаўняй кніжнасці і дакументах, якімі найперш цікавіўся М.П. Румянцаў, побач з царкоўнаславянскай і старабеларускай кірылічнай пісьменнасцю шырока рэпрэзентавался лацінічная – польская і латынь.

Усю соцыя-культурную разнастайнасць краю належала прадставіць у рускім абліччы. Першай задачай на гэтым шляху з’яўлялася пераадоленне каталіцкай традыцыі, якая ўяўлялася ўсяму расійскаму грамадству варожай. М.П. Румянцаў таксама падзяляў гэту пазіцыю, хаця дыстанцыраваўся ад груба-прымітыўных метадаў яе выкаранення. Аб гэтым сведчыць заўвага графа ў лісце да І.І. Грыгаровіча ад 11 красавіка 1823 г. (заўважым. што гэта быў момант якраз актыўнага ліставання з І. Лелявалем): ухваляючы план уводзін да Зборніка беларускіх фамат, Мікалай Пятровіч, робіць аўтару засцярогу з улікам яго духоўнага сана і навуковай мэты выдання: “Конечно, дух папизма надобно обнаружить, но без всякой желчи и той ненависти, которую часто являют наши духовные особы к Католической рели­гии” [3, с.20].

Па-свойму парадаксальным з’яўлялася тое, што вырашэнне абедзвюх задач, звязаных з “рускай справай” у новадалучаных землях – i навуковай і ідэйнай – аказвалася немагчымым без прыцягнення навуковых сіл, звязаных менавіта з папярэдняй неправаслаўнай традыцыяй. Абаперціся на расійскія акадэмічныя i універсітэцкія сілы М.П. Румянцаў не мог – для іх далучаныя ўжо каля паўстагоддзя тэрыторыі ўсё яшчэ заставаліся “terra incognita”. Ступень разделенасці дзвюх гістарыяфафічнах школ – польска-літоўскай і расійскай – выразіў у лісце да таго ж І. Лялевеля яшчэ адзін удзельнік і арганізатар кантактаў паміж гэтымі школамі, ураджэнец Беларусі Фадзей Булгарын. Апісваючы ўспрыняцце пецярбургскай грамадскасцю рэцэнзій Лялевеля на “Историю государства Российского” М. Карамзіна, ён заўважыў, што план Лялевеля параўнаць Карамзіна з А. Нарушэвічам – даследчыкам не толысі польскай, але і беларуска-ўкраінскай гісторыі – не зацікавяць расійскую публіку, бо Нарушэвіча “… тут не знают, а потому ис­пользование его примеров, сравнение с Карамзиным – то же самое, как если бы критикуя Нарушевича, сравнивать его с китайским исто­риком Фу-чи-саном”..[4, с.339].

У сваіх даследаваннях М.П. Румянцаў з непазбежнасцю павінен быў абаперціся на мясцовыя сілы праваслаўна- расійскай арыентацыіі, якія разумелі мясцовую спецыфіку, былі знаёмы з гісторыяй BKJI і Рэчы Паспалітай, ведалі польскую і старабеларускую мовы, а таксама латынь. Менавіта такія сілы прадстаўлялі І. Грыгаровіч, Кіеўскі мітрапаліт Яўген (Балхавіцінаў), інш. – хаця часцей яны не мелі дастатковай прафесійна-гістарычнай падрыхтоўкі. Апошняя абставіна кампенсавалася якраз прыцягненнем да работы прадстаўнікоў польскай і літвінскай прафесуры. Найбольшае значэнне ў гэтым сэнсе меў асяродак Віленскага універсітэта.

