Агульнавядомым фактам з гісторыі старога Гомеля з’яўляецца інфармацыя аб тым, што да Другой сусветнай вайны ў Гомельскім парку захоўваліся дзве скульптуры «каменных баб», прывезеных у якасці садовых скульптур яшчэ ў XIX ст., у часы князёў Паскевічаў. Найбольш поўны на сёння гістарычны агляд пра гэтыя скульптуры апублікавала ў 2018 г. Т.А. Шода ў артыкуле «Музейные предметы из категории наиболее ценных в собрании Гомельского дворцово-паркового ансамбля» [8, с. 83-84]. Аднак новыя выяўленыя гістарычныя звесткі дазваляюць па-іншаму паглядзець на, здавалася б, агульнавядомыя факты.
«Каменныя бабы» — тэта антрапаморфныя выявы, звязаныя з культам продкаў, якія былі распаўсюджаны ў качавых народаў (скіфаў сарматаў, полаўцаў і іншых) на шырокай стэпавай тэрыторыі Еўразіі з II тысячагоддзя да н.э. да XIII ст. н. э. У краязнаўчых тэкстах іх часта называюць таксама «скіфскія бабы» ці «палавецкія бабы». Звычайна яны ўяўляюць сабой скульптуры ў тэхніцы рэльефу ці барэльефу вышынёй 1-4 м. Традыцыя змяшчаць у парках пры заможных сядзібах «каменных баб» распаўсюдзілася на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII — XIX ст. Даследчыкам вядома пра існаванне ў пачатку XX ст. каля 10 такіх скульптур. Мяркуецца, што гэтыя каменныя выявы прывозіліся з стэпавых раёнаў Прычарнамор’я і Прыазоўя [3].
Упершыню звесткі пра каменных баб у Гомельскім парку з’яўляюцца толькі ў 1911 г. Аўтары аднога з першых краязнаўчых апісанняў Гомеля пачатку XX ст. Ф. Жудро, I. Сербаў і Дз. Даўгяла ў сваім геаграфічна-статыстычным нарысе «Город Гомель» паведамляюць: «За Гомеюком, в чаще, в отдельной беседке, стоит каменная баба, попавшая сюда откуда-то из древней Скифии» [4].
Варта звярнуць увагу на той мала заўважаны пазнейшымі даследчыкамі факт, што аўтары дадзенага нарыса ўзгадваюць толькі адну «каменную бабу» ў Гомельскім парку. Верагодна, гэтая дэталь успрымалася мясцовымі даследчыкамі як нешта накшталт апіскі ці абдрукоўкі, і, улічваючы пазнейшыя звесткі, па агульнапрынятай традыцыі далей заўжды паведамлялася, што ў парку Паскевічаў у пачатку XX ст. знаходзіліся дзве статуі «каменных баб» [3; 5; 8].
Наступным па часе сведчаннем існавання «каменнай бабы» ў Гомельскім парку стала набытая ў 2015 г. Гомельскім палацава-паркавым ансамблем акварэльная выява работы нямецкага мастака Эміля Лозэ (Emil Lohse), які быў у складзе нямецкіх войск, што захапілі Гомель у 1918 г. падчас Першай сусветнай вайны (мал. 1). Малюнак даціраваны лютым 1927 г., і, мяркуючы па ўсім, быў зроблены мастаком па вяртанні ў Германію на аснове папярэдніх замалёвак альбо фотаздымкаў. У любым выпадку, дадзеная выява дазваляе дакладна ідэнтыфікаваць, як менавіта выглядала апісаная Ф. Жудро, I. Сербавым і Дз. Даўгяла «каменная баба» Гомельскага парку. Варта адзначыць, што ўзгаданая ў тэксце дадзеных аўтараў альтанка над скульптурай, да 1918 г., адпаведна малюнку Э. Лозэ, не захавалася.

Наступным па часе і найболын поўным сведчаннем аб існаванні «каменных баб» у Гомельскім парку стаўся артыкул беларускага гісторыка Міхаіла Мялешкі «Камень у вераваньнях і паданьнях беларуса», надрукаваны ў 1928 г. Аўтар паведамляе, што «Дзьве каменныя бабы знаходзяцца ў Гомельскім парку, быццам, паводле згадак, прывезеныя некалісь кн. Паскевічам з поўдню і пастаўленыя ў парку каля свайго палацу» [5, с. 175-176, мал. 8-9]. Важнейшай каштоўнасцю гэтага артыкула сталіся два фотаздымкі гомельскіх «каменных баб», якія, адпаведна подпісам пад выявамі, былі прадстаўлены аўтару Гомельскім дзяржаўным музеем (мал. 2: 1-2). Верагодна, з публікацыі гэтых здымкаў і пайшла традыцыя казаць аб існаванні ў Гомельскім парку Паскевічаў скульптур двух «каменных баб».
