Калядныя святы займаюць важнае месца ў каляндарнай абраднасці беларусаў і разглядаюць іх даследчыкі «як свайго роду помнік этнічнай гісторыі беларускага народа, як своеасаблівую культурную спадчыну мінулага» [1, с. 15]. Варта заўважыць, што на сённяшні дзень, і аб гэтым дазваляюць гаварыць палявыя фальклорныя экспедыцыі па Гомельскім раёне (2006, 2014 гг.), звесткі пра калядныя песні, абрады і звычаі добра захаваліся ў памяці мясцовых жыхароў. Так, ад жыхаркі в. Рудня-Марымонава Маёравай Еўфрасінні Іванаўны, 1934 г. н., быў запісаны тэкст цікавай святочнай песні:
У канцы сяла да стаіць вярба,
Каляда, да ты Калядзіца!
Да на той вярбе да дзіка каза.
Прыйшоў да яе да сівы ваўчок:
– Да злезь, козка, да патанцуйма,
Да патанцуйма, да пажартуйма!
– Да не палезу, бо цябе баюся:
Калі ў цябе, воўча, хвост вялікі.
– Я ў караля быў, пакоі замятаў,
Пакоі замятаў, хвост размахаў,
Каляда, да ты Калядзіца!
Урачысты настрой, пазітыўныя эмоцыі, сімвалічныя вобразы, увасобленыя ў папярэднім тэксце, характэрны для ўсяго комплексу калядна-навагодніх святкаванняў, з якімі, як вядома, нашы продкі звязвалі свае надзеі на шчаслівае жыццё ў будучым годзе, на багатым ўраджай і дабрабыт сям’і.
У Гомельскім раёне, як сведчыць фактычны матэрыял, было тры куцці: «Первая – посная, 6 студзеня. На яе з ячменнага пшана варылі кашу, лажылі на кут сена, ставілі куццю ў сена. …Втарая куцця багатая, 13 студзеня. На втарую куццю на кут лажылі сена і ставілі на яго куццю. Але ў другую куццю ўжо дабаўлялася масла. …Трэцяя куцця скаромная, 18 студзеня. На скаромную куццю былі на стале бліны, мяса, сала, халоднае. Скаромная куцця служыла аканчаннем Каляд» [2, с. 55]; «Напярэдадні Ражаства дзень называлі посная куцця – Дзяды. У гэты дзень варылі куццю. …Другая куцця называлася шчодрая, мясная. …Трэцяя крашчэнская – посная куцця» [2, с. 64]. Такім чынам, у каляднай традыцыі Гомельскага раёна, варта выдзяліць тры перыяды: уласна Каляды (Ражаство), Новы год і Вадохрышча. Да кожнага з гэтых свят гатавалася абавязковая рытуальная ежа – каша, якая варылася ў адным гаршку і з аднолькавай колькасці круп.
Асаблівасці падрыхтоўкі хаты да свята («У нас на Каляды всегда ўбіралі хату, бялілі паталок, мылі пол, усё прыбіралі, штоб было чысценька» [2, с. 89]), спецыфіка гатавання святочнай вячэры, размеркаванне ролей у абрадавых дзеяннях (напрыклад, зварот менавіта гаспадара да мароза: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці! І іржа, і бель, хадзіце цяпер! А ўлетку ў нас не бывайце, хлеба нашага не ўбівайце» (аг. Новая Гута)) і самі абрадавыя дзеянні («Баба несе з печы гаршчочык із куццёй і кажа: “Ко-ко-ко”, і тая там: “Кудах-дах-дах”» [2, с. 89]), калядныя варожбы («Сена з-пад скацеркі цягнулі: у каго дліннейшая саломка, у таго і багаты ўраджай»; «Калі дзеўкі спаць клаліся, дык пад падушку грэбень клалі: “Сужаны, ражаны прычышы мяне”» (в. Рагі); «На вячорках кладуць дзеўкі грабяшкі ў начоўкі і палаюць, калышаць. Чый грабяшок першы выпадзе, тая пойдзе первая замуж.
