Каляндарныя абрады і песні Ельскага раёна

0
109
Каляндарныя абрады і песні Ельскага раёна

У сістэме каляндарна-абрадавай паэзіі Гомельшчыны важнае месца адводзіцца каляндарнай абраднасці Ельшчыны. Засяродзім увагу на асобных з’явах мясцовага народнага календара. Адзначым, што калядна-навагодні абрадавы комплекс Ельшчыны, захоўваючы агульнатрадыцыйную аснову, уключае наступныя структурныя кампаненты: падрыхтоўка абрадавай трапезы (тры куцці), абходныя шэсці калядоўшчыкаў з казой і “звяздой”, варожбы на будучы ўраджай і шлюб, прыкметы і павер’і, звязаныя з Ражаством, Новым годам, Вадохрышчам, выкананне ўласна калядных велічальна-віншавальных песень, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну і інш.

Як паведамілі жыхаркі в. Валаўская Рудня Т.П. Бурмель, 1936 г.н. і Р.А. Таргонская, 1931 г.н., “на Каляды варылі тры куцці: першую куццю варылі 6 январа перад Рожэством, другую, багатую куццю, — 13 январа перад Новым годам, трэцюю, бедную куццю, — 19 январа перад Хрэшчэннем”. На першую куццю рыхтавалі такія стравы, як “боршч, кісель, блінчыкі-налеснікі, куццю з пярловай крупы” (запісана ў в. Мядзведнае ад Турчан Марыі Еўтухоўны, 1913 г.н.). З першай куццёй былі звязаны гаспадарчыя варожбы. Паколькі калядныя святы ўвасаблялі магічную ідэю “першага дня”, то лічылася, што, якім будзе пачатак, такім будзе і ўвесь год. Па даўжыні саломінак, якія выцягвалі з-пад настольніка, меркавалі, ці “вялікім вырасце лён” (запісана ў в. Мядзведнае ад Турчан Марыі Еўтухоўны, 1913 г.н.). Саломай, узятай з-пад абруса, “падвязвалі” пладовыя дрэвы, “шоб родзілі” (запісана ў в. Мядзведнае ад Турчан Марыі Еўтухоўны, 1913 г.н.). Верхні слой куцці аддавалі курам, “папярэдне абвёўшы вяровачкай круг і расклаўшы там кашу” (запісана ў в. Баранцы ад Бурмель Варвары Іванаўны, 1932 г.н.). Меркавалі, што ў такім выпадку куры ўлетку будуць дадому прыходзіць.

Адзначым, што ў мясцовым зімовым цыкле абрад калядавання займаў цэнтральнае месца. Удзельнічалі ў ім і дарослыя, і дзеці. Спачатку прасілі дазволу пакалядаваць. Калі гаспадары дазвалялі, то заходзілі ў хату з прывітальнымі словамі: “Мы не самі прыйшлі, нас Гасподзь Бог прыслаў. // З Ісусам Хрыстом, з святым Раждзеством! // Прачыстая маці вялела гуляці // У каждага двара ў добрага гаспадара” (запісана ў в. Валаўск ад Жураўлёвай Марыі Маркаўны, 1932 г.н., Ляўкоўскай Галіны Сяргееўны, 1952 г.н.). Асаблівасцю абраду калядавання ў Ельскім раёне, як адзначылі самі інфарматары, з’яўляецца арганічнае спалучэнне язычніцкіх элементаў з хрысціянскімі: “На другую куццю хадзілі калядаваць з казою, са звяздою” (запісана ў в. Валаўская Рудня ад Т.П. Бурмель, 1936 г.н. і Р.А. Таргонскай, 1931 г.н). Як адзначыла Н.А. Хамец з в. Кавалі, “звязду рабілі з хвоі ды ўпрыгожвалі кветкамі”, калядаванне суправаджалася наступнымі песеннымі радкамі:

Сею пшаніцу,
А ты дай кусок сала і паляніцу;
Дайце, дзядзька, пірога,
Вывідзем вала за рога.

Абавязковым у рэпертуары калядоўшчыкаў з розных вёсак Ельскага раёна быў тэкст, блізкі да царкоўных калядных песнапенняў, у паэтычным змесце якіх адлюстраваліся біблейскія сюжэты:

Божае нараджэнне, божая сіла,
Што нарадзіла Дзева Марыя божага сына.
Нарадзіўся Сус Хрыстос у Дзевы Марыі.

