Іван Пятровіч Шамякін

0
6983
Иван Шамякин, беларуская літаратура

Адзін з самых выдатных і вядомых беларускіх празаікаў – Іван Пятровіч Шамякін – належыць да ліку тых пісьменнікаў, якія адлюстроўваюць пераважна бягучы дзень сучаснага жыцця. Ён прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але хутка адкрылася, што праблемы сучаснасці – яго асаблівая мастакоўская страсць. Яго творчасць – дакладнае люстэрка бягучай плыні чалавечага быцця з яго яшчэ неўстаялымі, не завершанымі працэсамі, дзе так шмат значаць воля чалавека, яго імкненні, талент і працаздольнасць. Героі І. Шамякіна – людзі блізкія і зразумелыя чытачу.

Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Сям’я была малазямельнай, і бацька з 1925 г. стаў працаваць лесніком у Цярэшкавічах Гомельскага раёна. Як успамінаў пасля пісьменнік, пераезд сям’і на месца бацькавай леснікоўскай службы быў яго першым моцным жыццёвым уражаннем. Потым бацька яшчэ мяняў месца службы: Пясочная Буда, Краўцоўка. У школу давялося пайсці толькі ў дзесяць гадоў. Да пятага класа Іван Пятровіч вучыўся ў Краўцоўцы. Пасля даводзілася часта мяняць школы з-за частых пераездаў сям’і, але нягледзячы на гэта, навука давалася лёгка. Закончыўшы сем класаў Макаўскай школы (Гомельскі р-н), паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў.

Жыццё ў шматлікіх леснічоўках-“стражах” навучыла будучага пісьменніка любіць прыгажосць роднага краю. Не пазбегнуў ён і тыповай для сялянскага хлопца долі пастуха. І. Шамякін прызнаваўся ў аўтабіяграфіі: “Жылі мы пад Краўцоўкай параўнаўча багата і шчасліва. Праўда былі і там горкія часіны. Я ўспамінаю, як бацька прымусіў мяне, васьмігадовага хлапчука, пасвіць кароў. У леснікоў у той час кароў было многа, ім прыводзілі з вёсак за пэўную плату бычкоў і цялушак “на адпас”. Помню, мне прыйшлося пасвіць штук дзесяць. Будзіла мяне маці са слязамі на вачах а пятай гадзіне раніцы. А вясна была мокрая, і камароў было – хмары, такую колькасць машкары я пазней ніколі не бачыў, нават на поўначы, ў тундры. Каровы ад мяне, як правіла, уцякалі, я хадзіў з пабітымі нагамі, з падрапаным тварам і са страхам у сэрцы, чакаючы лупцоўкі ад бацькі за тое, што не ўпільнаваў іх. Пакутлівы быў мой першы год пастушковай дзейнасці”.

Затое пазней, калі падрос і асвоіўся, пасвіў жывёлу ахвотна і нават з радасцю, таму, што была магчымасць пабыць у лесе.

Да чытання прыахвоціўся і па-сапраўднаму палюбіў кнігу ў час, калі сям’я жыла каля вёскі Церуха. Навучыўся чытаць яшчэ да школы. Пісьменнік згадваў: “За год да школы бацька купіў мне буквар, паказаў літары, і праз якія два месяцы я стаў чытаць лепей, чым ён. Ён слухаў маё чытанне, задаволена ківаў галавой і казаў:
– Быць табе ляснічым!”

Але сын захапіўся літаратурай. У тэхнікуме ён пачаў пісаць вершы і стаў членам літаратурнага аб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”. Спрабаваў пісаць апавяданні.

У 1940 г. І. Шамякін закончыў тэхнікум і быў накіравны ў Беласток. Працаваць давялося нядоўга – быў прызваны ў армію. Служыў у Мурманску, у зенітна-артылерыйскай часці. Там застала вайна. Яго вайсковая часць абараняла Мурманск, Кандалакшу і Петразаводск ад налётаў фашысцкай авіяцыі. Быў камандзірам гарматы, камсоргам дэвізіёна. Пісаў вершы і друкаваўся ў армейскіх газетах.