Кантакты з віленскай гістарычнай школай М.П. Румянцаў пачаў наладжваць даволі рана. У 1809-1810 гг. па запрашэнню графа правёў па некалькі месяцаў у Гомелі за апрацоўкай бібліятэкі і дакументальных збораў Ігнат Анацэвіч, ураджэнец Беларусі, гісгорык і архівіст. Напярэдадні вайны 1812 г. у Вільні Мікалай Пятровіч пазнаёміўся з Ст. Юндзілам – натуралістам, доктарам філасофіі, на той час ардынарным прафесарам натуральнай гісторыі Віленскага універсітэта. Магчыма, недзе ў гэты час адбылося знаёмства яшчэ з адным ураджэнцам Беларусі, звязаным даследчыцкай праблематыкай з Вільняй, гісторыкам і археолагам, З. Даленгам-Хадакоўскім, які працаваў у Гомелі ў 1819 г.

Узаемная зацікаўленасць у вывучэнні мясцовай гісторыі, прызнанне заслуг і гатоўнасці М.П. Румянцава падтрымліваць даследчыцкую і выдавецкую дзейнасць вучоных прывялі да абрання яго 1 ліпеня 1817 г. ганаровым членам Віленскага універсітэта [5, с. 101-108]. У гэты час І. Лялевель ужо працаваў ва ўніверсітэце, але знаёмства, відаць, не адбылося.

У 1818 г. год ІЛялевель пераехаў працаваць у Варшаву, дзе праз некаторы час канчаткова набывае навуковы аўтарытэт i славу, якія даходзяць i да Pacii: у 1820 г. Ф. Булгарын размяшчае ў “Сыне Отечества” “Кароткі аглад польскай славеснаці”, дзе згадваецца i тым самым уводзіцца ў расійскі навуковы зварот імя I. Лялевеля.

Акружэнне М.П. Румянцава i сам граф не маглі не звярнуць увагу на яркую зорку польскай гістарычнай навукі, тым больш, что аб’екты зацікаўленасці двух бакоў супадалі. У 1821 г. І. Грыгаровіч перакладае на рускую мову частку даследавання І. Лялевеля “Заме­чания о Матеуше герба Холева, польском историке 12 века”.

У 1822 г. Лялевель вярнуўся ў Alma mater – Віленскі універсітэт – ужо прызнаным лідэрам нацыянальнай гістарыяграфіі і “валадаром дум” дэмакратычных колаў былой Рэчы Паспалітай. У той жа год здзейснілася прызнанне яго расійскай навуковай грамаскасцю – у снежні Лялевель быў абраны ганаровым сябрам Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, у сталічных выданнях усё часцей змяшчаюцца згадкі аб ім i яго працах.

Рост папулярнасці ў Расіі, а таксама геаграфічнае і навуковае набліжэнне І.Лялевеля да Беларусі спрыяла кантактам паміж ім і М.П. Румянцавым. Галоўным пасрэднікам у іх стасунках становіцца Іван Мікалаевіч Лабойка – украінец, вьшускнік Харкаўскага універсітэта. У 1822 г. – год вяртання Я. Лялевеля ў Вільню I. Ла­бойка таксама становіцца прафесарам Віленскага універсітэта. Паходжанне і праваслаўнае веравызнанне робяць яго ідэальнай звязваючай фігурай паміж “гуртком Румянцава” і Віленскай навуковай школай. Ён хутка наводзіць актыўныя кантакты з віленскімі даследчыкамі, а таксама пастаянна інфармуе патрона – Румянцава аб навуковых навінах. Вясной 1822 гг. М.П. Румянцаў ужо абмяркоўвае з I.  Лабойкам план выданняў твораў І. Лялевеля на рускай мове. Згода на гэты праект была атрымана ад самога гісторыка. які нават прапанаваў ласна адабраны спіс для перакладу [2, с. 14]. План, аднак, застаўся нерэалізаваным.

