Іканапіс Усходняга Палесся ХІХ ст. у зборах Музея старажытнабеларускай культуры

0
978
Божая Маці Пачаеўская
Малюнак 1 — Божая Маці Пачаеўская

Вывучэнне беларускага іканапісу ХІХ ст., якому да цяперашняга часу ў айчынным мастацтвазнаўстве ўвага амаль не надавалася, трэба пачынаць, на нашую думку, менавіта з помнікаў, якія паходзяць з Паўднёва-Усходняга рэгіёна нашай краіны. Гэта тлумачыцца тым, што менавіта на Гомельшчыне і Магілёўшчыне ў дадзены перыяд адбываліся вельмі цікавыя культурныя працэсы, якія паўплывалі на развіццё ў новым рэчышчы дадзенага віду мастацтва. Пра гэта размова пойдзе ніжэй, а спачатку дадзенага артыкула адразу адзначым, што адзінкавыя публікацыі па гэтай тэме пераважна прысвечаны абразам з калекцый некаторых музеяў дадзенага рэгіёна: Гомельскага палацава-паркавага ансамбля [3] і Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава [1]. Па-іншаму выглядае сітуацыя адносна іканапісу Гомельшчыны ў зборах Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей — МСБК). Да ХІХ стагоддзя належыць каля двух дзесяткаў абразоў з разглядаемых тэрыторый (некаторыя з якіх пісаліся для храмаў, але большасць — хатнія абразы), аднак да цяперашняга часу яны фактычна не ўведзены ў навуковае карыстанне.

ХІХ стагоддзе ў гісторыі беларускага іканапісу з’яўляецца даволі цікавым перыядам, для якога характэрна адначасовае суіснаванне шэрагу мастацкіх плыняў. Як слушна адзначыў В.Ф. Шматаў, у гэты час у выніку разнастайных акалічнасцяў фактычна размываецца беларуская іканапісная традыцыя [2, с. 268]. Між тым, у названы перыяд адбываюцца вельмі цікавыя гістарычныя, рэлігійныя і мастацкія працэсы, якія паўплывалі на фарміраванне новых культурных з’яў. А асабліва яскрава гэта акурат і праявілася на Усходнім Палессі. Так, паводле нашых назіранняў, менавіта у ХІХ ст. і менавіта ў названым рэгіёне ўтвараецца новы, так бы мовіць, рынак збыту жывапіснай прадукцыі культавага прызначэння. Калі дагэтуль на беларускіх землях абразы пісаліся выключна для храмаў (зрэдку — для хатніх капліц у шляхецкіх палацах), то ў гэты час яны пачынаюць выкарыстоўвацца і ў штодзённым сялянскім жыцці. Так, у этналагічных даследаваннях пры вывучэнні хатніх інтэр’ераў гаворка нязменна вядзецца пра покуць, дзе абавязкова знаходзіўся абраз (адзін ці некалькі), упрыгожаны ручніком-набожнікам [10, с. 223]. Але, на нашую думку, такі комплекс у хатах беларускіх сялян сфарміраваўся недзе ў сярэдзіне ХІХ ст., што тлумачыцца канфесійнымі абставінамі на нашых землях у той час.

Вяртаючыся да абразоў Усходняга Палесся, неабходна падкрэсліць, што тут хатнія пісаныя абразы атрымалі найбольшае пашырэнне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Гэта, відавочна, тлумачыцца існаваннем у Магілёўскай, куды ў ХІХ ст. увоходзіў Гомель і яго ваколіцы, і ў суседніх з ёй Чарнігаўскай і Бранскай губернях некалькіх іканапісных цэнтраў, якія пераважна працавалі на патрэбы сялянаў: абразы выконваліся на заказ і прадаваліся на кірмашах. Пра наяўнасць такога кшталту асяродкаў у іншых рэгіёнах Беларусі ніякіх звестак няма, а поўная адсутнасць артэфактаў дазваляе ўсё ж выказаць думку, што ў іншых мясцінах не было майстроў-жывапісцаў. Таму ў Гродзеншчыне, Віцебшчыне, Брэстчыне і Міншчыне ў хатах праваслаўных жыхароў часцей бытавалі іконы фабрычнай вытворчасці, прывезеныя з Масквы або Санкт-Пецярбурга, або гравюры. Такім чынам, значную іканапісную плынь, якая існавала на Усходнім Палессі ў другой палове ХІХ ст., складалі хатнія абразы, для якіх была ўласціва пэўная мастацка-пластычная мова. Хаця неабходна падкрэсліць, што гэтымі ж майстрамі маглі ў той жа час пісацца і абразы для храмаў. Таму падзел на “хатні абраз” і “царкоўны абраз” у дадзеным выпадку будзе не абгрунтаваным.