У 1944 г. І. Шамякін напісаў на беларускай мове апавяданне “У снежнай пустыні”, потым аповесць “Помста” (1946). З гэтага часу і пачынаецца сур’ёзная праца пісьменніка ў літаратуры.
У канцы вайны артылерыйская часць, у якой служыў І. Шамякін, была перакінута ў Польшчу, потым – у Нямеччыну. Нарэшце вайна скончылася і прыйшла доўгачаканая перамога.

Пасля дэмабілізацыі І. Шамякін вырашыў пакінуць прафесію тэхніка па будаўнічых матэрыялах і стаць выкладчыкам мовы і літаратуры. На гэтае рашэнне, безумоўна, паўплывала схільнасць да літаратурнай творчасці. Пісьменнік у аўтабіяграфіі прызнаваўся: “Дэмабілізаваўся я ўвосень 1945 года, як спецыяліст. Але ад спецыяльнасці маёй, безумоўна, нічога да таго часу не засталося, бо я ніколі не быў тэхнікам і толькі па юнацкаму неразуменню трапіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў”.

Стаў працаваць настаўнікам у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 г. паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.

У снежні 1945 г. І. Шамякін удзельнічаў у рабоце першага пасляваеннага пленума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, адкуль ён вынес шмат уражанняў і моцнае натхненне для далейшай творчай працы. “…Я з натхненнем, з творчым хваляваннем і гарэннем збіраў матэрыял для будучага рамана аб беларускіх партызанах”. Гэтым творам стаў раман “Глыбокая плынь”, закончаны ў 1948 годзе.

Раман вельмі добразычліва сустрэлі чытачы і крытыкі, і за яго пісьменніку ў 1951 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

У 1948 г. І. Шамякін паступіў вучыцца ў Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў з сям’ей у Мінск. Пасля заканчэння школы прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.

Потым працаваў галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна” (цяпер часопіс “Неман”). З 1954 г. працяглы час быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 г. – сакратар праўлення, з 1976 г. – першы сакратар СП Беларусі. З 1980 г. па 1992 г. галоўны рэдактар Беларускай Энцыклапедыі. Быў абраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (двойчы), Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга (тройчы), Айчыннай вайны, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі, Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат юбілейнай літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978).

І. Шамякін быў актыўным грамадскім дзеячом. Многа разоў выбіраўся ў партыйныя камітэты розных узроўняў, у мясцовыя саветы. Член ЦК КПБ з 1976 г., Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985), Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985), Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1980-1989). З 1987 г. старшыня Беларускага камітэта абароны міру. У 1963 г. наведаў ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі на 18 сесію Генеральнай Асамблеі ААН (свае ўражанні ад гэтай паездкі ён перадаў у дзённіку “Два месяцы ў Нью-Йорку”).

Творча, плённа і самааддана працаваў народны пісьменнік Беларусі і ў апошнія гады свайго жыцця. Напісаныя ім аповесці “Слаўся, Марыя!”, “Пошукі прытулку”, “Губернатар” сталі адметнай з’явай у развіцці сучаснай беларускай літаратуры.

На жыццё Івана Шамякіна прыпала Вялікая Айчынная вайна, змены і многія падзеі ў грамадстве. Ен прайшоў шлях ад вясковага падлетка, сына лесніка да знакамітага пісьменніка. Больш чым паўстагоддзя ен аддаў працы ў літаратуры, пакінуў нам у спадчыну дзесяткі кніг – мастацкі летапіс народнага лёсу ў ХХ стагоддзі. Сёння Івана Пятровіча няма разам з намі. Але жывуць яго кнігі, жыве пвмяць тых, каму пашчасціла ведаць яго, быць побач. Жыве удзячнасць чытачоў.
Няма сумненя, што імя пісьменніка захаваецца ў памяці нашчадкаў, бо зробленае ім значна ўзбагаціла скарбніцу не толькі нацыянальнай, але і сусветнай культуры.

