Іван Шамякін: чалавек і пісьменнік (па матэрыялах дзённікаў-успамінаў “Роздум на апошнім перагоне”)

0
80
Іван Шамякін чалавек і пісьменнік

Пісьменніцкія дзённікі — з’ява надзвычай цікавая ў агульналітаратурнай плыні перш за ўсё таму, што напісаны майстрам слова тэкст дае магчымасць не толькі наблізіцца да яго светапогляду, але і больш дакладна зразумець змест створанага ім. I, бадай, самае галоўнае моцнае ўражанне, якое не пакідае кожнага пасля прачытання такога дзённіка, заключаецца ў выразным “ачалавечванні”, набліжэнні да рэальнага жыцця хрэстаматыйнага пісьменніцкага вобраза, створанага школьнымі і ўніверсітэцкімі падручнікамі.

Кніга дзённікаў-успамінаў Івана Пятровіча Шамякіна, што мае выразную паэтычную назву-метафару “Роздум на апошнім перагоне”, адлюстроўвае быццам бы невялікі прамежак часу — з 1980 па 1995 год, але ў жыцці краіны (і ў жыцці пісьменніка) гэта быў насычаны разнастайнымі падзеямі, супярэчлівы і балючы перыяд пераходу ад звыклага і (як здавалася і верылася) нязменнага ладу жыцця да новага — незразумелага і шматпакутнага, звязанага са стратамі былых ідэалаў і перакананняў. С. Галоўка зазначае: “Натуральна, што біяграфія І. Шамякіна цесна звязана з часам, у якім яму давялося жыць. А гэта — не толькі Вялікая Айчынная вайна, пасляваеннае аднаўленне, але і шмат якія палітычныя працэсы, што адбываліся ў тады агульнай савецкай дзяржаве — СССР” [1, с. 18].

Нашу ўвагу прыцягнулі дзённікавая запісы Івана Шамякіна, якія адносяцца да 1994 года, калі пісьменнік з болем у душы, з філасофскім разважаннем і з прымяссю добрага народнага гумару выказвае свае меркаванні наконт самых розных падзей, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў. Зразумела, што ў адпаведнасці з жанрам дзённіка Іван Шамякін апісвае падзеі ў храналагічным парадку, але па сваім змесце гэтыя запісы могуць быць аб’яднаныя ў некалькі тэм, галоўныя з якіх — “Сучаснае жыццё”, “Літаратура і пісьменніцкая праца”, “Асабісты ўнутраны свет”.

Вядома, што пісьменнік бачыць і адлюстроўвае рэчаіснасць больш тонка, больш эмацыянальна і глыбока, чым звычайны чалавек, заклапочаны шэрай штодзённасцю, і таму такая, здавалася б, уласна палітычная з’ява, як візіт у Мінск у сярэдзіне студзеня 1994 года прэзідэнта ЗША Біла Клінтана не без падстаў абурае яго: Клінтан пагадзіўся сустрэцца з супрацоўнікамі Акадэміі навук, але толькі з тымі, хто не старэйшы за 35 гадоў. З абурэннем І.П. Шамякін з гэтай нагоды піша: Што ж, калі нашы лапухі без нацыянальнага гонару, то так ім і трэба. Цяжка ў гісторыі зпаіісці выпадак такога прыніжэння і такога дыктату. Так з пераможанымі не рабілі. Клінтан плюнуў на наш суверэнітэт. І усе стаялі па стойцы «смірна» ці пакорліва кланяліся. Ён плюнуу на пратакол. Плюнуу на лысіны акадэмікаў. Дай яму моладзь! Урэшце так нам і трзба. Але мы — не калонія. І Расія — не калонія.

А праз некалькі дзён Шамякін занатуе ў сваім дзённіку нечаканае шчымліва-пранікнёнае прызнанне вартасці вечных чалавечых духоўных каштоўнасцяў: Чытаю энцыклапедыю «Христианство». Цікава. Як многа мы не зналі. Адукацыя наша, марксісцка-ленінская, была аднабаковай, зашоранай. Быццам бы і наіўная, але такая шчырая, ад душы выказаная думка!

