Калядна-навагодняя абраднасць Акцябрскага раёна

0
49
Калядна-навагодняя абраднасць Акцябрскага раёна

Важнае месца ў сістэме зімовага цыкла земляробчага календара Акцябрскага раёна займаюць калядна-навагоднія абрады, звычаі і песні. Сярод асобных кампанентаў калядна-навагодняга абрадавага комплексу вылучаюцца такія, як святкаванне трох куццяў, рытуальныя дыялогі, абрад калядавання, варажба, прыкметы і павер‘і, выкананне перадкалядных і ўласна калядных песень, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну.

На пытанне, як асэнсоўвалі ў народзе свята “Каляды”, жыхарка в. Гаць Жулега Наталля Паўлаўна, 1922 г.н., адказала, што “нашы продкі страчалі Каляду, хутчэй за ўсё як Божую маці сонца”. Першую куццю ў вёсках Акцябрскага раёна адзначалі, зыходзячы са сведчанняў інфармантаў, 6 студзеня. Называлі гэту куццю “вялікай куццёю”, але поснай: — У чэсць Каляды ў кожнай хаце рабілі святую вячэру, на якой абязацельна былі куцця і бліны, да і так на стол ставілі багата чаго, за што ў народзе еты вечар называўся “вялікай куццёю” (запісана ў в. Гаць ад Жулега Наталлі Паўлаўны, 1922 г.н.).

Як адзначылі інфарманты з в. Старая Дуброва, другую куццю называлі багатай, “адзначалася 13 студзеня. У гэты дзень абавязкова гатавалі — куццю” — кашу з ячменных круп і квас з грыбоў. Стол ставілі на куце пад абразамі, а на стол пад вечар лажылі небагата сена і на яго ставілі гаршчок з куццёй. Куццю елі самі і давалі курам, каб добра несліся” (запісана ад Сінкевіч Васіліны Фёдараўны, 1908 г.н.) .

У гэтай вёсцы, пачынаючы з другога дня святкавання Каляд, хадзілі калядоўшчыкі. Удзельнічала ў абходных шэсцях калядоўшчыкаў некалькі гуртоў, у склад аднаго з якіх уваходзілі 11-12-гадовыя дзеці, якія абходзілі двары з пажаданнямі, каб — скаціна радзілася, каб у хаці ўсё было добра”. Гурт падлеткаў, сярод якіх было дзве дзяўчыны (адна ў вяночку, а другая апраналася ў хлопца і была вераб‘ем) выконваў абрад ваджэння — вераб‘я”, што і складала мясцовую спецыфіку каляднай традыцыі. Паводле ўспамінаў інфармантаў, — усе станавіліся ў круг і спявалі:

Верабей, верабей, не клюй канапель,
Клюй сваё проса, не клюй носа,
Бо я цябе, вераб‘ю, колам ножку пераб‘ю.
Верабейка скача, па ножачцы плача”.

А верабей і дзяўчына ў сярэдзіне круга танцавалі” (запісана ў в. Старая Дуброва ад Сінкевіч Васіліны Фёдараўны, 1908 г.н.).

Як адзначылі жыхары в. Забалацце, у іх вёсцы таксама быў вядомы гульнёвы звычай “вадзіць вераб’я”: — Патом вадзілі вераб’я ўжо трошкі большыя дзеці. Некалькі чалавек і сярод іх дзяўчына, якая была ў вяночку, і — верабей”, таксама дзяўчына, але пераадзетая ў хлопца. Усе станавіліся ў круг і пелі:

Верабей, верабей, не клюй канапель,
Клюй сваё проса, не склюй носа,
Бо я табе, вераб‘ю, колам ножку пераб‘ю.
Верабейка скача, на пожаццы плача…

У гэты час верабей і жанчыны ў крузе танцавалі” (запісана ў в. Забалацце ад Фясько Н.П., 1933 г.н.).

Як правіла, старэйшыя жанчыны (— шчодрухі”) выконвалі, заходзячы на падвор‘і, песні, адрасаваныя гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну. Напрыклад, у адным з тэкстаў уласна калядна-шчадроўных велічальна-віншавальных песень гучыць матыў услаўлення дачкі гаспадара:

Ой, гула, гула ды крутая гара.
Святы вечар добрым людзям.
А на той гары красна панначка.
Святы вечар добрым людзям.
Красна, красна каліна ў лузе,
Красней за ўсё Надзечка.
Па двары хадзіла,
Увесь вечар красіла.
У сені зайшла — сені заззялі,
У хату вайшла — чаравічкі зарыпелі,
За стол зірнула — баяры сідзяць,
Мёд, віно ядзяць.
Кубачкі наліваюць
І Надзечку замаўляюць

(запісана ад Сінкевіч Васіліны Фёдараўны, 1908 г.н.) .

