Адметным каларытам адрозніваецца каляндарна-абрадавы фальклор Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У сістэме фальклорных жанраў мясцовай каляндарна-абрадавай паэзіі важнае месца адводзіцца зімовай, масленічнай, веснавой і летне-восеньскай абраднасці. Засяродзім увагу на зімовых і масленічных абрадах і звычаях. Заўважым, што на Брагішчыне 19 снежня адзначаецца свята «Мікольшчына». Да гэтага свята быў прымеркаваны абрад пераносу свечкі: «Празнувалі Міколу 19 дзекабра. Праводзілася Мікольшчына — свята свечкі. Гаспадар, які меў абраз Міколы, угашчае гасцей і пераносіць потым абраз у другую хату» (зап. ад Юліі Міхайлаўны Хвост, 1936 г. н., у г. п. Камарын)1. Паводле сведчанняў Антаніны Антонаўны Ласіцы, 1940 г. н., з гарадскога пасёлка Камарын, калі святкавалі Мікольшчыну, то выконвалі рытуал разбівання гаршка з кашай: «Сразу білі кашу аб стол, вугал. Кожнаму давалі паспытаць кашы і казалі: “Васілёва каша ці Насціна каша? За етую кашу трэба было даваць грошы. Канчалі на тым, хто больш дасць грошай». Як адзначылі інфарманты, звычайна на гэтае свята збіралася вечарамі толькі моладзь, сталыя людзі хадзілі «на служэнне» ў царкву. Як правіла, са святам зімовага Міколы былі звязаны традыцыйныя паездкі вяскоўцаў да родзічаў: «Так як калісь правілі празнікі, да ў каго была радня, дык яны ездзілі ўжо туда, прыглашаюць іх» (зап. ад Ганны Васільеўны Цярэшчанка, 1929 г. н., у в. Сялец).
У сістэме народнага календара Брагіншчыны ўстойлівае месца займае каляднанавагодні комплекс, які ўключае такія традыцыйныя кампаненты, як падрыхтоўка абрадавай стравы (куцці), хаджэнне калядоўшчыкаў і выкананне імі каляднашчадроўных песень, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну, рытуальны дыялог заклікання марозу, варажба, прыкметы і павер’і, звязаныя з першай, другой і трэцяй куццёй.
Першую куццю, якую рыхтавалі перад Ражаством, называлі «беднай», варылі з пярлоўкі («Пярлоўку варылі, толькі пустую. Ставілі гэтую куццю і варылі кампот з сухафруктаў. Яеразводзілі і елі такое» — зап. ад Наталлі Міхайлаўны Краўчанка, 1938 г. н., у в. Чамярысы). У вёсцы Дуброўнае таксама варылі посную куццю з пярлоўкі. Як адзначылі жыхары гэтай вёскі, у мясцовай традыцыі забаранялася куды-небудзь ісці пасля вячэры ў гэты дзень, каб захаваць спакой у сям’і: «Павячэраем, гуляць не хадзілі нікуда, ета булі дома ўсе, штоб уся сям ’я була дома, штоб усягда була ў доме спакойна, благопалучна і ціха» (зап. ад Вольгі Якаўлеўны Міхаленка, 1932 г. н.).
Паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Касачоў, у іх мясцовасці рыхтавалі куццю з абтоўчаных зярнят ячменю: «Бралі ячмень, таўклі яго ў ступе, выносілі на мароз, каб перамерз, патом пераціралі, сыпалі ў варніцу і ставілі варыць у печ» (зап. ад Марыі Якаўлеўны Мельнічэнка, 1944 г. н., Юліі Аляксееўны Прышчэп, 1932 г. н.).
Падчас святкавання Каляд у вёсцы Глухавічы адзначалі таксама першую, другую і трэцюю куццю, прычым «варылі кашу толькі з пярлоўкі» (зап. у в. Макаўе Гомельскага р-на ад Праскоўі Рыгораўны Маісеенка, 1920 г. н., перасяленкі з в. Глухавічы Брагінскага р-на). Трэцюю куццю ў гэтай вёсцы называлі «поснай», «беднай». Паводле сведчанняў інфарманта, «сена клалі на кут і прыгаворвалі: “Хрыстос радзіўся ў сене”». Варажылі пра будучы ўраджай жыта: «Бралі снапок саломы і ставілі ў кут, а потым на вячэру клалі пад скацерку і абівалі: сколькі будзе зярнят, столькі будзе ў хазяіна коп жыта».