14 кастрычніка 2004 года Іван Шамякін адышоў у вечнасць.

Вехі жыцця

30 студзеня 1921 года, дзень нараджэння – сяло Карма Кармянскай воласці Гомельскага павета Гомельскай губерні РСФСР.
1936 – І. Шамякін закончыў Макаўскую сямігадовую школу Пракопаўскага сельсавета Церахоўскага раёна. У тым жа годзе паступіў на вучобу ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Удзельнічаў у літаратурным аб’яднанні пры абласной газеце “Гомельская праўда”.
1940 – заканчвае тэхнікум і па размеркаванню працуе ў далучанай да БССР Заходняй Беларусі – у райпрамкамбінаце ў г. Беластоку (цяпер Польшча). У тым жа годзе прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію, служыць у г. Мурманску.
1941 – 1945 – удзел у Вялікай Айчыннай вайне, у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы, у штурме Берліна.
1945, кастрычнік – дэмабілізацыя; працуе настаўнікам Пракопаўскай школы Церахоўскага раёна. У двух апошніх нумарах за той год часопіс “Полымя” надрукаваў яго першы буйны твор – аповесць “Помста”.
1946 – паступае на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В. Чкалава.
1947 – уступленне ў члены Саюза пісьменнікаў БССР.
1948 – накіраваны на вучобу ў Рэспубліканскую Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пераезд на пастаяннае жыхарства ў Мінск.
1949 – Асобнымі выданнямі выйшлі з друку раман “Глыбокая плынь” (папярэдне друкаваўся ў часопісе “Полымя”) і зборнік апавяданняў “На знаёмых шляхах”. Узнагароджанне ордэнам “Знак Пашаны”.
1950 – заканчэнне вышэйшай партыйнай школы. Назначэнне галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”, які выдаваўся ў Мінску на рускай мове.
1951 – за раман “Глыбокая плынь” малады пісьменнік удастоены Сталінскай прэміі (Дзяржаўнай прэміі СССР).
1954 – І. П. Шамякін выбраны намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР і членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР.
1955 – узнагароджанне першым ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
1957 – выдадзены раман “Крыніцы”.
1959 – узнагароджанне другім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
1963 – выйшаў з друку раман “Сэрца на далоні”.
1964 – Асобным выданнем надрукаваны цыкл аповесцяў – пенталогія “Трывожнае шчасце”.
1968 – выдадзены раман “Снежныя зімы”.
1971 – святкаванне 50-годдзя з дня нараджэння. Узнагароджанне трэцім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Выбранне Старшынёй Вярхоўнага Савета Беларускай ССР – г. зн. кіраўніком парламента краіны.
1974 – выйшаў з друку раман “Атланды і карыятыды”.
1976 – выбранне кандыдатам у члены ЦК КПБ. Узнагароджанне ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
1979 – выдадзены раман “Вазьму твой боль” і Збор твораў у шасці тамах.
1980 – выбранне членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. Назначэнне галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.
1981 – член ЦК КПБ, дэлегат ХХVІ з’езда КПСС. За вялікія заслугі ў развіцці савецкай літаратуры, плённую грамадскую дзейнасць і ў сувязі з 6О-годдзем І. П. Шамякіну прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
1991 – надрукаваны раман “Злая зорка” аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы.
1993 – 2004 – публікацыя буйных твораў “Падзенне”,”Сатанінскі тур”, “Палеская мадона”, “Вялікая княгіня”, “Слаўся, Марыя!”, “Пошукі прытулку”, “Стары рамантык”, “Начныя ўспаміны” і інш.
Снежань 2000 – студзень 2001 – урачыстасці з нагоды 80-годдзя І. П. Шамякіна з удзелам грамадскіх арганізацый г. Мінска, Масквы, Гомеля і Добрушскага раена.
26 студзеня 2001 г. – узнагароджанне ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
12 красавіка 2002 г. – уручана прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.
14 кастрычніка 2004 г. – дата смерці пісьменніка.

http://shamyakin-goub.iatp.by/