Каляндарна-абрадавы фальклор Гомельскага раёна: рэгіянальна-лакальнае і агульнаэтнічнае

0
395
Каляндарна-абрадавы фальклор Гомельскага раёна рэгіянальна-лакальнае і агульнаэтнічнае

Пераканаўчымі з’яўляюцца толькі тыя гіпотэзы, звязаныя з рэгіянальна-лакальным вывучэннем фальклорна-этнаграфічных з’яў, калі яны грунтуюцца на канкрэтных фактах, якія запісаны ў палявых экспедыцыях і прааналізаваны «сінхронным метадам» (П. Багатыроў). Аналіз сучаснага стану фальклорна-этнаграфічных з’яў з улікам іх разгляду ў кантэксце шырокага прасторавага дыяпазону дазваляе атрымаць поўную карціну мясцовай спецыфікі бытавання розных фальклорных жанраў у межах асобных раёнаў пэўных рэгіёнаў Беларусі. У дадзеным выпадку аб’ектам даследавання з’яўляецца каляндарна-абрадавы фальклор Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. У 2014 г. у экспедыцыі па розных вёсках вышэйназванага раёна былі запісаны новыя звесткі, якія істотна дапоўнілі і ўзбагацілі архіўныя і апублікаваныя матэрыялы.

Засяродзім увагу на зімовых абрадах і звычаях. Адзначым, што структура калядна-навагодняга комплексу Гомельскага раёна мае тыповы агульнаэтнічны характар, асобныя ж яго кампаненты ў розных вёсках у працэсе бытавання набываюць адметныя лакальныя рысы. Падрыхтоўка куцці — адзін з найважнейшых момантаў у сістэме калядных святкаванняў. У народнай свядомасці мясцовых жыхароў першая куцця была звязана з Ражаством, другая куцця — з Новым годам, трэцяя куцця — з Вадохрышчам («Крышчэннем»): «Куццю тры разы варылі. Перад сядзьмым вараць, перад Новым годам і Крышчэннем» (запісана ў в. Старыя Цярэшкавічы ад Тамашовай Ніны Маісееўны, 1933 г. н.). Паводле сведчанняў жыхароў в. Лапаціна, за абрадавай стравай «куццёй» спрадвеку замацаваліся адпаведныя для кожнага са святочных калядных вечароў азначэнні (посная, багатая, галодная): «Куццю варылі, толькі ў нас яе звалі проста — кашай. Я яе варыла 3 разы. Першая — перад Калядамі. Яна была посная, скаромная, варылі на вадзе. Другая — шчодрая, багатая. А гэту ўжо варылі на малацэ. Трэцяя зусім была галоднай» (запісана ад Казаковай Марыі Аляксандраўны, 1917 г. н.). Для падрыхтоўкі кашы выкарыстоўвалі «крупу пярловую» і «ячменнае пшано» (в. Аздзеліна), «пшано і ячмень» (в. Дуянаўка). У в. Задораўка на Ражаство абавязкова «пяклі хлеб. Хлеб быў круглай формы, гэты хлеб аддавалі худобе» (запісана ад Падольскай Марыі Мікалаеўны, 1932 г. н.).

Абходныя шэсці калядоўшчыкаў — важны кампанент у структуры калядна-навагодняга комплексу — вылучаюцца багатым мясцовым каларытам. На пытанне, якімі былі пераапрананні і маскі калядоўшчыкаў, у розных вёсках былі атрыманы наступныя змястоўныя сведчанні інфармантаў: «Перадзяваліся абязацельна і ў казу, ва ўсіх і ў снегурачак, і ў дзедаў Марозаў, і ў казлоў, і ў ваўкоў, петухоў» (запісана ў в. Зябраўка ад Арэшка Зінаіды Аляксандраўны, 1955 г. н.); «Пераадзяваліся, калі шчадраваць хадзілі: баба — у мужчыну, мужчына будзе бабай» (запісана ў в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.); «На багатую куццю адзяваліся як цыгане, у Бабу Ягу» (запісана ў в. Аздзеліна ад Санько Вольгі Маркаўны, 1941 г. н., перасяленкі з в. Нудзічы Брагінскага р-на»); «Як сцямнее, то ўжо маладыя вадзілі мядзведзя або цыганку, зараз ужо водзяць і казу, Дзед Мароз з Снягуркай ходзяць таксама» (запісана ў в. Гадзічава ад Басавай Таццяны Іванаўны, 1934 г. н.); «У Ражаство Хрыстова па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, кабылу» (запісана ў в. Дуянаўка ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.); «Надзяваліся калядоўшчыкі ў цыганят» (запісана ў в. Задораўка ад Падольскай Марыі Мікалаеўны, 1932 г. н.).

