У першай палове ХІХ ст. будаўніцтва іканастасаў у беларускіх храмах было настолькі маштабным і масавым, якім, бадай, яно больш ніколі не было ў беларускай гісторыі. Гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Так, пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай шэраг уніяцкіх цэркваў быў пераведзены ў праваслаўе. Гэтыя працэсы адбываліся ў 1795-1796 гг. А ў 1839 г. увогуле існаванне грэка-каталіцкай канфесіі на беларускіх землях было спынена. У значнай колькасці “новадалучаных” да праваслаўя храмаў іканастасаў на той час не было, бо ўніяцкая Царква перыяд свайго існавання лацінізавалася, што праявілася акрамя ўсяго іншага і ў змене інтэр’ераў з грэчаскага на лацінскі лад. Таму натуральна, што перавод з Уніі ў праваслаўе суправаджаўся і пераабсталяваннем унутранай сакральнай прасторы. Перш за ўсё вымагалася ў такіх храмах усталяваць іканастас. Таму значная колькасць тагачасных царкоўных дакументаў прысвечана пытанням вырабу апошніх. І, як ні дзіўна, найбольш такіх крыніц, якія нам вядомыя, асвятляюць стан па Мазырскім і Рэчыцкім паветах Мінскай губерні.
Адным з найбольш запатрабаваных майстроў рэгіёну, які плённа працаваў у 1830-1840-ыя гг. у гэтай мясцовасці, быў Стэфан Пятровіч Сулкоўскі. Гэтай асобе былі прысвечаны два нашыя артыкулы, у адным з якіх рэканструявана яго біяграфія [19], а ў другім даследаваны іканастас мястэчка Васілевічы, для якога ён пісаў абразы [18]. Нам вядомыя 24 царквы, для іканастасаў якіх ён стварыў з 1832 па 1858 год абразы. А самы позні ягоны заказ, які ўдалося вызначыць, гэта абнаўленне ў 1861 г. абраза “Божая Маці Адзігітрыя” (меў дарчы надпіс і дату 1712 г.) у Пакроўскай царкве в. Пагост-Загародскі Пінскага павета [3, арк. 10].
Стэфан Сулкоўскі быў сынам уніяцкага святара Пятра Сулкоўскага, які да скасавання Уніі служыў у царкве в. Азяраны Мазырскага павета [19, с. 28]. Натуральна, што Стэфан і працаваў пераважна ў гэтым рэгіёне: ён выконваў заказы для цэркваў, якія знаходзіліся ў асноўным у Мазырскім, Рэчыцкім, Пінскім, Бабруйскім паветах Мінскай губерні. Выключэннем з’яўляюцца храмы ў Міры (Навагрудскі павет) і Вілейцы (цэнтр аднайменнага павету). Для нашага разгляду цікавасць уяўляюць 15 цэркваў, якія размяшчаліся ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах: Троіцкая царква у в. Глушкавічы і Ільінская царква ў м. Тураў (іканастасы напісаны ў 1832 г.); Троіцкая царква у в. Сімонічы, царква Нараджэння Багародзіцы м. Лахва, Уваскрасенская царква в. Альгомель, Троіцкая царквы в. Сітніца, Міхайлаўская царква в. Рычаў (1837); Уваскрасенская царква ў в. Радзіловічы, царква Нараджэння Багародзіцы в. Данілегавічы, Крыжаўзвіжанская царква ў в. Вярэсніца, Троіцкая царквы ў в. Аздамічы (1838 г.); Мікалаеўская царквы ў в. Тонеж (1840 г.), Міхайлаўская царква в. Рубель (1842 г.) — у Мазырскім павеце; царква Св. Мікалая ў м. Васілевічы і Крыжаўзвіжанская царква ў в. Мухаеды (1840 г.) — у Рэчыцкім павеце [19, с. 35].