У наступным 1823 годзе ІЛабойка паведамляе М.П. Румянцаву аб падрыхтоўцы І. Лялевелям даследавання аб старадруках былой Рэчы Паспалітай. Тэма была неабыякавай для канцлера, таму ён з цікаўнасцю сачыў за гэтай працай і імкнуўся дапамагчы аўтару. Кантакты паміж вучоным і мецэнатам актывізаваліся. У студзені 1823 г. М.П. Румянцаў праз І. Лабойку паведамляе І. Лялевелю аб гатоўнасці перадаць спіс рэдкіх кніг з уласнай бібліятэкі, у красавіку праз таго ж пасрэдніка граф пасылае бібліяграфічныя даведкі аб старажытных бібліях з маскоўскай патрыярхавай бібліятэкі [2, с. 15].

З гэтым эпізодам i звязаны першыя з апублікаваных Ул.А. Францавым лістоў: Лялевеля да Румянцава ад 31 кастрычніка i адказ Румянцава ад 28 лістапада 1823 г. Нягледзячы на невялікі памер, i яны ўсё ж даюць некаторыя звесткі аб падзеях і стылі стасункаў карэспандэнтаў.

Найперш звяртае на сябе ўвагу захаванне саслоўнай субардынацыі ў зваротах карэспандэнтаў адзін да аднаго. Калі з боку М.П. Румянцава выкарыстаны агульна-ветлівы зварот “месье”, то Лялевель ужывае “Мансіньёр” і “Ваша Высокасць”.

Па-другое, лісты сведчаць аб тым, што аснову кантактаў на гэтым этапе складалі менавіта ўзаемныя бібліяграфічныя інтарэсы. Вясной таго ж года праз І. Грыгаровіча і І. Лабойку Румянцаў перадаў Лялевелю экземпляр толькі што выдадзенага “Софийского Временника или русской летописи с 862 по 1534 год” і асабіста сачыў за своечасовасцю выканання гэтага даручэння. Затрымка з перадачай кнігі выклікала раздражнёнасць графа, і ў лісце ад 27 красавіка ён дакарае І. Грыгаровіча: “Вы напрасно удержали у себя экземпляр “Софийского Временника”, мною назначенный в подарок г. Лелевелю” [3, с.21].

Адказ Я. Лялевеля на перасылку кнігі прыйшоў са спазненнем, за што аўтар просіць прабачэння. Зместам ліста з’яўляецца своеасаблівае прадстаўленне вучонага перад расійскім вяльможай. Ён выказвае ў прынятай тым часам для тытула М.П.Румянцава форме глыбокую павагу i падзяку за “неаднаразова выказаную ласку i дабрачыннасць”, а таксама за “Софийский Временник”. Са свайго боку вучоны паведамляе аб перасылцы графу ўласных новых выдапняў – бібліяграфічнага нарыса i фрагмента пачатага даследавання аб каралі Сігізмундзе. Тут жа змешчана прызнанне, якое, напэўна, было не проста формулай ветлівасці: “Я буду шчаслівы, Мансіньёр, калі буду мець магчымасць прапанаваць мае нязначныя працы на разгляд Вашай высокасці, Перапоўнены захапленнем вялікай дасведчанасцю і клопатам… якія Вы ўдзяляеце натуральным навукам” [6, с.31].

У сваім адказе праз месяц, 28 лістапада 1823 г., М.П. Румянцаў дзякуе за атрыманыя ад І. Лялевеля кнігі і выказвае ўпэўненасць у паспяховым завяршэнні пачатых ім прац, гарантыю таму ён бачыць у ведах i таленце вучонага. Ад сябе Мікалай Пятровіч паведамляе, што, нягледзячы на ўстойлівае меркаванне аб адсутнасці ў магілёўскіх архівах каштоўных дакументаў, ён здолеў “упартымі намаганнямі сабраць тут бататы ўраджай” i надрукаваць у Маскве першы том Дакументаў Белай Русі, а таксама падрыхтаваць другі: “Калі выйдзе ў свет першы том, я буду мець гонар паслаць яго Вам. Акты вельмі старыя, але не пазбаўленыя цікавасці” [6, с.35].