Праўда трэба падкрэсліць, што такога кшталту абразы, якія больш слушна называць “народнымі”, у царкоўным інтэр’еры другой паловы ХІХ ст. можна было сустрэць не вельмі часта. Гэта тлумачыцца тым, што ў разглядаемым рэгіёне ў названы перыяд, дзе пераважная большасць храмаў былі праваслаўнымі (Унія на той час ужо была скасавана, а каталіцкіх касцёлаў тут было не шмат), духоўныя ўлады пільна сачылі за тым, каб абразы былі напісаны на адпаведным мастацкім узроўні [4]. А такія самадзейныя творы, якія бытавалі ў сялянскім жытле, звычайна не адпавядалі гэтым патрабаванням. Таму для храмаў часцей абразы ў гэты час выконвалі жывапісцы з прафесійнай мастацкай падрыхтоўкай. Аднак падкрэслім, што тая абразы ХІХ ст., якія паходзяць з храмаў Г омельшчыны і цяпер захоўваюцца ў МСБК, усё ж належаць да плыні “народных” твораў.

І яшчэ адну агаворку неабходна зрабіць, перш чым мы пяройдзем да разгляду помнікаў з МСБК. Хоць у дадзеным артыкуле, а таксама ў адпаведных працах нашых беларускіх калег такія творы і разглядаюцца як абразы Гомельшчыны, аднак гэтая рэгіянальная прывязка ў большай ступені ўказвае на арэал іх бытавання, а не стварэння. На цяперашні момант дакладна ўстаноўлена месца толькі аднаго іканапіснага цэнтра ХІХ ст. — в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Прычым крыніца, з якой пра гэта вядома, — “Опыт описания Могилёвской губернии” — ускосна ўказвае на тое, што іншых асяродкаў у Магілёўскай губерні, дзе пісаліся народныя абразы ў канцы ХІХ ст., не было [6, с. 478]. У дадзенай кнізе гаворыцца пра існаванне двух паселішчаў, дзе працуюць іканапісцы: згаданая в. Бабічы і мястэчка Ветка.

Апошняя з’яўляецца месцам пасялення стараабраднікаў, сярод якіх былі і іканапісцы. Іх жывапісная традыцыя мае вытокі ў рускім сакральным мастацтве, яна адрозніваецца ад мясцовай беларускай: тут захаваліся старажытныя каноны, абразы ствараліся пры выкарыстанні прорысаў і г. д. [5]. У МСБК захоўваецца літаральна пару твораў, якія належаць да іканапіснай спадчыны Веткі: “Спас Нерукатворны” і “Божая Маці Нечаканая Радасць” (фарбавы слой на апошнім мае вялікія страты). Але паколькі прыналежнасць гэтых абразоў да пэўнага іканапіснага цэнтра ўстаноўлена і не выклікае сумненняў, то мы не будзем падрабязна на іх спыняцца. Тым больш, што веткаўскаму іканапісу прысвечаны асобныя паўнавартасныя навуковыя працы [5]. Такім чынам, у Магілёўскай губерні ў канцы ХІХ ст. напісаннем абразоў займаліся тры жывапісцы ў мястэчку Ветка і тры жывапісцы ў в. Бабічы. Творы апошніх даволі прыкметныя сярод іншых народных абразоў, якія бытавалі ў гэтым рэгіёне ў ХІХ ст., а таму іх лёгка з усяго шэрагу помнікаў вылучыць у асобную групу. Адсюль вынікае, што шматлікія іншыя іконы пісаліся за межамі Магілёўскай губерні, відавочна, у суседніх — Чарнігаўскай і Бранскай. Таму іх найменне гомельскія вельмі ўмоўнае, яно ўказвае на арэал бытавання такіх твораў, а не на месца стварэння.

Для ўсіх гэтых абразоў характэрны пэўныя агульныя рысы. Так, яны напісаны на дошцы алейнымі фарбамі, без папярэдняй грунтоўкі і без павалакі. Хатнія абразы звычайна маюць памеры праблізна 52 х 43 см, часам бываюць меншыя. Абразы для храмаў могуць мець большыя памеры альбо такія ж. Усе гэтыя творы з’яўляюцца даволі дэкаратыўнымі. Іх фоны, як правіла, упрыгожаны разнастайнымі кветкамі (часцей за ўсё ружамі), рамбічнымі сеткамі, расліннымі матывамі. Але пры відавочным падабенстве шэрагу абразоў гэтага рэгіёна, у іх усё ж назіраюцца і пэўныя адрозненні, якія дазваляюць казаць пра існаванне ў адзін прамежак часу некалькіх розных мастацкіх асяродкаў.

Супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля В. Літвінаў і А. Кузьміч на матэрыялах калекцыі сваёй установы здзейснілі класіфікацыю народных абразоў Гомельшчыны ХІХ — пачатку ХХ ст. [3]. Даследчыкі, паводле стылістычнага аналізу твораў, вылучылі некалькі груп з іх лакалізацыяй. Так, паводле іх назіранняў, у гэты час у разглядаемым рэгіёне ці па суседстве існавала па меншай меры пяць іканапісных цэнтраў, на што ўказваюць захаваныя помнікі. Месцы бытавання ікон з пэўнымі рысамі дазваляюць акрэсліць некалькі рэгіёнаў: усходне-палесская група — Брагінскі, Хойніцкі, Нараўлянскі, Ельскі раёны; гомельская група — Гомельскі, Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Рэчыцкі (часткова і іншыя суседнія) р-ны; чачэрская група — Чачэрскі р-н; рэчыцкая група — ваколіцы Рэчыцы і на поўнач ад яе; усходне-гомельская — Добрушскі, Лоеўскі р-ны і поўдзень Гомельскага. Натуральна, што падзел гэты даволі ўмоўны. Цэнтры вызначаны на падставе найбольш інтэнсіўнага бытавання абразоў з пэўнымі мастацка-стылістычнымі рысамі. Як адзначылі аўтары артыкула, другая вылучаная імі група з’яўляецца найбольш шматлікай і разнастайнай. Верагодна, у гэтым рэгіёне знаходзілася некалькі розных цэнтраў альбо працавала некалькі майстроў. Ад сябе можам дадаць версію, што тут папросту магла прадавацца прадукцыя з розных майстэрняў, якія не абавязкова знаходзіліся ў гэтых мясцінах, але прывозілі сюды свае творы на кірмашы.

Што датычыцца калекцыі ікон ХІХ ст. з Гомельшчыны ў МСБК, то тут некаторыя творы, відавочна, можна скампанаваць у групы. Сярод шэрагу даволі яркіх дэкаратыўных абразоў з вялізнымі ружамі ў кутах і жоўтымі арнаментамі на фонах вылучаюцца абразы іншага характару пісьма. Так, звяртаюць на сябе ўвагу некалькі ікон, якія можна аб’яднаць у агульную групу з умоўнай назвай “абразы з зялёнымі німбамі”. І сапраўды, німбы над галовамі персанажаў напісаны менавіта цёмна-зялёнай фарбай. Акрамя гэтай рысы агульным для такіх абразоў з’яўляецца тое, што іх фон — барвовага колеру. Увогуле каларыт ікон з гэтай групы заснаваны на спалучэнні чырвонага (і яго адценняў) і глыбокага зялёнага. Яркімі акцэнтамі з’яўляюцца жоўтыя і белыя плямы, якія выкарыстоўваліся мастакамі для выканання дробных дэкаратыўных элементаў. Прычым дэкаратыўнасць на такіх абразах дасягаецца за кошт чорных або, наадварот, светлых контураў (вакол постацяў, німбаў, на складках вопраткі і г. д.), паралельна якім прастаўлены жоўтыя або белыя кропачкі. Трэба сказаць, што на фонах некаторых з гэтых абразоў намаляваны даволі сціплыя кветкі накшталт рамонкаў і дробных ружаў, аднак на іншых творах фоны свабодныя ад дадатковых аздобаў. Мы да гэтай групы аднеслі абразы “Божая Маці Адзігітрыя”, “Божая Маці Пачаеўская” [малюнак 1] і два абразы “Святога Мікалая”.

Па ўсёй верагоднасці, менавіта такога кшталту абразы супрацоўнікамі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля вылучаны ва ўсходне-палесскую групу. Яе характэрныя асаблівасці яны акрэслілі наступным чынам: “…узкие поля, очень тёмный фон, примитивизм живописи, невыразительный декор в виде отдельных цветочков” [3, с. 38]. Праўда, трэба падкрэсліць, што пад такое сціслае апісанне могуць падпадаць вельмі розныя творы. Напрыклад, у МСБК захоўваюцца, акрамя пералічаных вышэй чатырох ікон, вылучаных намі ў першую групу, і іншыя падобныя абразы, аднак усё ж пэўныя адрозненні не дазваляюць іх аб’яднаць разам.

