Іван Жалтоўскі. Тэатр у Гомелі

0
137
Тэатр у Гомелі

Ніхто з нашых айчынных архітэктраў не выклікаў гэтулькі процілеглых меркаванняў і супярэчлівых ацэнак, але і не прыцягваў гэткай пільнай ўвагі, як Жалтоўскі. Ягоныя архітэктурныя і эстэтычныя погляды развівалі, але і аспрэчвалі, у адзін час у іх бачылі адкрыццё, а ў іншы — казалі аб іх другаснасці. Яму закідалі таталітарызм і яго параўноўвалі з Альбэртам Шпэерам, дойлідам Гітлера. Пра Івана Жалтоўскага цяпер ведае ўвесь свет, як пра выбітнага дойліда, які стварыў вобраз, той клішэваны, Масквы, што вядомы, бадай, кожнаму — імперская сталіншчына 1930-1950-х гг. Маскву Жалтоўскага, сярод іншых, будавалі і тысячы палітычных катаржанаў. Сталінскія сокалы-дойліды пад уплывам колішняга пінчука Івана Жалтоўскага, славутага будаўніка Масквы, вярнуліся на паўтысячы гадоў назад, у эпоху Паладыё і Альбэрці.

Кожны стыль — гэта варыяцыя на адзіную тэму, што жывіць чалавечую культуру, — на тэму гармоніі.

Іван Жалтоўскі

Але, вінавацячы Жалтоўскага ў патуранні густам крамлёўскіх правадыроў, ці ў анахранічным класіцызме, усе крытыкі мусілі і мусяць прызнаваць за Жалтоўскім найвышэйшы прафесіяналізм, акадэмічную вышкаленасць і неверагодную працаздольнасць. А вось вучоба ў імператарскай Акадэміі мастацтваў, куды Жалтоўскі паступіў, маючы ўжо дваццаць гадоў, расцягнулася ў яго на 11 гадоў!

Гэты дойлід нарадзіўся ў Пінску, дзе і правёў свае першыя дваццаць гадоў жыцця [1, с. 585-586]. Уладзіслаў Жалтоўскі, ягоны бацька, памёр заўчасна, калі сыну было толькі адзінаццаць гадоў. Ягоная магіла дасёння захавалася на пінскіх каталіцкіх могілках. Незаможная сям’я палескага шляхціца мала чым магла дапамагчы свайму геніяльнаму сыну, які праз тое мусіў несупынна падпраўляць, брацца за розныя будаўнічыя замовы. Усё жыццё Жалтоўскі шмат часу праводзіў на будоўлі, часам не толькі здзяйсняючы архітэктурны нагляд, але і навучаючы сакрэтам майстэрства цесляроў, муляроў, тынкоўшчыкаў. Нарэшце, Жалтоўскі ў 1898 годзе закончыў свой дыпломны праект «Народны дом», што быў зроблены ім у майстэрні прафесара А.І. Тамішкі, і атрымаў званне архітэктара-мастака. Па сканчэнні Акадэміі Жалтоўскі выправіўся ў далёкі сібірскі Іркуцк, дзе меўся працаваць, але прыпыніўся ў Маскве, дзе атрымаў запрашэнне выкладаць у Строганаўскім вучылішчы. Гэтак, збегам абставінаў, Жалтоўскі звязаў свой лёс з Масквою, дзе і жыў да канца дзён сваіх.

Знаўцы архітэктуры адзначаюць змяшэнне матываў архітэктуры рэнесансу і расійскага класіцызму ва ўсіх праектах Жалтоўскага, зробленых у пачатку XX ст. Іншы тагачасны праект Жалтоўскага тых гадоў — загарадны дом у маёнтку Руперт пад Мас­квою, быў пастаўлены ў высакародным духу паладыянскіх вілаў блізу Вічэнцы. Сярод тых размаітых густаў, што панавалі ў дойлідстве Расіі ў пачатку XX ст., творчыя прыхільнасці Жалтоўскага, што палягалі на пераасэнсаванні рэнесансавай спадчыны Італіі, былі выключэннем. Праз тое ягонае творчае крэда нельга з пэўнасцю атаясамліваць з неакласіцызмам, што ўбіраўся ў тыя гады ў сілу па ўсім свеце, бо ад самых сваіх першых работ ён натхняўся, перадусім, узорамі рэнесансу.

