Іван Шамякін (конкурс “Чалавек, якім я ганаруся”)

0
1769
Шамякин, Беларусь, писатель

У час абыякавасці, халодных адносін людзей адзін да аднаго, навязанага светапогляду (я маю на ўвазе тое, што зубы трэба чысціць Blenda-med і дабаўляць у ежу Galina Blanca) людзям патрэбен чалавек, які б нагадваў нам, што існуе каханне, што дзецям патрэбна выхаванне, што трэба шанаваць продкаў. Вы спытаецеся мяне, якім павінен быць гэты чалавек? І я адкажу вам, што ён павінен быць, як Іван Шамякін (чалавек, якім ганаруся я). Такі чалавек, які не баіцца адлюстроўваць рэчаіснасць, які можа з простага сельскага настаўніка стаць аднім з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў. І гэта не проста словы, якія можна сказаць пра многіх беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў, кампазітараў, палітычных дзеячаў. Я ганаруся, што такі чалавек, як Іван Шамякін – сын Гомельшчыны, што я яго зямлячка, што магу  лёгка чытаць яго творы ў арыгінале і атрымліваць вялікую асалоду ад таго каляровага настрою, які ідзе ад ягоных твораў.

Іван Шамякін нарадзіўся ў Карме. Згадзіцеся, што і па нашых часах гэта не вельмі буйны край, а ў 1921 годзе (калі пісьменнік нарадзіўся) Карма наогул магла б стаць для Шамякіна «кармай» быць якім-небудзь калгаснікам (не дай вам Бог падумаць, што я нешта маю супраць сумленных працавітых земляробаў). Але, як бы гэта банальна не гучала, талент  заўсёды прабівае сабе дарогу. Наўрацці дарога ад студэнта-камсамольца, вясковага настаўніка, франтавіка да аднаго з лепшых нашых, беларускіх творцаў была лёгкай, але  не гэта тэма маёй «працы». Хочацца расказаць, чаму гэтым чалавекам ганаруся я.  Можа гэта і не вельмі цікава, але я чалавек, які вельмі прагны да эмоцый.  І для мяне чым мацней эмоцыя, тым больш вялікі час яна захоўваецца у маёй памяці. Мой любімы твор І. Шамякіна – «Сэрца на далоні», і чытала яго даволі даўно (7 гадоў таму). Але ведаеце, мне здаецца, што я  ўсё жыццё буду помніць момант з рамана, калі сэрца Зосі б`ецца на далоні ў Яраша. Гэта вечны вобраз: нечае жыццё заўсёды ў нечых руках, а можа быць і ў нашых…

Вобраз Яраша натхніў мяне на выбар маёй будучай прафесіі. Я ўрач. І хоць я трымаю сэрцы людзей у сваіх руках толькі вобразна, мне хочацца думаць, што мае пацыенты будуць здаровымі  дзякуючы маёй працы, а не насуперак.

Іван Шамякін, як казала мая настаўніца па літаратуры, тонкі псіхолаг і мастак. Так, мастак, які не проста апісвае тое, што бачыць, але тое, што адлюстроўваецца у яго душы: маладосць, першае каханне, на жаль, вайна, тэхнагенная атрута, пакаранне нябёсаў. Тое, што мастак малюе, залежыць не толькі ад тонкасці  ўспрымання ім жыцця, але ад нас з вамі. Хочацца спадзявацца, што хаця б нашы дзеці скажуць, што яны ганарацца НАМІ. За добрае выхаванне, адукацыю, павагу да продкаў (і гэта, я вам скажу, не проста паўтор з першага абзаца). Або проста хацелася б, каб нашы дзеці сказалі нам “дзякуй” за шчаслівае дзяцінства, напрыклад (без усякіх жартаў пра знакамітага таварыша). Але гэта ўжо неяк песімістычна і, мабыць, не зусім адпавядае рэчаіснасці. Наша жыццё – адлюстраванне нашых думак.  Давайце спачатку добра думаць, а потым добра рабіць. І тады, я ўпэўнена, хтосьці з нас стане ў адзін рад з Іванам Шамякіным, Іванам Мележам, Доўнарам-Запольскім, Кірылам Тураўскім і іншымі знакамітымі, паважанымі людзьмі “з зямлі гомельскай”.

Напрыканцы хачу дадаць, што любы талент – гэта падарунак ад Бога, скарб, які кожны чалавек можа знайсці ў сябе. Талент любіць павагу да сябе, патрабуе штодзённай працы над сабой і … гармоніі з мірам. Я ганаруся, што мне пашчасціла нарадзіцца на зямлі, якая дорыць людзям  такіх самародкаў як Шамякін. І самае галоўнае (для гэтай тэмы), што я ганаруся самім Шамякіным, які дапамог мне ў свой час разабрацца ў тонкай псіхалогіі свету, убачыць, што на зямлі існуе не толькі чорнае, адчуць такую завіруху розных думак, якой не зашмат адорваюць нас шэрыя будні.

 

Зараз хочацца падзячыць усім, хто чытаў і дачытаў мае думкі па дадзенай тэме.

З павагай Валубіновіч Марына, 26 студзеня 2009 года.