У вёсцы Пучын з першай куццёй быў звязаны рытуал заклікання марозу, калі гаспадар прыгаворваў: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці.Ты у нас куццю паясі, а нам багаты ўраджай дасі. Цяпер не ідзеш? Не ідзі, як будуць сады і агурцы цвісці. Не ідзі, як і памідоры будуць расці» (зап. у в. Міхалёўка Буда-Кашалёўскага р-на ад Варвары Данюк, 1932 г. н., перасяленкі з в. Пучын). У вёсцы Малажын, калі клікалі мароз на вячэру, то «адчынялі дзверы і гукалі: “Мароз, мароз, хадзі з намі куццю есці” (тры разы)» (зап. ад Тамары Тарасаўны Філон, 1946 г. н., у в. Малажын).
Паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Пучын, у іх мясцовасці і казу вадзілі («У казу прыбіралі хлопца, яму надзівалі навыварат кажух. Каза ішла на чатырох нагах і ў хаці гаспадароў скакала, а другія хлопцы пелі: “Дайце казе круп, / Штоб не балеў пуп. / Дайце казе сала, / Штоб каза ўстала»), і калядавалі з зоркай («Насілі зорку. Дзелалі яе як барабан, а па баках звёздачкі прыдзелвалі, етыя звёздачкі тарахцелі. Хлопцы неслі зорку і і вялі казу» — зап. у в. Краснагорск Буда-Кашалёўскага р-на ад Марыі Філінавай, 1918 г. н., перасяленкі з в. Пучын Брагінскага р-на).
Паводле ўспамінаў жыхароў Брагіншчыны, казу вадзілі «дзеткі ад 5 да 14-ці гадоў, аднаго з хлопцаў адзяваюць у вывернуты кажух, на галаву — вушы з зайца або рогі барана, сабіраюцца групамі і ходзяць па хатах, спяваюць:
Ой, ты, козачка, не ляніся,
Вазьмі сярпок ды нажмі снапок,
Ідзі, каза, рагом,
Там жыта снапок» (зап. ад Аляксандры Мікалаеўны Курыленка, 1923 г. н., у в. Вязок).
У вёсцы Дуброўнае гурт дзяўчат і жанчын, якія шчадравалі, складаўся з такіх калядных персанажаў, як «урач», «дзед Мароз», «санітарка» і іншых. Абрад хаджэння з зоркай у гэтай мясцовасці ажыццяўляўся толькі гуртам хлопцаў і мужчын, якія, спытаўшы дазволу «паспяваць са звяздою», пасля выканання песні «хазяіна з хазяйкаю садзяць на стулы і да паталка падкідаюць іх, падкідаюць і гавораць: “Хазяіна з хазяйкай на многае лета! Дай, Бог, пераждаць і на будучы год даждаць. Штоб у вашым доме була радасць, була здароўе, штоб у вас усё вялося: і худобка, і сям’я була здарова. Дай, Бог, вам усяго харошага!”» (зап. ад Вольгі Якаўлеўны Міхаленка, 1932 г. н., у в. Дуброўнае).
У вёсцы Зарэчча 7 студзеня адзначалася першая куцця («посная»), якую рыхтавалі з ячменных або пшанічных круп. У гэты ж дзень адбываўся рытуал заклікання марозу: «Хазяін выходзіў з куццёй на ганкі і казаў: “Дзед Мароз, ідзі гушчу есці”» (зап. ад Марыі Дзмітрыеўны Протчанка, 1928 г. н.). Як і ў іншых мясцовасцях Гомельшчыны, рэшткі куцці аддавалі курам, каб добра неслі яйкі. Абрад калядавання (шчадравання) быў звязаны ў лакальнай традыцыі з другой куццёй. Вылучаліся два гурты калядоўшчыкаў: «Пасля абеду, часоў з трох, дзеці бралі торбы і шлі шчадраваць, узрослыя — ужэ туды к вечару» (зап. ад Раісы Фёдараўны Протчанка, 1944 г. н.).