Тынкі хапалі, дровы ўносілі, лічылі: да пары ці не да пары. Лазілі ў хлеў, карову мацалі: еслі за рогі карову цапаеш – будзе бедна, за сярэдзіну – сярэдне, за зад – багата. Бегалі па падаконні, слухалі: еслі ў хаце хто скажа “сядзь” – будзеш сядзець у дзеўках, скажа “ідзі” – выйдзеш замуж» (в. Новыя Дзятлавічы)), прыкметы і павер’і («Калі ў першы калядны вечар снег ідзе, дык год ураджайны будзе», «Семкі елі, на пол плявалі: чым больш наплявалі, тым больш ураджай будзе» (в. Рагі)) мясцовых жыхароў даволі гарманічна ўпісваюцца ў агульнабеларускую калядную традыцыю. Праўда, справядлівым будзе адзначыць, што для каляндарна-абрадавай творчасці Гомельскага раёна характэрна тэндэнцыя «ўзбагачэння мясцовых традыцый, дзякуючы перасяленцам з іншых вёсак і раёнаў Гомельшчыны» [2, с. 42]: «На Каляды ў нас дзелалі бусла. Становіцца мужык адзін, здзелаюць бусла, дзюбку пакрасяць, выражуць, у рукавы палкі закладываюць яму, і ён тады плячамі дзвігае, і палкі етыя хлопаюць, як крылья ў бусла. І дзелалі яму хвост з палатна, а патом ета палатно чарнілі: чорная палоска, белая, чорная палоска, белая. І так хадзілі. Еты бусел заходзіў у хату. …На рэчку хадзілі, масцілі яшчэ кладку чэраз усю рэчку. Наламаюць галля, наложуць, і тады бягуць дамой і ўжэ ні з кім не разгаварваюць. У хату прыбягуць моўчкі, ні з кім ні аднаго ні слова і лягуць спаць. Які хлопец сасніцца, за тога дзеўка замуж пойдзе» (запісана ў в. Рудня-Марымонава ад перасяленкі з в. Халочча Чачэрскага р-на Драбышэўскай Соф’і Трыфанаўны, 1939 г. н.).
Па словах даследчыка фальклорна-этнаграфічнай спадчыны Гомельшчыны В. С. Новак, «важны абрадавы момант калядна-навагодняга комплексу Гомельскага раёна – абходныя шэсці калядоўшчыкаў, якія ў залежнасці ад канкрэтнай мясцовай традыцыі былі звязаны з рознымі днямі святкавання куцці. Звычайна цырымонія калядавання была прымеркавана ў вёсках Гомельскага раёна да другой куцці» [2, с. 43]. Напрыклад, «казу дзелалі, хадзілі па хатах песні пелі» (в. Шарпілаўка), «звязвалі какіе-небудзь, красівыя платкі, выварачвалі кажух. Жэншчыні ішлі калядаваць» (в. Чкалава), «проста ўсе чысценька адзяваліся, дзеўкі всегда адзявалі красівыя платкі з махрамі. Хадзілі ўсе па хатах, стучалі ў акно і песні пелі» (в. Урыцкае), «у гэты дзень дзеці сабіралі сумкі і хадзілі шчадраваць па хатах вечарам і прыгаворвалі такія словы: “Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую”. “Дайце сала, каўбасу я дамоў прынясу”» (аг. Новая Гута), «збіраліся раней групкай дзеўкі, хлопцы, бывала, што і ў цыган апраналіся, а маглі і так проста прыгожыя адзежы надзець. Хадзілі ды за вокнамі песні пелі. Маладыя звычайна пелі:
Шчадруем, шчадруем,
Каўбаску чуем.
Адкрывайце сундучкі,
Даставайце пятачкі,
Пятачкоў нету
– Давайце канфету.
Канфеты нету
– Давайце манету (в. Рагі).
Калядоўшчыкаў абавязкова адорвалі, бо верылі, што яны прыносяць з сабой дабрабыт у дом і шчасце ў сям’ю: «Давалі не толькі цукеркі, дзеньгі ў аснаўном давалі ўсегда, счыталася ў дзерэўне, што нада, штоб абязацельна. Зашчадравалі хлеб і его, этат хлеб, давалі ўсегда жывотным. …Зашчадраваны шчытался такой вот как будта цэлебны, што людзі яго далі з дарагой душой, з дабратой і яго нада абязацельна даць жывёле» [2, с. 93].
Інфарматары расказвалі, што калі ім за песні не давалі пачастункаў, то яны маглі адпомсціць нядобрымі пажаданнямі:
Штоб табе, дзядначка, Пад вакном ямачка, Штоб ты ўвалілася, Ды ўтапілася (в. Рагі).
Увогуле ж, паўсюдна на тэрыторыі Гомельскага раёна гаспадарам на Каляды жадалі шчасця, здароўя, дабрабыту.
Узгадваюць інфарматары і пра гулянні моладзі: «Моладзь наймала хату. Сюды адносіліся маладыя дзяўчаты. Наймалі музыкантаў (гарманіста), танцавалі два дня. Гэты біў у бубен і за гэта трэбаваў арэхі. Гарманісту плацілі грошы, а арэхі азначалі шчадроўкі і дзеўкі далжны хлапцоў угашчаць» (аг. Новая Гута).
Прыведзеныя вышэй прыклады сведчаць як аб адметных рысах мясцовага святкавання Каляд, так і аб яскрава выражанай агульнабеларускай традыцыі.
Спіс літаратуры
- Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А.І. Гурскага; уступ. арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса. – Мн.: Бел. навука, 2003. – 429 с.
- Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца і рэдагаванне В. С. Новак. – Гомель: ААТ “ Полеспечать”, 2007. – 456 с.
* Выкарыстаны матэрыял фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»
Аўтар: Г.А. Тычына
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып 8 / ред. кол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский го. ун-т им. Ф.Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — С. 201-205.