Палітыка НЭПа станоўча паўплывала на развіццё сельскай гаспадаркі БССР. Па Гомельскай акрузе к 1928 г. узрасла колькасць сераднякоў з 39 % у 1925-1926 гг. да 40 % у 1927-1928 гг. Павялічылася колькасць заможных гаспадарак з 9,3 % у 1925-1926 гг. да 9,6 % у 1927-1928 гг. [17, л. 189].
Не ўсе раёны БССР развіваліся аднолькава. Лоеўскі раён у параўнанні з інышмі раёнамі Гомельшчыны быў у ліку самых бедных. Адной з перашкод у развіцці сельскай гаспадаркі з’яўляліся малаўрадлівыя пяшчаныя глебы. У справаздачным дакладзе Лоеўскага РВК за 1931-1934 гг. паказвалася структура глебаў. Амаль палова з іх былі пяшчаныя — 40 % ад агульнага ліку, затым супяшчаныя — 30 %, падзолістыя — 25 %, сугліністых было ўсяго толькі 5 % [6, c. 86]. Перад пачаткам калектывізацыі галоўны накірунак у развіцці сельскай гаспадаркі раёна быў жытнёва-бульбяны. Плошча пасеву бульбы складала 20 %. Пад сады было занята 300 га плошчы, і большасць з іх размяшчалася ў «Дняпроўскай камуне». Калі параўнаць Лоеўскі раён з астатнімі раёнамі Гомельскай акругі, то ён адставаў па многіх паказчыках ад суседніх, асабліва ад Брагінскага, Гомельскага, Рэчыцкага. У Лоеўскім раёне агульная колькасць жывёлы на 1928 г. склала 23 180 галавы, у Рэчыцкім раёне налічвалася 48 555 галоў, у Брагінскім — 27 336 галоў. Менш жывёлы, чым у Лоеўскім раёне, было ва Уварачскім, Церахоўскім і Добрушскім раёнах [20, л. 88].
Нэп дазволіў развіваць розныя формы землекарыстання. З’явіліся новыя хутары: Галы-2, Верасок, Клён, Пустая Града. Але хутар, на думку бальшавікоў, з’яўляўся капіталістычнай гаспадаркай, не сумяшчальнай з сацыялістычным ладам. Аптымальнай формай землеўпарадкавання павінен быў стаць пасёлак. Пасёлкі вырашалі дзве задачы. Першая задача — перасяленне сялян на новыя землі і ліквідацыя хранічнага малазямелля. Другая, на думку ўлад, была ў тым, што менавіта пасёлак павінен быў стаць цэнтрам сялянскай кааперацыі [3, с. 179]. На Лоеўшчыне ўтварыліся пасёлкі: Барэц, Пабедзіцель, Рэкорд, Падрачыцкае, Марс-1, Марс-2, Венера (2 апошнія зараз не існуюць) [8, c. 63-65].
Пры актыўнай падтрымцы з боку ўлад з’яўляліся і першыя калгасы. У 1927 г. у раёне было 2 калгасы, а ў 1928 г. ужо 4. Першая арцель была утворана ў в. Страдубка ў 1923 г. і называлася «Прыдняпроўская арцель» [19, л. 16]. Акрамя калгасаў важную ролю ў эканоміцы раёна адыгравала «Дняпроўская камуна» — самая буйная гаспадарка раёна і адзіная механізаваная да 1931 г., якая мела 5 трактароў маркі «Фардзон-Пуцілавец» [18, л. 2].
З другой паловы 1920-х гг. савецкая ўлада пачала ажыццяўляць захады па згортванні нэпа і развіваць эканоміку на аснове камандна-адміністрацыйных прынцыпаў кіравання.
Канешне, калі улічваць спецыфіку сельскай гаспадаркі, зразумела, што такія прынцыпы не маглі паўсюдна ўкараніцца. Асабліва гэта было праблематычна ў Лоеўскім раёне па прычыне эканамічнай беднасці раёна. Беднасць раёна акрамя прыродных фактараў тлумачылася слабай працай мясцовых улад. Да 1929 г. у раёне амаль не праводзілася меліярацыя, хаця ў раёне дзейнічалі меліярацыйныя таварыствы ў в. Баршчоўка, Удалёўка, Рудня-Бурыцкае, пас. Барэц. У 1929 г. было ўтворана меліярацыйнае таварыства ў в. Ліпнякі [11, л. 77].