Сярод найбольш распаўсюджаных сюжэтаў калядных песень адзначым наступныя: «Пане-гаспадару, ой, выйдзі на двор», «Ішоў Юрачка беражынкаю», «Ой, рана, рана, куры папелі». Апошнія два тэксты адрасаваныя сыну гаспадара і развіваюць любоўна-шлюбныя матывы.
Інфарматары з вёскі Малейкі падкрэслілі, што ў іх мясцовасці і «звязду» насілі, і казу вадзілі. Рытуал заклікання марозу на калядную вячэру выконвала гаспадыня. Акрамя кашы, адным з абавязковых атрыбутаў святкавання першай куцці з’яўляўся хлеб, які «лажылі на першую куццю, і ляжаў аж да трэцяй». Сена, што знаходзілася на стале пад абрусам, звычайна «патроху лажылі пад курэй, гусей, калі яны садзіліся, давалі карові, каб яна давала багата малака, кашу давалі мы курма, каб квакталі». Мясцовыя жыхары падкрэслілі, што «на ўсе тры куцці звалі Мароза куццю есці» (зап. ад Г анны Паўлаўны Краўчанка, 1935 г. н., у в. Малейкі).
Адметнай асаблівасцю абраду шчадравання, звязанага з другой куццёй, у вёсцы Новая Ёлча з’яўляецца падрыхтаваны жыхарамі гарбуз, у якім «выразалі вочы, зубы. І запальвалі свечку. Свечку — у гарбуз, тады і вочы, і рот відныя» (зап. ў г. п. Камарын ад Яўгеніі Васільеўны Анціпавай, 1918 г. н., Кацярыны Данілаўны Мартыненка, 1929 г. н., ураджэнак в. Новая Ёлча).
У вёсцы Новая Ёлча, як і ў вёсцы Зарэчча, спачатку шчадравалі дзеці, а потым ужо дарослыя. У мясцовы песенны рэпертуар калядоўшчыкаў былі ўключаны песні, адрасаваныя гаспадару («У нашага Івана вумная жана»), дзяўчыне («А ў руне, у руне, у крайняй свяцёлцы»), хлопцу («Прасіўся Іванка ў свайго таткі»): «Прасіўся Іванка ў свайго таткі / Святы вечар. / Бацька пытаўся: “Каго ты любіш? ” / Святы вечар. / Ці ты царэўну, ці каралеўну? / Я тую люблю, / Што па небу ходзіць / Святы вечар. / Што па небу ходзіць, / З месяцам гаворыць». Акрамя ваджэння казы, хадзілі ў гэтай вёсцы і са «звяздой»: «…выразалі звязду з дрэва, красілі, а з гарбуза вынімалі сярэдзіну, выразалі вочы і рот, а ў сярэдзіну ставілі запаленую свечку і таксама насілі». Цікавай была і варажба пра будучы ўраджай у вёсцы Новая Ёлча: «14 студзеня рана жанчыны клалі на стол немалочаную салому, накрывалі абрусом і малацілі хто чым — хто лыжкай, хто кулаком, а потым счыталі зярняткі: чым больш намалоціш, тым большы будзе ўраджай» (зап. ад Яўгеніі Васільеўны Анціпінай, 1918 г. н.).
На пытанне, хто хадзіў калядаваць, жыхары вёскі Буркі адказалі: «Са звяздой хадзілі мужыкі, а жанчыны самі сабе хадзілі. Дзеці бегалі самі па сабе» (зап. ад Ганны Адамаўны Шкурко, 1926 г. н.).
