Калочынская культура

0
146
Калочынская культура

Старажытнасці трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. паўднёвай часткі лясной паласы Усходняй Еўропы, якія атрымалі назву калочынскіх, увайшлі ў навуковы абарот у пачатку 60-х гадоў пасля раскопай гарадзішча Калочын-1 на Дняпры і вывучэння помнікаў гэтага круга пад Трубчэўскам у Падзясенні. Спецыфіка калочынскіх старажытнасцей прыцягнула ўвагу ўжо першых даследчыкаў (Третьяков, 1966. С. 266—270; Седов, 1970. С. 48—53).

У літаратуры сустракаюцца розныя найменні разглядаемай трупы помнікаў: банцараўская, банцараўска-тушамлянская, тыпу Калочын-Банцараўшчына-Тушамля, Калочын-Акатава і інш. Л. Д. Побаль называв яе быхаўскай ці быхаўска-калочынскай (Поболь, 1983. С. 48—49). Прызнанне даследчыкамі статуса старажытнасцей трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. паўднёвай часткі Верхняга Падняпроўя ў якасці самастойнай археалагічнай культуры садзейнічала замацаванню за ёю назвы калочынскай ці культуры калочынскага тыпу, якая ўжываецца большай часткай сучасных спецыялістаў (Го­рюнов, 1981. С. 42—46; Седов, 1982. С. 29—34; Этнокультурная карта, 1985. С. 93—98).

Згодна з сучаснымі ўяўленнямі, арэал распаўсюджання культуры ахоплівае Беларускае Падняпроўе, Пасожжа, ніжняе цячэнне Бярэзіны і частку левабярэжжа Прыпяці (мал. 111). Паўночная яе мяжа праходзіць у наваколлі Быхава, заходняя — па Пцічы, паўднёва-заходняя — па Прыпяці. Вялікі масіў калочынскіх помнікаў лакалізуецца ў міжрэччах Дзясны, Сейма, вярхоўях Сулы і Псла ў межах Украіны і Расіі (Перхавко, 1978а. С. 18—19; Седов, 1986. Карта 3; Третьяков, 1982. С. 42—44). Відаць, памянёная тэрыторыя характарызуе толькі ядро культуры, бо гэты арэал акрэсліваецца шырокімі «буфернымі» зонамі, помнікі якіх ужо валодаюць шэрагам рыс сумежных раннесярэдневяковых культур — пражскай, пянькоўскай, уласна банцараўскай, мошчынскай.

Першыя работы па раннесярэдневяковых помніках Паўднёва-Усходняй Беларусі, якія, аднак, не прыцягнулі ўвагі да разумения іх культурна-храналагічнай прыналежнасці, былі выкананы ў пачатку XX ст. Я. Р. Раманавым і I. А. Сербавым (Романов, 1903. С. 126; Ён жа, 1912. С. 37—40; Дубінскі, 1928. С. 258). На Навабыхаўскім могільніку пад Магілёвам тады было адкрыта некалькі пахаванняў па абраду крэмацыі ў урнах, матэрыялы якіх апублікаваны Л. Д. Побалем (Поболь, 1974. С. 160—164).

Мэтанакіраванае вывучэнне калочынскіх старажытнасцей пачынаецца ў 60-х гадах. Даследаванне гэтых помнікаў у Падзясенні звязана з імёнамі В. А. Падзіна, Л. В. Арцішэўскай і П. Μ. Траццякова (Падин, 1960. С. 317— 319; Ён жа, 1974. С. 132—135; Артйшевская, 1963. С. 85—96; Третьяков, 1974. С. 40—118). У 60—70-х гадах раскопкі калочынскіх паселішчаў у наваколлі Ноўгарада-Северскага і ў Курскай вобласці правёў Э. А. Сымановіч (Сымоновйч, 1969. С. 64—68; Ён жа, 1974. С. 153—158). Плённымі былі таксама даследаванні Ю. А. Ліпкінга на могільніках трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. у Курскім Пасем’і (Липкйнг, 1974. С. 136—152). Маштабныя рас­копкі і разведку раннесярэдневяковых помнікаў Падзясення і Сярэднедняпроўскага Левабярэжжа зрабіў Я. А. Гаруноў (Горюнов, 1974. С. 119— 125; Ён жа, 1981. С. 5—35).

На тэрыторыі Беларусі вывучэнне калочынскіх старажытнасцей ажыццяўляецца на працягу чатырох дзесяцігоддзяў. У 1952 г. Ю. У. Кухарэнка працягваў даследаванне Навабыхаўскага могільніка (Кухаренко, 1954. С. 82). Раскапанае ў 1955—1960 гг. Э. А. Сымановічам гарадзішча Калочын-1 у Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці працягвае заставацца найбольш поўна вывучаным помнікам падобнага роду, а яго матэрыялы — эталоннымі для культуры ў цэлым (Сыманович, 1963. С. 95—137).

3 пачатку 60-х гадоў мэтанакіраванае даследаванне калочынскіх помнікаў сярэдняй часткі Беларускага Падняпроўя праводзіць Л. Д. Побаль (По­боль, 1969. С. 96—99; 108—109). Ад крыты дзесяткі паселішчаў, могільнікаў і гарадзішчаў з матэрыяламі трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э., на шмат якіх з іх вядуцца раскопкі. Значная колькасць дадзеных, што характарызуюць культуру разглядаемых помнікаў, атрымана Л. Д. Побалем на паселішчы Шчаткава ў Бабруйскім раёне, на могільніках Новы Быхаў і Ніжняя Тошчыца ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці (Поболь, 1969. С. 96—97; Ён жа, 1974. С. 160—180).

На паселішчы і могільніку Тайманава пад Быхавам Л. Д. Побаль адкрыў 50 паглыбленых жытлаў і 202 пахаванні, датаваныя ім II—IX стст. (Поболь, 1973. С. 221—230; Ён жа, 1983. С. 45; Ён жа, 1988. С. 186). Багатыя матэ­рыялы Тайманава маглі б стаць пасля поўнага ўвядзення ў навуковы абарот ключавымі ў разуменні этнакультурных працэсаў, што праходзілі ў Верхнім Падняпроўі ў 1-м тысячагоддзі н. э.