З-за слабага фінансавання на палі амаль не ўносіліся ўгнаенні, асабліва хімічныя. Адной з прычын гэтага было дрэннае развіццё жывелагадоўчых гаспадарак. На 1929 г. у большасці паселішчаў раёна выкарыстоўваўся двухпольны севазварот, які захаваўся яшчэ з часоў сярэднявечча і быў малапрадуктыўным. Шматпольны севазварот пакуль не атрымаў шырокага распаўсюджвання ў гаспадарках раёна. Аднак, нягледзячы на праблемы, па загадзе партыі раённае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да правядзення калектывізацыі [10, л. 59].
16-18 сакавіка 1929 г. адбыўся чарговы сход Лоеўскага РВК, на якім было прынята рашэнне аб пачатку калектывізацыі сельскай гаспадаркі [2, c. 37]. І ўжо па стане на 1 ліпеня 1929 г. было калектывізавана 182 гаспадаркі, утворана 12 калгасаў, што складала усяго 2,5 % ад усёй колькасці сялянскіх гаспадарак. Да канца снежня было калектывізавана 19 % ад усіх сялянскіх гаспадарак [6, c. 78].
Новы віток калектывізацыі пачаўся з восені 1930 г. Стала расці колькасць калгасаў, сялянскіх гаспадарак у калгасах. Напрыклад, калі па стане на 1 студезня 1931 г. было калектывізавана 1523 гаспадаркі, то на 25 студеня 1931 г. — ужо 1813 гаспадарак сялян [13, л. 16].
Экстэнсіўныя захады па павелічэнні ўраджайнасці не маглі даваць станоўчых вынікаў. Таму ў раён актыўна пачала пастаўляцца тэхніка. На 1 чэрвеня 1931 г. налічвалася толькі 5 трактароў маркі «Пуцілавец», набытых яшчэ ў 1927 г. [13, л. 13]. На 1932 г. у раёне мелася ўжо 6 трактароў, праз два гады іх было ўжо 9 адзінак [6, с. 86]. Ва Уборках першы трактар маркі «Фардзон» з’явіўся ў 19311932 гг., але на палях ён амаль не працаваў па той прычыне, што трактарыст не меў дастатковай кваліфікацыі. Трактар толькі адзін раз выязджаў за межы вёскі і быў зламаны. Калгаснікі выкарыстоўвалі яго як рухавік млына у час памолу зерня, з якога калгас здабываў поснае масла, крупы [9].
Механізацыя не магла вырашыць усіх праблем, асабліва на пачатку правядзення калектывізацыі. Асноўны пік праблем прыйшоўся на 1930-1933 гг. У 1930 г. на палях засталіся непрыбранымі 133 га сена. Адна з прычын — калгаснікі мала выходзілі на палі -2172 працадзён за ўвесь год [2, с. 38]. На вясну 1932 г. ва ўсіх калгасах раёна назіраліся недахопы па прычыне незацікаўленасці кіраўнікоў калгасаў і глаў сельсаветаў у выканані сваіх абавязкаў, назіраліся выхады сялян з арцелей [16, л. 6].
У 1932-1934 гг. раён ахапіў голад. Слабая меліярацыя і ачыстка рэк выклікалі сапраўдныя катаклізмы падчас праліўных дажджоў. Самы вялікі разліў адбыўся ў пойме рэчкі Брагінка, якая працякала праз Уборкаўскі і Ручаёўскі сельсаветы. Восенню 1932 г. у калгасах «Чырвоны Авангард», «Імя Арлова», «Вялікая Ніва», «Громкі», «Дняпроўская камуна», «12 — Кастрычнік», «Авангард», «Чырвоная змена», «Чырвоны Араты», «Палеская праўда-1», «Пераможны», «Ударнік» з 877 сялянскіх гаспадарак галадалі 493 сям’і, а астатнія адчувалі значны недахоп хлеба [15, л. 24]. Прымусовая калектывізацыя і голад вялі да зніжэння ўзроўня жыцця насельніцтва, яго масавых захворванняў, што выклікала рост смяротнасці. Калі ў 1932 г. памерла 623 жыхары раёна, то ўжо ў 1933 г. — 943, а ў 1934 г. — 977 чалавек [6, c. 87]. Сітуацыю ўскладнялі масавыя наплывы галадючых украінцаў. Па сведчаннях старажылаў, праз Лоеў ішлі натоўпы галадючых людзей. Шмат іх было ў в. Мохаў. Голад сыграў на руку ўраду. Каб неяк пражыць, сяляне з пачаткам палявых работ вярталіся ў калгасы. У калгасы в. Абакумы і Глушэц у 1932 г. вярнуліся 10-16 асоб [14, л. 22].