На працягу калядных святкаванняў калядоўшчыкамі выконваліся абрады ваджэння казы і хаджэння з зоркай, а таксама абрад засявання, што было надзвычай важна для забеспячэння дабрабыту вяскоўцаў, іх засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння нячыстай сілы, атрымання ў будучым годзе добрага ўраджаю зерневых культур. Напрыклад, у в. Пракопаўка «засяваць хадзілі на наступны дзень толькі да абеда. Заходзілі ў хату, пелі:

Сею, сею, засяваю,
З Новым годам паздраўляю.
Жыта, пшаніца, усяка пашніца.

Зярно вымяталася, яго аддавалі курам, каб тыя добра несліся» (запісана ад Рабцавай Валянціны Фёдараўны, 1952 г. н.).

Як сведчаць шматлікія этнаграфічныя апісанні, важнае месца адводзілася ў зімовай абраднасці рытуалу заклікання марозу, які быў звязаны з культам продкаў і выконваўся ў розных мясцовасцях або на першую, або на другую, або на трэцюю куццю, або на ўсе тры куцці і ў якім былі арганічна паяднаны магія слова і дзеяння. Напрыклад, у в. Аздзеліна заклікалі мароз на другую куццю («А як на Шчадруху вячэраюць, дак кажуць: «Мароз, мароз, хадзі гушчу есці» — запісана ад Санько Вольгі Маркаўны, 1941 г. н.), у в. Дуянаўка дадзены рытуальны дыялог меў месца, калі святкавалі першую куццю («За стол садзіўся спачатку гаспадар, потым старэйшы сын, а ўжо потым і клікаў мароз куццю есці. Звалі для таго, каб мароз не марозіў пасаджанага ў полі і на агародзе» — запісана ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.), у в. Пакалюбічы заклікалі мароз на трэцюю куццю («Трэцяя куцця была перад Крашчэннем — 18 студзеня, на яе звалі мароз: «Мароз, мароз, хадзі кашу есці». Гэтым задобрывалі мароз, каб ён не марозіў жыта» — запісана ад Грыбанавай Н. І., 1935 г. н.), у в. Лапаціна рытуал заклікання марозу адбываўся і на першую, і на другую, і на трэцюю куццю («Адчынялі фортку і звалі мароза: «Мароз, Мароз, хадзі кашу есці. Калі не прыдзеш, будзем цябе жалезнай пугай біці, каб улетку не бываў, цвяткоў не зрываў». І так трэба 3 разы гаварыць. Я ж звала мароз на ўсе 3 куцці: перад сёмым, чатырнаццатым і дзевятнаццатым» — запісана ад Казаковай Марыі Аляксандраўны, 1917 г. н.). «Запрашэнне міфалагічных персанажаў — магічны акт звароту да памерлых продкаў <…> з просьбай прыняць удзел у рытуальнай трапезе» [2, с. 269].

У зімовым цыкле земляробчага календара Гомельскага раёна мелі месца і дзеянні, звязаныя з рытуалам заклінання неўрадлівага дрэва. Каб павысіць ураджайнасць садавіны, у в. Аздзеліна на трэцюю куццю (18 студзеня) «бегалі з тапаром пасля вячэры і стукалі па тых дрэвах, якія не родзяць, і казалі: «Сядзіш, дак радзі, а не родзіш, дык зрубаю к такой мацяры» (запісана ад Санько Вольгі Маркаўны, 1941 г. н.). У в. Зялёны Гай «ябланькі траслі і гаварылі: «Ябланькі, не спіце, ураджай прынясіце»« (запісана ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.). У некаторых вёсках абвязвалі пладовыя дрэвы саламяным перавяслам: «Абвязвалі гэтай саломай дзерава ў садзе, каб пладаносіла» (запісана ў в. Макаўе ад Сяргейчык Марыі Мікалаеўны, 1936 г. н.).