Як высветліла Т. А. Шода на аснове аналізу музейных дакументаў, абедзве каменныя бабы Гомельскага парку зніклі падчас нямецкай акупацьй Гомеля 1941-1943 гг. «Надгробные памятники скифов (скифские бабы) 2 штуки» пералічваюцца сярод вонкавых экспанатаў Гомельскага музея, якія не былі эвакуіраваны з Гомеля летам 1941 г. i не былі выяўлены пасля вызвалення Гомеля [8, с. 84].
Гэтым пералікам, уласна, і абмяжоўваюцца апублікаваныя на сёння факты пра «каменных баб» Гомельскага парку.
Цікавая інфармацыя, якая адкрывае новыя накірункі пошукаў, была выяўлена падчас працы ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці з пратаколамі Калегіі сакратарыята Гомельскага губернскага аддзела народнай адукацыі за 1919 г. [2].
У 1919 г. тэрыторыя Гомельскай вобласці ахоплівала вялікі абшар і ўключала Аршанскі, Быхаўскі, Гомельскі, Горацкі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Рэчыцкі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі паветы. У кампетэнцыю Аддзела народнай адукацыі, акрамя ўласна адукацыі, уваходзіла таксама і праца па розных накірунках культуры, у тым ліку музейная праца — збор, захаванне і размеркаванне твораў мастацтва і гісторыі з былых панскіх маёнткаў, арганізацыя дзейнасці сеткі музеяў і іншае. Сярод супрацоўнікаў, адказных за музейную справу, быў i I. Сербаў — адзін з аўтараў ужо названага гістарычнага нарыса «Город Гомель» 1911 г.
Згодна з пратаколам № 23 пасяджэння Калегіі ад 27.07.1919 г., пад пунктам 18 разглядалася пытанне аб маючай адбыцца паездцы т. Сербава ў Маскву, адпаведна тэлеграме т. Троцкай. Па выніках разгляду гэтага пытання ўдзельнікі калегіі вызначылі шэраг першапачатковых задач па арганізацыі працы Гомельскага музея ў былым палацы Паскевічаў. Сярод іх наступная: «н) Предложить т. Сербову переправить Скифскую Бабу из Пропойска» [2, арк. 29 ад., 30].
Нягледзячы на тое, што пакуль не было выяўлена пацвярджэння выканання І. Сербавым пастаўленай заданы, гэтая кароценькая фраза з дакумента добра тлумачыць сітуацыю, якім чынам адна «каменная баба» ў Гомельскім парку паводле дакумента 1911 г. сталася дзвюма «каменнымі бабамі» ў дакуменце 1928 г.: другая была прывезена з нейкага іншага бьшога панскага парку на тэрыторыі Гомельскай губерніі, напрыклад, I. Сербавым з Прапойска.
Аб тым, што перавоз «каменных баб» у Беларусі 1920-х гг. быў дастаткова распаўсюджанай з’явай, сведчыць таксама артыкул М. Мялешкі. У 1921 г. ён сам перавёз у Віцебскі дзяржаўны музей «каменную бабу» з былога маёнтка ў мястэчку Крынкі. Яшчэ адна «каменная баба», што стаяла ў мястэчку Любонічы на Бабруйшчыне, была перавезена ў Беларускі Дзяржаўны музей у г. Мінск, куды таксама была перавезена i каменная баба з маёнтка Смаляны на Аршаншчыне [5, с. 175]. Аднак, пералічваючы вядомыя яму «каменныя бабы» на тэрыторыі Беларусі, М. Мялешка па нейкіх прычынах не ўзгадаў статую ў парку г. Прапойска, якая там знаходзілася, прынамсі, яшчэ ў 1919 г.
Відавочна, што калі ў 1928 г. М. Мялешку былі перададзены з Гомельскага музея фотаздымкі «каменных баб» у парку пры музеі, ён не атрымаў дакладнай гістарычнай даведкі аб паходжанні кожнай з іх. Таму ён надзвычай коратка так і апісаў свае веды (хутчэй здагадкі) пра іх.
Пра існаванне каменнай «скіфскай бабы» ў парку г. Прапойска ўзгадвае Е. Раманаў у артыкуле «К пребыванию императрицы Екатерины II в Пропойске», апублікаваным у 1901 г. [7]. Сярод іншага аўтар адзначыў, што з’яўленне імператрыцы аказала вялікае ўражанне на мясцовых жыхароў — яе імем сталі называць паштовыя тракты, пракладзеныя ў тэты час, верставыя слупы і пасаджаныя ўздоўж дарог дрэвы. Паводле запісаў Е. Раманава, «В Пропойске облик императрицы принял легендарный характер и ея именем названа даже доисторическая каменная баба, находящаяся в саду помещика».
Такая прамая «персаналізацыя» (разам з узгаданымі назвамі дарог) ускосна можа сведчыць аб з’яўленні дадзенай статуі напярэдадні наведвання Кацярынай II маёнтка князя Галіцына ў Прапойску ў 1787 г. [3].