У кожнай хаце з нецярплівасцю чакалі калядоўшчыкаў, з іх прыходам звязвалі надзеі на добры ўраджай, дабрабыт, шчасце ў сямейным жыцці. Лічылася, “калі калядоўшчыкі не зойдуць у хату якую, тая хата будзе няшчаснай” (в. Валаўская Рудня). Іншы раз, калі калядоўшчыкі не атрымлівалі дазволу пакалядаваць, то ім адрасавалі праклёны: “Святое Рожэство, // Шоб тобе до дня // Хату разнесло (запісана ў в. Кавалі ад Хамец Н.А.).

Паводле ўспамінаў М.М. Мельнік, 1933 г.н., з в. Мядзведнае, “на багатую куццю, калі садзіліся за стол, то гаспадар браў ложку з куццёй і казаў: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці, а ўлетку не бывай, бо жалезным прутам ногі поперабіваю”. У звычаі клікаць мароз на ўсе тры куцці адлюстраваліся рэшткі старажытных уяўленняў беларусаў, звязаных з верай у духаў продкаў, іх здольнасць уздзейнічаць на свет жывых.

Багаццем і разнастайнасцю адрозніваецца навагодняя варажба, запісаная найбольш поўна ў шматлікіх варыянтах. Напрыклад, прыносілі бярэмя дроў і лічылі, ці да пары іх набралі. “Да і шчытаем: ето пара, ето пара, а ето не пара — значыць, не выйду ў гэтым годзе замуж” (запісана ў в. Мядзведнае ад Мельнік М.М., 1933 г.н.). Паводле ўспамінаў В.М. Лобан, 1940 г.н. з в. Кочышчы, “тры дзевачкі пойдуць калядаваць, кожна сабе загадзя намеціць хату. У першай хаце далі піражка, у другой — далі, у трэцяй — далі. Усё гэта палажылі на бляху, каторай печ закрываецца, на парозе паманілі сабаку. Ён прыйшоў, схваціў першы піражок, з’еў — выйшла замуж, схваціў і кінуў — пажыла трохі і развялася, а потым і не прыйшоў — жыве адна”. Дзяўчаты імкнуліся вызначыць, у якім баку жыве іх суджаны: “Чоботы перошыбвалі цераз хату. У які бок носам глядзіць, туды і замуж пойдзеш” (запісана ў в. Сугакі). У в. Мядзведнае варажылі наступным чынам: “Пыталіся ў каго-небудзь з сустрэчных, дзе нясуцца іх куры. Калі адказвалі, што дзе ходзяць, там і нясуцца, то выйдзеш замуж. А калі скажуць, што ў сваім доме нясуцца, то не выйдзеш замуж” (ад Мельнік М.М., 1933 г.н.). У в. Валаўская Рудня надзвычай распаўсюджанымі былі варожбы, звязаныя з “паланнем хустак”, калі ўсе дзяўчаты клалі хусткі ў вялікую міску і “палалі”. “Чыя хустка выпадзе з міскі першая, тая першай выйдзе замуж”. Паводле ўспамінаў Т.А. Хамец, 1920 г.н. з в. Бякі, “лягаеш спаць, не разуваючы правую ногу, і гаворыш: “Я лягаю, праву ногу не разуваю. Хто будзе за мною веку дажываць, той прыйдзе маю ногу разуваці”. З дапамогай прыведзеных абрадавых сімвалічных дзеянняў моладзь імкнулася зазірнуць у будучае, вызначыць свой лёс, бо асабістая шчаслівая ўладкаванасць у сямейным жыцці, паводле народных павер’яў, уплывала і на плён гаспадарчых работ, урадлівасць зямлі.

Такім чынам, калядна-навагодні комплекс Ельшчыны адрозніваўся найперш арганічнай паяднанасцю язычніцкага абраду ваджэння казы і хрысціянізаванага хаджэння са “звяздой”, выкананнем рытуалу заклікання марозу на ўсе тры куцці і выкананнем царкоўных калядных “песнапенняў”.

У некаторых вёсках Ельскага раёна на пытанне, як гукалі вясну, інфарматары адказвалі адназначна: “вясну не гукалі ў нас, але ж вяснянкі спявалі”. Адметнасцю мясцовай фальклорнай традыцыі Ельшчыны з’яўляецца той факт, што тут звязвалі Масленіцу з абрадам сустрэчы вясны. У склад масленічнага абрадавага комплексу ўваходзілі найперш элементы, уласцівыя для абраду гукання вясны: распальванне вогнішча, выхад дзяўчат і хлопцаў на бераг ракі, закліканне вясны, ваджэнне карагодаў, выкананне веснавых карагодных песень:

Ой, вясна, вясняначка,
Ой, ты, мая ўнучанька,
Ой, гаю!
Ты свяці па-летняму, па-вясенняму.
Ой, гаю!
Сонейка закоціцца,
Вясна не праходзіцца.
Ой, гаю! (запісана ў в. Шарын ад Шынкарчук М.П., 1907 г.н).