У 1960 — пачатку 1970-х гадоў Г. Ф. Салаўёвай, якая вывучала старажытнарускія курганы ў паўднёвай частцы Верхняга Падняпроўя, былі даследаваны два могільнікі з трупаспаленнем трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. — Дзям’янкі і Вароніна, а на шматслойным паселішчы Хадасовічы сустрэты калочынскія матэрыялы (Соловьева, 1967. С. 187—198; Яна ж, 1970. С. 304— 305). Асобныя калочынскія пахаванні выяўлены пры даследаванні курганоў У. У. Багамольнікавым і В. Н. Рабцэвічам (Богомольников, 1974; Рябцевич, 1984. С. 369).

Невялікія раскопкі калочынскіх паселішчаў на Прыпяці правёў у сярэдзіне 70-х гадоў В. Б. Пярхаўка (Перхавко, 19786. С. 108—109). У 1981— 1982 гг. А. Г. Калечыц на мезалітычным паселішчы каля в. Новыя Грамыкі на рацэ Беседзь на левабярэжжы Сажа даследавала жытло трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. (Калечйц, 1981. С. 338). С. Я. Расадзіным у 1983 г. раскапана пляцоўка калочынскага гарадзішча Залатаміна ў правабярэжнай частцы Сярэдняга Сажа (Рассадзін, 1985. С. 75—79). 3 1980 г. разведка і раскопкі раннесярэдневяковых помнікаў Ніжняга Пасожжа праводзяцца А. А. Макушнікавым, раскопкі ажыццёўлены на шасці паселішчах (Нісімкавічы-1, 3, 5, Насовічы, Гомель), дзе даследавана дзесяць пабудоў трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. жылога гаспадарчага і вытворчага прызначэння, а таксама пахаванне па абраду трупаспалення (Макушнйков, 1985. С. 91—98; Ён жа, 1987; Ён жа, 1990. С. 58—59).

Асноўныя вынікі вывучэння калочынскіх помнікаў падведзены ў працах П. Μ. Траццякова, Я. А. Гарунова, В. В. Сядова, дысертацыі В. Б. Пярхаўкі і калектыўных працах археолагаў Украіны (Третьяков, 1974. С. 40—118; Пepхавко, 19786. С. 2—22; Седов, 1982. С. 29—34; Горюнов, 1981. С. 5—47, 83—93; Археология Украинской ССР, 1986. С. 167—174; Этнокультурная карта, 1985. С. 93—98). Вынікі даследаванняў старажытнасцей трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. Беларускага Падняпроўя абагульнены Л. Д. Побалем (Поболь, 1970. С. 225—241).

Да цяпершяга часу вядома больш за 150 помнікаў калочынскай культу­ры, у тым ліку стацыянарныя раскопкі праводзіліся на 30 паселішчах і гарадзішчах, 15 могільніках, выяўлена больш за 50 жылых пабудоў і 400 пахаванняў. Большая частка помнікаў вывучалася на тэрыторыі Беларусі. Аблічча калочынскай матэрыяльнай культуры дастаткова аднастайнае па ўсім арэале яе распаўсюджання. Нязначныя лакальныя асаблівасці назіраюцца ў дэталях прафілёўкі пасудзін, элементах домабудаўніцтва і пахавальнага аб­раду.

Адзіным тыпам калочынскіх паселішчаў Беларускага Падняпроўя з’яўляюцца паселішчы. Па тапаграфіі і памерах яны падзяляюцца на дзве трупы, пaселішчы першай трупы прыкметна пераважаюць. Да іх адносяцца невялікія па памерах (як правіла, да 0,7 га) паселішчы, размешчаныя на паніжаных участках надпоймавых тэрас блізка ад вады, зрэдку — на астанцах у рачных поймах. Звычайна вышыня залягання культурных рэшткаў над вадой скла­дае 3—5 м, слой амаль непрыкметны і выключна бедны на рэчавы матэрыял, які, як правіла, канцэнтруецца толькі паблізу запаўненняў паглыбленых збудаванняў. Прыкладамі служаць паселішчы Ніжняга Пасожжа — Насовічы (на рацэ Уць), Нісімкавічы-1, Нісімкавічы-3 (на рацэ Покаць).

Паселішчы другой трупы сустракаюцца радзей. Іх адрозніваюць дастат­кова вялікія памеры (плошча можа перавышаць 1,5—2,0 га), размяшчэнне на значна большым узвышэнні над узроўнем вады (ад 5—7 да 20 м і больш). Магутнасць культурнага слоя дасягае 0,5—1,0 м, ён прасочваецца на адлегласці да некалькіх соцень метраў уздоўж краю берагавых тэрас. Да другой трупы адносяцца паселішча Тайманава на Дняпры (раскопкі Л. Д. Побаля), Хальч на Сажы (разведка А. А. Макушнікава) і інш.

Невялікія памеры паселішчаў першай трупы, на якіх магло размяшчацца ад аднаго да трох-пяці двароў гаспадарак, адсутнасць на іх прыкметнага культурнага слоя, безумоўна, сведчаць пра нядоўгачасовы характар гэтых паселішчаў. Дадзеная асаблівасць можа тлумачыцца патрэбнасцямі гаспадарчай дзейнасці калочынцаў — заняткамі лядным земляробствам, што выклікала частую змену месца пражывання (Горюнов, 1981. С. 34—35). Другая група паселішчаў можа маркіраваць месца абшчынна-племянных цэнтраў, якія існавалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Так, на паселішчы Тайманава даследаваны дзесяткі жытлаў раннесярэдневяковага перыяду. З буйным) паселішчамі звязаны, як правіла, гарадзішчы-сховішчы і свяцілішчы, вядомыя па ўсім арэале распаўсюджання культуры, але даследаваныя толькі ў Беларускім Падняпроўі і сумежных раёнах.

