Калі дабрыня з сэрца ідзе…

0
1297

Звычайным вечарам, праглядаючы навіны ў інтэрнэце, не памятаю ўжо якім чынам натрапіла на афішу, якая абяцала святочныя сустрэчы ў Ветцы і Гомелі. Героі – спявак Міхась Басякоў, пісьменнік Рыгор Андрэявец і вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Ларыса Раманава, дадаткова – выстава казацка-балсунскіх ручнікоў. Ручнікі і «непаўторнае выканальніцтва народных песень», якім могуць назваць і бардаўскія спевы, і стылізацыю пад народнае, крыху зацікавілі. Аднак ахвяраваць працоўным часам усё ж такі не хапала матывацыі, таму як прачытала, так і забыла.

Праз нейкі час у выпадковай размове праскочыла тэма гэтай сустрэчы і імя Міхася Басякова. Раптам зразумела – гэта той самы чалавек, які ў фільме Зінаіды Мажэйка паказваў, як жанчыны падчас жніва праганялі хмару спевамі. Я ўжо не памятала дакладную назву фільма, у вачах засталася толькі карцінка і запомніліся спевы Міхася. А яшчэ помніла, што ён усё жыццё пражыў у Сібіры. Так пытання «ісці – не ісці» проста не стала.

БасякоўЗайшоўшы ў залу бібліятэкі імя Герцэна, дзе адбывалася імпрэза, адразу ўбачыла ручнікі. Іх была проста неверагодная колькасць на вельмі невялікай прасторы. Адчувалася энергія, якая ішла ад іх. Калі ручнік адзін, ці іх два-тры, тады яны нясуць гэтую высокую і вельмі моцную энергію ўспрымальнымі «порцыямі». А калі іх шмат, адчувалася ўжо агрэсіўнасць.

БасякоўМіхась Іванавіч расказаў, што мужчына, калі адпраўляўся ў войска, браў з сабой ручнік. Гэтым ручніком (нічога іншага не было) перавязвалі раны, яго ж, скрываўлены, аддавалі маці ці жонцы як пацвярджэнне смерці чалавека на вайне. А калі ўявіць, што ў кожнага ваяра быў такі ручнік, то, напэўна, атрымліваўся эфект, энергетычна блізкі да таго, што можна было адчуць на выставе ў памяшканні адміністрацыйнага будынку ў цэнтры сучаснага горада.

Падчас сустрэчы адна з дзяўчат-глядачак змагла сябе ўявіць у вобразе замужняй жанчыны, калі спадар Міхась навіў ёй намітку – старажытны жаночы галаўны ўбор. Пераўтварэнне чалавека пры гэтым уразіла.

БасякоўРазмова кожным разам вярталася да ручнікоў. «Эта пісьмена нашых предкаў – кажа Міхась Іванавіч. – Ані ўсегда былі граматнымі, не былі ані нікагда безграматнымі. Эта вельмі адукаваны народ. І вот эта ўсё – пісьмена. Можа, Гасподзь даст его разгадаць».

БасякоўНа самым пачатку імпрэзы крыху напужала вялікая колькасць моладзі: відаць, прывялі навучэнцаў. Аднак, усе яны з зацікаўленасцю слухалі і аповеды, і спевы. Калі гучалі песні ў непаўторным выкананні Міхася Іванавіча, здавалася, замірала ўся зала. Акрамя некаторых гледачоў, для якіх спевы былі выдатнай магчымасцю весці свецкія размовы.

БасякоўВыкананне песень было поўнае незвычайнай энергетыкай. Міхась Іванавіч расказаў, як у гэты ж дзень спяваў на беразе Бесядзі, і прыляцелі тры лебедзі, белыя, як Белая Русь.

І зараз гучыць у вушах балада, якую выканаў гэты незвычайны чалавек:

Долам, долам, далінаю

Ідуць туркі з татарамі.

Вешнімі воз укрыты,

За тым возам конь татарскай,

На тым коню хлопец царскай

Ў правай руццэ тай меч дзяржыць.

С тога меча кроў цаканя,

Цячэ рэчка крывавая,

Над той рэчкай воран крача

Шчэй вадзіцу папівая,

Татку й мамку паклікая.

– Ні плач-ка ты, мая мамка,

Ні дужэ ж меня парубана:

Ліш ручэнькі на штучэнькі,

Галовачку на чацьвёра,

Бела цела як мак дробна.

«Спевы вельмі добра атрымліваюцца ранкам, кагда ешчэ тока ўсё жывоя прачынаецца, кагда туманы гусцеют. Ешчэ цішыня, ешчэ і птушкі, тыя што па лесу, так не ўзлётают і стракозкі тыя шчэ не ўзляцелі. І вот сама в этай цішыне эха аддаецца. Бо і вясну то гукалі ранкам, на ранкі ідуць гукаць. Дак, як гукалі, дак… Баба Маня так гукала ана ешчэ, што за тры кілометра чулі, як ана гукавые песні спевала. Ды што дзіўна: і сонейка лепей ужэ прыгрэвая. А мне прабабка, ана сто восем год пражыла, ана ўсё казала: «Дзяцятка, запомні на ўсю сваю жызнь, што там, дзе спяваюць, там ўсё лепш расце». Так ано і е на самам дзеле – расце. Бо у чалавека калі дабрыня із сэрца ідзе, ана усё прабуджае, а у каго нет, то хмара находзя…»

Дабрыня, якая ідзе з сэрца Міхася Басякова, і сапраўды прабуджае ўсё навокал.

P.S. Міхась Басякоў – галоўны герой кароткаметражнай стужкі З.Я. Мажэйка «Рух зямлі» (Беларусьфільм, 1999).

Аўтар: Ірына Глушэц

Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова

Басякоў