Адна невялікая рэмарка ліста – згадка пра “неразумную крытыку”, якой, на думку фафа, надае незаслужаную ўвагу Лялевель – раскрывае дасведчанасць і пазіцыю М.П. Румянцава ў палеміцы, якая разгарнулася ў сувязі з публікацыяй на старонках пецярбургскага часопіса “Северный архив” рэцэнзіі І. Лялевеля на “Историю Государства Российского” М. Карамзіна

Як вядома, манархічна-дзяржаўніцкая канцэпцыя М. Карамзіна выклікала крытыку з боку ліберальных колаў самой Расіі, а таксама была сустрэта востра-апазіцыйна гісторыкамі былой Рэчы Паспалітай. Адметна, што адным з першых падаў свой голас ў 1920 г. на старонках “Вестніка Европы” блізкі i М. Румянцаву і І. Лелявелю З. Даленга-Хадакоўскі.

Па прапанове рэдактара “Северного архива” Ф. Булгарына I. Лялевель пачаў публікацыю сваёй рэцэнзіі ў 1822 г., і яна адразу звярнула на сябе ўвагу, як аўтара “Истории Государства Российского”, так i навуковай грамадскасці. Крытыка была ўспрынята М. Карамзіным як нядобразычлівая, хаця сам Лялевель імкнуўся захаваць навуковую ісціну i не хацеў абразіць ні аўтара, ні расійскага чытача [2, с.21]. М. Карамзін з раздражненнем пісаў у лісце да І.І. Дзмітрыева: “выступил на сцену в Северном Архиве мой новый неблагоприятель, какой-то ученый поляк..[6, с. 193]. Такая рэакцыя засмуціла І. Лялевеля, аб чым сведчыць i суцяшальная рэмарка М. Румянцава Трэба аддаць належнае гонару апошняга, улічваючы яго сяброўства з М. Карамзіным.

Найбольш змястоўным з’яўляецца ліст Лялевеля да М. Румянцава ад 1 ліпеня 1825 г., напісаны неўзабаве пасля драматычных для вучонага падзей, звязаных з забаронай працы ў Віленскім універсітэце i пераездам у Варшаву. Гэты ліст падаецца нам найбольш інфарматыўным і каштоўным у сэнсе раскрьщця стылю i матываў узаемных кантактаў.

Пасланне сведчыць аб тым, што адносіны паміж карэспандэнтамі набьші характар даверлівасці і чалавечай шчырасці. Звяртае на сябе ўвагу фрагмент, які ўтрымлівае асабіста-эмацыянальныя моманты і ўласную ацэнку Лялевелям свайго становішча. Аўтар шчыра прызнаецца, што знаходзіцца ў стане глыбокіх перажыванняў. сапраўднага гора, пэўным суцяшэннем у якім стаў ліст графа. І. Лялевель выбачаецца за выказаную шчырасць: “Ваша Высокасць будзе настолькі добрым, каб прабачыць мяне за мае скаргі. Скаргі даравальныя, калі ёсць пакуты”. Тым не менш, ён працягвае апісваць свае перажыванні, прызнаецца, што усведамленне падзей было зроблена ім не адразу: “Заняты пераездам з Вільна, я не здолеў асэнсаваць пачуцці, якія мяне апанавапі. Толькі ў дарозе я меў магчымасць сабрацца з думкамі. Мяне ачарнілі паклёпам, напоўненым хлуснёй і бязглуздзіцай, без якой-небудзь надзеі знайсці спосаб мяне апраўдаць.” Між іншым, І. Лялевель прызнаецца, што найбольш яго турбуе несправядліваць асуджэння Яго Вялікасцю Імператарам, якому ён захаваў адданасць. Гэта фраза вымагае пытання: наколькі шчырым было прызнанне i каму яно было адрасавана – карэспандэнту Лялевеля альбо апасрэдавана асобе, якая згадвалася ў лісце. Суцяшэннем і палёгкай у сітуацыі душэўных пакут, па прызнанню вучонага, служыць “літаратурная праца, якой я займаюся” [7, с.34-35].