З архіўных справаў нам удалося выявіць малюнкі чатырох іканастасаў, над якімі працаваў С. Сулкоўскі, два з якіх знаходзіліся ў цэрквах разглядаемага рэгіёну. Так, уласна ім быў замаляваны чатырох’ярусны іканастас у васілевіцкай царкве. На малюнку нават пазначана, у якіх месцах размяшчаны абразы якіх сюжэтаў. Гэта з’яўляецца каштоўнай крыніцай для вывучэння праграмы іканастаса [18, с. 348, іл. 1]. А на іншым аркушы зафіксаваны іканастас у царкве Тонеж (аўтарства малюнка дакладна не вядома), для якой яшчэ ў 1834 г., калі толькі пачаліся работы па яго вырабу, над ім працаваў Пётр Міхайлавіч Сулкоўскі — бацька Стэфана, які таксама ўмеў маляваць. Ім былі напісаны мясцовыя абразы [19, с. 29, іл. 2]. Аднак пазней работы працягваў сын. Іканастасы ў Васілевічах і Тонежы, замаляваныя С. Сулкоўскім, даюць уяўленне пра высокія чатырох’ярусныя алтары–агароджы гэтага рэгіёна. Адзначым, што да нашага часу захаваліся адзінкавыя беларускія іканастасы, змайстраваныя да сярэдзіны ХІХ ст. (у другой палове ХІХ ст. шматлікія самабытныя мясцовыя іканастасы былі заменены тыпавымі). Абодва прадстаўленыя на выявах іканастасы складаюцца з мясцовага, святочнага, дэісуснага і прарочага чыноў.
Для некаторых з пералічаных заказаў удалося высветліць пэўныя падрабязнасці. Так, у Троіцкай царкве в. Аздамічы: “иконостас …написан …искуссно … и лучшими красками, иконы все .по плану и контракту, и краски с золотом употреблены для написания таковых…” [9, арк. 69-69 адв.]. У жніўні 1832 г. за работы ў тураўскай царкве “было отдано сорок рублей серебром озеранскому иконописцу Стефану Сулковскому за позолотку Царских врат” [16, арк. 12]. У крыніцы 1887 г. па вярэсніцкай царкве тагачасны іканастас згадваецца як “нового устройства, деревянный трёхярусный. Резьба в виде вьющегося винограда” [2, арк. 7]. Праўда не вядома, ці ў гэты час працягваў захоўвацца іканастас, над якім працаваў С. Сулкоўскі (што евльмі верагодна), ці гэта ўжо больш позні твор.
А пры напісанні абразоў для іканастасаў цэркваў м. Васілевічы і в. Мухаеды майстар сутыкнуўся з пэўнымі складанасцямі. Прычына заключалася ў тым, што ў абодвух выпадках Мінскі епархіальны архітэктар Міхайлаў намаляваў чарцяжы існуючых канструкцый не дакладна. А менавіта паводле іх Сулкоўскі мусіў напісаць неабходных сюжэтаў і памераў абразы для акрэсленых месцаў. У выніку атрымалася, што, напрыклад, напісаныя С. Сулкоўскім творы ў васілевіцкай царкве не падыйшлі па велічыні, а таму давялося пісаць іншыя [18, с. 349]. У мухаедаўскай царкве новыя абразы зусім не пасавалі да старой іканастаснай асновы. Жывапісец, паводле ўмоваў кантракту, мусіў уманціраваць іх у іканастас. Гэта ён зрабіць не мог, бо некаторыя з абразоў не падыходзілі па памеры, і ўвогуле неабходна было паставіць у храме новую канструкцыю. А пакуль вырашаліся ўсе гэтыя пытанні і праблемы, майстар не мог атрымаць свой ганарар, бо яго работа лічылася незавершанай. Неўзабаве гісторыя скончылася ўладкаваннем у мухаедаўскай царкве новага іканастасу, у якім свае месцы занялі іконы С. Сулкоўскага. Ад старога іканастаса ў новы была перанесена толькі “Тайная вячэра” над Царскай Брамай. З акта агляду гатовага іканастасу можна атрымаць звесткі пра яго праграму. Так, відавочна, што ён быў аднаярусным, бо складаўся з мясцовых абразоў Збавіцеля, Багародзіцы, Мікалая і Узвядзення Св. Крыжа. На дыяканскіх дзвярах былі напісаны Арханёлы Г аўрыіл і Міхаіл [10, арк. 41, 45-46].
