Кожны народ мае свае адметныя рысы, якія адрозніваюць яго ад іншых народаў. Гэтая адметнасць перш за ўсё праяўляецца ў фальклоры, які па праву лічыцца люстэркам жыцця любой нацыі.
Тэрмін «фальклор» у перакладзе адзначае «народная мудрасць». І гэта, сапраўды так, бо ў кожным народным творы мы бачым гэтую высакародную мудрасць, агульны, народны погляд на сусвет і чалавека. Гэтыя творы з’яўляюцца каштоўнай спадчынай, якую нам патрэбна захаваць і зберагчы.
Наша Чачэршчына мае багатую традыцыйную культуру. Асаблівую цікавасць выклікае каляндарна-абрадавая творчасць.
Каляндарна-абрадавая творчасць нашых продкаў ахоплівае сабой асноўныя сферы быцця і працоўнай дзейнасці чалавека. Земляробчы каляндар мае чатыры цыклы. У адпавенасці з гэтым гадавыя святы падзяляюцца на зімовыя, веснавыя, летнія і асеннія.
Самымі вялікімі святамі на Чачэршчыне спрадвеку лічыліся Благавешчанне, Вялікдзень («Паска»), Тройца («Троіца»), «Ражаство» («Раздво»).
БЛАГАВЕШЧАННЕ святкуецца заўсёды 7 красавіка. У гэты дзень нельга было працаваць. Старыя людзі кажуць, што ў гэты дзень «нават птушачка гнязда не ў’е, а красна дзевіца касу не пляце».
Абавязковым рытуалам лічылася запальваць агні. У кожнай вёсцы святкавалі не аднолькава. Напрыклад, у в. Бяляеўка на перакрыжаваннях спальваліся драўляныя колы. У вёсках Рудня-Барталамееўка, Залессе, Валосавічы людзі збіраліся каля рэчкі. Жанчыны спявалі песні-вяснянкі:
На рэчачцы, на быстранькай,
На кладачцы на гібенькай,
Там малодка бель бяліла…
(Зап. у 2000 г. ад жыхаркі в. Бяляеўка Таццяны Ільінічны Марозавай, 1922 г.н.)
Спявалі таксама «Благаславі, маці, вясну гукаці, цёплага лета сустракаці…».
Дзеці гулялі ў розныя гульні. Моладзь вадзіла карагоды. Старыя палілі вогнішчы (ля рэчышча), а вечарам усе збіраліся і ўрачыста пускалі драўлянае пылаючае кола па рацэ.
ВЯЛІКАДНЮ папярэднічае ВЕРБНАЯ НЯДЗЕЛЯ. І цяпер яшчэ жанчыны нашага раёна ў Вербную нядзелю ідуць у царкву, нясучы галінкі вярбы, дзе святы айцец праводзіць абрад асвячэння. Дома гэтымі галінкамі старэйшы мужчына ў сям’і (звычайна — дзед) «біў» унукаў, прыгаворваючы:
Слухай мамку, слухай татку,
Слухай бабу, слухай дзеда,
Каб здаровенькім ты быў,
Каб родных тыўсіх любіў.
Гэтай асвечанай вербнай галінкай выганяюць першы раз на пашу карову. Гаспадыня «б’е» вярбой карову і прыгаворвае:
Ганю сваю кароўку запасаці.
Вярбовым пруцікам справаджаці,
На расу не збітую,
На траву не з’етую.
Пасвісь, мая кароўка, напасайся,
Вечарам дамой вяртайся.
(Зап. у 2000 г. ад жыхаркі в. Бяляеўка Таццяны Ільінічны Марозавай, 1922 г.н.)
За тыдзень да Вялікадня пачынаецца падрыхтоўка да свята. Усё вычышчаецца, вымываецца. На вясновае сонейка выношваюцца коўдры, падушкі.
У Чысты чацвер людзі, яшчэ да таго, як узыдзе сонца, мыюцца ў лазні, яшчэ раз мыюць падлогу, вешаюць ручнікі, засцілаюць стол абрусам.
У в. Бяляеўка існуе павер’е, што калі памыешся ў Чысты чацвер, ты змыеш усе грахі за год. У царкве ў час абеду пачынаецца служэнне. Адбываецца падняцце «плашчаніцы», якая павінна стаяць да Ушэсця (6 тыдняў).