У сістэме калядна-навагодніх абрадавых святкаванняў вылучаюцца і такія структурныя кампаненты, як варажба і прыкметы і павер’і. Што датычыць варажбы, то адрознівалі наступныя яе разнавіднасці — гаспадарчую і шлюбную. З першай куццёй была звязана гаспадарчая варажба, напрыклад, у в. Фашчоўка назіралі за зоркамі, калі святкавалі першую куццю: «Калі на першую куццю звёзды, дык будзе шмат грыбоў, ягад» (запісана ад Лапіцкай Фаіны Афанасьеўны, 1932 г. н.); у в. Дуянаўка «выцягвалі з-пад абруса сена (сцябліну): калі доўгая сцяблінка, то будзе высокі лён» (запісана ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.). У в. Макаўе выконвалі пэўныя дзеянні з саломай ад снапа, які ставілі на покуці: «Потым аббівалі яго, зерне сыпалі курам, а салому клалі на курыныя гнёзды, каб куры добра несліся, выводзілі куранят» (запісана ад Сяргейчык Марыі Мікалаеўны, 1936 г. н.).

Шлюбныя варожбы, якія былі звязаны з другой куццёй, адбываліся з выкарыстаннем пэўных прадметных атрыбутаў: напрыклад, у якасці іх выступалі бліны («Дзеўкі пякуць блінцы зрання. Блін кладзе ў карман і выходзіць з дому. Першага чалавека (мужчыну), якога сустрэне, пытае імя, так і будуць зваць яе суджанага» — запісана ў в. Макаўе ад Маісеенка Праскоўі Рыгораўны, 1920 г. н.), комін («На Шчадруху паляць у печы, выходзяць на вуліцу і глядзяць на комін: куды дым пайшоў, туды і замуж пойдзе, а да зямлі сцеліцца — у дзеўках астанецца» — запісана ў в. Макаўе ад Маісеенка Праскоўі Рыгораўны, 1920 г. н.), каша (куцця) («Маладыя дзевачкі кралі куццю, заварочвалі ў вузялок і лажылі пад падушачку, гадалі: хто прыйдзе ва сне куццю есці, той жаніхом будзе — запісана ў в. Аздзеліна ад Грышчанковай Домны Мітрафанаўны, 1921 г. н.), абутак («А Каляды прыдуць, пачынаеш сапагі кідаць: куды сапог паляціць, у тую сторану і замуж пойдзеш» — запісана ў в. Зябраўка ад Арэшка Зінаіды Аляксандраўны, 1955 г. н.), люстэрка («На зеркала гадалі ў пограбе, на чардаке, можна ў цёмнай хаце. Запальвалі 2 свечкі, зеркала ставілі, 2 кальца перад ім лажылі. Глядзелі ў зеркала. У 12 часоў ночы выходзіў сужаны. Нада было разгледзець ліцо. Блізка не падпускаюць, бо то нячыстая сіла» (запісана ў в. Пакалюбічы ад Чыжовай Сафіі Іванаўны, 1941 г. н.) і інш.

Зімовы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі Гомельскага раёна цесна звязаны з прыкметамі і павер’ямі, пры дапамозе якіх жыхары мадэлявалі сваю гаспадарчую дзейнасць, прагназавалі надвор’е і ўраджай, ускладалі надзеі на шчаслівы сямейны лёс. З прыходам калядоўшчыкаў, верылі мясцовыя жыхары, звязаны іх дабрабыт. У сувязі з гэтым невыпадковай была наступная прыкмета: «Калі калядоўшчыкаў не пусціць у дом, дык весь год дрэнна жыць будзем» (запісана ў в. Рагі ад Сычовай Веры Фамінічны, 1935 г. н.). Шматлікіх прадпісанняў прытрымліваліся жыхары Гомельскага раёна, каб забяспечыць пладавітасць свойскай жывёлы. Напрыклад, на Ражаство ў в. Дуянаўка выпякалі печыва ў выглядзе фігурак свойскіх жывёл. Згодна з павер’ем мясцовых жыхароў, «фігуркі з цеста — гэта былі і маленькія каровы, авечкі, быкі. Яны храніліся да Крышчэння, а пасля гэтыя фігуркі размочвалі ў вадзе (святой) і аддавалі скату, каб жывёла была заўсёды здаровая і давала многа малака, яшчэ каб заўсёды прыхадзіла дадому і слухалася гаспадароў» (запісана ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.).

