Беларускія традыцыі парламентарызму толькі пачынаюць пa-сапраўднаму прыцягваць увагу айчыннай гістарычнай навукі. Не шмат у нашай гістарыяграфіі прац, прысвечаных гісторыі соймаў i соймікаў у перыяд уваходжання Вялікага Княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай, яшчэ вядома пра грамадска-палітычнае жыццё на лакальным узроўні. На жаль, сучасны стан крыніц дазваляе рэканструяваць толькі фрагменты вірлівай палітычнай актыўнасці беларускай шляхты ў Навачассі. Адной з такіх значных падзей ў беларускай гісторыі, няслушна занядбанай даследчыкамі з’яўляецца знакаміты рокаш Зэбжыдоўскага, грамадскі і вайсковы рух шляхты Рэчы Паспалітай за адстойванне сваіх правоў у 1606-1607 гг. З часоў рокашу захавалася дастаткова прадстаўнічае кола дакументальных матырыялаў, якія датычацца ВКЛ, у тым ліку каштоўная інструкцыя з Рэчыцы на сойм 1607 г., пра якую гаворка пойдзе ніжэй.
Рэчыцкая інструкцыя на сойм 1607 г. Уваходзіць у лік трох вядомых на сёння павятовых наказаў рэчыцкай шляхтыза першую палову XVII ст.1. Дакумент не з’яўляецца арыгіналам i захаваўся ў выглядзе копіі ў складзе рукапіснага зборніка, які знаходзіцца ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве2. Складзена інструкцыя на польскай мове на перадсоймавым сойміку ў Рэчыцы 26.ІІІ.1607 г., які адбыўся напярэдадні вальнага варшаўскага сойму, пачатак якога паводле інструкцыі прыпадаў на 7.V. 1607 г.3.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Статута ВКЛ 1588 г. шляхта абірала на перадсоймавым сойміку павятовых паслоў, якімі, згодна з рэчыцкай інсгрукцыяй 1607 г., сталі Балтазар Стравінскі i Іван Солтан. Пpa рэчыцкіх паслоў захавалася пзўная інфармацыя.
Першы з ix – Балтазар, ці Бальцар, Стравінскі, названы ў дакуменце троцкім цівуном, належаў да адгалінавання роду якое карысталася гербам Суліма4. Кар’ерны рост Б. Стравінскага адбываўся напрацягу 1594-1631 гг.: у 1594 г. ён атрымлівае ўрад троцкага цівуна, далей, у 1615 г. – мазырскае староства, з 1624 г. з’яўляўся берасцейскім, з 1627 г. – смаленскім кашталянам, а вяршыняй ято ўздыму cтаў урад менскага ваяводы, які ён займаў з 1631 г. да смерці ў лютым 1633 г.5. Актыўнасць праяўляў Б. Стравінскі i як парламентарый (пасол на сойм 1598 г.), i як дэпутат скарбовага Трыбуналу ВКЛ, уваходзіў у склад камісій6. Магчыма, на прасоўванне пры Жыгімонце ІІІ па службовай лесвіцы паўплываў факт ўдзелу Б. Стравінскага менавіта ў працы сойма 1607 г.
Пра другога пасла дакладнай інфармацыі бракуе, хаця Солтаны i належалi да вядомага ў рэчыцкім павеце роду. Відавочна, гэта той Іван Солтан, які ў 10.ХІІ.1620 г. атрымаў намінацыйны прывілей на пасаду рэчыцкага войскага па Пятру Зінкевічу Ціхвінскаму7, а 18.XII.1620 г. перадаў урад “кансэнсам” свайму сыну, таксама Івану Солтану, бо не мог выконваць належныя функцыі з-за слабога зроку “więcej przez starość у odcięcie wzroku”8.