У Вялікую пятніцу перад Вялікаднём абавязкова ў кожнай хаце рыхтавалі посныя стравы з алеем, агуркамі, цыбуляй, часнаком, капустай, бульбай. Старыя, навогул, нічога ў гэты дзень і ў наступны, у Вялікую суботу, не елі, не пілі.
У Вялікую суботу пачынаюць рыхтавацца да ўсяночнай, пяклі пірагі, аладкі, фарбавалі яйкі, рыхтавалі смажаніну, затым ідуць на «ўсяночную», беручы пірагі, некалькі яек для асвячэння.
У нядзелю ўсе апранаюць самае найлепшае, садзяцца за святочны стол, дзе абавязкова павінны ляжаць асвечаны пірог і яйкі. Спачатку з’ядаюць кавалак яйка, затым пірага. Дзяўчынкі з самага ранка бяруць фарбаванае яйка ў рукі і мыюць ім твар, каб быць прыгожымі. Дзеці і дарослыя ў гэты дзень гулялі ў «біткі». Малыя з кошыкам або торбачкай ішлі па хатах, каб атрымаць кавалак пірага і яйка. Раней яйка і кавалак пірага давалі толькі тым, хто да свята зрабіў штосьці добрае, дапамог у чымсьці.
Пасля абеду ўсе выходзяць на вуліцу. Дзеці гуляюць у традыцыйныя гульні «Краскі», «Жмуркі», жанчыны спявалі, вадзілі карагоды. Ваджэнне карагодаў на Чачэршчыне было прыгожым і высакародным. У карагодзе былі і малыя, і маладыя, і старыя.
Засожжа захавала да гэтага часу карагоды «Вой, лю-лі», «На Вялікадня, на вялікі дзень». І сёння яшчэ нашы бабулі становяцца ў карагод і спяваюць:
На Вялікадня, на вялікі дзень,
Эй, ліва-лю-лі, на вялікі дзень.
Вы, зарэчане, ды пераедзьце к нам.
Эй, ліва-лю-лі, ды пераедзьце к нам.
Пераедзьце к нам, ды патаргуйцеў нас.
Эй, ліва-лю-лі, ды патаргуйцеў нас.
На Вялікадзень, дай на Вялікадня,
Вой, лю-лі, вой лю-лі дай на Вялікадня.
Прынясу табе, татка, дай тры радасці,
Вой, лю-лі, вой лю-лі дай тры радасці.
Тры радасці, дай тры вясёласці,
Вой, лю-лі, вой лю-лі дай тры вясёласці.
(Зап. у 2000 г. ад Т. К. Хрысцінай)
Свята ладзіцца тры дні. У гэтыя дні пры сустрэчы ўсе вітаюцца «Хрыстос уваскрэс!» і адказваюць на прывітанне «Ваісціну ўваскрэс!». Кума ідзе да кумы з пачастункамі. Пры гэтым ідзе не тая кума, якая хрысціла, а тая, у якой хрысцілі дзяцей.
У наступную нядзелю на Чачэршчыне зноў адзначаюць свята — ФАМІНУ ПАСКУ У суботу пякуць пірагі, фарбуюць яйкі.
Кажуць, што жыла калісці жанчына, якая не паверыла ў васкрашэнне Ісуса Хрыста. І толькі праз тыдзень яна паверыла, і стала святкаваць. Вось таму ў гэты дзень таксама «хрыстосаюцца», дзеляцца пачастункамі — яйкамі і пірагамі і кажуць: «Госпадзі ўваскрос, Фама паску нясе». У аўторак пасля Фаміной паскі па Чачэршчыне правяць РАДАЎНІЦУ («РАДАНІЦУ»). Гэта Вялікдзень для памерлых, дзень памінання. Усе загадзя чысцяць пахаванні, прыбіраюць іх, абсыпаюць абавязкова жоўтым пяском, ставяць кветкі, садзяць «качанчыкі» — кветкі для памерлых, вешаюць на крыж ручнікі альбо стужкі. Раніцай пачынаюць на могілкі ісці людзі з пірагом, яйкамі, іншай ежай.
Пахаванні засцілаюцца прыгожымі абрусамі, акрапляюцца асвенчанай вадой. Абавязковым лічыцца качанне фарбаванага яйка на ўскрыж па пахавальным насыпу. Другое яйка разразаецца і кладзецца на абодва бакі крыжа. Трэцяе яйка ядуць тыя, хто прыйшоў на могілкі. Рэшткі ежы, якія прыносяць з могілак, аддаюцца жывёле, а абрусы на другі дзень мыюць («прапускаюць праз ваду»).