Тут трэба зазначыць, што знаёмства Жалтоўскага з Італіяй, яе культурай і мовай не было павярхоўным і толькі адно тэарэтычным. Ад студэнцкіх гадоў у перапынках між будаўнічымі сезонамі ён шмат падарожнічаў па Еўропе, перадусім па Італіі, у якой бываў дваццаць шэсць разоў(!), нават у гады сталіншчыны. Там ён, прагны да ведаў, багата маляваў, рабіў архітэктурныя абмеры, шкіцаваў арнаменты і дэталі будынкаў. Ён нават здолеў зафіксаваць на стужцы званіцу сабора Сан-Марка, рухнуўшага ў ліпені 1902 г. з прычыны непрадуманай рэстаўрацыі. Гэты італьянскі досвед, да якога Жалтоўскі звяртаўся рэгулярна, шмат паспрыяў у далейшай ягонай працы. Жалтоўскі вольна валодаў італьянскай, зрэшты, і польскай, і нямецкай, і лацінаю, што моцна вылучала яго па-над усімі савецкімі калегамі-будаўнікамі. Каласальным ягоным унёскам у развіццё айчыннаей архітэктурнай тэорыі і гісторыі культуры стаў ягоны пераклад “Чатырох кніг аб архітэктуры” Андрэа Паладыё (выдадзены ў 1937 г.). Жалтоўскі сам кіраваўся паладыяскімі прынцыпамі і шматкроць наўпрост пераймаў іх. Адным з палажэнняў гэтай тэорыі было палажэнне аб візуальным павелічэнні архітэктурнага аб’екту.

Мала каму вядома, што славутая званіца кафедральнага пінскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі зробленая паводле ягонага праекта. Ніжняя частка званіцы была пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. у духу ампіра, але Жалтоўскі зрабіў праект яе рэканструкцыі, у выніку чаго яна стала на траціну вышэйшаю і цалкам змяніла сваё аблічча, гарманічна ўвайшоўшы ў барочны ансамбль кляштару францішканаў. Праект быў рэалізаваны толькі ў 1923-1924 гг. Славуты ўжо тады маскоўскі архітэктар Жалтоўскі акурат у тыя гады, да 1926 года, фактычна жыў у Італіі, спадчыну якой ён проста багоміў. Можна думаць, што ён у тыя гады бываў і ў Пінску, мог пільнаваць будаўніцтва гэтай званіцы, наведваць бацькоўскую магілу…

Лёс Жалтоўскага апынуўся проста цудам. Мастак спакваля пераўтварыўся ў найбуйнейшага мэтра, які перадвызначыў шляхі савецкай архітэктуры сярэдзіны XX ст. Менавіта да Жалтоўскага, руплівага і паслядоўнага захавальніка класічных традыцый, прыслухоўваліся і ўлады. Вядома, што пасля рэвалюцыі ён дабраахвотна ўключыўся ў працу па стварэнню новага свету бальшавікоў — Масквы. Вядома, што ў ліпені 1919 г. Ленін гутарыў з дойлідам пра распрацоўку першага балыошавісцкага плана рэканструкцыі Масквы. Натуральна, што галоўным архітэктарам і аўтарам праекта стаў сам Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі.