У структуры абраду калядавання (шчадравання) у вёсцы Карлаўка выразна акрэслены такія кампаненты, як уступная славесная формула з просьбай калядоўшчыкаў да гаспадароў дазволіць пашчадраваць («Добры вечар таму, / Хто ў гэтым даму! / Ці спіш, ці ляжыш, / Гавары з намі, добрымі людзямі, / Ці дазволіш, гаспадар, / Шчодрыка праспяваці?»); прыгаворная формула-зварот да казы («Мы не самі ідзём, казу вядзём. / Ну-ка, козанька, расхадзісет-ка, ды ўсяму двару пакланісетка»); выкананне песні «Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая», у зместе якой адлюстравана магія заклікання добрага ўраджаю жыта, сямейнага шчасця («Дзе каза нагой, / Там жыта капой, / Дзе каза бяжыць, / Там жыта трашчыць, / Дзе каза топ-топ, / Там жыта сем коп, / Дзе каза рогам, / Там жыта стогам, / Дзе каза не бывае, / Там жыта палягае, / Дзе каза бывае, / Там шчасце завітае. / Дзе каза не бывае, / Там шчасце мінае»); славесная формула, дзе гучаць тлумачэнне, чаму «каза ўпала, ссохла, прапала», і просьба ўзнагародзіць казу падарункамі («Дайце казе нашай сала, каб козанька ўстала, / Нашай козаньцы багата не трэба: / Два боханы хлеба, сем печперапеч, / Рэшата аўса, наверх каўбаса. / А шчэ аладкі, каб бокі былі гладкі»); развітальныя славесныя прыгаворы, адрасаваныя калядоўшчыкам, з матывамі пажадання дабрабыту гаспадарам («Ты, каза-казішча, пакланіся гаспадарам. / Хай жывуць здаровымі з дзеткамі-галубкамі, / З сябрамі, з суседзямі ў карысці, у радасці, у добрым здароўячку» — зап. ад Ефрасінні Фролаўны Петрусевіч, 1911 г. н.).
Такім чынам, для мясцовых калядных традыцый Брагіншчыны характэрны такія вузкалакальныя асаблівасці, як ваджэнне казы дзецьмі (в. Вязок), выкананне абраду шчадравання дзявочым і жаночым гуртамі (в. Дуброўнае), падкідванне калядоўшчыкамі пасля велічання са «звяздой» гаспадароў да столі (в. Дуброўнае), выкананне рытуалу заклікання марозу гаспадыняй (в. Малейкі), строгая рэгламентацыя выканання абрадавых дзеянняў сярод калядных гуртоў (в. Зарэчча, Дуброўнае, Новая Ёлча).
Засяродзім увагу на традыцыях святкавання Масленіцы, якая адносіцца да абрадаў пераходнага перыяду, што пацвярджаюць і самі жыхары: «Масленіца праходзіць роўна нядзелю, якая так і завецца — масленічнай. Эта апошні празнік, які стаіць на перадмежжы зімы і вясны» (зап. ад Ганны Севасцьянаўны Гайдук, 1922 г. н., у в. Лубенікі). «Са сваёй спецыфічнай абраднасцю Масленіца стаяла на мяжы двух цыклаў» [1, с. 40-41]. Структуру масленічнай абраднасці Брагіншчыны складаюць такія кампаненты, як падрыхтоўка абрадавай стравы — бліноў, звычай наведвання зяцем цёшчы, распальванне вогнішча, скокі праз вогнішча, падрыхтоўка і спальванне саламянага пудзіла, звычай прасіць прабачэння, катанне на санках з гары, катанне на конях, віншаванне тых маладых людзей, якія нядаўна ўзялі шлюб, ушанаванне бабкі-павітухі, выкананне масленічных песень. Адным з найважнейшых элементаў у святкаванні Масленіцы было выпяканне бліноў, аб чым яскрава сведчаць палявыя экспедыцыйныя матэрыялы. Інфарманты з розных вёсак падкрэслівалі важнае магічнае значэнне, якое надавалася гэтай абрадавай страве. Напрыклад, жыхары вёскі Чамярысы імкнуліся спекчы як мага больш бліноў, каб забяспечыць добры ураджай зерневых культур: «Казалі, хто боляй бліноў напячэ, дык тады ў таго і зярнавух боляй будзе» (зап. ад Ганны Ільінічны Сніцарэнка, 1919 г. н.). Жыхары вёскі Лубенікі адзначылі, што «на працягу ўсёй Масленіцы пеклі бліны. Да гэтых бліноў дабаўлялася масла» (зап. ад Ганны Севасцьянаўны Гайдук, 1922 г. н.); «На Масленіцу пяклі бліны з маслам» (зап. ад Марыі Адамаўны Раманюк, 1930 г. н., у в. Буркі). Паводле ўспамінаў Марыі Ільінічны Савянок, 1943 г. н., з вёскі Сцежарнае, «бліны былі ў кожнай хаце. Усе імі частаваліся». Як паведамілі жыхары вёскі Асарэвічы, асаблівае магічнае значэнне надавалі першаму спечанаму бліну, «як знак павагі яго неслі ў чырвоны кут — продкам» (зап. ад Ніны Аляксандраўны Богуш, 1939 г. н.). Невыпадкова першы спечаны блін, што сімвалізаваў сонца, «на акно клалі … каб запрасіць у хату сонейка» (зап. ад Н. А. Богуш).