Праз шэсць тыдняў святкавалі УШЭСЦЕ. Людзі апраналіся па-святочнаму, пасля абеду бралі абрусы, ежу: хлеб, сала, яйкі. Збіраліся ў гурт, сярод якога абавязкова быў гарманіст, і ішлі ў поле да «палосак».
Каля кожнай палоскі расцілалі абрусы, частаваліся, затым пелі пад гармонік і вярталіся да дому. Гуртоў было некалькі. Калісьці на полі спявалі песні-вяснянкі:
Вясна мая, вясняначка,
Дзе ж твая дочка Вулляначка.
Вулляначка пагнала быську на раначкі,
А кароўку на дуброўку.
Пасе авечак каля рэчачкі.
(Зап. ад Т. І. Марозавай)
Калі вярталіся, спявалі летнія песні, напрыклад:
Пасею гурочкі, нізка над вадою.
Сама буду паліваці дробнаю слязою.
Расціце, гурочкі, у чатыры лісточкі,
Не бачыла міленькага чатыры гадочкі.
(Зап. ад Т К. Хрысцінай, 1926 г.н.)
Такое ж вялікае свята, як Вялікдзень — ТРОЙЦА (ТРОІЦА). Яно святкуецца праз 7 тыдняў пасля Вялікадня. Гэта першае летняе свята. Яго таксама ў нашым краі святкуюць тры дні. Як перад Вілікаднём, так і перад Тройцай ўсе вымываюць, вычышваюць, загадзя рухтуюць зялёныя галінкі клёну («маю»). У суботу, калі ўжо ўсё вычышчана, галінкамі клёну прыбіраюць хату: сцены, дзверы, вокны, а тасама двор: вароты, хату звонку. Галінкі клёну не выкідваюць, а зберагаюць, каб пакласці ў капец, калі зарываюць бульбу, бо тады мышы не пашкодзяць яе.
Страву ў гэтыя тры дні рыхтавалі добрую. Абавязковымі былі бліны са скваркамі, смажанінай. І цяпер маладыя жанчыны па традыцыі на Тройцу пякуць бліны. У гэтыя тры дні людзі фізічна не працавалі, але, збіраць шчаўе, першыя суніцы не было забаронай і таму людзі хадзілі за «дабычай». А пасля абеду ў в. Валосавічы, Рудня-Барталамееўская ставілі на вуліцы сталы, лаўкі, неслі ежу, грушавы або чарнічны адвар (безалкагольнае піццё). За сталы садзіліся ўсе: і дзеці, і дарослыя. Пасля жанчыны спявалі, мужчыны вялі свае размовы, а дзеці гулялі ў розныя гульні.
Адразу пасля Троіцы пачыналася ГРАНАЯ НЯДЗЕЛЯ (тыдзень). Працаваць на зямлі нельга было. Жанчыны, дзяўчаты вечарамі збіраліся разам і спявалі:
На Граной нядзелі, на крывой бярозе,
Русалкі сядзелі, жалкі песні пелі.
Дзвечкі-сястрыцы, падайце вадзіцы,
Падайце вадзіцы, душу прамачыці.
(Зап. ад Т І. Марозавай,1922 г.н.)
ІВАНА КУПАЛА — самае прыгожае свята нашага краю, хаця ноч перад Купалам (з 6 на 7 ліпеня) лічылася вядзьмарскай. Але ў тую ноч цвіце папараць-кветка, якую ахоўваюць ведзьмы. Кажуць, што папараць-кветка мае цудадзейную сілу. Той, хто яе знойдзе, будзе самым шчаслівым чалавекам: ён пачне разумець мову дрэў, жывёл, птушак. І яшчэ ў купальскую ноч хлопцы і дзяўчаты парамі пераскокваюць праз вогнішча. Калі рукі не разнімуць, то будуць у пары. Дзяўчаты пускаюць па вадзе вянкі і спяваюць:
Як сарву я ружы кветку
Ды пушчу на воду:
— Плыві, плыві, ружы кветка
Да самога броду.
Плыла, плыла ружы кветка
Ды стала круціцца.
Выйшла маці ваду браці
Ды стала дзівіцца:
— Што ж ты, мая ружы кветка,
На вадзезавяла?