Схільнасць Жалтоўскага да рэтраспекцыі дазволіла яму з асаблівым бляскам прадэманстраваць глыбокае разуменне прыроды архітэктуры, філігранную тэхніку аналізу і сінтэзу яе мастацкай формы. Але толькі яму і, можа быць, мала каму з ягоных таленавітых паслядоўнікаў. А некаторыя з іх тыя гады і не перажылі…

Менавіта лінія Жалтоўскага вызначыла той шлях, па якім пайшло засваенне класічнай спадчыны ў савецкай архітэктуры ў гады культу асобы і што ўжо ў канцы 1950-х гадоў прывёў да новага канфлікту паміж архітэктурнымі формамі і грамадскімі патрэбамі. Паводле іроніі лёсу, менавіта гуманістычны і культурніцкі патас Жалтоўскага сталі яскравейшымі сімваламі эпохі культу асобы.

Трыццатыя гады былі вельмі плённымі для дойліда. Ён шмат будуе ў Сочы, Грозным, Дом саветаў у Махачкале, распрацоўвае праекты Інстытута літаратуры імя Горкага ў Маскве, тэатра ў Таганрогу, дома на Махавой вуліцы ў Маскве. У 1939 г. І.У Жалтоўскі быў прызначаны кіраўніком архітэктурнай майстэрні, што ў 1945 г. была рэарганізаваная ў школу-майстэрню Жалтоўскага [6, с. 14-18]. Вучні гэтай майстэрні прымалі ўдзел у будаўніцтве і аднаўленні не толькі Масквы, але і гарадоў Беларусі. У ягонай маскоўскай майстэрні праектаваліся і карэктаваліся планы пасляваеннага аднаўлення Гомелю і будаўніцтва паасобных аб’ектаў у Мазыры і Пінску… Менавіта вучні Жалтоўскага, славутыя дойліды Баршч і Паруснікаў стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў Мінску. Гэтак акадэмік архітэктуры Жалтоўскі спрычыніўся да будаўніцтва ў родным краі [1, с. 36-37].

Месца для пабудовы тэатра ў Гомелі было абранае яшчэ напярэдадні вайны Іванам Жалтоўскім асабіста [2, с. 57]. Ягоны праект, зроблены ў 1941 г., стаўся асноваю для пабудовы ў 1947-1956 гг. Праект быў распрацаваны яшчэ ў 1940-1941 гг. Усесаюзным трэстам “Тэатрпраект”. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка падпарадкавана строгай сіметрыі з акцэнтам галоўнай восі, на якой размешчаныя ўсе памяшканні, ад вестыбюля да вялікай глядзельнай залы i падсобак. У мастацкім афармленні выкарыстаны традыцыйны для будынкаў Жалтоўскага чатырохкалонны портык з развітым франтонам, аздобленым скульптураю. Іван Жалтоўскі вызначаўся непахіснай паслядоўнасцю ў сваёй творчасці. Ад пачатку і да канца сваёй шматгадовай дзейнасці ён не выходзіў з кола архітэктурных ідэяў італьянскага Адраджэння [5, с. 23].

У 1949 г. пастановаю СНК БССР было вырашана аднавіць у Гомелі будаўніцтва тэатра. Пасляваенным будаўніцтвам гоме­льскага тэатра кіраваў адзін з вучняў слыннага дойліда — ленінградскі архітэктар Аляксандар Тарасенка, які, дарэчы, пабудаваў таксама тэатры ў Ашгабаце, Ніжнім Тагіле і г.д. У будаўніцтве і абсталяванні тэатра з вялікім энтузіязмам удзельнічалі прадпрыемствы і будаўнічыя арганізацыі Гомеля. Відавочна, што працы, зробленыя архітэктарам А. Тарасенка пад кіраўніцтвам Жалтоўскага, вымагалі карэкціроўкі на месцы [1, с. 152]. Так атрымалася, што сцэнічная каробка гомельскага тэатра, якая выступае за асноўны аб’ём будынка, не гарманічна звязаная з агульнай архітэктурнай кампазіцыяй. У выніку павелічэння глядзельнай залы да 800 месцаў, нашмат больш, чым у перадваенным праекце, атрымалася такая недасканаласць, адыход ад першаснага ўзору культавага дойліда. Тым часам Гомель з нецярплівасцю чакаў тэатральнага свята. I 6 лістапада 1954 года на прэм’еру спектакля былі запрошаныя гараджане і самі будаўнікі. Жыхары Гомеля памкнуліся ў светлы храм мастацтва, увянчаны статуяй Мельпамены, у літаральным сэнсе. На жаль, першасны праект Жалтоўскага гэтага тэатра пакуль не знойдзены. Як і шмат іншых ягоных беларускіх праектаў…