Класічным прыкладам сховішча з’яўляецца гарадзішча Калочын-1, раскапанае Э. А. Сымановічам. Яно збудавана на падпрамавугольным мысе вы­сокая карэннай тэрасы Дняпра. Пляцоўка памерам 42 × 36 м адрэзана з напольнага боку двума падковападобнымі валамі і равамі. Яшчэ адзін вал прасочваецца па яе перыметры. Частка абарончых збудаванняў узведзена ў раннім жалезным веку, але прарэзванне сведчыць пра іх умацаванне ў трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. Па краях пляцоўкі размяшчалася доўгае наземнае жытло, у якім знойдзена шмат глінянага посуду, іншыя предметы ўжытку і ўзбраення. На гарадзішчы няма слядоў аселага жыцця, адсутнічаюць стацыянарныя жытлы, а магутнасць культурнага слоя ў цэнтры пляцоўкі не перавышае 0,25 м і ён практычна не ўтрымлівае знаходак. Інтэрпрэтацыя помніка, прапанаваная аўтарам раскопай, прызнаная ў навуцы.

Аналагічнае гарадзішча даследаваў у 1985 г. Μ. Б. Шчукін паблізу в. Машчонка Чарнігаўскай вобласці на правабярэжжы ракі Сноў. Паводле заключэння даследчыка, у калочынскі час на гарадзішчы былі ўзведзены валы і яно выкарыстоўвалася ў якасці сховішча (Щукин, 1989. С. 107—112). Матэрыялы калочынскай культуры выяўлены А. А. Макушнікавым на шэрагу гарадзішчаў Ніжняга Пасожжа. Мяркуючы па тапаграфіі, гэтыя помнікі аналагічныя Калочыну-1 і Машчонцы. Відаць, да трупы сховішчаў трэба аднесці гарадзішчы, якія ўзводзіліся, як правіла, на месцы паселішчаў ранняга жалезнага веку. Яны займалі добра ўмацаваныя мысавыя ўчасткі тэрас плошчай да 0,7 га. Для іх характерная канцэнтрацыя рэчавага матэрыялу паблізу валоў, па краях пляцовак (на месцы доўгіх жытлаў) і адсутнасць пастаянных жытлаў. Гарадзішчы тапаграфічна звязаны з вялікімі паселішчамі ці групамі малых.

Асобную катэгорыю помнікаў складаюць свяцілішчы. Адно з іх даследавалася С. Я. Расадзіным паблізу в. Залатаміна Кармянскага раёна Гомельскай вобласці на малым прытоку Сажа — рацэ Аўсянцы. Правільная ў плане акруглая пляцоўка (яе памеры крыху большыя за 200 кв.м), размешчаная на краї 7—8-метровай тэрасы, акружана кальцавым валам, з напольнага боку — падковападобнымі валамі і равамі.

Прыкметны культурны слой адсутнічае, знойдзена толькі некалькі чарапкоў і зерняцёрка. У цэнтры пляцоўкі расчышчана круглая ў плане яма з абломкамі калочынскіх пасудзін. Якія-небудзь збудаванні (акрамя некалькіх невялікіх ям) адсутнічаюць. Свяцілішча знаходзіцца побач з паселішчамі другой паловы 1-га тысячагоддзя н. э. На думку аўтара раскопак, Залатаміна выконвала функцыю гарадзішча-сховішча (Расадзін, 1985. С. 75—79). Разам з тым помнік прыкметна адрозніваецца ад гарадзішчаў-сховішчаў тыпу Калочына-1 і Машчонкі, але поўнасцю адпавядае прыкметам гарадзішчаў-свяцілішчаў другой паловы 1-га тысячагоддзя н. э. Смаленскага Падняпроўя і Паўночнай Букавіны, адзначаным П. Μ. Траццяковым, В. В. Сядовым і Б. А. Цімашчуком. Да такіх адносяцца: 1) невялікія памеры пляцоўкі і іх пра­вільная, звычайна акруглая форма (дыяметрам 14—28 м, паводле В. В. Сядова); 2) наяўнасць кальцавых і паўкальцавых, як правіла, некалькіх валоў і равоў; 3) адсутнасць культурнага слоя; 4) размяшчэнне паблізу гарадзішчаў паселішчаў другой паловы 1-га тысячагоддзя н. э. (Седов, 1962. С. 57; Ти­мощук, 1976. С. 82—93).

Адкрытыя ў Залатаміна «слупавыя» ямы, магчыма, служылі асновамі драўляных ідалаў, а цэнтральная прызначалася для абрадавага біцця по­суду. Цікавыя россыпы камянёў-валунчыкаў і адзначаныя па краях пляцоўкі свяцілішча попельныя праслойкі, якія можна звязаць са споўзшымі з вала рытуальнымі каменнымі пляцоўкамі, дзе падтрымліваўся «свяшчэнны» агонь (такія пляцоўкі адзначаны на букавінскіх свяцілішчах). Аналагічныя свяцілішчы, якія маюць невялікія круглыя пляцоўкі без культурнага слоя, абследаваны А. А. Макушнікавым у Ніжнім Пасожжы каля вёсак Хальч (урочышча Чырвоная Гара) і Чамярня (урочышча Чортава Гара). Абодва помнікі займаюць пануючыя вышыні карэнных тэрас у акружэнні вялікіх паселішчаў другой паловы 1-га тысячагоддзя н. э. і старажытнарускіх курганных могільнікаў.

«Гнездавое» размяшчэнне калочынскіх паселішчаў, адзначанае ў Падзясенні (Горюнов, 1981. С. 12), характэрна і для помнікаў трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. Паўднёва-Усходняй Беларусі. Так, павышаная канцэнтрацыя паселішчаў назіраецца паблізу вёсак Шарсцін і Прысно Веткаўскага раёна на правым беразе Сажа, каля вёсак Дзям’янкі і Вылева пад Добрушам на Іпуці, каля Свяцілавічаў і Чамярні на Бесядзі і г. д. Слабая вывучанасць такіх «гнёздаў» і адсутнасць упэўненасці ў сінхроннасці ўваходзячых у іх помнікаў прымушаюць, аднак, устрымацца ад каментарыяў дадзенай з’явы.