Відаць, доўга ты, дзіцятка,
На вадзе ляжала.
У купальны, у дзянёк раненька ўставала.
Я вяночак суджанаму па вадзе пускала.
Плыве, плыве, мой вяночак,
К беражку прыплывае.
Там мой мілы, суджаны мой мяне дажыдае.
Добрая прыкмета была ў тым, калі вянок паплыве, а не прыб’ецца да берага. Гэтыя вянкі дзяўчаты загадзя рабілі з паскадні (трава, якая расла ў ільну або з трыпутніку). На ноч (перад купальскай ноччу) гэтыя вянкі клалі пад галаву і казалі:
Трыпутнік, трыпутнік,
Ты расцеш паўз дарогу,
Бачыш старога, малога,
Укажы мне мілога.
7 ліпеня на досвітку ішлі купацца. Лічылася, што купальская вада валодае чарадзейнымі лекавымі ўласцівасцямі, бо па павер’ю на зары сонца купаецца ў вадзе.
12 ліпеня, на ПЯТРО, дзяўчаты «куміліся». «Кума» павінна была дапамагаць цэлы год сваёй куме ва ўсіх справах. Звычайна «кумамі» былі сяброўкі. Кумленне праходзіла ў гурце. Абавязкова на кумленне прыносілі хлеб, яечню, чарнічную ваду. Кума сама выбірала сабе сяброўку-куму. Адказваць было нельга, нават калі кума была не даспадобы.
На ІЛЛЮ (2 жніўня) забаранялася купацца ў рэчцы, возеры. З гэтага дня, увогуле, купацца ўжо было нельга. Лічылася, што вада з гэтага часу прыносіць толькі хваробы і страчвае цудадзейную сілу.
14 жніўня свецяць у царкве мак. Таму і свята атрымала назву МАКАЎЕ.
Гэта ўжо ў наш час мак набыў непрыгожае прымяненне, а раней ён не лічыўся наркатычным сродкам. Зярняткі маку дабаўлялі ў печыва, каб булкі або аладкі былі смачнымі. Трэба яшчэ сказаць, што мак вельмі прыгожая кветка. Палісаднікі раней палымнелі ад маку, але ніхто не здагадваўся прымяняць гэтую прыгожасць як атруту.
19 жніўня на Чачэршчыне святкуюць ЯБЛЫЧНЫ СПАС. На гэты раз, вядома, асвячаюць у царкве яблыкі. Старэйшыя людзі і цяпер яшчэ да Спаса яблыка ў рот не бяруць. Да Яблычнага Спасу рыхтуюць смачныя стравы — кулага з яблык, гарбузовая каша, кампот (узвар) з яблык, параць ў чугуне фасоль, кукурузу. Пасля абеду ўсё выстаўляецца на стол. Кладуць гаспадыні яшчэ і агуркі, і памідоры, і ставяць абавязкова ліпавы мёд. Перад тым, як сесці за такі багаты стол, гаспадыня чытае малітву «Ойча наш» і кажа, звяртаючыся да іконы:
«Дзякуй, Спас, што ўсё ёсць у нас».
Ужо само слова «спас» азначае, што Гасподзь дапамагае чалавеку падрыхтавацца да зімы, спасае яго ад голаду.
Вяршыняй гаспадарчай дзейнасці на Чачэршчыне было жніво. Да жніва рыхтаваліся ў кожнай вёсцы. Загадзя людзі абмяркоўвалі, хто з жанчыны (Засожжа) зажне першы сноп. Яна павінна была быць прыкладам ва ўсім: быць працалюбівай, стараннай, добразычлівай, сціплай, акуратнай. Абраная жняя прыгожа (па-святочнаму) апраналася, брала ў руку чысцюткую белую тканіну і абматвала ёю серп. У другой руцэ на ручніку яна несла хлеб і соль. Жняя ішла ўперадзе, а за ёй астатнія жанкі — жнеі. На полі чыталі «Ойча наш», а пасля гэтага выбраная жняя зажынала. Усе глядзелі, як зажынаўся першы сноп. Яго абвязвалі чырвонай стужкай. Пасля працы яго неслі ў хату галоўнай жняі, ставілі ў куце. Сноп стаяў там цэлы год. У дзень зажынак, вечарам, дазвалялася вадзіць карагоды, спяваць, танцаваць. Танцавалі «Польку», «На рэчаньку», «Падыспань», «Сербіянку», «Кракавяк», «Вальс», «Базар», «Каробачку».