Цікава, што ў крыніцах па мухаедаўскай царкве фігуруе імя яшчэ аднаго тагачаснага іканапісца, жыхара г. Мазыра — Парфенія Дзям’янавіча Варанецкага. Ён прэтэндаваў на гэты заказ, аднак кантракт быў заключаны са Стэфанам Сулкоўскім [10, арк. 19-19 адв.]. Імя П. Варанецкага ў архіўных справах сярэдзіны ХІХ ст. нам сустракалася неаднойчы. І калі з мухаедаўскай царквой яго спадзяванні не спраўдзіліся, то іншы, бадай, больш прэстыжны заказ, ён усё ж атрымаў. Маецца на ўвазе яго работа для Міхайлаўскага сабора ў Мазыры [10, арк. 20-20 адв.]. Мазыр — павятовы горад, таму даручыць напісанне абразоў для яго храма, тым больш — новага, маглі толькі вельмі спрактыкаванаму майстру. Увогуле адшуканне іканапісца, які б узяўся за гэты заказ, заняло даволі шмат часу ў мясцовага духавенства.
Так, упершыню дадзенае пытанне паўстае ў 1833 г., што адлюстравана ў тагачаснай справе “Дело об отправлении в г. Минск способных к живописи дьячков для выбора кандидатуры на внутреннее оформление новых зданий церквей гг. Мозыря, Вилейки и Игумена”. У гэтай крыніцы фігуруюць імёны ўсяго толькі трох здольных да іканапісу дзячкоў на ўсю Мінскую епархію: “Слуцкого уезда при Пруской Рождество Богородичной церкви состоящий в действительном служении дьячок Ефим Реутович да при Иванской Крестовоздвиженской церкви дьячок Дубровский и Мозырского уезда при Макарицкой Троицкой церкви состоящий в заштате дьячок Яков Крониковский занимаются живописною работаю” [14, арк. 1 адв.]. З іх у выніку Якаў Кранікоўскі не быў задзейнічаны, Фёдар Дуброўскі адмовіўся з-за слабога здароўя і дрэннага зроку, а Яфім Раўтовіч разам са згаданым вышэй Парфеніям Варанецкім узяўся за напісанне абразоў для ігуменскай царквы. Як вядома, заказ для вілейскага храма выканаў Стэфан Сулкоўскі [19, с. 35]. Таму перад Мінскай праваслаўнай кансісторыяй стаяла задача адшукаць майстра для мазырскага сабора.
З іншай архіўнай справы вядома, што 27 мая 1833 г., а пасля 2 верасня па гэтым пытанні ў Мазырскае духоўнае праўленне звяртаўся кіеўскі іканапісец Місюцін, “желавший написать иконостас” [8, арк. 2-2 адв.]. Аднак для заключэння кантракта ён так і не з’явіўся: “узнавши от киевского купца Воробьёва, бывшего в Мозыре на ярмарке, что на написание в Мозырской новоустроенной саборной Михайловской церкви иконостаса ассигновано только 1500 руб. ассигнациями, а Киев состоит от Мозыря за 375 вёрст, то он Мисющанъ, по сей причине не являлся в Мозырь для сказанной надобности, и потому договор не учинён. Равно и прочие живописцы города Киева узнавши о малозначащей сумме на написание иконостаса явиться к договору не желают, а вблизи города Мозыря искуссных живописцев не имеется” [15, арк. 1]. Дзіўна, што Мазырскае духоўнае праўленне не разглядала кандыдатуру Стэфана Сулкоўскага, які, відавочна, быў добрым майстрам і паходзіў з тых мясцінаў. Аднак прычынай магло быць тое, што ў 1834 г. С. Сулкоўскі жыў у Мінску (“у живописца Ваньковича в доме Кобылинского” [19, с. 30]). Яшчэ адной кандыдатурай, якая разглядалася для заключэння кантракту на напісанне абразоў у мазырскі іканастас, быў “искуссный живописец Лев Александров Баран Ходоровский ”, які жыў у сяле Казле Чарнігаўскага павета і губерні [15, арк. 1]. Аднак і з гэтым майстрам кантракт так і не быў заключаны, бо, відавочна, бакі не змаглі прыйсці да фінансавага кампрамісу.