Сабраныя матэрыялы дазваляюць дастаткова поўна ахарактарызаваць калочынскае домабудаўніцтва (мал. 112:1—4). Асноўным тылам жытлаў бы­ла чатырохвугольная ў плане паўзямлянка, апушчаная ў зямлю на 0,3— 1,0 м. Плошча паглыбленых частак жытлаў складае 6—24 кв. м. Канструкцыя сцен зрубавая і слупавая. Па дэталях інтэр’ера жылыя пабудовы падзяляюцца на некалькі груп. Так, жытлы, што маюць цэнтральны апорны слуп і ачаг, пануюць на помніках Падзясення, але вядомы і ў Беларускім Падняпроўі (паселішчы Калочын, Тайманава, Нісімкавічы-2 і Нісімкавічы-3, Насовічы). Для верхнедняпроўскага рэгіёна характэрны паўзямлянкі без апорных слупоў (Шчаткава, Тайманава, Новыя Грамыкі, Нісімкавічы і інш.). Ацяпляльныя сістэмы-ачагі ў выглядзе невялікіх плямаў сажы на падлозе ці ў паглыбленні. Для жытлаў з цэнтральным апорным слупам характэрна раз­мяшчэнне ачага ў цэнтры жытла. Для помнікаў Беларускага Падняпроўя тыповымі з’яўляюцца ачагі (зрэдку выкладзеныя каменем) каля адной ca сцен пабудовы ці ў вугле.

У ходзе шматгадовых даследаванняў устаноўлена, што дастаткова распаўсюджаную групу паўзямлянкавых жытлаў у Паўднёва-Усходняй Беларусі складаюць пабудовы з печамі-каменкамі ў вугле (Шчаткава, Тайманава, Юрзвічы, Нісімкавічы-2, Прудок, Гомель) (Поболь, 1967. С. 233. Рис. 20—24; Ён жа, 1973. С. 233. Рис. 11; Ён жа, 1974. Рис. 1; Ён жа, 1981. С. 343; Ён жа, 1982. С. 11. Рис. 4; Макушнйков, 1986. С. 4—5; Дубйцкая, 1987. С. 49—50).

Прыкладам зрубавай паўзямлянкі з печчу можа быць пабудова паселішча № 1 з Нісімкавічаў-2 (раскопкі A. А. Макушнікава 1985 г.). Паглыбленая ў мацярык частка жытла мае амаль квадратную форму памерам 3,4 × 3,5 м. Дно апушчана ў мацярык на 0,3 м. Уздоўж мацерыковых сцен ляжаць згарэлыя бярвёны дыяметрам да 15 см, якія захаваліся на вышыню двух вянцоў. Бярвёны злучаны без астатку ў «лапу». У паўночна-ўсходнім вугле знаходзіцца печ-каменка прамавугольнай формы, узведзеная на ўзроўні падлогі. Яе вышыня 0,4 м, памеры — 1,0—1,1 × 0,95—1,2 м. Чарэнь авальнай формы займае плошчу 0,5×0,7 м і ўяўляе сабой загартаваны слой пяску, попелу і вугалю. Месца ўваходу ў жытло вызначаецца па характэрным вы­ступе каля заходняй сцяны. Жытло перакрывае больш раннюю калочынскую паўзямлянку з цэнтральным слупам і адкрытым ачагом.

Для гарадзішчаў-сховішчаў характэрны доўгія шматкамерныя наземныя жытлы (Калочын-1), якія, улічваючы функцыю разглядаемых помнікаў, не могуць лічыцца прыкладам традыцыйнага калочынскага жытла.

На паселішчах сустракаюцца таксама разнастайныя гаспадарчыя, а зрэдку і вытворчыя пабудовы. Да першых адносяцца ямы, апушчаныя ў мацярык і прызначаныя для захоўвання прыпасаў. Звычайна яны акруглыя ў плане, дыяметрам 0,5—1,5 м, глыбінёй — 0,4—1,0 м. Часта сустракаюцца ямы-скляпы звонападобнай у разрэзе формы. Прыкладам больш буйных пабудоў, прызначэнне якіх не зусім высветлена, з’яўляюцца дзве паглыбленыя пабудовы без слядоў ацяпляльных сістэм, адкрытыя на паселішчы Нісімкавічы-2. Канструкцыю апошніх вызначае няправільны план і пакатыя мацерыковыя сценкі. Памеры збудаванняў складаюць 23,5 кв. м (паб. 4) і 48,8 кв. м (паб. 3). На падлозе пабудовы 3 адзначана мноства ямак. Да рэшткаў вытворчых збудаванняў можна аднесці некалькі паглыбленую пабудову слупавой канструкцыі, раскапаную ў Гомелі ў 1987 г. Відаць, яна была звязана з металургічнай вытворчасцю, паколькі яе запаўненне складалася з буйных кавалкаў балотнай руды.

Пахавальны абрад калочынскага насельніцтва пададзены грунтавымі і курганнымі пахаваннямі па абраду трупаспалення (мал. 112:5, 6). Грунтавыя могільнікі вядомыя па ўсім арэале распаўсюджання калочынскай культуры (Алихова, 1963. С. 83—84; Кухаренко, 1954. С. 80—85; Поболь, 1973. С. 225— 227; Ён жа, 1974. С. 159—180; Сымонович, 1974. С. 153—158; Липкинг, 1974. С. 136—152; Горюнов, 1981. С. 32—33), курганныя даследаваліся толькі на тэрыторыі Бела русі.

Як правіла, грунтавыя могільнікі размяшчаюцца на невялікай аддаленасці ад паселішчаў ці на іх ускраінах (Тайманава, Ніжняя Тошчыца, Новы Быхаў, Чыстыя Лужы і інш.). На могільніках знаходзяць звычайна некалькі пахаванняў (не больш за 10—15). Буйныя «палі пахаванняў», якія налічваюць вялікую колькасць пахаванняў, характэрны для вялікіх паселішчаў (Тайма­нава, Новы Быхаў). Трупаспаленні адбываліся на адлегласці, а іх рэшткі змяшчаліся ў невялікія грунтавыя ямкі круглай або авальнай формы ці ў гліняныя ўрны. Зрэдку кальцынаваныя косці ці ўрна накрываліся перавернутай дагары пасудзінай. Косці ачышчаліся ад рэшткаў вогнішча ці ссыпаліся ў магілу з вугалем і попелам.