З прагназаваннем багатага ўраджаю грыбоў і ягад былі звязаны наступныя прыкметы: «Ну, на першую куццю, значыць, еслі неба звёзднае — многа грыбоў будзе ў гэтым гаду. Калі вось снег ідзе — многа ягад у лясу будзе» (запісана ў в. Зялёны Гай ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.); «Калі на Ражджаство мяцель, то пчолы будуць добра раіцца. А на Крашчэнне, калі перамёты і снег на дзярэўях, што галлё абвісае, — будзе харошы ўраджай» (запісана ў в. Пакалюбічы ад Грыбанавай Н. І., 1935 г. н.). Каб забяспечыць добры ўраджай садавіны, «на Калядкі абавязкова запасаліся арэхамі, семечкамі, потым эты адходы высыпалі ў садзе, каб былі добрыя плады» (запісана ў в. Пракопаўка ад Рабцавай Валянціны Фёдараўны, 1952 г. н.).

Паводле народных вераванняў, гаршчок з куццёй не дазвалялася ставіць «на голы стол» (запісана ў в. Зялёны Гай ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.). Сену, якое ляжала на стале падчас святкавання першай, другой і трэцяй куцці, надавалі магічнае значэнне, «яго (сена) клалі пад курыцу. якая сядзіць на яйках» (запісана ў в. Фашчоўка ад Лапіцкай Фаіны Афанасьеўны, 1932 г. н.). Па колькасці зярнят, што былі пад абрусам, вызначалі, якім будзе на будучы год ураджай жыта: «Бралі снапок саломы і ставілі ў кут, а патом на вячэру клалі пад скацерку і аббівалі: сколькі будзе зярнятак пад скацеркай, столькі ў хазяіна будзе коп жыта» (запісана ў в. Макаўе ад Маісеенка Праскоўі Рыгораўны, 1920 г. н.). Паводле сведчанняў Веры Фамінічны Сычовай, 1935 г. н., з в. Рагі, з багатым ураджаем была звязана наступная прыкмета: «Семкі елі, плявалі на пол: чым больш наплявалі, тым больш ураджай будзе».

У вёсках Гомельскага раёна, калі ставілі гаршчок з куццёй на стол, то клалі на кашу і хлеб, які «аддавалі каровам, штоб яны лёгка цяліліся» (запісана ў в. Міхалькі ад Кавалёвай Еўдакіі Фадзееўны, 1927 г. н.). Прытрымліваліся вяскоўцы на Каляды і пэўных забарон на тыя ці іншыя віды работ, напрыклад, «на святкі ўвечары нельзя было праць, ткаць» (запісана ў в. Новыя Дзятлавічы ад Мартыненка Валянціны Уладзіміраўны, 1931 г. н.).

Заслугоўвае ўвагі масленічны абрадавы комплекс Гомельскага раёна, рытуалы якога былі скіраваны на магічнае забеспячэнне ўраджайнасці нівы, дабрабыту, працягу роду. Як адзначыў даследчык А. С. Ліс, «знешне формаю падобныя на гульбішчы, абрадавыя практыкі Сырнага тыдня былі дэтэрмінаваны архаічным мысленнем, у іх аснове ляжала імкненне абшчыны, соцыуму адпрэчыць зіму і наблізіць вясну. На глыбінна міфалагічным светасузіранні і светаразуменні гэтыя інтэнцыі знайшлі выражэнне ў ідэі руху. Апошнюю паслядоўна выяўляюць усе абрадавыя дзеянні, здзяйсняныя на Масленіцу» [1, с. 194-195]. Асноўныя структурныя кампаненты масленічнай абраднасці Гомельскага раёна, якія выяўляюцца таксама ў сістэме пэўных абрадавых дзеянняў, пацвярджаюць вышэйпрыведзены тэзіс: выпякалі бліны, каталіся на конях, каталіся на санках з горак, цягалі калодку, насілі па вуліцах вёскі пудзіла Масленіцы, раскладвалі вогнішча і спальвалі на ім пудзіла Масленіцы, гушкаліся на арэлях, вадзілі карагоды і інш. Інфарманты адзначылі, што выпечка бліноў — важны момант масленічнай абраднасці, бо «блін счыталі сімвалам сонца» (запісана ў в. Міхалькі ад Кавалёвай Еўдакіі Фадзееўны, 1927 г. н.).