Польскі гісторык Г. Віснэр, які звяртаўся да вывучэння асаблівасцей, механізмаў i паслядоўнасці ракашовых падзеяў у ВКЛ, сцвердзіў, што іх апагей у Літве прыпаў на 1606 г., а пераломным момантам у стабілізацыі сітуацыі з’яўляюцца перамовы паміж прыхільнікамі караля i ракашанамі, у выніку якіх была заключана дамова ў Янаўцы над Віслай 4-8.Х.1606 г. У наступныя месяцы шляхта i магнаты ВКЛ, падпарадкаваўшыся “варункам дамовы, а дакладней… каралеўскай волі” не жадалі надалей падтрымліваць пачынанняў кароннай шляхты9. Такім чынам, складзеная ў 1607 г. у Рэчыцы інструкцыя адлюстроўвае настроі мясцовай шляхты толькі ў фінальнай фазеканфлікту паміж уладай i грамадствам.
Уступная частка інструкцыі дазваляе высветліць адносіны яе аўтараў да рокашу. Уласна выступление супраць караля і яго галоўны вынік – апанаваўшая шляхту нязгода, тракуецца ў інструкцыі як Божае пакаранне: “pod ten czaszałosny barzo, gdy Pan Bog słusznie za grzechy nasze wielką niezgodą nawiedziez raczył”. Скліканне ж сойму ў інструкцыі прадстаўлена як вялікая ласка i выкананне абяцанняў з боку карапя, як сродак “poleczenia praw i urazów”. Не былі задаволеныя рэчыцкія шляхціцы тым, што ў Кароне Польскай ракашовыя падзеі набылі працяг, адсюль патрабавалі ад паслоў, каб кароль з гэтай нагоды зрабіў справаздачу перад соймам.
Першы пункт інструкцыі засведчвае пільны клопат рэчыцкай шляхты пра адзінства Айчыны, пад якой разумелася Рэч Паспалітая. Пры гэтым галоўная заслуга ў зберажэнні дзяржавы прыпісвалася Жыгімонту III, якому паслы павінны былі падзякаваць “za zatrzymanie s pilną żałością w całości Oyczyzny naszej zatrząsnionych czasiech”. Прадстаўнікам ад рэчыцкай шляхты, як і палачанам, загадвалася прывітаць караля, аднак у дакуменце бракуе традыцыйнага выразу пра пацалаванне каралеўскай рукі, які, дарэчы, сустракаецца ў інструкцыі віцебскай шляхты на той жа сойм10. Цалкам магчыма, што адсутнасць фразы не з’яўляецца выпадковай. Б. Стравінскі і І. Солтан абавязваліся адразу пасля праслухоўвання каралеўскага паслання і прамоў сенатараў прыступіць да вырашэння спраў Рэчы Паспалітай і выпраўлення права згодна з абяцаннямі Жыгімонта III. Пры гэтым трэба звярнуць ўвагу на тое, што яны мусілі дзейнічаць супольна з іншымі пасламі.
Сойм 1607 г. мае адметнасць не толькі з улікам яго кансалідацыйнай ролі для вырашэння складанейшых унутрыпалітычных спраў, але i таму, што менавіта напярэдадні гэтага форума Жыгімонт III паспрабаваў скіраваць увагу шляхецкага грамадства ад унутрыдзяржаўных да знешнепалітычных праблем. Гэтай мэце мусіла служыць ідэя вайны з маскоўскай дзяржавай, якая саспела пры двары ў канцы 1606 г. і знайшла свай адбітак у каралеўскай інструкцыі на павятовыя перадсоймавыя соймікі 1607 г.11. Змест гэтага дакумента быў вядомы рэчыцкай шляхце, і, як заўважыў знакаміты польскі даследчык Я. Мацішэўскі, яна прарэагавала на прапановы караля на фоне іншых паветаў дастаткова незвычайна: калі ўсе вядомыя павятовыя інструкцыі ад ВКЛ i Кароны ці востра крытыкавалі інтэрвенцыйныя намеры караля, ці ўвогуле абыходзілі гэты пункт, то рэчыцкая шляхта наадварот заняла пазіцыю блізкую да прапаноў караля i нават дапускала магчымасць захопу Севершчыны12: з інструкцыі вынікае, нібы северскія землі самі гарнуліся да Рэчы Паспалітай, а інфармацыя пра гэта паходзіла непасрэдна з маскоўскай мяжы13. Але падчас працы сойма справы адносінаў з Масквой не былі тэмай для дыскусіяў14.