Для культуры канстатуецца рэзкая перавага ямных пахаванняў, аднак урнавыя складаюць значны працэнт на помніках Курскага Пасем’я. Для пахавальных комплексаў характэрна адсутнасць інвентару. Зрэдку сустра­каюцца адзінкавыя чарапкі, прасліцы, наканечнікі стрэл, прадметы ўбору, большасць якіх мае сляды дзеяння агню.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што для калочынскай культуры характэр­ны выключна грунтавыя могільнікі (Седов, 1982. С. 32). Пэўную ролю ва ўзнікненні падобных уяўленняў адыграў спрэчны, неадназначны характер трупаспаленняў у Дзям’янках і Кветуні, падкурганны абрад якіх пастаўлены пад сумненне (Седов, 1970. С. 134; Горюнов, 1981. С. 30—32), а таксама дрэнна дакументаваныя матэрыялы такіх верхнедняпроўскіх могільнікаў, як Дабужа, Бердыж, Лясная.

Аднак у разглядаемым рэгіёне ёсць такія могільнікі, як Колас і Вароніна, курганны характар якіх сумнення не выклікае. Абодва могільнікі размешчаны ў правабярэжнай частцы Дняпра: першы — у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці, другі — ў Быхаўскім Магілёўскай вобласці. Варонінскія курганы вывучала Г. Ф. Салаўёва, курганы ў Коласе — У. У. Багамольнікаў (Соло­вьева, 1970. С. 98—102; Богомольнйков, 1975. С. 382). Дыяметр курганоў, якія маюць паўсферычную форму і пясчаныя насыпы, вагаецца ў межах 8— 12 м, вышыня складае 0,6—1,8 м.

Дэталі абраду блізкія да рытуалу грунтавых могільнікаў, бо і тут крэмацыя адбываецца па-за месцам пахавання, а памерлага спальваюць разам з небагатым інвентаром. Усе пахаванні бязурнавыя. Рэшткі спалення, а гэта кальцынаваныя косці, попел і вуголле, а таксама асобныя прадметы пахавальнага інвентару, высыпаны на гарызонце і ўтвараюць невялікія сканцэнтраванні авальных абрысаў. Магчыма, і ў саміх насыпах зрэдку праводзіліся дадатковыя пахаванні (Вароніна, курган № 2). Характерны ляпныя слабапрафіляваныя пасудеіны-прыстаўкі, знойдзеныя ва ўсіх курганах (на гарызонце ці ў насыпе). Знойдзены наступны інвентар: жалезны нож, пярсцёнак, абойміца ад кашалька, бронзавыя і шкляныя вырабы са слядамі дзеяння агню. У адрозненне ад варонінскіх курганоў, у якіх не знойдзена рэшткаў драўляных канструкцый, у кургане з Коласа вакол пахавання прасочана згарэлая кальцавая агароджа з вертыкальных слупкоў.

Масавым матэрыялам на калочынскіх паселішчах з’яўляецца ляпная ке­раміка. Агульная характарыстыка керамікі Паўднёва-Усходняй Беларусі дадзена Л. Д. Побалем, П. М. Траццяковым, В. В. Сядовым, В. Б. Пярхаўка (Поболь, 1970. С. 236; Перхавко, 1978. С. 12—15; Седов, 1982. С. 32; Третьяков, 1982. С. 74). Класіфікацыю верхнедняпроўскай керамікі трецяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. з. прапанавала І. П. Русанава (Русанова, 1976. С. 64—75). На жаль, па-за полем зроку даследчыкаў апынулася вялікая калекцыя керамічнага посуду з гарадзішча Калочын-1, якая захоўваецца ў музеях Рэчыцы і Гомеля. Яе вывучэнне паказвае, што керамічны комплекс калочынскай куль­туры не настолькі ўжо аднастайны, як гэта іншы раз уяўляецца.

Уся калочынская кераміка ляпная, пераважна грубая, глянцаванне сустракаецца выключна рздка. Для керамікі Верхняга Падняпроўя характерны буйныя неарганічныя прымешкі да цеста: жарства, рздка шамот, пясок ці спалучэнне некалькіх кампанентаў. Па функцыянальным прызначэнні посуд падзяляецца на чатыры катзгорыі: 1) перавага ў комплексе кухонных гаршкоў; 2) буйныя пасудзіны для захавання прыпасаў — гаршкі, збаны; 3) сталовая кераміка — міскі; 4) гліняныя пательні з нізкім борцікам і дыскі.

Аснову керамічнага комплексу помнікаў Паўднёва-Усходняй Беларусі складаюць гаршкі і вялікія збаны шасці тыпаў (мал. 110). Да першага тыпу аднесены слоікападобныя (слоіка-акруглабокія) гаршкі з максімальным пашырэннем тулава на сярздзіне вышыні і звужанай гарлавінай. Дыяметр дна крыху саступае дыяметру па венчыку. У комплексе з Калочына-1 гаршкі пер­шага тыпу прыкметна пераважаюць, яны з’яўляюцца і пераважнай формай на помніках Магілёўскага Падняпроўя (Новы Быхаў, Тайманава), а таксама Пасожжа.

Другі тып — гаршкі і вялікія збаны цюльпанападобнай формы, якія маюць шырокае горла і плаўна звужаюцца ад сярэдзіны вышыні да дна. Дыяметры пашырэнняў горла і тулава (на сярздзіне вышыні пасудзіны) прыкладна роўныя. Па дзталях прафілёўкі пасудзіны другога тыпу ўтвараюць тры падтыпы. Цюльпанападобныя формы характарызуюць другую па колькасці гру­пу гаршкоў і вялікіх збаноў гарадзішча Калочын.

Масавую серыю складаюць рабрыстыя гаршкі і вялікія збаны трзцяга ты­пу. Яны маюць максімальнае пашырзнне на ўзроўні сярздзіны вышыні ці крыху вышэй, аформленае ў выглядзе рабрыстага выгіну сценак, і, як праві­ла, нявылучаны венчык. Рабрына мае выгляд вуглаватага пералому профі­лю ці аформлена валікам. Адзінкавыя экземпляры аздоблены наляпным валікам з насечкай, размешчаным пад венчыкам. На Калочынскім гарадзішчы № 1 пасудзіны дадзенага тыпу складаюць трэцюю па колькасці групу гаршкоў і вялікіх збаноў.