Абрад пад назвай «Калодка» быў вядомы ў многіх вёсках Гомельскага раёна. Абрубак палена прывязвалі да нагі нежанатага хлопца або дзяўчыны, якая не выйшла замуж: «Напрымер, у мяне там дачка незамужняя, а ў яе сын нежанаты, дак я бяру чурбачок такі, за вяровачку, за нагу, і іду да яе. Цапляю ёй за ногу, а яна стаўляе ўжэ магарыч, па сто грам, сабіралісь, карочэ. А тады цягнуць ужо ўдвох да другой, там шчэ ў якой дачка…» (запісана ў в. Глыбоцкае ад Крукавай Таццяны Кандратаўны, 1943 г. н.); «Як какая-нібудзь жанчына дачку замуж не аддала ці сына не ажаніла, то сабіраюцца бабы і той жанчыне прывязваюць к наге калодку або дравіну, і ходзяць па хатах. Гэта жанчына далжна адкупіцца — даць бутылку ці дзеньгі» (запісана ў в. Макаўе ад Мікалайчанка Анастасіі Пятроўны, 1933 г. н.); «Сабіраюцца жэншчыны, завязваюць к калодцы вяроўку і ідуць па сялу. Ловяць, у каго нежанатыя сыны ці не замужам дочкі, і павязваюць калодку. І тая ўжо жэншчына ці мужык адплачваецца дзяньгамі» (запісана ў в. Пракопаўка ад Мядзведзевай Любові Акімаўны, 1933 г. н.). У в. Грабаўка, калі гурту жанчын «пасля хаджэння па вёсцы, сутракаліся мужчыны-халасцякі», то з іх жартавалі, выконваючы наступныя песенныя радкі:

Ох, ты, Масленіца-палізуха,
Палізала сыры, яйцы-каравайцы.
Ох, ты, Масленіца, красны буряк,
Хто не жэніцца — вечны дурак

(запісана ад Каменка Маргарыты Міхайлаўны, 1944 г. н.).

Адметным мясцовым элементам святкавання Масленіцы ў в. Грабаўка быў звычай хадзіць з пудзілам Масленіцы па вуліцах вёскі і спяваць песні, выказваць узаемныя пажаданні («Сырна вам! Маслена вам!): «А было так: з саломы, паперы, каляровых стужак рабілі вялікую бабу, якой малявалі ці вышывалі вочкі, нос, бровы, вусны. Затым апраналі яе ў кофту, спадніцу, фартух. У адну руку давалі блін, а ў другую падмазку. Такую бабу насілі па вёсцы і спявалі» (запісана ў в. Грабаўка ад Каменка Маргарыты Міхайлаўны, 1944 г. н.). Кульмінацыйным момантам святкавання Масленіцы ў в. Грабаўка было спальванне «бабы» (пудзіла Масленіцы). Жыхары в. Церуха патлумачылі, што абазначала спальванне ў іх мясцовасці саламянага пудзіла: «На Масленіцу спальвалі чучала, якое рабілі з саломы, і ўпрыгожвалі рознакаляровымі лентамі, гэта азначала «смерць» зімы і надыход вясны» (запісана ад Казіміравай Кацярыны Ксенафонтаўны, 1918 г. н.). Асноўныя матывы масленічных песень — гэта матывы развітання з зімой і чакання вясны:

Ідзі, зіма, да Кракава,
Зноў ты прыйдзеш аднакава.
Ідзі, зіма, да Кіева,
Ты нам лета пакінула.
Ідзі, зіма, да крынічкі
Ды забірай рукавічкі

(запісана ў в. Грабаўка ад Каменка Маргарыты Міхайлаўны, 1944 г. н.).

