Мінула ўжо два гады, як Аляксандра Серафімавіча Якабсона на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкама змяніў Уладзімір Андрэевіч Дворнік. Новы губернатар паабяцаў рупліва ставіцца да сваіх абавязкаў у якія, ў тым ліку, уваходзіць і адсочванне экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне і спрыянне яе паляпшэнню.
Але мінуў час і цяпер жыхары Гомельскай вобласці, падарожнічаючы па тэрыторыі вобласці на машыне, могуць назіраць татальную вырубку і карчаванне прыдарожных лесапалос…
Куды б далёка ні закінуў лёс
(сябры ў мяне усюды ў родным краі),
заўсёды бачу я святло бяроз,
якое нат і ў цемень не згасае.
Бярозы, сэрцу мілыя да слёз, –
без іх я Беларусі не ўяўляю.
Куды ні глянь – бярозавае ўлонне,
зямная шыр нібыта на далоні.
Я. Крупенька
Пачнем з самага пачатку. Як аказалася, аніякіх афіцыйных распараджэнняў наконт вырубкі дрэў падпісана не было, але шэраг устаноў і арганізацый атрымаў загад ачысціць тэрыторыю паабапал дарог ад усіх відаў насаджэнняў. Чым гэта тлумачылася? Распавядае Пятро Раманавіч Давідзюк, намеснік старшыні “Калгаса імя 50 гадоў Кастрычніка”:
– Тлумачэнняў было некалькі.
Па-першае, даводзілася, нібыта старыя дрэвы з навіслымі галінамі перашкаджаюць дарожнаму руху. З улікам павелічэння ў апошні час прыродных катаклізмаў і факта пашырэння дарог было вырашана дрэвы “прыбраць”.
Другі довад вельмі звязаны з першым. Машыны зараз здольны развіваць вялікую хуткасць, часта перакульваюцца, з’язджаюць у кювет, у час аварый пры ўдарах аб дрэвы гінуць людзі.
Трэці довад вылучаўся ў падтрымку аграрнага фактара. Прыдарожныя палоскі (6-10м) вырашана было далучыць да пахатных земляў палёў севазвароту. Але, калі разабрацца, прыдарожныя поласы назапашваюць усе хімічныя элементы з выхлапаў тэхнікі (цынк, малібдэн, стронцый, свінец і інш. – далёка не ўвесь пералік, тут жа амаль уся табліца Мендзелеева). Дрэвы бралі на сябе функцыю абароны. Зараз на сябе ахоўную функцыю будуць браць тыя зернавыя, кукуруза, што будуць там культывіравацца, а пасля пойдуць або на корм скату, або ў ежу чалавека. Да таго ж у канавах пры дарозе спакон вякоў назапашвалася вада, паколькі сама будова дарог прадугледжвае нізіны. Дрэвы ў сваю чаргу ўбіралі ў сябе прыдарожную вільгаць і праз крону вялі гутарку з біясферай у цэлым.
Здаецца, довады нейкія прывялі, ды толькі ці рацыянальна прымяняць глабальнае карчаванне, калі самі прыводзім выдаткі гэтай з’явы? Не з’яўляецца сакрэтам, што дрэвы сваёй каранёвай сістэмай змацоўваюць зямлю, таму, пазбаўленая апірышча, зямля здольна пакідаць сваё месца. Так, фактычна зафіксаваныя пылавыя буры каля вёскі Левашы Рэчыцкага раёна, якія раней супынялі лесапалосы соснаў, ліп, бяроз, акацый. Нават нашыя проді раней тыя дрэвы адмыслова і садзілі, каб аберагчы падарожнікаў і ездакоў ад пылу і ветру – прыгадайце хаця б славутыя беларускія гасцінцы (гандлёвыя шляхі)!.
Любы аўтамабіліст-дарожнік, які зімой скараў абсягі дарожнага палатна нашай вобласці, адчуў на сабе, як “песціцца” вецер да машыны, і, што не дзіўна, не заўсёды ласкава. Раней вецер утрымлівалі дрэвы, зараз – снегавыя шчыты, якія, відаць, і былі зроблены са зрубленых дрэваў. Так больш даспадобы? Калі ласка. Акрамя таго, па словах аўтамабілістаў, дрэвы з’яўляюцца і асаблівымі арыентырамі, на якія кіруюцца падчас руху, каб не прапусціць патрэбны паварот. Сучасны ж пейзаж нічым асаблівым не прываблівае вока. Дарэчы, гэта мы яшчэ не разглядалі тэарэтычную лічбу, якая будзе адлюстроўваць адзінкі сапсаванай падчас сельскагаспадарчых работ тэхнікі, паколькі зямля не адразу ачысціцца ад рэшткаў дрэў.
Тым не менш, Канстытуцыя РБ артыкулам 46 сцвярджае, што кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на кампенсацыю шкоды, прынесенай парушэннем гэтага права. Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай аховы і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама абароны і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Так, калі ўзяць пад разлік, што таполі пачалі вырубаць, таму што гэта моцны алерген (што вельмі сумнеўна), то ўзялі б і на змену ім высадзілі іншыя дрэвы (тая самая кітайская таполя, якая не з’яўляецца алергенам), як, напрыклад, зрабілі ў Гомелі. Дзе ж тады той кантроль абяцаны і куды глядзяць экалагічныя службы? Як сцвярджаюць сведкі, у дупле аднаго са зрубленых дрэваў з боку Калінкавічаў жыла сава з савянятамі, занесеная ў Чырвоную кнігу. Даўно ўжо складваецца ўражанне, што асноўнае, за што адказвае экалагічная служба – гэта “расцяжкі”, развешаныя па ўсім горадзе, якія за прыгожымі пейзажамі і пафаснымі словамі выказваюць нашу бясконцую любоў да Радзімы і яе прыроднага стану.
А як вам такая “расцяжка”?
Ці вось такая:
Чаму наш менталітэт не ўмее спыняцца на залатой сярэдзіне? Можна ж было падысці да пытання з розумам. Ёсць старыя дрэвы і хворыя, ёсць дрэвы-паразіты, як лаза, баршчавік Сасноўскага, канадскі клён. Ёсць месцы, якія дзе-нідзе і патрэбна прарэдзіць, але які сэнс мае павальнае знішчэнне ўсяго – і старых дрэў, і маладняка? Здаецца ўжо не малыя дзеці і павінны разумець, чым гэта можа абярнуцца ў будучыні. Паглядзелі б на гэта з іншага боку – за мяжой дрэвапасадкай і ўласна дрэвамі займаецца шэраг людзей з адпаведнымі прафесіямі: ландшафтны архітэктар, ландшафтны дызайнер, садоўнік, фітадызайнер (фларыст). Толькі ў нас ілбы разбіваюць, каб паказаць, як добра ўмеюць ламаць. А ламаць, як вядома, не будаваць…
Што казаць, ужо зараз разумеюць людзі, што не ў такой далёкай будучыні будзем рабіць новыя пасадкі… Як-ніяк, паводле артыкула 55 Канстытуцыі РБ, ахова прыроднага асяроддзя – абавязак кожнага.
Калі ты дрэўца пасадзіў,
адну з трох добрых спраў зрабіў,
лічы: сваё жыццё не марна
на гэтым свеце ты пражыў.
Я. Крупенька
Вывады за вамі, шаноўныя.
Аўтар: Марына Давідзюк
Фатаздымкі аўтара