Чацвёрты тып — гэта цыліндраканічныя гаршкі розных памераў, венчык і шыйка ў іх нявылучаныя. Як правіла, пераход ад верхняй (цыліндрычнай) часткі да ніжняй (канічнай) мае вострую ці згладжаную рабрыну. На Калочынскім гарадзішчы № 1 знойдзена ўсяго адна пасудзіна разглядаемага тыпу.

Да пятага тыпу адносяцца пасудзіны ўсечана-канічнай формы з нявылучанай ці крыху намечанай шыйкай. Сустракаецца валік на ўзроўні сярэдзіны вышыні пасудзіны, а таксама валік пад венчыкам, арнаментаваны касымі насечкамі. Гэта даволі рэдкі тып посуду. На Калочыне-1 знойдзена цэлая пасудзіна такой формы і адзін абломак.

Да шостага тыпу аднесены выцягнутыя гаршкі з максімальным пашырэннем на ўзроўні верхняй трэці вышыні, ледзь прыкметнымі плечыкамі, кароткай шыйкай і вузкім дном («пражскага» тыпу). На гарадзішчы Калочын-1 дадзеная форма прадстаўлена трыма абломкамі. На іншых помніках гаршкі шостага тыпу таксама нешматлікія.

Аналіз керамічнага комплексу помнікаў трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. Паўднёва-Усходняй Беларусі паказвае, што аблічча мясцовага по­суду вызначаюць у першую чаргу слоікавыя ці слоіка-акруглабокія гаршкі. Π. Μ. Траццякоў быў упэўнены, што «формы керамікі ў Верхнім Падняпроўі і Падзясенні былі разнастайнымі, і переважала сярод іх зусім не цыліндрычна-канічная і цюльпанападобная, а звычайная слоікавая, з адагнутым вонкі венчыкам, выпуклым тулавам…» (Третьяков, 1982. С. 74).

Рэчавы комплекс калочынскіх помнікаў дастаткова аднастайны і бедны па складзе (мал. 111). Большасць прыладаў працы выраблена з чорнага ме­талу (нажы, сякеры, долаты, рыбалоўныя кручкі, пешня, косы, сярпы і інш.). Сустракаюцца жалезныя наральнікі (Тайманава), посахападобныя шпількі, каменныя зерняцёркі і жорны. Шырока распаўсюджаны гліняныя ўсечана-біканічныя прасліцы. Прадметы ўзбраення рэдкія, ёсць наканечнікі стрэл, коп’яў, шпоры. На помніках Паўднёва-Усходняй Беларусі знаходкі бронзавых упрыгожанняў рэдкія: трапецападобныя падвескі (Тайманава), пальчатая фібула (Гомель) і інш.

Пытанні храналогіі калочынскіх помнікаў не распрацаваны ў дастатковай ступені. Даследчыкі прапануюць рознае датаванне культуры і яе асобных помнікаў. Так, Э. А. Сымановіч аднёс перыяд існавання гарадзішча Калочын-1 да VI — рубяжа VII і VIII стст. (Сымонович, 1963. С. 133), Π. Μ. Траццякоў — да V — пачатку VI ст. (Третьяков, 1982. С. 67). Большасць вучоных датуе культуру ў цэлым у рамках V—VIII стст. (Русанова, 1963. С. 143, 150; Седов, 1970. С. 42—53; Сымонович, 1975. С. 23; Перхавко, 1978. С. 17—18; Мит­рофанов, 1980. С. 108—109). Даследаванне помнікаў Падзясення прывяло Я. А. Гарунова да высновы, што калочынскую культуру дадзенага рэгіёна трэба датаваць у межах канца IV—VII ст. (Горюнов, 1981. С. 63). Р. В. Церпілоўскі ўдакладніў апошняе датаванне і аднёс калочынскія старажытнасці Падзясення да сярэдзіны V—VII ст. (Этнокультурная карта, 1985. С. 93—98).

Трэба прызнаць, што найбольш абгрунтаванай з’яўляецца храналогія помнікаў Падзясення і Сярэднедняпроўскага Левабярэжжа, прапанаваная ўкраінскімі археолагамі. Менавіта тут знойдзены бранзалеты з патоўшчанымі канцамі позняй разнавіднасці, В-падобныя спражкі, якія датуюцца рамкамі V—VII cτcτ., а таксама так званыя рэчы круга «старажытнасцей антаў» (накладкі геральдычнай формы і інш.), датаванне якіх ляжыць у межах сярэдзіны VI — сярэдзіны VII ст. (Этнокультурная карта, 1985. С. 96—97).

Больш складаным з’яўляецца пытанне храналогіі калочынскіх помнікаў Паўднёва-Усходняй Беларусі, якія характарызуюцца амаль поўнай адсутнасцю прадметаў з вузкім перыядам ужытку. У рэчавым наборы прысутнічаюць рэчы, храналагічны дыяпазон якіх ляжыць у межах 1 -га тысячагоддзя н. э. ці яго другой паловы. Так, шпоры з вострым канічным шыпам, адагнутымі вонкі кручкамі і плоскай дужкай (Тайманава), а таксама аналагічныя шпоры з выгнутай дужкай (Шчаткава) датуюцца па прыбалтыйскіх аналагах III—VII стст. (Перхавко, 1979. С. 52).

Шырокі ўжытак маюць посахападобныя шпількі, што сустракаюцца на розных помніках 1-га тысячагоддзя н. э. Нажы волютападобнай формы пaдобныя да знойдзеных у Тайманаве, сустракаюцца часцей за ўсё ў заходнеславянскіх землях, датуюцца VII—X стст. (Минасян, 1978. С. 148—152). Не могуць быць дастаткова надзейным храналагічным індыкатарам і такія пред­меты, як трохлопасцевыя чаранковыя наканечнікі стрэл (Дзям’янкі), якія ма­юць аналагі як у помніках «аварскага», так і «гунскага» перыядаў. Больш поўнай уяўляецца датаванне пальчатай фібулы з Гомеля, якая ў адпаведнасці з сучаснымі распрацоўкамі храналогіі крымскіх могільнікаў, што змяшчаюць пальчатыя фібулы дняпроўскага тыпу, вызначаецца ў рамках VII ці другой паловы VII ст. (Амброз, 1972. С. 116; Айбабин, 1988. С. 5—8).