Здаўна ў гарадскім пасёлку Камарын на Масленіцу было прынята хадзіць у госці адзін да аднаго, а таксама меў месца звычай наведвання зяцем цёшчы: «Усю сядміцу людзі хадзілі адзін к аднаму ў госці … Абычай такі быў, што зяць ездзіў к цёшчы на бліны» (зап. ад Таццяны Васільеўны Талкачовай, 1932 г. н.); «Не забываліся схадзіць і к цешчы на бліны» (зап. ад Праскоўі Паўлаўны Прыходзька, 1937 г. н., у в. Шкураты).
У вёсцы Чамярысы асобныя структурныя кампаненты абраду гукання вясны выконвалі менавіта на Масленіцу. Напрыклад, адметны з іх — гэта выбар дзяўчыны на ролю вясны: «Дзеўку якую красівую вубіралі, надзявалі як вясной. Хлопцы рабілі з шалёўчын насілкі да насілі яе па дзярэўні, крычалі, што вясна прышла» (зап. ад Ганны Ільінічны Сніцарэнка, 1919 г. н.). Як засведчылі Т. В. Валодзіна, Т. І. Кухаронак, І. Ю. Смірнова, у вёсках Дуброўнае і Новы Пуць Брагінскага раёна таксама «на Масленіцу працягваліся веснавыя карагоды і гульні, гуканне вясны: “На Масленіцу ўжо і пачыналі гукаць, ужэ растае сьнег, і пачыналі гукаць. Ужэ сьпявалі вясеньнія песьні” (Глафіра Лаўрыненка, 1934 г.н., в. Дуброўнае, Брагінскі раён. Зап. А.Боганевай); “А патом жа мы гулялі Масьленіцу, ого! Выходзілі, да такія там карагоды дзелалі, сьпявалі: “У карагодзе мы былі” (Анастасія Раманавец, 1932 г.н., в. Новы Пуць, Брагінскі раён)» [2, с. 161]. Адметным элементам мясцовага масленічнага абрадавага комплексу з’яўлялася катанне з гор: «Дзеці і моладзь рабілі горку са снегу, палівалі вадой і коўзаліся з гэтай горкі. Думалі, хто далей праедзе — у таго будзе доўгі расці лён» (зап. ад Таццяны Васільеўны Талкачовай, 1932 г. н., у г. п. Камарын). Такое ж аграрна-магічнае значэнне надавалася катанню дзяцей з горак і ў вёсцы Малейкі: « Чым болей дзеці будуць на Масленіцу катацца на санках, тым лепшы будзе ўражай лёну» (зап. ад Глафіры Мікалаеўны Лук’янавай, 1938 г. н.).