Далейшы змест ліста звязаны з прапановай М. Румянцава да І. Лялевеля заняцца падрыхтоўкай выдання Хронікі Прусіі, якая захоўвалася ў Кенінгсбёргу. Размова ішла пра вядомую хроніку гісторыі Тэўтонскага ордэна Віганда канца XIV ст., у якой у тым ліку апісваліся падзеі, звязаныя з Польшчай. Літвой і Руссю. Адзначаючы ўласную цікавасць да гэтага дакумента, бо ў ім змяшчаўся фрагмент, прысвечаны Ўладзіславу IV, I. Лялевель тлумачыць графу, што дакумент вядомы польскім даследчыкам. Два яго спісы захоўваюцца ў Пулаве, але абыдзены ўвагай, таму што да нядаўняга часу панавала меркаванне нябожчыка Чацкага аб малакаштоўнасці рукапісу. Аднак, паведамляе вучоны, цікавасць да рукапісу аднаўляецца і князям Чартарыйскім ужо зроблена копія з пулаўскага спісу для публікацыі.

Далейшы фрагмент ліста раскрывав атмасферу існавання тагачаснай польскай гістарыяграфіі, а таксама імкненне І. Лялевеля выкарыстаць у інтарэсах яе абароны не толькі фінансавыя, але і палітычныя магчымасці М.П. Румянцава. Разважаючы аб магчымасці выдання хронікі Віганда, ён паведамляе: “Існуюць велізарныя Цяжкасці ў друкаванні прац у Варшаве з боку Цэнзуры. Хронікі і дакументы перажывалі нечаканыя скарачэнні. Адтэрміноўкі, скажэнні, патрабуемыя выпраўленні не толькі прыводзяць у роспач вучоных, але часам робяць немагчымымі любыя намаганні”. У якасці прыкладу I. Лялевель паведамляе выпадак са спробай аналізу “Собрания Государственных Грамот”, выдадзеных на грошы самога Румянцава. Калі “адзін з нашых літаратараў” прааналізаваў дакументы, якія датычылі гісторыі Польшчы, то цэнзура поўнасцю ліквідавала частку работы, звязаную з праўленнем Уладзіслава IV: “Урэзаны і скажоны аналіз, які нарэшце з’явіўся ў “Pamionthik naukowy” нагадваў працу шкаляра” [7, с.36].

В.А. Францаў убачыў у гэтым спосаб ветліва адмовіцца ад прапановы М.П. Румянцава адносна працы над хронікай, паколькі яна не была цікава самаму Лелявелю [7, с.31]. З гэтай думкай можна пагадзіцца, бо далей гісторык прапаноўвае ўласны варыянт супрацоўніцтва, у якім меў зацікаўленне і адпаведна якому пагроза з боку цэнзуры ўжо не здаецца настолькі непераадольнай.

Прапанаваны І. Лялевелем праект датычыў працы І. Даніловіча над падрыхтоўкай да публікацьгі Літоўскіх Статутаў, якая была распачата яшчэ ў Віленскім універсітэце. I. Лялевель паведамляе, што ён поўнасцю дасведчаны ў рабоце Даніловіча. На момант напісання ліста быў скапіяваны і сабраны вялікі комплекс дакументаў на рускай, польскай і лацінскай мовах Сярод іх – Статут 1529 г. і больш раннія літоўскія законы, а таксама пастановы сеймаў, звароты магнатаў і шляхты, адказы на іх каралёў і вялікіх князёў Літоўскіх, тэксты другога Статута ВКЛ (1566 г.) на трох мовах. I. Лялевель указвае, што сабраныя матэрыялы здольны скласці два вялікія тамы. Ветліва выказваючы небяспеку злоўжыць ласкай дабрадзея, ён тым не менш выказвае спадзяванне, што Мікалай Пятровіч, магчыма захоча прадэманстравать новы доказ сваёй шчодрасці ў адносінах да Даніловіча і прафінансуе выданне падрыхтаваных ім помнікаў права.