Такім чынам, прымаючы ў цэлым датаванне калочынскіх помнікаў Бела­русі, абмежаванае V—VIII стст., трэба чакаць яго ўдакладнення надзейна датаваным матэрыялам.

На пашырэнні верхняй храналагічнай мяжы калочынскай культуры да IX ст. уключна настойвае Л. Д. Побаль (Поболь, 1984. С. 42—55). Пры гэтым даследчык абапіраецца не на строга датаваныя комплексы, а на меркаванні аб перарастанні калочынскай культуры ў старажытнарускую. Л. Д. Побаль аб’ядноўвае ў адну культуру матэрыялы верхняга слоя гарадзішча Калочын-1 і яўна тыпалагічна адрозныя ад іх знаходкі тыпу выяўленых у жытле № 2 на Калочынскім паселішчы, якія характарызуюцца, у прыватнасці, керамікай «раменскага» аблічча (Поболь, 1970. С. 229—232). Відаць, кераміка, падобная на раменскую і сустрэтая на шэрагу помнікаў паўднёвай часткі Верхняга Падняпроўя (Вароніна, Хадосавічы, Чачэрск, Насовічы, Гомель і інш.), дыягнастуе больш позні, чым калочынскі, пласт старажытнасцей разглядаемага рэгіёна.

Слабая распрацоўка храналагічнага аспекту ў вывучэнні калочынскай культуры на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Беларусі не дазваляе ажыццявіць перыядызацыю яе помнікаў, намеціць дынаміку змяненняў матэрыяльнага комплексу і ў канчатковым выніку робіць малаабгрунтаванымі спробы этнічнай інтэрпрэтацыі яе носьбітаў.

Паходжанне калочынскіх помнікаў на базе папярэдніх ім храналагічна і тэрытарыяльна старажытнасцей рымскага перыяду, якія атрымалі назву кіеўскай (ці позназарубінецкай тыпу Абідні) культуры, не выклікае сумнення і прызнана большасцю даследчыкаў (Третьяков, 1965. С. 63—77; Ён жа, 1987. С. 23—91; Горюнов, 1981. С. 63; Терпиловскйй, 1980. С. 18; Поболь, 1970. С. 240—241; Ён жа, 1973. С. 221—230; Седов, 1970. С. 48—52). Калочынскія і папярэднія ім кіеўскія помнікі звязаны паміж сабой не толькі агульнасцю арэала распаўсюджання, але і падобнай сацыяльна-эканамічнай мадэллю грамадства, якое іх пакінула.

Пытанне аб этнічнай прыналежнасці носьбітаў калочынскай культуры пaстаўлена з моманту адкрыцця яе першых помнікаў, але не вырашана канчаткова і ў цяперашні час. Агляд асноўных тэарэтычных пабудоў па гэтай праблеме паказвае, што даследчыкі калочынскай культуры разглядаюць яе этнічны змест, знаходзячыся на дзвюх дыяметральна процілеглых, узаемавыключных пазіцыях. Адны з іх, прытрымліваючыся ў асноўным поглядаў П. Μ. Траццякова, адносяць калочынцаў да славян, другія — В. В. Сядоў, І. П. Русанава, A. P. Мітрафанаў і іх паслядоўнікі — да балтаў.

Ключавое месца ў пабудове П. Μ. Траццякова займае высвятленне ролі зарубінецкай спадчыны ў станаўленні раннесярэдневяковых славянскіх культур. Зарубінецкая культура, распаўсюджаная на рубяжы эр у паўднёвай частцы Верхняга Падняпроўя, на Палессі і ў Кіеўскім Падняпроўі, пакінута, на яго думку, старажытнымі славянамі. Этнічную прыналежнасць зарубінец­кай культуры Π. Μ. Траццякоў абгрунтоўвае яе сувяззю з помнікамі другой і трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э., распаўсюджанымі на той жа тэрыторыі, — позназарубінецкімі, кіеўскімі, калочынскімі (Третьяков, 1982. С. 53— 60). Апошнія ж маюць усе рысы, уласцівыя ранняму сярэднявеччу (Третья­ков, 1974. С. 49). Славянская прыналежнасць калочынцаў не выклікала ў Π. Μ. Траццякова сумненняў, паколькі пакінутыя імі помнікі паказваюць яўную тыпалагічную блізкасць з верагодна славянскімі помнікамі пянькоўскай культуры (Третьяков, 1966. С. 259—264, 278).

Э. А. Сымановіч уключаў помнікі калочынскага тыпу ў склад славянскіх разам ca старажытнасцямі тыпу Карчак, Пянькоўка, Тушамля-Акатава (Сымонович, 1966. С. 39—51) на падставе падабенства шэрагу формаў керамікі. Адрозненні паміж культурнымі групамі трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. ён бачыў у розных іх падасновах латэнскага і рымскага перыядаў, а таксама ў асаблівасцях мясцовых прыродна-геаграфічных умоў.

Л. Д. Побаль падзяліў раннесярэдневяковыя помнікі Падняпроўя і Палесся на шэраг культур адзінай зоны «славянскіх помнікаў пражскага тыпу» (Поболь, 1982. С. 9—14). Найбольш важнае значенне ў вырашэнні праблемы славянскага этнагенезу ён надае тыпам жытлаў. Лічачы асноўнай прыкметай славянскага домабудаўніцтва паўзямлянкавыя пабудовы, Л. Д. Побаль прасочвае іх развіццё ад мілаградскага перыядуда канца 1-га тысячагоддзя н. э. На гэтай падставе грунтуецца гіпотэза аб этнічнай пераемнасці насельніцтва на большай частцы тэрыторыі Беларусі ад эпохі ранняга жалеза да старажытнага часу.