У в. Грабаўка, паводле сведчанняў вяскоўцаў, абавязкова трэба было «катацца на санках з гор, каб доўгім рос лён. А катаючыся, спявалі песню пра вясну «Ой, на гарэ»:

Ой, на гарэ, на гарэ,
Ды на камяніцы.
Масленіца, Масленіца.
Як увідзеў дзяцюк дзеўку,
Скінуў рукавіцы.
Масленіца, Масленіца.
А на гарэ, на гарэ,
Ды на камушочку.
Масленіца, Масленіца.
Як увідзеў дзяцюк дзеўку,
Скінуў сарочку.
Масленіца, Масленіца

(запісана ад Каменка Маргарыты Міхайлаўны, 1944 г. н.).

Структурныя кампаненты абраду гукання вясны — выхад на высокае месца, падрыхтоўка абрадавага печыва, распальванне вогнішча, гушканне на арэлях, ваджэнне карагодаў, выбар дзяўчыны, якая сімвалізавала вясну, выкананне песень-вяснянак. Паводле этнаграфічных апісанняў, гукалі вясну на тэрыторыі Гомельскага раёна, пачынаючы са Стрэчання, калі «гуляць… хадзілі па загуменню. Тады вешалі арэлю ў гумнах, калыхаліся і пелі песні» (запісана ў в. Новая Гута ад Байковай Зінаіды Антонаўны, 1939 г. н.); «Гэтае свята мы спраўлялі на Стрэчанне, калі зіма з летам сустракаліся:

Зіма з летам страчалася,
Дачка ў маці пыталася:
Пусці, маці, гукаці»

(запісана ў в. Пясочная Буда ад Пыталёвай Антаніны Іосіфаўны, 1921 г. н.).

У в. Дзікалаўка, калі гукалі вясну, то «выходзілі на рэчку, станавіліся на мосцік і пелі:

Вясна, вясна,
За лес пайшла.
За крутыя горы.
Чаго дзеўкі не йдуць замуж,
Што чорны бровы?
Мае бровы калясамі,
Ой, гора мне з вамі»

(запісана ў в. Краўцоўка ад Дубадзелавай Надзеі Мікалаеўны, 1942 г. н. (раней пражывала ў в. Дзікалаўка)).

У в. Церуха абрад гукання вясны выконвалі на Саракі. Паводле ўспамінаў жыхароў, у іх мясцовасці «выбіралі дзяўчыну, наражалі яе. Яна і была вясной. Ішлі па дварах і пелі песні, вадзілі карагоды:

Вясна-вясняначка,
Дзе твая дачка Мар’яначка?
Дачка Мар’яначка сядзіць у садочку,
Яна вышывае сарочку
Свайму сыночку Васілёчку»

(запісана ад Казіміравай Кацярыны Ксенафонтаўны, 1918 г. н.).

Важны момант у абрадзе гукання вясны ў вёсках Гадзічава і Маркавічы (выконваўся на Саракі) — падрыхтоўка абрадавага печыва («хрэсцікаў»), якім трэба было «пакарміць карову, самім з’есць, каб на ўвесь год быць здаровымі» (запісана ў в. Гадзічава ад Басавай Таццяны Іванаўны, 1934 г. н.).

Гуканне вясны ў в. Грабаўка, якое адбывалася на Саракі, мела адметны лакальны характар. У гэтай вёсцы выпякалі печыва ў выглядзе жаўранкаў, якіх трэба было начапіць на кійкі: «В этот день женщины выпекали из теста 40 жаворонков в виде крестиков или 40 маленьких пирожков. Этих птичек раздавали детям, те с криком бежали закликать жаворонков, которые должны были принести весну. Печеных жаворонков насаждали на палки и выбегали на пригорок с криком:

Жаворонки, прилетите,
Студену зиму унесите,
Теплу весну принесите,
Зима нам надоела,
Весь хлеб у нас поела

(запісана ад Гарбачовай Антаніны Іванаўны, 1932 г. н.).

Абрадавае печыва на Саракі рыхтавалі і ў в. Калініна: «На той дзень пяклі пцічак любых, балабушкі (шарыкі). У якую-небудзь з іх клалі капейку. Хто найдзе, той будзе шчаслівы» (запісана ад Хамяковай Анастасіі Васільеўны, 1927 г. н.). У в. Старая Буда было прынята на Саракі хадзіць па двары і шукаць «трэскі з дроў, і трэба было 40 трэсак найці і ўнесці ў хату» (запісана ад Агеенка Марыі Мітрафанаўны, 1919 г. н.).