З 1934 г. у развіцці сельскай гаспадаркі намеціўся ўздым. Па стане на 20 кастрычніка 1934 г. у 20 калгасах упершыню быў уведзены шматпольны севазварот на плошчы 20 151 га, што склала 60 % ад усіх сельскагаспадарчых зямель, і да канца 1930-х гг. ён ужо выкарыстоўваўся ва ўсіх калгасах. Упершыню ў раёне ў 1934 г. у калгасах пачалі сеяць бульбу сартавым насеннем «Вольфман» на плошчы 183 га і «Ранняя ружа» на плошчы 30 га [2, с. 39].
Трагічнай падзеяй перыяду калектывізацыі стала масавае раскулачванне найбольш заможнай і працавітай часткі сялянства. У раёне, акрамя адзінкавых выпадкаў высялення сялян, адзначаліся выпадкі высылкі цэлых вёсак, хутароў, якія назаўжды зніклі з палітычнай карты краіны.
Першым населеным пунктам Лоеўшчыны, які зведаў бальшавіцкі тэрор, стала в. Малая Церабееўка Ліпнякоўскага сельскага савета, утвораная ў пачатку XX ст. перасяленцамі з в. Ліпнякі. Усё насельніцтва вёскі складала 32 двары, і ўсе гаспадаркі былі заможныя [4, с. 38-39]. Напачатку калектывізацыі сяляне вёскі сталі выкарыстоўваць палітыку антыкалгаснай барацьбы. На нарадзе Лоеўскага РВК ад 3 снежня 1929 г. згадвалася пра бунт сялян вёскі. Паведамлялася пра тэрарыстычныя акты, антыкалгасную агітацыю. За гэтую акцыю пратэсту частка сялян была прыцягнута да адказнасці. Былі высланы за межы раёна: Жарнасек Алесь, Канчанаў Трыфан, Чыркоў Фядос [12, л. 247]. У 1930 г. усе жыхары вёскі адмовіліся ўступаць у калгас. За гэта ўлады прымянілі рэпрэсіі да 30 сем’яў. Амаль усе яны былі выселены на поўнач у г. Котлас Архангельскай вобласці. Перад высылкай сем’і былі раздзелены на жанчын з дзецьмі і мужчын. Мужчын пасадзілі ў раённую турму, а затым іх загналі на баржу, нагружаную бульбай. Іх перавезлі да турмы ў Гомелі, а затым на поўнач. Жанчыны разам з дзецьмі былі дастаўлены на станцыю Рэчыца, а затым на таварных вагонах вывезены ў невядомым накірунку. Да сённяшняга дня лёс гэтых людзей невядомы [4, с. 38-39]. Умовы жыцця на поўначы былі вельмі цяжкімі. Захаваўся ліст сялян Ліпнякоўскага сельскага савета з чыгуначнай станцыі Луза, у якім гаворыцца аб суровым клімаце, адсутнасці прадуктаў харчавання, пагрозе смерці цэлым сем’ям [21, л. 270].
Пасля ліквідацыі в. Малая Церабееўка раённыя ўлады прыступілі да знішчэння хутароў. Большасць хутароў на Лоеўшчыне былі ўтвораны пераважна падчас сталыпінскай аграрнай рэфомы 1906 г., да канца 1920-х гг. яны змаглі наладзіць эфектыўную працу, з’яўляліся ўзорам гаспадарання. Уладальнікі хутароў звычайна мелі ад 15 да 25 і больш гектараў зямлі. Некаторыя з іх выраслі да невялікіх вёсак з бязвулічнай сістэмай забудовы. Напачатку 1930-х гг. колькасць сялянскіх гаспадарак у хутарах была значнай. Са справаздачы райвыканкама на 25 кастрычніка 1931 г. у хутарах пражывала 149 сялянскіх сямей, якія савецкай уладзе трэба было вынішчыць, каб усталяваць камуністычны парадак. Першыя хутары пачалі ліквідавацца падчас арганізацыі калгасаў. Пры агранізацыі калгаса ў в. Буда-Петрыцкая Баршчоўскага сельсавету (сучасны Малінаўскі сельсавет) камуніст С. Германенка арыштаваў жыхароў хутара Ціханаўка Ягела Базыля і Ягела Мікалая, а хутар у хуткім часе быў ліквідаваны. У савецкай літаратуры яны пазначаюцца як бандыты, таму ў іх затрыманні ўдзельнічаў чырвонаармеец [1, с. 4]. Пры арганізацыі калгаса «Палеская праўда» у вёсцы Уборак быў ліквідаваны адзіночы хутар Сцяпана Мазурава, сам гаспадар быў раскулачаны, а яго амбар, гумно і хлеў выкарыстоўваліся калгасам [9].