Будучы, відаць, упэўненым ў згодзе мецэната далей Я. Лялевель прапануе канкрэтны план арганізацыі выдання. На яго думку, друкаваць Статуты ў Харкаве, куды пасля высылкі з Віленскага універсітэта якраз у 1825 г. перабраўся І. Даніловіч, будзе немагчыма. Прычыну ён бачыў у тым, што “лацінскі тэкст, польскі і нават рускі скапіраваны лацінскімі літарамі”, таму “больш прыдатна друкаваць яго ў Варшаве”. У такім выпадку Лялевель гатовы сам далучыцца да справы: “Калі Ваша Вялікасць прыме да ўвагі гэты праект, я гатовы да паслуг Вашай вялікасці і гатовы ахвотна паслужыць Даніловічу, абавязваюся заняцца выданнем і знайду кампаньёнаў, якія мне дапамогуць”. Поспех такога варыянта выдання можа быць забяспечаны, па-першае, зместам дакументаў – “У Статутах Цэнзура наўрад зноўдзе нешта, што магло б яе занепакоіць i не спадабацца”. Па-другое, ўдзел М.П. Румянцава ўжо надае аўтарытэт справе. Але поўная гарантыя “ўхіліцца ад цяжкасцей з боку Цэнзуры”, на думку Лялевеля, – “дастаць акт выключнага дазволу ад Яго Вялікаці Імператара” [7, с.36]. У лісце асцярожна запытваецца меркаванне на гэты конт М.П. Румянцава, але можна заўважыць, што за гэтым пытаннем прыхавана просьба аб пасрэдніцтве. Такім чынам, польскія гісторыкі ў асобе Ляле­веля імкнуліся паставіць аўтарытэт і ўплыў канцлера на служэнне ўласным навуковым мэтам.

Далейшы фрагмент ліста яшчэ пацвярджае захаванне бібліяфільскай глебы кантактаў. Я. Лялевель паведамляе М.П. Румянцаву аб каштоўнай прыватнай бібліятэцы былога ўрадоўца (рэферэндарыя і геральдыста) Рэчы Паспалітай Яна Хылічкоўскага, якая ўключала 4 тысячы тамоў, сярод якіх былі каштоўнейшыя рарытэты нацыянальнага значэння накшталт Польскага псалтыра 1532 г., малога польскага гербоўніка Горчына і г.д. Пад ціскам абставін калекцыянер вырашыў выставіць бібліятэку на продаж, ацаніўшы яе ў 9 тысяч рублёў срэбрам, прычым прадаць яе цапкам. Ведаючы цікавасць М.П. Румянцава, калекцыянер праз Лялевеля прасіў паведаміць графа аб продажы, што апошні “рабіў з ахвотай, разумеючы каштоўнасць падобнага багацця”. Ён дадаваў: “У выпадку, калі Ваша Высокасць вырашыць зрабіць пакупку, каталогі будуць афіцыйна перададзены Вашай Высокасці і будзе даказана, што гэта багатая калекцыя польскіх прац, больш на польскай мове, чым на латыні” [7, с.37].

Адказ на гэты ліст М.П. Румянцава ад 23 кастрычніка 1825 г. сведчыць, што тактыка, абраная Лялевелям спрацавала: канцлер прымаў амаль усе прапановы вучонага. Перш за ўсё, ён выказаў спачуванне тым “цяжкасцям і непрыемнасцям, якія церпяць у наш час асвета і аўтары-вучоныя”. Граф прымаў да ўвагі інфармацыю аб гатоўнасці князя Чартарыйскага выдаць Хроніку Прусіі і адмаўляўся ад гэтага пректа са свайго боку, тым больш, што ў яго карыстанні быў толькі лацінскі пераклад.