У в. Валаўск гукалі вясну на Саракі 9 (22) сакавіка. З гэтым святам звязвалі такія сімвалічныя абрадавыя дзеянні: “трэба было зламаць 40 дошчак, пакачаць 40 калёс, з’есці 40 пампушак, спекчы 40 жураўлікаў” (запісана ад запісана ад Жураўлёвай Марыі Маркаўны, 1932 г.н., Ляўкоўскай Галіны Сяргееўны, 1952 г.н.). Даследчыца

Т.А. Агапкіна звязвае гэта абрадавае печыва з міфалагемай вяртання продкаў: “Агульнакультурная прагматыка гэтага сімвала заключаецца ў тым, каб забяспечыць гэта вяртанне, аблегчыць кантакты жывых і мёртвых, а таксама задаволіць патрэбы апошніх у харчаванні” [1, с. 272]. Песні-вяснянкі, запісаныя ў вёсках Ельскага раёна, адрозніваюцца разнастайнасцю традыцыйных сюжэтаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца такія, як “Вясна, красна, што ты нам прынясла?”, “Вясна, вясна, вясняначка, дзе ж твая дачка Ульяначка?”. У мясцовых варыянтах першага песеннага сюжэта гучаць матывы заклікання вясны, уласцівыя агульнабеларускім вяснянкам. У тэкстах вар’іруюцца тыя дары, што прыносіць шчодрая вясна: у вёсцы Кавалі гэта “каробачка бобу // Хлопцам на хваробу, // Каробачка яіц // Дзеўкам на гасцінец”; у в.Новая Рудня гэта “цёпла лета, ціхае // І цёплая вадзіца, // Зямліцы — травіца”, а таксама і людскія ўцехі (“старым бабкам па кійку, // А пастушкам — па яйку”) [2, с. 38-39].

Мясцовы варыянт вяснянкі, запісаны ў в. Кавалі, дае падставы яшчэ раз пераканацца, наколькі моцна ўплывала адраджэнне прыроды вясной на стан душэўных перажыванняў чалавека, адсюль і пэўная ступень лірызаванасці і нават гумарыстычнай скіраванасці сюжэтаў вяснянак:

А на нашай вуліцы
Да ўсі хлопцы — малодцы,
Да ўсі хлопцы — малодцы,
Убілі жабку на калодцы,
Да ўсім хлопцам па лапцы,
А Іваньку цэла жабка,
Як пашые, будзе шапка [163, с. 39].

У в. Княжабор’е з абрадам гукання вясны былі звязаны такія магічныя дзеянні, як гульня ў “скокалкі” (“ето лажылі доску на палено, і адна на адном канцы, друга — на етом. Я прыгнула — тая падлетае, тая ляціць і прыгае — я падлятаю” ), выразанне хлопцамі 40 “катлоў з дзерава”, якія трэба было пакаціць і разбіць, выпечка дзяўчатамі 40 “булак”, якія трэба было з’есці.

Юраўскае свята ў вёсках Ельскага раёна звязваюць з першым днём выгану жывёлы ў поле. Паводле ўспамінаў інфарматараў, у гэты дзень давалі жывёле печыва, затым дубчыкамі пасвечанай вярбы выганялі яе на пашу, а “да ўзыходу сонца адразалі каровам хвосцікі і лажылі іх перад двэрэцьмі, штоб карова заўсёды ішла да свайго хваста” (запісана ў в. Валаўск ад Жураўлёвай Марыі Маркаўны, 1932 г.н.). Калі выганялі карову з хлева ў поле, то чыталі адпаведную замову: “Ідзі, божая кароўка, пасіся,// А прыйдзе вечар, дамоў вараціся.// Першым разам, лепшым часам // Госпаду Богу памалюся,// Святай Прачыстай пакланюся” (запісана ў в. Валаўск ад Жураўлёвай Марыі Маркаўны, 1932 г.н.); “Ідзі, божая кароўка, у чыстае поле, у зялёныя лугі. Там табе яда, трава зялёная, вада студзёная. Як тая ў моры вадзіца прыбаўляецца, каб так у нашай кароўкі малачко прыбаўлялась. А як у моры бераг з беражком не сходзіцца, каб к маёй кароўцы ўрокі не прыходзілі: ні жаночыя, ні дзявочыя, ні хлапечыя. І ўгрэе яе яснэ сонейка, а дамоў прывядзе ясны месяц. Амінь” (запісана ў в. Валаўск ад Касенка В.В., 1939 г.н.).