Каб хутчэй пакончыць з хутарамі, савецкая ўлада распрацавала больш эфектыўную форму іх ліквідацыі. Хутарскую гаспадарку трэба было з розных бакоў атачыць калгаснай зямлёй — выпас жывёлы станавіўся немагчымым, а патрава калгасных палёў магла прывёсці да растрэла [7, с. 556].
Да нашых дзён захаваліся ўспаміны аб раскулачванні і высылцы сям’і Каляды Патапа Цімафеевіча з хутара Галы-1. Яго сям’я лічылася працавітай і заможнай. Землі на хутарах Галы былі адны з самых урадлівых на Лоеўшчыне. У час калектывізацыі ў сям’і адбылося гора: памерла іх дачка, у якой было трое непаўналетніх дзяцей. Але нягледечы на гэтыя трагічныя абставіны, іх бабулю і дзядулю на сялянскім возе даставілі да чыгуначнай станцыі Рэчыца, а затым па чыгунцы выслалі за межы раёна. Далейшы лёс дзяцей устанавіць не атрымалася [5, с. 4].
У выніку раскулачвання былі высланы з хутара Малая Дубраўка (Каўпенскі савет) — 10 жыхароў, з хутара Галы -1 (Пярэдзельскі савет) — 30 жыхароў і Верыны Галы (Галы-2) (Уборкаўскі Савет) — 18 жыхароў. Самі хутары былі поўнасцю знічшчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Жыхары хутароў Верасок, Клён, Пустая Града або патрапілі пад раскулачванне, або, апасаючыся высылкі як кулакі, вымушаны былі перасяліцца ў вёскі і ўступіць у калгасы. Прыведзены спіс раскулачаных па хутарах далёка няпоўны. Падлічыць колькасць рэпрэсаваных — вялікая праблема, бо ўсе дакументы былі засакрэчаныя. Няма дакладнага спіса сялян па хутарах, акрамы таго трэба ўлічваць, што многія хутары былі адзіночныя [6, с. 92-106].
Літаратура:
- Германенка С. Руйнавалі межы быльняговыя // Серп і молат. Раённая газета. — 4 лістапада 1968 г. — С. 4.
- Долатаў А.С. Дапаможнік па краязнаўству Лоеўшчыны. — Лоеў: Карані. — 2002. — 81 с.
- Елизарова Г.В. Крестьянское землепользование на Гомельщине в период становления советской власти // Гомельщина в событиях 1917-1945 гг. Материалы научно-практической конференции. — Гомель: Белгут. — 2007. — С. 176181.
- Калубовіч А. На крыжовай дарозе. Творы з эміграцыі. — Мінск: ВЦ «Бацькаўшчына». — 1994. — С. 38-39.
- Коцевой В. Боль воспоминаний тревожит душу // Серп і молат. — 27 лістапада 1999 г. — С. 4.
- Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя. — 2000. — 589 с.
- Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси 19171941 гг. — Минск: Тесей. — 2002. — 687 с.
- Роголев А.Ф. Топонимия Беларуси: Гомельская область. Лоевский район. — Гомель: ГГУ имени Ф. Скорины. — 2015. — 317 с.
- Коллективизация в деревне Уборак. Из воспоминаний старожила Казимирова Никиты Андреевича 1883 года рождения. Материал из Уборковской сельской библиотеки.
- Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей — ДАГВ) — Ф. 509, вопіс 1, с. 177, л. 59.
- ДАГВ — ф. 509, вопіс 1, с. 177, л. 76-78.
- ДАГВ — ф. 509, вопіс 1, с. 177, л. 235-248.
- ДАГВ — ф. 509, вопіс 1, с. 296, л. 12-16.
- Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей — ДАГАГВ) — Ф. 266, вопіс 2, с. 9, л. 6-22.
- ДАГАГВ — ф. 266, вопіс 2, с. 9, л. 24-25.
- ДАГАГВ — ф. 266, вопіс 2а, с. 104, л. 6-7.
- ДАГАГВ — ф. 3, вопіс 1, с. 405, л. 189.
- ДАГАГВ — ф. 3, вопіс 1, с. 442, л. 2.
- ДАГАГВ — ф. 3, вопіс 1, с. 442, л. 16.
- ДАГАГВ — ф. 3, вопіс 1, с. 442, л. 88.
- ДАГАГВ — ф. 3, вопіс 1, с. 622, л. 270.
Аўтар: А.В. Колас
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 155-159.