Станоўча ацэньваўся М.П. Румянцавым і план выдання працы І. Даніловіча: “Я пагаджуся з задавальненнем, што Вы надрукуеце ў Варшаве пад Вашай рэдакцыяй на мае расходы важную працу Г. Даніловіча аб правілах, Статутах і законах Літвы. Але я прашу яго прыслаць мне 2 тамы з 4 рукапісаў, якія ён склаў па гэтым матэрыялам. Як толькі я змагу пазнаёміцца з імі, я буду мець гонар выслаць іх Вам з просьбай прыступіць да выдання гэтай працы” [7, с.38].

Адносна бібліятэкі Я.Хылічкоўскага, Мікалай Пятровіч так­сама прасіў I. Лялевеля дабіцца даверу гаспадара і даслаць яму ката­лог для параўнання з наяўнымі ў яго кнігазборы рэдкімі польскімі выданнямі. Толькі пасля гэтага ён мог прыняць рашэнне аб набыцці гэтай бібліятэкі.

Як вядома, у сувязі са смерцю М.П. Румянцава дамоўленасці не былі здзейснены і падрыхтаваныя праекты былі адкладзены на доўгі час. Прыкладам, праца І. Даніловіча была выдадзена пры дапамозе польскага мецэната А. Дзялынскага толькі ў 1841 г.

Кантакты М.П. Румянцава з І. Лялевелем сведчаць аб тым, што сваёй навукова-арганізатарскай чыннасцю ён імкнуўся аб’яднаць навуковыя сілы розных школ, незалежна ад канфесійнай прьшалежнасці, нацыянальнасці, палітычных поглядаў і г.д. У гэтым была значная заслуга расійскага асветніка і грамадскага дзеяча Можна, на наш погляд, пагадзіцца з украінскім даследчыкам В. Ульяноўскім, што з узнікненнем “кола Румянцава” расійская навука атрымала шанц вьтрацаваць напрамак вывучэння бьшых зямель BKЛ, арыентаваны на духоўна-інтэлектуальныя прыярытэты, непадробную цікавасць да мясцовых асаблівасцей. Смерць М.П. Румянцава. паўстанне 1830-31 гг., закрыццё Віленскага універсітэта ліквідавалі гэтую магчымасць: “Гэта прывяло да таго, што новыя кадры чыноўнікаў ды даследчыкаў Северо-Западного краю мусілі ўсё пачынаць спачатку – а дакладней з самаадукацыі да адкрыцця раней вядомага” [8, с.31].

Литература

  1. Киштымов А. Н.П.Румянцев и общество друзей наук в Варшаве // Наш радавод. – Гродна-Беласток. 2001.
  2. Попков Б.С. Польский ученый и революционер Иоахим Лелевель: русская проблематика и контакты. – М., 1974.
  3. Чечулин Н.Д. Из переписки канцлера Графа Румянцева. – СПб., 1893.
  4. Булгарын Ф. Выбранае. – Мн., 2003.
  5. Киштымов А. Белорусские материалы фонда Румянцевых в Рос­сийской государственной бибилиотеке // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. – Мн., 2002.
  6. Карамзин Н.М. Избранные статьи и письма. – М., 1982.
  7. Францев В.А. Из переписки канцлера графа Н.П. Румянцова. Ма­териалы для истории славянской филологии.
  8. Ульяновській У. “Русское дело в Северо-Западном крае” через призму історіі магнатських архівів Сапег та Радзйвілів у XX ст. – Кйів.

Аўтар: В.М. Лебедзева
Источник: Н.П. Румянцев и его эпоха в контексте славянской культуры: материалы Международной научно-практической конференции (Гомель. 12–13 мая 2004 г.). / ГГУ им. Ф. Скорины. – Гомель, 2004. – 216 с.