Падчас калядавання ў в. Старая Дуброва адбываўся своеасаблівы тэатралізаваны спектакль, які наладжвалі ў гэты вечар — цыгане” — гурт пераапранутых маладых жанчын, якія — абхіналіся скацеркамі, а на галаве ў іх былі вяночкі. Старэйшая цыганка была без вянка і ў чорнай хустцы. У цыгана пераапраналі смешную жанчыну з пугай і абавязкова рабілі яму мужчынскае прыстройства (моркву з цыбулькамі або шылі вузкі мяшок і напіхвалі бульбянай кашай). Цыган гаварыў з гаспадаром пра коней, прапаноўваў памяняцца. Старшая цыганка жадала, каб у сям‘і быў лад і каханне, а астатнія цыганкі скакалі ў крузе, спявалі, кралі каўбасу, бліны, крывянкі” (запісана ад Сінкевіч Васіліны Фёдараўны, 1908 г.н.).

Абрад ваджэння казы, прымеркаваны да другой куцці, адбываўся ў в. Старая Дуброва з удзелам маладых мужчын, а ў в. Залессе дзеці хадзілі з казою:

Ого-го, каза, ого-го, сера,
Дзе рогі дзела?
На соль праела.
Соль дарагая, шэрсць залатая,
Мерачка аўса, наверх каўбаса.
На печы авёс вялікі парос,
На палу жыта нагамі збіта,
А ў тым жыце перапеліца
Вывела дзяцей — люба глядзеці
(запісана ў в. Залессе ад Біндзей Лідзіі Міхайлаўны, 1931 г.н.).

Паводле сведчанняў інфармантаў, “паўсямесна калядоўшчыкі вадзілі з сабою казу. Думалі, што з яе помаччу можна выгнаць са двара нячысцікаў, таксама рашчытваць у наступным годзе на добры прыплод жыўёлы ў хазяйстве і добры ўраджай” (запісана ў в. Гаць ад Жулега Наталлі Паўлаўны, 1922 г.н.).

У в. Гарохавішчы таксама выконвалі абрад ваджэння казы, якая “станавілася пасярод хаты, а калядоўшчыкі хадзілі вакол яе і спявалі розныя калядоўныя песні:

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэрая,
Нут-ка, козачка, расхадзілася
Па ўсяму двару.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе не бывае, Там вылягае.
Музыка граў, а каза дробнай ступай хадзіла то ўперад, то ўзад”
(запісана ад Тукач Соф‘і Яфрэмаўны, 1948 г.н.).

З трэцяй куццёй у в. Гаць быў звязаны рытуалы заклікання марозу ( — У еты вечар звалі мароза. Хазяін адчыняў дзверы і чэраз парог тры разы клікаў: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці!”) і —адпісвання Каляд (— раніцаю наступнага дня хазяйка пякла бліны, а хазяін з першым спечаным блінам шоў адпісваць Каляды: над парогам хаты, над варотамі падворка, хлява ставіў мелам крэсцікі”) (запісана ад Жулега Наталлі Паўлаўны, 1922 г.н.).

У в. Рассвет, паводле сведчанняў інфармантаў, таксама святкавалі тры куцці. З другой куццёй, якую называлі “багатай” і на якую рыхтавалі “мясныя блюда”, быў звязаны абрад шчадравання: “Шчадравалі невялікім гуртам. Дзеці калядаваць хадзілі асобна ад дарослых раннім вечарам” (запісана ад Іскрыцкай Кацярыны Мікалаеўны, 1924 г.н.). У гэтай вёсцы бытаваў адметны звычай хадзіць у госці адзін да аднаго менавіта пасля святкавання трэцяй куцці: — На Каляды мы гасцілі друг у друга. У госці хадзілі. А потым ложкі клалі ў гаршчочак на кашку.

А патом паследнія провады, сабіраліся на госці і гаварылі: — Бывайце, Калядкі, да будушчага года!” (запісана ад Іскрыцкай Кацярыны Мікалаеўны, 1924 г.н.).

Такім чынам, спецыфіку мясцовай каляднай традыцыі у вёсках Акцябрскага раёна складаюць такія абрадавыя элементы, як выкананне гуртам падлеткаў абраду ваджэння вераб‘я (в. Старая Дуброва), песеннае велічанне старэйшымі жанчынамі гаспадароў і іх дзяцей, хаджэнне з казой дзяцей (в. Залессе), выкананне гэтага абраду маладымі мужчынамі (в. Старая Дуброва).

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры УА — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Скарынавы запаветы і сучаснасць: да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара У. В. Анічэнкі: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 194-197.