За выкананне заказу ўрэшце рэшт узяўся названы вышэй Парфеній Варанецкі. Абразы былі гатовыя вясной 1837 г., аднак патрабаваліся яшчэ пэўныя дапрацоўкі, таму канчаткова з майстрам разлічыліся за яго работу ў жніўні таго ж года. А з кантракта, заключанага з ім у 1835 г., можна атрымаць уяўленне пра праграму іканастаса. Так, у ніжнім ярусе размяшчаліся абразы Збавіцеля, Багародзіцы, Св. Мікалая, Арханёла Міхаіла; на дыяканскіх дзвярах — выявы Арханёла Міхаіла і Архідыякана Стэфана. Гэта былі абразы значных памераў, акрамя якіх такой жа велічыні былі напісаны дзве іконы для размяшчэння іх ля ўваходу, а таксама — для горняга месца. На Царскай Браме былі клеймы: чатыры Евангелісты і “Дабравесце”. У верхнім ярусе размяшчаліся меншыя абразы: “над Царскими вратами Тайная вечеря, над местными иконами Рождество риста Спасителя, и Сошествие Святого Духа, над храмовыми иконами: Михаилом — апостолов Павла и Иоанна, над Николаем — Петра и Андрея, над северными и южными дверями — вход во храм Пресвятой Богородицы и Воскресение Христово ”. З гэтага пераліку складваецца ўражанне, што ў другім ярусе адначасова знаходзіліся абразы і святочнага, і дэісуснага чыноў. Яшчэ ў іканастасе былі іконы “Уцёкі ў Егіпет” і “Гісторыя пра самарацянку”, у навершшы — “Укрыжаванне” [15, арк. 21-23.]. Такім чынам, хоць іканастас і ствараўся для сабора ў павятовым горадзе, аднак ён меў даволі абмежаваную праграму і па ўсё верагоднасці быў не высокім.
Згаданы вышэй заштатны дзячок макарыцкай царквы Мазырскага павета Якаў Кранікоўскі, які пры падборы кандыдатуры іканапісца запрашаўся ў Мінск, адзначыўся ў іншай справе. Так, яго імя фігуруе ў значна больш ранніх дакументах, дзе гаворка ідзе пра выраб іканастаса для царквы Узнясення Божага г. Петрыкава. Па далучэнні гэтага храма да праваслаўя, у 1806 г. паўстала пытанне пра выраб іканастаса: “для сделания … договорен мастер Петриковский житель Гордей Белохвост за 50 рублей серебром, а для написания договорен села Прус священнический сын Яков Крониковский за 300 серебром, а сверх того ржи 20ть осмин и один пуд сала свиного” [6, арк. 17-17 адв.]. Цікава, што тут прыведзена не толькі імя іканапісца, але і — разьбяра. А што датычыцца Якава Кранікоўскага, то няма сумневу, што ў дзвюх прыведзеных справах за 1806 і за 1833 гг. гаворка ідзе пра адну і тую ж асобу. На жаль, у гэтай справе не прыведзены звесткі пра склад абразоў у іканастасе.
У гэты ж час, яшчэ да скасавання Уніі, некаторыя іншыя цэрквы рэгіёна таксама былі пераведзены ў праваслаўе, і там адбываліся тыя ж змены ў інтэр’еры. У пачатку ХІХ ст. майстар Раман Шыбікоўскі зрабіў іканастасы ў храмы паселішчаў Холмэч, Ветхінь і Казіміраўка ў Рэчыцкім павеце. Пры чым для апошняй ён мусіў змайстраваць канструкцыю па ўзоры першай. За работы ў Казіміраўцы ў 1804 г. майстару было абяццана: “сто рублей, да …жита осмин 20, гречихи — 20-же осмин, пшена 1 осмину, ячменя осмин 2, сала пудов 3, соли пудов 3, олею гарнцов 8, горелки гарнцов 16” [13, арк. 2-2 адв.]. Відавочна, што Р. Шыбікоўскі быў сталяром ці разьбяром, а не іканапісцам. Хто пісаў абразы для гэтых канструкцый і якая была праграма гэтых іканастасаў, на жаль, не вядома.
У пачатку ХІХ ст. былі напісаны і абразы для іканастаса беласароцкай Мікалаеўскай царквы Мазырскага павета. Над імі ў 1812 г. працаваў жывапісец Рыгор Фёдаравіч Собалеў. У гэтым выпадку ніякіх падрабязнасцяў пра выгляд іканастаса няма, а архіўная справа, дзе фігуруе яго імя, была заведзена ў 1822 г. з той нагоды, што майстар даслаў прашэнне епіскапу з тым, каб яму нарэшце выплацілі рэшту грошаў за згаданыя работы. На час напісання ліста Р. Собалеў пражываў у в. Бабчына Рэчыцкага павета [7, арк. 1-1 адв.].