Спявалі песні, сярод якіх была цудоўная песня «Ой там, на гарэ»:
Ой там, на гарэ,
Шаўковай траве,
Там хадзілі, там гулялі
Пару сізых галубей.
Адкуль узяўся ахотнік-стралец.
Узяў, разлучыў пару сізых галубей.
Галубку забіў, галубка злавіў,
Прынёс дамой, пусціў далой.
Насыпаў пшанцаў паўкаленца,
Паставіў вадыў чатыры рады.
А мой галубок вадзіцы не п’е,
Вадзіцы не п’е, зярнят не клюе,
На круту гару ўсё плакаць ідзе.
У час жніва самай папулярнай была песня «Закацісь ты, жаркае сонца».
Закацісь, закацісь, во жаркае сонца,
Ты за лесу, за лясок.
Ой, ці чула ж ты, мая мамачка,
Як я цябе гукала.
Лес высокенькі,
Голас дробненькі,
Ён да мамкі не дайшоў.
(Зап. ад Анастасіі Іванаўны Шыцікавай, 1927 г.н.)
У песнях адлюстроўваецца цяжкасць працы.
На што ж ты мяне, мая мамачка,
Няшчасную радзіла,
Няшчасную радзіла,
Горку долю ўдзяліла?
(Зап. ад Т К. Хрысцінай, 1926 г.н.)
Заканчваўся летні каляндар ПЕРШАЙ ПРАЧЫСТАЙ (28 жніўня). У в. Каменка ў гэты дзень пачыналі капаць бульбу. Бульба павінна быць выкапана да Другой Прачыстай (14 верасня). Камянцы лічылі, што гэты тэрмін самы спрыяльны для збору ўраджая «другога хлеба». Наогул, з гэтага дня ўсе пачынаюць збіраць ўраджай з палёў і агародаў.
Прайшла Прачыста — усё поле чыста.
(Зап. ад Кацярыны Маркаўны Асіпцовай, 1926 г.н.)
Пасля Прачыстай абавязкова сеюцца азімыя.
Асенні абрадавы каляндар пачынаўся ЎЗДЗВІЖАННЕМ (27 верасня). Праваслаўнымі вернікамі ў гэты дзень ушаноўваецца крыж, на якім быў распяты Ісус Хрыстос.
Да гэтага часу жыта павінна быць ўжо ў гумне («З палёў усё «здзвігнута»). У гэты дзень па павер’ю маіх землякоў, усе гады — вужы, змеі, яшчаркі — здзвігаліся да сваіх нор на зімоўку. На Здзвіжанне хадзіць у лес забараняецца.
14 кастрычніка на Чачэршчыне святкуюць ПАКРОЎ. Да гэтага часу заканчваюцца ўсе сельскагаспадарчыя работы. Лічылася абавязковым рытуалам к гэтаму дню зарэзаць (“на кроў”) хатнюю птушку і зрабіць з яе страву:
Прышоў Пакроў — рэж на кроў.
(Зап. ад Варвары Паўлаўны Герашчанка, 1924 г.н.)
Лічылася, якое надвор’е на Пакроў («Пакровы»), такое будзе ўсю зіму да вясны. Калі снег не выпаў, то яго яшчэ два тыдні не будзе.
21 лістапада на Чачэршчыне святкуюць МІХАЙЛА.
Дзень святога Міхайла прыходзіў тады, калі ўжо ўсе справы пароблены. Міхайла — прыстольнае свята ў в. Каменка. Да яго рыхтаваліся, як да Вялікадня. Увечары нанімалі музыку, танцавалі, весяліліся. Абявязкова ў гэты дзень пяклі бліны, рабілі яечню, «прежанку» (смажаніну).
Калі на Міхайлу ляжаў снег, то і на Вялікдзень ён будзе таксама ляжаць. Менавіта з гэтага свята пачынаецца ПІЛІПАЎКА (Піліпаўскі пост), якая працягваецца да самых Каляд.
З Піліпаўкі пачынаецца зімовы абрадавы каляндар. Піліпаўка — любімая пара года для дзяцей. Бабуля і дзядуля маюць больш вольнага часу і не скупяцца на казкі для сваіх унукаў. У Піліпаўку жанчыны ткалі, вышывалі. Мужчыны габлявалі, бандарнічалі. Дзень у Піліпаўку кароткі, а ноч доўгая.