У вёсках Грабаўка і Дуянаўка гукалі вясну на Дабравешчанне (Благавешчанне). Як адзначылі інфарманты, «але само гуканне вясны прыходзілася на 25 сакавіка. Благавешчанне — гэта самае што ні ёсць настаяшчае свята гукання вясны» (запісана ў в. Дуянаўка ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.). Паводле народных вераванняў, «у гэты дзень не дазвалялася прасці, а можна было гатовыя ніткі сукаць, рэзаць можна было толькі аўчыннымі нажніцамі» (запісана ў в. Дуянаўка ад Каржова Мікалая Рыгоравіча, 1930 г. н.).

Вялікдзень — рухомае свята ў календары — адзначаецца і сёння жыхарамі Гомельскага раёна ва ўсіх вёсках. Абрадавыя дзеянні, звязаныя з велікоднай абраднасцю, мелі ярка выражаную аграрна-магічную скіраванасць. Важнае месца ў сістэме велікоднай абраднасці адводзілася рытуалам Чыстага чацвярга, адсюль невыпадковымі былі намаганні вяскоўцаў прыбраць усё ў хаце, вымыць: «Гавораць так, штоб да Чыстага чацвярга ў хаце ўсё было чыста, прыбрана, памыта і ўсё ўбрана. А еслі не паўбіраеш, то год гразны будзеш» (запісана ў в. Грабаўка ад Гуцавай Надзеі Васільеўны, 1944 г. н.); «Перад Пасхай убіралі хату, перамывалі пасцель, шылі нарадныя плацці, білі кабаноў, дзелалі смачны абед» (запісана ў в. Аздзеліна ад Грышчанковай Домны Мітрафанаўны, 1921 г. н.).

Сярод рытуалаў велікоднай абраднасці вылучаюцца наступныя: фарбаванне яек, выпяканне абрадавага хлеба — «паскі», хаджэнне «на ўсеначную» (в. Новая Гута), асвячэнне ў царкве яек, «паскі» і іншых прадуктаў, гульня з яйкамі ў «біткі» (в. Бабовічы), «наўбіткі» (в. Аздзеліна), катанне яек з горкі, ваджэнне карагодаў (у в. Высокае выконвалі абрад пахавання стралы, у в. Маркавічы — абрад ваджэння сулы), хаджэнне ў госці да сваякоў («на другі дзень Пасхі хадзілі людзі, хрыстасаванікамі называлі іх» — запісана ў в. Зялёны Гай ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.), «хрыстасаванне» і абменьванне яйкамі, наведванне магіл родзічаў і качанне там яек і інш. Засяродзім увагу на асобных структурных кампанентах велікоднай абраднасці. Напрыклад, у в. Церуха, зыходзячы з успамінаў жыхароў, выконвалі наступныя рытуалы з яйкамі: «На Вялікдзень гулялі ў біткі. Хто яйцо разбіў, той забіраў і сваё, і тое, што разбіў. Качалі яйкі ў катках, дзелалі дарожку з доскі або жалеза і адтуль скатывалі яйка: чыё разаб’ецца, той сваё яйка і аддае» (запісана ад Казіміравай Кацярыны Ксенафонтаўны, 1918 г. н.).

Валачобніцтва як абрадавая з’ява, прымеркаваная да Вялікадня, не характэрна для фальклору Гомельшчыны, аднак, паводле сведчанняў жыхароў в. Новая Гута, у іх мясцовасці валачобнікі хадзілі, выконвалі песні пад вокнамі хат і атрымлівалі падарункі ад гаспадароў: «Мы, бывала, павыскакваем: «Папа, папа, там ужэ пяюць валачобнікі!» Яны прыдуць пад вакно і гавораць: «Хрыстос васкрэс» (тры разы)» (запісана ад Байковай Зінаіды Антонаўны, 1939 г. н.). У в. Макаўе тэрмінам «валачобнае» называлі падарункі («розныя прысмакі»), па якія «хрэснікі» хадзілі да сваіх «хросных» бацькоў: «Валачобнікаў у нас не было, а вось па валачобнае (падарак) хадзілі хрэснікі да сваіх хросных, а цяпер ужэ хросныя самі носяць хрэснікам падаркі» (запісана ад Сяргейчык Марыі Мікалаеўны, 1936 г. н.).