Адказала рэчыцкая шляхта i на актуалізаваную ў каралеўскай інструкцыі іншую знешнепалітычную праблему Рэчы Паспалітай, якая закранала ўласна Карону Польскую – адносіны з Турцыяй15. Рэчыцкія шляхціцы падышлі да турэцкай тэмы з улікам інтарэсаў ВКЛ: з турэцкім цэсарам прапаноўвалася працягнуць перамір’е, казакоў жа, якія шкодзяць добраму суседству з туркамі, належала пакараць, а рэзервы накіраваць у Інфлянты, пакінуўшы на абарону Украіны кварцяныя войскі. Прапановы рэчыцкай шляхты выглядаюць i ў дадзеным выпадку больш радыкальнымі ў параўнанні з палачанамі і віцеблянамі, якія задаволіліся толькі нязначнымі заўвагамі.
Актуальней для рэчыцкай шляхты была праблема выплат грошай жаўнерам, якія ваявалі ў Інфлянтах. Сканфедэраваныя вайскоўцы, не атрымаўшы заробку, непасрэдным чынам шкодзілі не толькі ў каралеўскіх эканоміях, але і шляхецкіх добрах, i гэтыя страты, на думку аўтараў інструкцыі належала ўлічыць пры пазнейшых выплатах вайскоўцам. Здзіўляў рэчыцкіх абывацеляў сам факт адсутнасці сродкаў у скарбе, паколькі, па іx словах “nakozdy seim contributie i pobory na zołnieze inflaskie dajemy”. Прычыны такога становішча шляхта бачыла ў злоўжываннях падскарбія i яго падначаленых, ад якіх патрабавалі рабіць справаздачы пра выдаткаванне сродкаў, сабраных на інфлянцкую кампанію. Рэчыцкая шляхта натойвала на тым, каб былі знойдзены грошы на далейшае вядзенне вайны “poparciem dalszej wojny provintia iflanska od tego nieprzyjaciela oswobodzona była”.
Пэўнай стомленасць павейвае ад пункта, дзе ішла гаворка пра захаванне праў i вольнасцей шляхецкіх: адзначалася, што такі пастулат на соймах паўтараўся шматкроць. Паслы павінны былі нарэшце дасягнуць на сойме згоды па гэтым пытанні, і імкнуцца забяспечыць унутраную i знешнюю стабільнасць дзяржавы.
Звычайнымі для інструкдый, складзеных ва ўкраінных паветах ВКЛ, да якіх належаў i Рэчыцкі, былі патрабаванні аднавіць i забяспечыць мясцовыя замкі. Перад соймам 1607 г. гэты пункт быў градыцыйна ўжыты ў рэчыцкай інструкцыі з наступнымі ўдакладненнямі: шляхта патрабавала вярнуцьгарматы, узятыя з Рэчыцы яшчэ Налівайкам, якія пасля падаўлення казацкага паўстання засталіся ў Кароне. Да гэтага прасілі дадаць болей гармат, бо Рэчыцкі замак “potrzebny у nablizszy od Moskwy”, a таксама аднавіць i забяспечыць Рагачоўскі замак.
Нягледзячы на відавочную памяркоўнасць тону інструкцыі, яе складальнікі дапускалі адкрыта функцыянальнае разуменне каралеўскай улады i магчымасць увогуле абысціся без манаршай згоды. Так, у дакуменце выказвалася цвёрдая ўпэўненасць, што кароль, “według powinnosci i przysięgi swej Pańskiej” павінен пацвердзіць усе пералічаныя пункты, a калі “Boże uchowaj” гэта не здарыцца, то паслы сумесна з іншымі маюць усё абмеркаваць i прыняць. Аднак, гзтая перасцярога ніяк не паўплывала на вынікі працы сойма.
