Калі Светлагорскі раён наведаў першы беларускі касманаўт Пятро Клімук?

0
221
Калі раён наведаў першы беларускі касманаўт Пятро Клімук

Першы беларускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза Пятро Клімук пабываў на Светлагоршчыне ў 1978 годзе.

14 верасня 1978 года ў Светлагорск прыехаў першы беларускі касманаўт Пятро Ільіч Клімук. Для гэтай паездкі кіраўнік БССР Пятро Машэраў прадаставіў яму шыкоўны аўтамабіль «Чайка» [1].

На мяжы Бабруйскага і Светлагорскага раёнаў першага беларускага касманаўта сустрэлі сакратар абласнога камітэта КПБ С.П. Бабыр, першы сакратар абласнога камітэта ЛКСМБ В.У. Вялічка, намеснік старшыні аблвыканкама М.Н. Грабянчук, першы сакратар Светлагорскага гаркама КПБ У.К. Леўчык, старшыня райвыканкама А.К. Бяляеў, першы сакратар гаркама камсамола А.Н. Кулікаў. Беларускаму герою косм асу дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах праспявалі песню- прывітанне, паднеслі хлеб-соль і кветкі. Сустракала першага беларускага касманаўта дырэктар СШ №6 З.Р. Матузава — былая настаўніца Камароўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, дзе вучыўся Пятро Клімук. Тагачасныя газеты пісалі, што сустрэча настаўніцы са сваім былым вучнем прайшла вельмі хвалююча [2].

На шляху ў Светлагорск Пятро Клімук, які ўзначальваў на той час Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына, спыніўся ля мемарыяльнага комплексу Курган Славы, што каля вёскі Судавіца Светлагорскага раёну, і ўсклаў да яго кветкі ў памяць аб савецкіх воінах, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне падчас аперацыі “Баграціён”. Тут касманаўта віталі піянеры Прудкоўскай школы.

Цэнтральная плошча Светлагорска сустракала героя космасу вялізным натоўпам, які ледзь стрымлівала міліцыя [1]. Гараджане шчыра прывіталі госця. Пятро Клімук мімаходзь адказваў на пытанні светлагорцаў, шчыра ўсміхаўся і жартаваў. Першы сакратар Светлагорскага ГК КПБ Уладзімір Леўчык запрасіў госця ў гаркам камуністычнай партыі, дзе распавёў аб юным горадзе Светлагорску. Затым Пятра Клімука павялі ў рэстаран “Светлагорск”. Па шляху ён шчодра раздаваў гараджанам аўтографы. Жыхары горада пайшлі да рэстарана ўслед за заваёўнікам космасу, зазіралі ў вокны, каб убачыць, чым будуць частаваць першага беларускага касманаўта [1].

Наступным месцам наведвання Пятра Клімука стаў Светлагорскі завод штучнага валакна імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка (сучаснае РУП “СВА “Хімвалакно”), дзе беларускі касманаўт пабываў у некалькіх цэхах, пагутарыў з кіраўніцтвам і працоўнымі прадпрыемства.

Увечары ў Палацы культуры хімікаў (сучасны Гарадскі цэнтр культуры) адбылася сустрэча Пятра Клімука з жахарамі горада. Кароткім уступным словам яе адкрыў першы сакратар гаркама КПБ Уладзімір Леўчык. Дарагога госця прывітала ткачыха СЗШВ імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка

Н.С. Мірановіч, якая паведаміла, што гэта для яе ўжо другая сустрэча з Пятром Іллічом. Першая адбылася на XVIII з’ездзе камсамола. А намеснік начальніка круцільнага цэха №1 А.С. Васільева распавяла, што супрацоўнікі камплекта, які ўзначальвае памочнік майстра Я.А. Баўэр, выступілі з ініцыятывай разгарнуць сацыялістычнае спаборніцтва за права прысваення камплекту імя першага беларускага лётчыка-касманаўта і вырашылі залічыць яго ў ганаровыя сябры свайго калектыву. Касманаўта зноў прывітала дырэктар СШ №6 З.Р. Матузава, якая працавала ў Камароўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, дзе вучыўся Пятро Клімук. А піянеры 5 “Д” класа СШ №6 паведамілі, што змагаюцца за прысваенне іх атраду імя касманаўта [3].

У адказ першы беларускі касманаўт распавёў пра палётна караблі “Саюз-30” з міжнародным экіпажам на борце, адказаў на пытанні. У прыватнасці, у Пятра Клімука спыталі: колькі каштуе адзін палёт у космас?

«Роўна столькі, колькі пабудаваць такі горад, як ваш» [1], — адказаў першы беларускі касманаўт.

У знак павагі да светлагорцаў, іх самаадданай працы, Пятро Клімук уручыў першаму сакратару Светлагорскага гаркама КПБ Уладзіміру Леўчыку дыплом Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына. Першага беларускага касманаўта праводзілі авацыямі і песняй «Я веру, сябры…» на расійскай мове, якую выканала ўся зала [2].

Крыніцы:

  1. Левашов М. Визит космонавта II Регион-вести. 2003. № 15. С. 2.
  2. Кандыдатаў М. Касманаўт П. І. Клімук — госць светлагорцаў І/ Агні комунізму. 1978.14 верасня. С. 1.
  3. Михайлов Н. Сердечная встреча с покорителем космоса II Химик. 1978. 20 сентября. С. 1.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 74-76.