Вышэй, пры цытаванні справаў па мазырскай царкве, былі згаданы імёны майстроў з Кіева і Чарнігаўшчыны, але гэта не адзіныя іканапісцы з тых мясцінаў, якія мелі прафесійныя стасункі з Мінскай праваслаўнай духоўнай кансісторыяй. Для дадзенага рэгіёна, які знаходзіўся ў ХІХ ст. на памежжы губерній і епархій, а ў наш час на памежжы дзяржаў, натуральнай практыкай з’яўлялася прыцягненне да мастацкіх работ украінскіх майстроў. Так, у 1841 г. за выраб іканастаснай асновы для царквы Св. Мікалая м. Рэчыцы: “заплочено резчику Черниговской губернии, Новозыбковского уезда, села Фоевич жителю Александру, Елисееву сыну, Кулиже за сделание нового иконостаса из всех его материалов и на его иждивении 255руб. серебром” [11, арк. 3]. Заказчыкі засталіся задаволеныя: “иконостас прочен в своём составе, договоренной суммы стоит и в благовидном виде находится” [11, арк. 6]. Абразы таксама былі напісаны новыя, аднак імя іканапісца не прыводзіцца: “иконостас состоит из четырёх наместных икон: Списителя, Богоматери, Храмовой Николая и Варвары, Царских врат резной работы, северных и южных Архистратига Михаила и Архангела Гавриила, над Царскими вратами резной дух в сиянии, по сторонам ветхий и новый завет резные, над Духом Тайная Вечера, а на верху Богоотец в сиянии” [11, арк. 6]. Такім чынам, іканастас быў аднаярусным.
У гэты ж час іншы ўкраінскі майстар працаваў над рамонтам іканастаса ў царкве Нараджэння Багародзіцы м. Брагіна Рэчыцкага павета: “договорили иконописца,
Киевского мещанина, местечка Чернобыля жителя — Алексея Шенцилу” [12, арк. 1]. Адзначым, што ў іншых дакументах па гэтым храме прозвішча майстра напісана “Сенчило”. У справу падшыты і кантракт, які дае ўяўленне пра аб’ём работ, абяцаны ганарар і праграму іканастаса. Так, жывапісцу неабходна было ў адзначаных у дамове месцах іканастаса штосьці перафарбаваць, штосьці пазалаціць ці пасерабрыць. Што датычыцца абразоў, то ад яго патрабавалася наступнае: “2). Иконы, подвергнувшиеся порчи, переделать на ново, а некоторые поправить, где будет надобно натянуть лаком и пр. Так же праздничные обовязан иконописец Шенцило поставить на наместных иконах так, чтобы они были вмещены в иконостасе по порядку. 3). В среди иконостаса между апостолов, где находится вознесение, поставить на то место написанную вновь икону Спасителя в виде Архиерейском, а Вознесение поставить наверху среди Пророков. …” [12, арк. 10-10 адв.]. Праўда пазней было заключана дадатковае пагадненне з майстрам, паводле якога абраз “Узнясенне” для цэнтра прарочага чыну, ён мусіў напісаць новы [12, арк. 12-12 адв.]. З гэтай справы вынікае, што іканастас складаўся з мясцовага, святочнага, дэісуснага і прарочага чыноў. Цэнтрам трэцяга было “Узнясенне”. Гэтая выява для дэісуса з’яўляецца нетрадыцыйнай, аднак вядомы прыклады некаторых уніяцкіх іканастасаў, дзе змяшчалася менавіта такая ікона. У брагінскай царкве пад час рамонту іканастаса яна была перанесена ў прарочы ярус, а яе месца замяніла кананічная для дэіуса ікона — “Хрыстос Архірэй”. У навершы знаходзілася “Укрыжаванне з перадстаячымі”.