У цяжкі час “ліхіх дзевяностых”, калі мільёны яго сучаснікаў адчувалі матэрыяльны і духоўны дыскамфорт і прыніжэнне, пісьменніку толькі заставалася пісаць аб жыцці ў жанры “і смех, і слёзы”: Атрымаў аванс за кнігу — пяць мільёнаў. Жах! Мільянер. А чаго варты мільёны? I куды ix дзяваць, калі яны абясцэньваюцца не па месяцах — па днях. Зноў гавораць аб падаражанні гарэлкі. Чацвёртае за пяць месяцаў 94-га. Калі Кебіч гэта зробіць, то можа пагарэць на выборах.

Пісьменнік жыве ў рэальных абставінах, і яго, як і іншых, хвалюе безграшоўе і шалёная інфляцыя: Аб грашах. Я не здымаў іх з тэрміновых укладаў, спадзяваўся на індэксацыю. Наіўна. Гады тры не адзначаў працэнты, індэксацыі. Было тады — 220 тысяч. Сума! Дзесяць «Волг», і яшчэ на каньяк і каўбасу засталося б. Цяпер, пасля ўсіх «індэксацый», з працэнтамі за тры гады — 420 тысяч. Месячная пенсія! Які дзікі грабёж! Ці быў яшчэ дзе такі? Гэта ўсе мае накапленні за 40 гадоў — ганарары за 120 выданняў, прэміі і дзяржаўныя, і ўсе іпшыя. Вось такое жыццё! Нашчадкі! Будзеце смяяцца ці будзеце спачуваць? Зварот пісьменніка да нас, яго нашчадкаў, якія, магчыма, змогуць яго зразумець і маральна падтрымаць, не можа не ўражваць і не хваляваць.

I зноў у дзённікавых запісах Івана Пятровіча сустракаем арганічнае перапляценне ўзвышанага, гераічнага з дасціпным жартам, у тым ліку — і ў адносінах да сябе самога: Дзякуй богу, 50-годдзе вызвалення Беларусі адзначаецца па-чалавечы. Успамінаюць гісторыю, перамогі Савецкай Арміі, партызан. У арганізацыях 50-годдзе адзначаюць застоллямі. Нават спопсары не скупяцца. Камітэт міру арганізаваў прыём на 50 чалавек. Царскі прыём. Два старшыні калгаса — Скавародка і Рубель — ахвяравалі па свіппі. Нішто сабе! Думаю, што ветэраны з’елі не больш трэці свіппі. Саюз пісьменнікаў таксама знайшоў спопсара. Без свіней. Учора там была сустрэча ветэранаў. Я не паехаў — знясілеў. Трымаюся. Але ўсё ж трохі вып’ю, хоць на другі дзень цяжка.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы жыцця, пісьменнік заўсёды застаецца самім сабой: ён — творца, і лёс літаратуры, як і лёсы яго сяброў, не могуць пакідаць яго абыякавым. Менавіта таму прыватная падзея — магчымы нявыхад з друку аднаго з нумароў часопіса “Полымя” — дае падставу для абагульненняў і наводзіць на сумныя разважанні: Пазваніў Іван Наву.мепка, амаль у паніцы: не выходзяць часопісы, а ў яго ў 7 нумары «Полымя» аповесць — трэцяя частка трылогі пра маленства і юнацтва. Разумею: нявыхад часопісаў — катастрофа для нас і смяртэльны ўдар па беларускай літаратуры.

I тут жа пісьменнік заўважае дзіўную супярэчнасць: з аднаго боку — рэальная свабода творчасці, адсутнасць ідэалагізаванай цэнзуры, а з другога — адсутнасць па-сапраўднаму высокамастацкіх, запатрабаваных часам твораў. Іван Шамякін, застаючыся “сынам свайго часу”, узрушана разважае, запрашаючы да выказвання ўласных меркаванняў іншых людзей: Дзіўна, што гэтая поўная свабода не вельмі раскавала нашага брата, некаторых, наадварот, скавала. Няма тэмы. Людзі сумленныя, аб’ектыўныя, нясмелыя ўвогуле на раздарожжы: яны не дазваляюць сабе паліваць брудам савецкую гісторыю, але не бачаць ніякага ідэалу ў сучаснасці, у скрыпучым неразумным звароце ў капіталізм. Бачаць, што нясе народу гэты капіталізм.