Лес прапойскай «каменнай бабы» пасля рэвалюцыі 1917 г. невядомы — згодна з вышэй працытаваным запісам, у ліпені 1919 г. яна яшчэ знаходзілася ў мясцовым парку, з якога ў далейшым нейкім чынам знікла. Улічваючы адпаведную пастанову калегіі Губнарадукацыі, найболын праўдападобнай падаецца яе перавозка I. Сербавым у Гомельскі парк пры музеі імя Луначарскага. Але… У 2016 г. у царкоўна-археалагічны музей Магілёўскай епархіі паступіў шэраг паштовак пачатку XX ст. з відамі розных населеных пунктаў былой Магілёўскай губерніі. Перадала іх жыхарка г. Магілёва Галіна Непакойчыцкая, якая паведаміла, што дадзеныя здымкі засталіся ў спадчыну яе мужу — ветэрану вайны, доктару фізіка-матэматычных навук Анатолю Непакойчыцкаму (ужо памерламу) ад дзядулі па матчынай лініі Дамініка Харкевіча, які да 1917 г. працаваў пісарам у гарадской управе Магілёва [1].
Сярод захаваных гэтымі людзьмі старых паштовак аказалася адна з выявай каменнага ідала. На яе адваротным баку змешчаны рукапісны надпіс «Каменная статуя в м. Пропойск в парке Муромцевой», а таксама адбітак штампа аўтара фотаздымка «Фотогр. любитель Николай Михайлович Коротцев». Адпаведна асаблівасцям ужытага правапісу, надпіс і фотапаштоўка былі зроблены да 1918 г. Паводле кнігі А. Дэмбавецкага «Опыт описания Могилевской губернии» 1884 г. м. Прапойск уваходзіла ў склад маёнтка памешчыцы Мурамцавай [6, с. 56]. Такім чынам, відавочна, што тэта і ёсць выява ўжо ўзгаданай «скіфскай бабы» з Прапойска.
У час падрыхтоўкі дадзенага артыкула скан гэтай фотапаштоўкі ветліва быў прадстаўлены загадчыцай Царкоўна-археалагічнага музея Магілёўскай епархіі Грышанавай Людмілай Фёдараўнай (мал. 2: 3).

Аднак параўнанне фотаздымка прапойскай «каменнай бабы» і другой «каменнай бабы» ў Гомельскім парку з артыкула М. Мялешкі 1928 г. паказала, што гэта дзве абсалютна розныя скульптуры — I. Сербаў так і не выканаў пастанову пасяджэння Калегіі сакратарыята Гомельскага губернскага аддзела народнай адукацыі ад 27.07.1919 г., а другая каменная баба ў Гомельскі парк прыбыла з іншага, не прапойскага, парку. А вось з якога менавіта, а таксама куцы ж падзелася «каменная баба» з прапойскага парку — яшчэ трэба будзе высвятліць даследчыкам.
Крыніцы і літаратура
- Гришанова, Л. Каменная баба из Пропойска / Л. Гришанова // Могилевская правда [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.mogpravda.by/ru/issues?art_id=4531. — Дата доступа: 28.07.2019.
- Дзяржаўны архіў Гомельскай воблаці. — Ф. 60. Bon. 1. Спр. 5.
- Дучыц, Л. У. Каменныя бабы / Л. У. Дучыц, С. Я. Расадзін // Археалогія і нумізматыка Беларуси Энцыкл. / Беларус. энцыкл.: Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мінск : БелЭн, 1993. — С. 301.
- Жудро, Ф. А. Город Гомель: географическо-статистический очерк / Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, Д. И. Довгялло // Записки Северо-Западного отдела императорского Русского географического общества. Кн. 2. — Вильна, Типография А. Г. Сыркина, 1911. — С. 293—353.
- Мялешка, М. Камень у вераваньнях i паданьнях беларуса / М. Мялешка // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга 4. Працы катэдры этнаграфіі. Том I. Сшытак 1. Менск, 1928. — С. 155-182.
- Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях / под ред. А. С. Дембовецкого. Могилев-на-Днепре, Типография Губернскаго правления, 1884. — Кн. 2. — 1000 с.
- Романов, Е. К пребыванию императрицы Екатерины II в Пропойске / Е. Романов // Могилевская старина. Сборник статей «Могилевских Губернских Ведомостей». Под редакцией Е. Р. Романова. Выпуск II. 1900 и 1901 годы. Могилев Губернский. Типография Губернскаго Правления. 1901 г. — С. 69.
- Шода, Т. А. Музейные предметы из категории наиболее ценных в собрании Гомельского дворцово-паркового ансамбля / Т. А. Шода // Музейны Веснік / укл. Н. У. Калымага, А. I. Ладзісаў; Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. — Мінск: Артыя Труп, 2018. — Вып. 6. — С. 80-84.
Аўтар: Я.Р. Малікаў
Крыніца: Гомельский дворцово-парковый ансамбль: от усадьбы до музейного комплекса: сборник материалов международной научно-практической конференции. — Гомель: Барк, 2019. — С. 108-112.