З “метрыкі царквы” за 1887 г. стаў вядомым склад і майстар-стваральнік іканастаса для іншай Брагінскай царквы — Св. Мікалая: “иконостас в 5 ярусов, местные иконы в резных колоннах и с резными рамами; деревянный; прочие ярусы украшены обыкновенною резьбою с позолотою. Царские двери резные с сиянием сверху — резьба «рококо» — просветные» [4, арк. 7]. А пра абразы гаворыцца, што яны напісаны на дошках: “порядочной живописи новейшей — 1820х годов. Писал какой-то живописец Зайцев” [4, арк. 10]. На жаль, у гэтым выпадку не прыводзіцца пералік іканастасных ярусаў, таму застаецца не зразумелым, якая дакладна была ў яго праграма. Аднак у 1840-ыя гг. і ў іншай “царкоўнай метрыцы” таксама ідзе гаворка пра пяціярусны іканастас з пералікам чыноў. Так, у храме Св. Мікалая в. Храпавічы Рэчыцкага павета быў: “ик-с деревянный, резной . в 5 ярусов. В 1-м местные иконы, во 2-м малые иконы двунадесятых праздников, в 3-м большие — Апостолов, в 4-м — Пророков, в 5-м — икона Св. Троицы, наверху поставлен крашеный деревянный крест с распятием и предстоящими у креста Иоанном Богословом и Пресвятой Девою Мариею” [5, арк. 10]. Імя майстра, які над ім працаваў, на жаль, не вядома. Такім чынам, хоць і адзначаецца, што храпавіцкі іканастас пяціярусны (такім была яго будова, прадстаўленая пяццю ўзроўнямі), аднак, відавочна, што яго праграма фарміравалася чатырма чынамі: мясцовым, святочным, дэісусным, прарочым. Абраз “Троіца”, відавочна, быў цэнтрам верхняга яруса, аднак ён быў размешчаны з абразамі Прарокаў не ў адну лінію, а вынесены вышэй. Метадам аналогіі можна дапусціць, што і брагінскі іканастас, пра які ў “метрыцы” запісана, што ён пяціярусны, на самай справе складаўся з чатырох чыноў.
У “метрыцы” па Троіцкай царкве ў м. Лельчыцы Мазырскага павета фігуруюць імёны іканапісцаў, якія працавалі ў сярэдзіне ХІХ ст. над іканастасам для яе “Иконы простого местного письма, возобновляем был иконостас в 40м году живописцем Юцевичем, а в 1860 году помещены иконы были писаны К. Шукановым, которые подарены дьячком Загоровским» [1, арк. 10]. Дзейнасць іканапісца Юцэвіча нам вядома па іншых гістарычных крыніцах, якія, праўда, выходзяць за храналагічныя межы дадзенага даследавання.
Захаваным тагачасным іканастасам з царквы Мазырскага павета з’яўляецца помнік у храме Кажан-Гарадка, змайстраваны напярэдадні скасавання Уніі [іл. 3] (аўтар выказзвае шчырую падзяку за прадастаўленне здымка гэтага іканастаса М.П. Мельнікаву і Ул.Р. Карэліну). Вядома, што ў 1834 г. выраб быў заказаны сталяру Асінскаму, аднак не вядома, ці завяршыў ён гэтую работу, ці ўсё ж заказчыку давялося наймаць кагосьці іншага: «. условившийся на устроение в оной церкви иконостаса и престола, мастер О синский с покойным священником Иоанном Шеметыллом ещё в 1834 г. хотя и взял от сего священника на счёт условия 10 руб. серебром, однако поныне не только не приступил к условленному делу, но даже не явился, чтобы распорядить приготовленными материалами» [17, арк. 1 адв. — 2]. Такім чынам, нельга з дакладнасцю прыпісваць аўтарства існуючага ў кажан-гарадзецкай царкве майстру Асінскаму, аднак у любым выпадку, з працытаванай справы вядома, што такі разьбяр у той час працаваў у Мазырскім павеце. Іканастас гэтага храма двух’ярусны і складаецца з мясцовага і святочнага чыноў.
Такім чынам, варыянтаў праграмы іканастасаў гэтага рэгіёну, якія масава ўсталёўваліся ў першай палове ХІХ ст., было не мала: ад адна– да чатырох– (а можа і пяці-) ярусных: у мухаедаўскай і рэчыцкай Мікалаеўскай цэрквах былі аднаярусныя; у мазырскай і кажан-гарадзецкай — двух’ярусныя; у вярэсніцкай — трох’ярусны; у тонежскай, васілевіцкай, храпавіцкай і дзвюх брагінскіх — чатырох’ярусныя. Для 25 храмаў устаноўлены аўтары іканастасаў: для большасці вызначаны іканапісцы, радзей — разьбяры, а ў выпадку з Узнясенскай царквой г. Петрыкава — і першы, і другі. Уведзены ў навуковае карыстанне замалёўкі страчаных чатырох’ярусных іканастасаў Тонежа і Васілевічаў.