Як спасцігнуць таямніцы “творчай лабараторыі” пісьменніка, як “працуе” той нябачны “рухавік”, які дае яму дзівосны стан натхнення? На гэтыя і іншыя падобныя пытанні адказаць вельмі цяжка, тым больш што сам пісьменнік толькі канстатуе неабходнасць літаратурнай творчасці, апантанасць пісьменніцкай працай, шчыра і не без гумару гаворыць пра свае сумненні, пра свой “унутраны голас”, які паўтарае галоўную думку — “трэба пісаць!”: Гультай! Да фізічнай працы. Адно не лянуюся — пісаць. Заўтра здам кнігу і сяду за новую аповесць. Трэба пісаць! Хоць нярэдка абпякае думка: а навошта? Для каго? Пісаў Броўка, пісаў Мележ, Куляшоў, згарэў ад прабівання сваіх п’ес, ад сварак з дурнямі і перастрахоўшчыкамі Андрэй Макаёнак. I што? Андрэй неяк выказаўся: «Думаю, п’есы мае гадоў пяцьдзесят будуць ставіць». Увы, як кажуць рускія! Ружовыя мары нашы былі, дарагі сябра мой. I ўсё роўна — трэба пісаць! Да таго ж: Што пісаць? Гісторыю? Вернасць ідэі, рэлігіі? Ці вар’яцкую сучаснасць? Вагаюся ўжо месяц. А пісаць трэба, пакуль ёсць сіла.

Здольнасць да ўнутранага крытычнага самааналізу — выдатная якасць і Шамякіна-пісьменніка, і Шамякіна-чалавека. I зноў бачым у шамякінскім дзённіку “адзінства супрацьлегласцей”: сёння ён вельмі задаволены сваім выступленнем перад настаўнікамі (Прагаварыў дзве гадзіны — пра сябе, пра «біяграфію» твораў, пра сённяшні стан грамадства і літаратуры. Сам сабе падабаўся. Слухачы — настаўнікі — слухалі ўважліва. Шкада, што нельга было запісаць такое выступленне), а заўтра яго засмучае, непакоіць “дробязь”, звязаная з адчуваннем старэння (Учора быў на дачы і перажыў непрыемныя хвіліны. Вырашыў абрэзаць галіну яблыні, што лягла на дах веранды. Пералезці туды трэба было з балкона. Мінулым летам лёгка пералазіў — здымаў яблыкі. Учора ледзьве перабраўся цераз парэнчы ў метр вышынёй. Дрэнна. Трэба хадзіць! Трэба жыць!).

Пэўнае “раздваенне асобы”, шчырая гутарка з “двайніком”, унутраным “я” — таксама неад’емная асаблівасць штодзённага жыцця пісьменніка: Сёння па-летняму цёпла. Прыехалі дзеці. Узняўся настрой. Бяздзейнічаю, а час ляпіць. У змрочныя дні, калі не пішу, час цягнецца аднастайна, нудна. Часам хочацца, каб хутчэй скончыўся такі дзень. А потым думаеш: а навошта — хутчэй? Куды спяшаешся, Іван? У магілу?

Не могуць пакінуць чытача абыякавым наступныя разважанні Івана Шамякіна, якія сведчаць пра яго крытычнае стаўленне да сябе, пра яго здольнасць да “самахарактарыстыкі”: Мог бы я быць прэзідэнтам? Не. Я лёгка паддаюся ўплывам. У мяне слабая сіла волі. Добра гэта ні дрэнна? Бог знае.

Увогуле: якія складнікі мае “карціна свету” пісьменніка? Што яго цікавіць? Цяжка не пагадзіцца з Іванам Пятровічам Шамякіным у тым, што сапраўдны майстра літаратуры неабыякавы да ўсяго навакольнага асяроддзя: Прачынаюся пасярод ночы і валяюся дзве-тры гадзіны. І што толькі не лезеў галаву! Во каб запісаць! Такога яшчэ ніхто не стварыў, ніякі Кафка і Пруст. Мутны паток успамінаў, разваг, гіпотэз, меркаванняў, спадзяванняў, самых неверагодных. Ад праблем глабальных, касмічных да бытавых дробязяў.

Менавіта такое ўсеабдымнае вымярэнне — ад касмічных праблем да бытавых дробязяў — мае мастацкі свет Івана Шамякіна.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Галоўка, С. Жыццёвая плынь Івана Шамякіна / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2016. — № 2. — С. 12-19.

Аўтар: У.І. Коваль
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы VI Міжнар. навук.-практ. канф., Мазыр, 27 верас. 2019 г. / УАМДПУ імя I. П. Шамякіна; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя I. П. Шамякіна. 2019. — С. 6-9.