История газеты «Гомельское слово»

0
45
Гомельское слово газета

«Гомельское слово» — грамадска-палітычная і літаратурная газета расійскага вялікадзяржаўна-нацыяналістычнага кірунку. Выдавалася з 6(19).4.1911 да 6(19).5.1912 у Гомелі на рускай мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактар А.I. Бяляеў, выдавец (з 1912 рэдактар-выдавец) М.А. Карпаў.

Прымыкала да мясцовага аддзела Саюза рускага народа. Сваёй задачай аб’явіла “абуджэнне рускай самасвядомасці і ўмацаванне яе, пропаведзь адзінства і аб’яднання на глебе маральных і літаратурных інтарэсаў” (6.4.1911). Адмаўляла нацыянальную самастойнасць беларускага народа, ігнаравала яго мову, літаратуру, культуру. Газета друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзяржаўнай думы, агульную і мясцовую хроніку, тэлеграмы і карэспандэнцыі, тзатральныя і літаратурныя агляды. бібліяграфію і публіцыстыку (“фельетоны”), біржавую інфармацыю і абвесткі, афіцыйныя ўрадавыя матэрыялы, перадавыя артыкулы “па пытаннях палітычных, эканамічных, грамадскіх і царкоўных”. Друкавала справаздачы пра дзейнасць Усерасійскага нацыянальга саюза (15.4.1911), вынікі свайго “даследавання”, паводле якога высветлілася, што “ў мясцовасцях, дзе найбольш адчуваецца прыгнёт панавання іншародцаў, у рускім грамадстве моцна адчуваецца руская нацыяналістычная плынь” (17 і 22.4.1911). Выступала за стварэнне сялінскага і інш. кааператываў з мэтай выцяснення шматлікай праслойкі гандляроў і спекулянтаў. Друкавала выступленні лідэра расійскіх  нацыяналістаў, дэпутата Дзяржаўнай думы У.А. Бобрынскага, які аб’явіў “вышэйшыя  саслоўі” краю здраднікамі “рускай культуры” і сцвярджаў, што толькі “заходнярускі народ” застаўся апорай расійскай даяржаўнасці (27.5.1911). Прапагандавала артыкулы лідэра мінскага аддзела Усерасійскага нацыянальнага саюза Дз.В. Скрынчанкі. Выступала супраць сацыял-дэмакратычнага руху і левых кадэтаў, мясцовай газеты “Полесье” і інш.  дэмакратычных выданняў. Прапагандавала палітыку П.А. Сталыпіна, яго земскую рэформу на Беларусі і ў Літве, хутарызацыю сельскай гаспадаркі. Шмат матэрыялаў газета прысвяціла гібелі Сталыпіна (4-21.9.1911), называла яго “вялікім будаўніком Рускай зямлі”. Літаратурна-крытычныя ацэнкі газеты грунтаваліся на апалагетыцы рускай класікі ў афіцыйна-патрыятычным духу і адмаўленні тагачаснай прагрэсіўнай літаратуры, якая выкрывала заганы грамадска-палітычнага жыцця. Станоўча ацэньвала навуковую  дзейнасць рускага гісторыка В.В. Ключэўскага, пры гэтым перабольшвала і ўхваляла кансерватыўныя, манархічныя тэндэнцыі ў яго поглядах на рускую гісторыю.

Аўтар: Уладзімір Конан
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 82.