Напрыканцы 1940-х гадоў школа Жалтоўскага пачала было падлягаць крытыцы і ганенням, але ў 1950 г., калі майстрам школы на чале з мэтрам прысудзілі Сталінскую прэмію, крытыка і сумневы аціхлі [4, с. 21-281.

Памёр Жалтоўскі ў Маскве 16 ліпеня 1959 года. Так атрыма­лася, што разам з ім сыйшоў i той вялікі стыль, што быў ім створаны і развіты ў неверагодных памерах, што насамрэч, як i наканаваў Сталін, пераўзыйшло амаль усё, створанае ў папярэднія эпохі. I гэтая акалічнасць, паводле іроніі лёсу, амаль разбурыла памяць пра вялікага дойліда часоў культу асобы. У 1960-1970-я гг. згадваць яго лічылася наогул непрынятым [3, с. 32-34].

Жалтоўскі імкнуўся па-свойму асэнсаваць іх дачыненні да новых грамадскіх умоваў і магчымасцяў будаўніцтва. I менавіта гэтая няўлоўная мяжа паміж кампіляцыяй, перайманнем і натхненнем аказалася вельмі тонкай, амаль няўлоўнаю. I менавіта яе разуменне Жалтоўскі, геніяльны настаўнік і дойлід, не здолеў перадаць сваім шматлікім вучням. Яны, заставіўшы Беларусь і ўсю шостую частку свету сваімі будынкамі, не здолелі ўзняцца да тых вышыняў, па-над якімі ззяў ягоны геній. На памяць пра земляка ў Беларусі застаўся не толькі тэатр у Гомелі, але таксама і сотні іншых будынкаў, узведзеных па ўсёй Беларусі ў эпоху Сталіна ягонымі вучнямі і эпігонамі.

***

Іван Жалтоўскі (1867, Пінск — 1959, Масква) — беларускі і расійскі архітэктар, тэарэтык, педагог, ганаровы член АН БССР, акадэмік Акадэміі архітэктуры СССР, акадэмік Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР. Сярод шматлікіх прац I. Жалтоўскага шэраг жылых будынкаў у Маскве, традыцыйна званых “дамамі Жалтоўскага”. Удзельнічаў у генеральнай рэканструкцыі Масквы. Пасля вайны ўдзельнічаў у аднаўленні Гомеля і іншых гарадоў Беларусі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Перакладаў трактаты італьянскіх архітэктараў Адраджэння.

Крыніцы

  1. Архітэктура Беларусі // Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. — Мінск, 1993.
  2. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — Т. 5.
  3. Емельянова, О.Л. Воспоминания о Жолтовском / О.Л. Емелья­нова // Архитектура и строительство Москвы. — 2003. — № 4.
  4. Круглов, М., Лебедев, Г., Сукоян, Н. Иван Владиславович Жол­товский. К 90-летию со дня рождения / М. Круглов, Г. Лебедев, Н. Сукоян // Архитектура СССР. — 1957. — № 12.
  5. Ревзин, Г.И. Архитектурная теория И.В. Жолтовского / Г.И. Ревзин // Искусство. — 1988. — № 10.
  6. Соболев, И. Выдающийся мастер советской архитектуры. К 85- летию И.В. Жолтовского / И. Соболев // Архитектура и строи­тельство Москвы. — 1952. — № 2.
     

Аўтар: Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 184-188.