Спальванне саламянага пудзіла сімвалізавала развітанне з зімой: «Увечары на поля ўсе ішлі зіму паліць. Рабілі пугала якоя з саломы да надзявалі яго. А тады ўжэ, як хлопцы дроў на поля навозяць, дак ідом яго паліць. Стаўба ў зямлю ўбівалі, да да яго тоя пугала прывязувалі і палілі. Гарыць тая зіма, а мы ўжэ пабяромся зарукі, станам кругам да ходзім каля яе» (зап. ад Ганны Ільінічны Сніцарэнка, 1919 г. н., у в. Чамярысы). Паводле ўспамінаў Надзеі Раманаўны Саракаумавай, 1948 г. н., з вёскі Шкураты, «уся маладзёж пасабіраецца на селе, песні спеваюць, ідуць на самэ высоке место, зробяць чучэло, нарадзяць его, подшмуць, коб добрэ було відно, а потом запальваюць. Добрэ гуляюць, радуюцца, спеваюць прыпеўку:
Масленіцу мы ждалі
Дэ ў окна погледалі.
І сыру набілі,
Шчэ й маслом полілі».
Аграрна-магічнае значэнне надавалі галавешкам, што заставаліся пасля вогнішча. З мэтай забеспячэння ўраджайнасці нівы «галавешкія тыя з дроў па ўсяму полюраскідувалі» (зап. ад Ганны Ільінічны Сніцарэнка, 1919 г. н., у в. Чамярысы).
У структуры масленічнага абрадавага комплексу Брагіншчыны меў месца звычай «аб’язджаць маладых коней», пры гэтым «усю вупраж упрыгожвалі разнакаляровымі лентамі, на дугу вешалі званочкі і бубенчыкі» (зап. ад Ганны Севасцьянаўны Гайдук, 1922 г. н., у в. Лубенікі).
Масленічны абрад пад назвай «калодка» — даволі распаўсюджаная з’ява ў фальклорна-этнаграфічнай спадчыне Гомельшчыны — сціпла прадстаўлены ў палявых экспедыцыйных запісах, зробленых у вёсках Брагінскага раёна. Напрыклад, зыходзячы з этнаграфічных апісанняў, у вёсцы Шкураты «праводзіўся такі абрад паміж дзевок, які называўса “Калодкі ”. Дзеўкі падпіралі калодкамі ў хлопца, які не быў жэнаты і возраст у его быў не молоды. Дзеўкі хоцелі, коб он не вышоў з хаты і не прышоў к ім сватацца» (зап. ад Надзеі Раманаўны Саракаумавай, 1948 г. н.).
Звычай прасіць прабачэння — адзін з найважнейшых момантаў у сістэме мясцовай масленічнай абраднасці. Як правіла, першым выконваў гэты рытуал гаспадар. Як адзначылі жыхары вёскі Лубенікі, «у нядзелю з абедаўсюды налажваліся провады Масленіцы. Усё сямейства прыходзіла за святочны стол. Скаромнае ў апошні дзень елі толші да вечара. Паеўшы, гаспадар уставаў, выходзіў на хату і кланяўся ўсім сваім з сям ’і, так ён прасіў прабачэння за ўсе сваі грахі і ашыбкі» (зап. ад Г анны Севасцьянаўны Г айдук, 1922 г. н.).
Вядома была на Брагіншчыне і традыцыя наведвання і ўшанавання тых маладых, якія нядаўна ажаніліся: «На Масленіцу праведвалі маладыя пары, якія ўзялі шлюбу час мясаеду» (зап. ад Ганны Севасцьянаўны Гайдук, 1922 г. н., у в. Лубенікі).
Прааналізаваныя матэрыялы па зімовай і масленічнай абраднасці даюць магчымасць упэўніцца ў важнасці вывучэння іх мясцовай спецыфікі, бо, несумненна, выяўленыя лакальныя асаблівасці абрадавых з’яў узбагачаюць агульнаэтнічную фальклорна-этнаграфічную спадчыну.
Літаратура
- Земляробчы каляндар. Абрады і звычаі / уклад., сістэм. матэрыялаў і камент. А. І. Гурскага; уст. арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса; рэдкал.: А.С. Фядосік (гал рэд.) [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — 405 с.
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6 т. / ідэя і агул. рэд. Т. Б. Варфаламеевай. — Мінск: Вышэйшая школа, 2012. — Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе: у 2 кн. — Кн. 1 / Т. В. Валодзіна [і інш.]. — 910 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 26 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2019. — С. 288-293.