У суботу на трэцім тыдні пасля Пакроваў адзначаюцца РАДЗІЦЕЛІ (ДЗЯДЫ).
«Радзіцелі» — своеасаблівы абрад ушанавання памёршых суродзічаў. У гэты дзень душы продкаў (па народнаму ўяўленню) злятаюць на зямлю, каб даведацца, як жывуць нашчадкі, як яны захоўваюць радаводныя звычаі. Таму ўжо ў пятніцу прыбіраецца, вымываецца ў хаце. Калі збіраецца ўся сям’я дадому, ставіцца свечка, старэйшы ў сям’і чытае малітву на стол ставяцца абавязкова посныя стравы. Абавязковымі лічыцца канун — хлеб з мёдам і вадой, гарачы посны боршч або расольнік. За стол усе садзяцца ціха, без запрашэння. Кожны павінен спачатку палажыць на асобную талерку крышку кануну, затым сам тры разы яго паспытаць. Невялічкая частка ўсялякай ежы таксама кладзецца на талерку а затым ужо спажываецца чалавекам. Кожны, калі кладзе страву ў талерку, павінен сказаць: «Святыя радзіцелі, хадзіце к нам абедаць».
МІКОЛА (19 снежня) — першае зімовае абрадавае свята ў нашым краі. Гэта прыстольнае свята в. Бяляеўка, Валосавічы. У гэтых вёсках раней ладзіліся танцы, туды збіралася моладзь з некалькіх вёсак.
Вельмі цікавым быў і застаецца абрад «Ваджэння свячы» ў Засожжы. У кожнай вёсцы ён мае нязначныя адрозненні, але, у асноўным, складаецца з наступнага: вечарам 18 снежня людзі збіраюцца і ідуць у хату да таго чалавека, у якога на покуце стаіць Свяча. Кожны з іх нясе падарунак: грошы, тканіну, ручнікі, насоўкі. Падарункі кладуцца каля Свячы (і іконы з выявай святога Міколы). У вёсках Валосавічы, Рудня-Барталамееўка, Каменка Свяча (Ікона) стаіць на стале на покуце. Стол засланы прыгожым тканым абрусам, на ім ляжыць ручнік, выкананы ў традыцыйным стылі (чырвона-белым). У в. Бяляеўка на Свячу (падстаўку са свечкай) шыюць з тканіны ляльку (адзенне) ў прыгожым адзенні.
У в. Бяляеўка Свяча — гэта свечка. Пад яе робяць падстаўку, шыюць аддзене. Падарункі кладуць пад ляльку. Гэтыя падарункі можна браць для тых, хто захварэў. Лічыцца, што гэтыя падарункі — добры паратунак. Паклаўшы падарункі, людзі чытаюць малітву, садзяцца за стол, на які ставяцца посныя стравы.
На Міколу раніцай людзі зноў збіраюцца ў той хаце, дзе стаіць Свяча, чытаюць малітву. Чытаюць малітву і ідуць да наступнай хаты, куды пераносіцца ікона. Са свячой звычайна ідзе ўдава, за ёй ідзе ўся грамада, наперадзе жанчына засцілае жытнёвай саломай шлях. Свяча стаіць у гаспадара цэлы год.
З 7 па 9 студзеня на Чачэршчыне люд святкуе РАЖАСТВО ХРЫСТОВА («РАЗДВО»).
Гэта самае вялікае свята, такое, як Вялікдзень і Тройца. Да яго рыхтуюцца, як і да Вялікадня. Усё вычышчаецца, вымываецца, чыстым завешваецца, засцілаецца ўсё ў хаце. Стравы рыхтаваліся скаромныя: смажаніна, выпечка. Абавязковы сімвал свята — семя сланечніку і гарбуза, лясныя арэхі. Раніцай, калі дзеці ўстаюць з ложку, бабуля, дзед або маці сыпле на падлогу семя, высока паднімаючы руку і кажа: «Каб так скакалі нашы дзіцяткі, і казляткі, і жарабяткі» (зап. ад Кацярыны Маркаўны Асіпцовай, в. Каменка).
Дзеці хуценька падбіралі семя. Шчасліўчыкам лічыўся той, хто назбірае больш семя або арэхаў.