Прапанаваныя рэчыцкай шляхтай пункты былі фактычна цалкам праігнараваныя пры складанні соймавых канстытуцый у 1607 г. Бадай, адзіная прапанова, якая была вылучана на рэчыцкім сойміку і трапіла ў збор законаў, датычыліся скасавання забеспячэння памёрлай каралевы16. Параўненне рэчыцкай інструкцыі з полацкай сведчыць, што толькі ў рэдкіх выпадках у цэнтры ўвагі шляхты дадзеных рэгіёнаў знаходзіліся агульныя праблемы: выплата жаўнерам жалавання, забеспячэнне каралевы i некаторыя іншыя. Адметнасць рэчыцкай інструкцыі, у параўнанні з паўночнабеларскімі (полацкай i віцебскай), было слабое адлюстраванне лакальных інтарэсаў, i нават адзіная ў дакуменце петыцыя датычылася віленскага ўрадніка: ад Рэчыцкага павета прагучала просьба адзначыць заслугі Яна Осьціка, віленскага земскага суддзі ў 1595-1611 гг.17. Увогуле інструкцыя мае кампрамісны характар i накіравана на падтрымку ідэі кансалідацыі шляхецкага грамадства i дзяржавы.
- Галубовіч В. Дзве інструкцыі паслам на сойм ад шляхты Рэчыцкага павета з часоў панавання Жыгімонта Вазы // Чацвёртыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца, 18-19 верасня 2003 г.): У 2 ч. Ч. 2.: Рэчыца ў часе і прасторы: 790 год заснавання горада. – Гомель, 200. – С. 0-5.
- Biblioteka PAU i PAN w Krakowie. – Rkp. 360, – S. 192-194.
- Паводле ЭГБ. (T. 6. – Kн. 1. – Мh., 2001. – C. 380.), сойм праходзіў 9.V.-1.VI.1607 г.
- Niesiecki K. Herbarz Polski. – Lipsk. 1841. – T. VIII. – S.534-535.
- Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T.IV. Ziemie Smoleńska i województwo Smoleńskie XIV-XVIII wiek. Spisy. Opracowal H. Lulewicz, A. Rachuba, P.P. Romaniuk. – Warszawa. 2003. – S.395.
- Niesiecki K. Herbarz Polski. – Lipsk. 1841. – T. VIII. – S.535.
- НГАБ у Менску. – КМФ-18. – Cnp. 89. – aрк. 431-431 адв.
- Там сама.. – КМФ-18 – cnp. 96. – Арк. 331-331 адв.
- Wisner H. Zygmunt III Waza. – Wrocław, 1991. – S.92; Wisner H. Litwa wobiec rokoszu // Kwartalnik Historyczny. –1979. – R.79.Z.2. – S.294.
- Biblioteka PAU i PAN w Krakowie/ Rkp. 360. – 190 адв.; Rkp. 365. – S. 24-25.
- Maliszewski J. Polska a Moskwa 1603-1618. Opinie i stanowiska szlachty polskiej. – Warszawa, 1968. – S. 125
- Taм сама. – S. 130-131.
- Biblioteka PAU i PAN w Krakowie, rkp. 360, – S. 193.
- Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603-1618 – S.132.
- Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszwie, Archivum Radziwiłłow, dział II, księga 12. – S.178.
- Volumina legum. T.II. Petersburg, 1859. – S.437. Тут маецца на ўвазе першая жонка Жыгімонта ІІІ – Ганна, якая памерла яшчэ ў1598 г.; Wisner Н. Zygmunt III Waza. – S. 84.
- Urzędnicz Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T.I. Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek. Spisy. – Warszawa,2004. – S.172.
Аўтар: Віталь Галубовіч (Гродна, Беларусь)
Крыніца: Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца, 22-23 верасня 2005 г.) / Рэд. кал. В.М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. – Гомельск. дзярж ун-т імя Ф.Скарыны (Навук.-дасл. ін-т гісторыі і культуры усходнеславянскіх народаў), Рэчыцкі раённы выканаўчы камітэт – Гомель: Гомельск. дзярж. ун-т імя Ф.Скарыны, 2005.