У выніку праведзенага даследавання было выяўлена 18 невядомых дагэтуль імёнаў іканапісцаў і разьбяроў, якія запрашаліся да мастацкіх работ у цэрквы Мазырскага і Рэчыцкага паветаў у гэты перыяд. Звяртае на сябе ўвагу і геаграфія іх пражывання: тут згадваюцца і мясцовыя майстры, якія жылі ў Мазыры, Петрыкаве, у вёсках Азяраны, Макарычы Мазырскага павета, в. Бабчына Рэчыцкага павета, а таксама ў Слуцкім павеце Мінскай губерні, Чарнігаўскай губерні і нават Кіеве. Для большасці з іх пакуль што не ўдалося вызначыць біяграфічныя звесткі, аднак ёсць спадзяванне, што ў будучым будуць устаноўлены і падрабязнасці іх біяграфіі і, магчыма, адшукаюцца некаторыя з іх твораў.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Научный архив Института истории материальной культуры Российской академии наук (далее — НА ИИМК РАН). — Ф. Р-ІІІ. — Д. 3185 — Метрика церкови Св. Троицы в Лельчицах Мозырского уезда, 14 л.
- НА ИИМК РАН. — Ф.Р-ІІІ. — Д. 3194 — Метрика Вересницкой Крестовоздвиженской церкви Мозырского уезда, 14 л.
- НА ИИМК РАН — Ф.Р-ІІІ. — Д. 3205 — Метрика Покровской Погост-Загородской церкви Пинского уезда, 14 л.
- НА ИИМК РАН. — Ф.Р-ІІІ. — Д. 3209 — Метрика Брагинской церкви Св. Николая Речицкого уезда, 14 л. арк. 7.
- НА ИИМК РАН. — Ф.Р-ІІІ. — Д. 3213 — Метрика церкови Св. Николая д. Храповичи Речицкого уезда, 14 л.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 1711. — Дело о найме мастеров для сооружения иконостаса в Петриковской Вознесенской церкви Мозырского уезда. — 1806 г. — 21 арк.
- НГАБ. — Ф. 136 — Воп. 1. — Спр. 6022. Дело о взыскании денег с Белосороксой Николаевской церкви Мозырского уезда в пользу иконописца Г. Соболева за выполненную работу. — 1822. — 8 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1 — Спр. 10346. — Дело о перенесении иконостаса из Мозырской кладбищенской церкви в соборную церковь в связи с ветхостью первой. — 1834 гг. — 8 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 12610. — Дело о ремонте Оздамичской Троицкой церкви Мозырского уезда. — 1837 — 1839. — 65 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 12611. — Дело о ремонте Мухоедовской Крестовоздвиженской церкви Речицкого уезда. — 1837 — 1843. — 86 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 15617. — Дело по прошению прихожан и церковно-священнослужителей Речицкой Николаевской церкви о разрешении расходования церковных денег на устройство нового иконостаса 1841-1842 г. — 8 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 15952. — Дело об устройстве иконостаса в Брагинской Рождество-Богородицкой церкви Речицкого уезда. — 1841-1842. — 18 арк.
- НГАБ. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 38788. — Дело об устройстве иконостаса в церкви села Казимировки. — 1804 г. — 6 арк.
- НГАБ. — Ф. 757. — Воп. 1. — Спр. 404. — Дело об отправлении в г. Минск способных к живописи дьячков для выбора кандидатуры на внутреннее оформление новых зданий церквей гг. Мозыря, Вилейки и Игумена. — 1833 г. — 6 арк.
- НГАБ. — Ф. 834. — Воп. 1 — Спр. 165. — Дело о ремонте крыши Мозырского Михайловского собора и написании живописцем Воронецким иконостаса. — 1834-1837 гг. — 47 арк.
- НГАБ. — Ф. 854. — Воп. 1. — Спр. 36. — Книга расхода денег Туровской Ильинской церкви Мозырского уезда за 1821-1832 гг. — 12 арк.
- Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. — Ф. 634. — Воп. 2. — Спр. 399. — Дело о иконостасах Заречно-Пинского деканата. — 1836. — 27 арк.
- Флікоп-Світа, Г.А. Малюнак іканастаса царквы Св. Мікалая м. Васілевічы Рэчыцкага павета — каштоўная іканаграфічная крыніца сярэдзіны ХІХ ст. / Г.А. Флікоп-Світа // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 21 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2016. — С. 348 — 353.
- Флікоп-Світа, Г.А. Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі — невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст. / Г.А. Флікоп-Світа // Беларускі гістарычны часопіс. — 2015 г. — № 9. — Мн., 2015. — С. 23 — 36.
Аўтар: Г.А. Флікоп-Світа
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 33-39.