Спецыфічны элемент у велікоднай абраднасці Гомельскага раёна — гэта назіранне за тым, як узыходзіць сонца: «Яшчэ ў гэты дзень сонца грае, калі яно ўзыходзіць, то можна бачыць, як яно радуецца» (запісана ў в. Лапаціна ад Казаковай Марыі Аляксандраўны, 1917 г. н.); «А яшчэ на Паску глядзелі, як гуляе сонца» (запісана ў в. Калініна ад Хамяковай Анастасіі Васільеўны, 1927 г. н.); «На Вялікдзень сонца, кажуць, гуляе, мярцае» (запісана ў в. Бабовічы ад Царыкава Васіля Паўлавіча, 1935 г. н.). У некаторых вёсках Гомельскага раёна на Вялікдзень выконвалі абрад ваджэння сулы, каб атрымаць добры ўраджай капусты: «Сулу вадзілі на другі дзень Пасхі, сабіраліся ўсё сяло, было багаценна людзей, усе прыходзяць з гармошкай на перакростак на еты, дзе вуліцы разбягаюцца. Сабіраюцца, пяюць і танцуюць. Ідуць з музыкай і дзеці, і вялікія, і малыя, і старыя, усе. Мо толькі той, хто не ўмеў хадзіць, так аставаўся дома» (запісана ў в. Глыбоцкае ад Крукавай Таццяны Кандратаўны, 1943 г. н.).

Як і ў іншых абрадавых комплексах, важнае месца ў велікоднай абраднасці займалі прыкметы і павер’і. Напрыклад, верылі, што пакладзеныя ў баразну велікодныя яйкі будуць садзейнічаць ураджайнасці: «Велікодныя яйкі клалі ў баразну, каб урадзіла» (запісана ў в. Бабовічы ад Царыкава Васіля Паўлавіча, 1935 г. н.); «Як яйца на Пасху лупіш, этую шкарлупу нада закапываць у баразну. Эта ад таго, штоб быў ураджай харошы» (запісана ў в. Макаўе ад Машуровай Любові Паўлаўны, 1927 г. н.). Калі хадзілі ў царкву на «ўсеначную», то імкнуліся дадому хутчэй вярнуцца тыя гаспадары, якія займаліся пчалярствам: «Хто пчол дзяржаў, стараліся хутчэй з цэрквы дахаты бегчы. Для пчол добра» (запісана ў в. Зялёны Гай ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.). Каб засцерагчы пасевы ад варон, «шалушкамі ад яек па гароду пасыпалі» (запісана ў в. Зялёны Гай ад Максіменка Зінаіды Цімафееўны, 1940 г. н.). Каб засцерагчы сваё жыллё ад усяго дрэннага, то вакол хаты трэба было пасыпаць асвечаны ў царкве мак: «Шчэ свяцілі ў царкве мак, а потым абсыпалі вакруг хаты, каб нічога дрэннага не было» (запісана ў в. Лапаціна ад Казаковай Марыі Аляксандраўны, 1917 г. н.).

Прыведзеныя вышэй матэрыялы з’яўляюцца сведчаннем багатай мясцовай спецыфікі зімовай і веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі Гомельскага раёна, пацвярджэннем таго, што абрады, звычаі, песні яскрава адлюстроўваюць светапогляд беларусаў, іх ментальнасць.

Крыніцы і літаратура

  1. Ліс А. С. Абрады, ігрышчы, песні Сырнага тыдня, або Масленіцы // Беларусы. Т. 7. Вусная паэтычная творчасць / Г. А. Барташэвіч, Т. В. Валодзіна, А. І. Гурскі і інш.; рэдкал.: В. М. Бялявіна і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 586 с.
  2. Славянские древности. Этнолингвистический словарь: в 5 т. / под общей ред. Н. И. Толстого. — Т. 4: П (Переправа через воду) — С (Сито). — Москва: Международные отношения, 2009. — 656 с.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Слов’янський світ. — 2015. — Вип. 14. — С. 175-191.