З гэтага свята пачынаюцца Каляды. «Прыйдуць Каляды — усе людзі рады», — кажуць у народзе, бо ў Каляды забараняецца вечарам працаваць.
13 студзеня ў нашым краі ШЧОДРЫ ВЕЧАР.
Усе гаспадыні прыбіраюць ў хаце і чакаюць гасцей. Госці — групы дарослых і дзяцей — прыбіраюцца ў адзенне цыган і ідуць шчадраваць. Перад домам яны спяваюць песні-шчадроўкі:
Шчадрую, шчадрую,
Сала ў клеці чую.
Дай паласу, бацьку панясу.
Бацька будзе есці і вусамі трэсці,
Барадой ківаці і васуспамінаці.
(Зап. ад Таццяны Ільінічны Марозавай, 1922 г.н.)
Ой, у лузе, лузе салавей засвістаў.
Святы вечар ай добрым людзям.
Салавей засвістаў,
Братцаў пабуджаў.
Святы вечар, ай добрым людзям.
Братцы, уставайце,
Коней сядлайце,
Святы вечар, ай добрым людзям.
Коней сядлайце,
З двара з’яжджайце,
Святы вечар, ай добрым людзям.
З двара з’яжджайце,
Урагоў пабяджайце,
Святы вечар, ай добрым людзям.
(Зап. ад Т К. Хрысцінай)
14 студзеня — ВАСІЛЛЕ (СТАРЫ НОВЫ ГОД).
Гэта прыстольнае свята ў в. Рудня-Барталамееўская. Раней ладзіліся танцы, наймалі музыку. Цяпер у вёсцы мала моладзі, але людзі па-ранейшаму рыхтуюць святочную ежу, перад святам прыбіраюць усё.
19 студзеня — ХРЫШЧЭННЕ.
Хрышчэнне адзначае, што Каляды ўжо адыходзяць. «Хрышчэнне — Калядам прашчэнне» — да гэтай пары кажуць старыя. 18 студзеня, калі ўжо ўсё прыбрана, вычышчана, ставяцца крыжыкі крэйдай па ўсіх дзвярах. Малыя дзеці разам з старэйшымі падыходзяць да варот з кіем. Дзеці б’юць кіем па варотах тры разы, прыгаворваючы: «Мароз, мароз, хадзі к нам гушчу есці, летам не бывай, чвякоў (?) не збівай, а то будзем палкай біць».
Затым усе садзяцца за стол есці гушчу (пярловую або аўсяную кашу з цукрам).
19 студзеня ўсе адпачывалі, рыхтаваліся да працы вечарамі: ткацтва, вышыўкі, вязання, габлявання.
Святкуюць на нашай зямлі СТРЭЧАННЕ (15 лютага).
Па народнаму павер’ю ў гэты дзень страчаюцца зіма з вясной і цыган шубу прадае. У гэты дзень людзі выходзяць на вуліцу, каб сонца «пацалавала» іх, бо тады ўсе будуць здаровыя, прыгожыя.
За тыдзень да Вялікага паста (пост перад Вялікаднём праходзіць на працягу 7 тыдняў) святкуецца МАСЛЕНКА (МАСЛЕНІЦА).
Раней, як і цяпер пяклі бліны, моладзь збіралася разам, ладзілі гульні. Вось толькі слупа з пеўнем раней не было. Гэта ўжо запазычанае.
Масленкай заканчваўся зімовы абрадавы каляндар.
Трэба адзначыць, што ў нашай мясцовасці адзначаюць яшчэ ВАРВАРЫ (17 снежня), КАЗАНСКУЮ (4 лістапада), САВУ (18 снежня), ГАННЫ (22 снежня), САРАКІ (22 сакавіка).
Пра гэытя святы кажуць:
«Прыйшлі Варвары, палавіну ночы адабралі»;
Святы Мікола (19 жніўня) раіць: «Рабі лепш на мяне, чым на майго бацьку»;
«Ганны ўпартыя, калі працуеш, не шануеш яе, яна абавязкова адпомсціць»;
«На Саракі пайшоў снег да ракі».
На Саракі пяклі галушкі (выпечкі — 40 штук) у выглядзе птушак. Дзецям рабілі арэлі і яны маглі гушкацца цэлымі днямі.
Увогуле, Чачэрскі народ зберагае сваю даўніну, захоўвае абрадавы каляндар дзеля будучыні роднага краю.
Аўтар: Святлана Ганчарова
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 261-271.