У в. Мядзведнае перад тым, як выгнаць карову на пашу, клалі сякеру, цераз якую, па павер’ях, калі пераступіць карова, то не будзе зайздрасці ў людзей. У юраўскім комплексе абрадаў і павер’яў адлюстраваліся міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з верай у існаванне ведзьмаў. Як паведаміла Вольга Васільеўна Касенка, 1939 г.н. з в. Валаўск, “на Юрыя само ж ведзьмы, іх людзі бачылі: некаторыя бегалі без сарочкі, а іншыя з цадзілкаю збіралі расу. Людзі абараняліся ад ведзьмаў, перасыпалі дарогу святым макам ці мурашнікам”.

Як адзначыла Марыя Пятроўна Шынкарчук з в. Шарын, 1907 г.н., “каля дзвярэй лажылі замок, каб ведзьма нічога не ўкрала”. У тэксце юраўскай песні, запісанай у в. Асавы Ельскага р-на, гучаць матывы прадказання дзявочага лёсу, бацькоўскага суму ў сувязі з нешчаслівай доляй дачкі:

Пагнала дзеўка ў дуброву,
Валы пагубіла, сама заблудзіла.
Валы ў дуброве, а татка ў доме.
Ен па двару ходзіць,
Белы ручкі ломіць,
Сам сабе гаворыць:
— Валы я за дзень раздабуду,
А па свайму дзіцятку Цэлы век плакаць буду.
На вянках дзеўкі гадалі,
Вянкі ў рэчку яны пакідалі.
Чый вянок плыве, а чый патануў.
Адна дзеўка, яна не змаўчала,
Гучным голасам крычала:
— А мой патануў, мілы абмануў (запісана ад Грыц Марыі Іванаўны, 1942 г.н.).

“Абрадава-песенная традыцыя Юр’я на Беларусі ўключае два семантычна выражаныя комплексы — жывёлагадоўчы і земляробчы” [3, с. 211]. Адзначым, што на Гомельшчыне вядомы як комплекс рытуалаў, звязаных з выганам жывёлы на пашу, так і абрады абходу поля. Заўважым, што юраўскія абрады па ўсім арэале бытавання маюць лакальныя адрозненні. Даследчык А.С.Ліс звярнуў увагу і на факт іх значных рэгіянальных адрозненняў, заўважыўшы, што “земляробчы комплекс юраўскай абраднасці беларускай фалькларыстыкай зафіксаваны слабей, запісы зроблены пераважна ў паўднёвым, паўднёва-заходнім і заходнім рэгіёнах” [3, с. 216]. Юраўская абраднасць на Ельшчыне захавала не толькі аграрна-магічныя ўяўленні, звязаныя з жывёлагадоўляй, але і з земляробствам. Напрыклад, у в. Валаўск на Юр’я адбываўся абрад агледзін нівы. Як адзначыла Марыя Маркаўна Жураўлёва, 1932 г.н., “гаспадар бярэ каравай і ідзе абглядаць пасевы, калі каравай вышэй жыта, то будзе добры ўраджай”. Юраўскі карагод, які выконваюць на Ельшчыне менавіта ў в. Валаўск, — асаблівасць мясцовай веснавой традыцыі. Даследчыца А.А. Плотнікава, аналізуючы складаны па структуры і сістэме сімвалаў веснавы абрад першага выгану жывёлы, адзначае, што на Палессі часцей за ўсё ў якасці абярэгаў ад зглазу і ад ведзьмаў выкарыстоўвалі сякеру, радзей — касу, серп, нож. Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з апошнім прадметам, пацвердзілі інфарматары з вёскі Кочышча: “ножа ў порог застрыкають, коб ведьмам языки резаў” [4, с. 112].

Такім чынам, прааналізаваны матэрыял па каляндарнай абраднасці Ельскага раёна з’яўляецца яскравым пацвярджэннем разнастайнасці лакальных асаблівасцей зімовых і веснавых абрадаў і песень.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

Агапкина, Т.А. Очерки весенней обрядности Полесья // Славянский и балканский фольклор. — М.: Индрик, 1995. — С. 21-107.

Новак В.С. Народная творчасць Ельскага раёна // Беларуская літаратура. Рэсп. міжведамасны зб. — Гомель: Выд-ва Гом. ун-та, 2001. — Вып. 21. — С. 434-461.

Каляндарна-абрадавая паэзія / А.С.Ліс, А.І.Гурскі, В.М.Шарая, У.М.Сівіцкі; Навук. рэд. А.С.Фядосік. — Мінск: Беларуская навука, 2001. — 515 с.

Плотникова, А.А. Первый выгон скота в Полесье // Славянский и балканский фольклор. — М.: Индрик, 1995. — С. 108-141.


Аўтар:
В.С. Новак
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 119-123.