Пабудовы Π. Μ. Траццякова і яго прыхільнікаў былі падвергнуты крытыцы з боку В. В. Сядова і I.П. Русанавай (Седов, 1970. С. 48—62; Русанова, 1976. С. 56—84), якія лічаць, што галоўным крытэрыем для аднясення пэўных груп раннесярэдневяковых старажытнасцей да славянскіх павінна быць іх генетычная пераемнасць з больш познімі верагодна славянскімі помнікамі, што з’яўляюцца ў Верхнім Падняпроўі ў VIII ст. (культуры тыпу Лукі-Райкавецкай, раменскай і доўгіх курганоў). А паколькі такую сувязь прасачыць не ўдалося і ў наяўнасці адрозненні помнікаў трэцяй і апошняй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э., асабліва прыкметныя ў формах керамікі і тыповых жылых збудаванняў, то ёсць падставы гаварыць пра змену насельніцтва каля VIII ст. Спрэчным, на думку апанентаў Π. Μ. Траццякова, з’яўляецца і аднясенне «зарубінцаў» да славян (Седов, 1970. С. 38—48). На карысць балцкай прыналежнасці кола помнікаў тыпу Калочына, Банцараўшчыны і Тушамлі прыводзяцца абставіны накладвання іх арэала на зону распаўсюджання балцкай гідраніміі (Седов, 1970. С. 10—11).

Значнае месца ў дыскусіі пра этнічную прыналежнасць носьбітаў калочынскай культуры займае аналіз ступені падабенства і адрознення адносна помнікаў суседніх сінхронных культур — пражскай (карчакаўскай), пянькоўскай і тыпу Банцараўшчыны-Тушамлі. Пры гэтым адны даследчыкі, якія схіляюцца да славянскай атрыбуцыі калочынскіх старажытнасцей, акцэнтуюць сваю ўвагу на іх агульных рысах з больш паўднёвымі, верагодна, раннеславянскімі помнікамі і ў той жа час абсалютызуюць адрозненні пер­шых ад старажытнасцей тылу Банцараўшчыны-Тушамлі (Траццякоў, Гаруноў і інш.). Іншыя ўсяляк падкрэсліваюць элементы адрознення калочынскай культуры ад пражскай і пянькоўскай, аб’ядноўваючы Калочын, Банцараўшчыну і Тушамлю ў адзіную культурную зону (Сядоў, Русанава, Мітрафанаў і інш.).

Трэба, аднак, прызнаць, што ўсе разгледжаныя раннесярэдневяковыя групоўкі лясной і лесастэпавай паласы маюць пры ўсіх асаблівасцях вель­мі шмат агульнага. Апошняя акалічнасць дазволіла К. Гадлоўскаму гаварыць пра адзіную «мадэль раннесярэдневяковай культуры» старажытнасцей тыпу Карчак, Пянькоўка, Калочын, Банцараўшчына, Тушамля і іншыя, якая заснавана на занятках земляробствам і характарызуецца слабым узроўнем развіцця рамёстваў (Godłowski, 1979. S. 9). На думку польскага вучонага, рысы агульнасці прыкметныя ў паўсюднай распаўсюджанасці паўзямлянкавых жытлаў, панаванні паселішчаў, пахаванняў па абраду трупаспалення, грубай ляпной керамікі адзінага асартыменту. Пры ўсіх пунктах погляду на паходжанне і шляхі развіцця адзначаных вышэй груп стара­жытнасцей ігнараваць назіранні К. Гадлоўскага складана. Так, паўзямлянкі з печамі-каменкамі ў вугле, якія з’яўляюцца адзіным тылам жытла ў Карчакаўскім арэале, пераважаюць на пянькоўскіх паселішчах і складаюць значны працэнт як на помніках калочынскай культуры, так і на паселішчах банцараўска-тушамлянскага кола.

Адным з сур’ёзных аргументаў на карысць славянскай прыналежнасці калочынскай культуры можа лічыцца факт яе паходжання ад мясцовых старажытнасцей кіеўскага (абідненскага) кола. Як пераканаўча паказалі шматгадовыя даследаванні ленінградскіх і ўкраінскіх археолагаў у Падзясенні і Сярэднедняпроўскім Левабярэжжы, кіеўскае насельніцтва было асноўным субстратам ва ўзнікненні пянькоўскай культуры (Приходним, 1980. С. 31—46; 117—121; Горюнов, 1981. С. 59—60; 111—127; Терпиловский, 1984. С. 78—85).

У славянскай прыналежнасці «пянькоўцаў», культура якіх генетычна звязана з усходнеславянскімі старажытнасцямі канца 1-га тысячагоддзя н. э., сумнявацца цяжка. Таму думка пра тое, што ўдзел кіеўскага субстрату ў замацаванні галоўных рыс калочынскай і пянькоўскай культур не дазваляе падзяляць этнас іх носьбітаў (Терпиловский, 1984. С. 85), заслугоўвае сур’ёзнай увагі.

Даследаванні апошніх гадоў, праведзеныя ў Сярэднедняпроўскім Лева­бярэжжы, выклікаюць сумненні ў безагаворачнасці тэзіса пра адсутнасць якіх-небудзь сувязей паміж калочынскай і больш познімі славянскімі культу­рамі гэтага рэгіёна. Падставы для падобных сумненняў даюць, у прыватнасці, нанава вывучаныя і апублікаваныя Μ. А. Ціхаміравым матэрыялы Княжынскага і Лебяжынскага могільнікаў у Курскім Пасейм’і (Тихомиров, 1990. С. 134—161).

Такім чынам, пытанне пра этнічны змест помнікаў трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. Паўднёва-Усходняй Беларусі можа быць вырашаным толькі пасля вылучэння і супастаўлення найбольш позніх калочынскіх комплексаў дадзенай тэрыторыі з найбольш раннімі старажытнарускімі (ці прамежкавЫм пластом помнікаў). У той жа час ні першыя, ні апошнія археалагічна не вылучаны. Параўнанне культур у цэлым наўрад ці будзе перспектыўным для вырашэння пастаўленай праблемы. Пытанне пра тое, балты ці славяне пакінулі раннесярэдневяковыя помнікі Верхняга Падняпроўя, застаецца адкрытым і яго высвятленне правамерна звязваць з далейшымі даследаваннямі.

Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча / А. А. Егарэйчанка, В. I. Шадыра, В. С. Вяргей і інш.; Пад рэд. В. I. Шадыры, В. С. Вяргей. — Мн.: «Беларуская навука», 1999. С. 348-359.