Так, вельмі блізкімі да групы абразоў з зялёнымі німбамі з’яўляюцца некалькі твораў, для якіх характэрны амаль ўсе вышэй пералічаныя намі рысы, за выключэннем уласна німбаў. Гэтыя абразы таксама маюць цёмна-барвовыя фоны, такі ж каларыт, як апісана вышэй, чорныя контуры і белыя кропкі ўздоўж іх, сціплыя дробныя кветкі. Але іх ад папярэдняй групы адрознівае тое, што тут замест німба вакол галоў персанажаў намалявана жоўтай фарбай прамяністае ззянне. Такімі творамі з’яўляюцца “Хрыстос Пантакратар”, “Хрыстос Збавіцель” [малюнак 2], “Божая Маці Адзігітрыя”. Стылістычна прымыкае да іх і абраз “Юрый-Змеяборац”, які усё ж пры агульным падабенстве да гэтых твораў значна саступае ім узроўнем выканання і адсутнасцю німба ўвогуле [малюнак 3]. Можна выказаць здагадку, што ён быў напісаны ў гэтай жа майстэрні, але не спрактыкаваным іканапісцам, а — вучнем.

Малюнак 2 — Хрыстос Збавіцель
Малюнак 2 — Хрыстос Збавіцель
Малюнак 3 — Юрый-Змеяборац
Малюнак 3 — Юрый-Змеяборац

На жаль, не зусім зразумела, ці аб’ядноўвалі супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля абразы такога кшталту (з зялёнымі німбамі і з німбамі ў выглядзе ззяння) ў агульную групу, ці ўсё ж раздзялялі іх, аднак цікава, што ўкраінскія мастацтвазнаўцы падобныя творы разглядаюць як помнікі з розных іканапісных цэнтраў. Так, даследчыца народнага ўкраінскага іканапісу А. Асадча пры аналізе абразоў з Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны ў якасці ілюстрацыі прыводзіць падобныя творы да тых, што намі былі прааналізаваны вышэй з фондаў МСБК [8, 9]. Да групы з Кіеўскага Палесся яна адносіць абразы вельмі падобныя да тых, што ў нас склалі групу “з зялёнымі німбамі”. Праўда, сярод “украінскіх” сустракаюцца абразы і з зялёнымі, і з жоўтымі німбамі, але ўсе астатнія рысы такія ж, якія мы і апісалі пры аналізе першай вылучанай намі групы. А да абразоў з Чарнігаўскага Палесся як раз належаць іконы падобныя да тых, якія мы вылучылі ў другую групу [8, 9]. Такім чынам, матэрыялы ўкраінскай даследчыцы пацвердзілі нашыя назіранні адносна рознага паходжання апісаных вышэй абразоў.

Але найбольшую групу помнікаў з Гомельшчыны ў МСБК ствараюць іконы, якія В. Літвінавым і А. Кузьмічом былі ўмоўна названы “гомельскімі”. Такога кшталту творы даследчыкі ахарактарызавалі наступным чынам: “светло-коричневый или красноватый тон, сочные яркие краски, разнообразные цветы, широкое использование украшения фона растительным или геометрическим орнаментом” [3, с. 38]. Пры гэтым яны адзначаюць, што вялікая разнастайнасць у гэтай групе твораў дазваляе казаць пра прыналежнасць іх да розных майстэрняў або розных жывапісцаў. З калекцыі МСБК у такую групу можна вылучыць больш за дзесятак абразоў. Прычым цікава, што адзін з іх некалі знаходзіўся ў храме. Гэта датычыцца абраза “Божая Маці Прадвесце”, які ў музейныя зборы паступіў з царквы Св. Мікалая в. Старая Беліца Гомельскага р-на [малюнак 4]. Пры агульным падабенстве гэтых твораў таксама назіраюцца адрозненні. Так, характэрным для іх з’яўляецца агульнае каларыстычнае вырашэнне: фоны вохрыста-тэракотавыя, распісаныя жоўтымі завіткамі або рамбічнай сеткай; у вопратках персанажаў дамінуе мяккі чырвона-бежавы колер, які, па-сутнасці, вельмі блізкі сваім адценнем да фону і звычайна толькі на адзін тон цямнейшы за яго. Ураўнаважваюць такую цёплую гамму невялікія плямы зялёнага або цёмна-сіняга. У верхніх кутах ля галоў персанажаў у такіх творах, як правіла, намаляваны даволі буйныя кветкі ружаў. Праўда, у МСБК ёсць абраз “Св. Усцініян” [малюнак 5], якому ўласцівы ўсе пералічаныя рысы дадзенай групы, аднак кветак там няма. На шэрагу астатніх абразоў манера выканання і ўзровень пісьма адрозніваюцца, нават пры агульнай блізкасці.

Малюнак 4 — Божая Маці Прадвесце
Малюнак 4 — Божая Маці Прадвесце
Малюнак 5 — Св. Усцініян
Малюнак 5 — Св. Усцініян

Так, абраз “Св. Мікалай” з в. Макоўе Гомельскага р-на выразна адрозніваецца ад астатніх твораў высокім майстэрствам жывапісу [малюнак 6]. Твар Святога на дадзеным абразе вырашаны аб’ёмна, са светла-ценявой мадэліроўкай, тады як на шэрагу іншых твораў (напрыклад, на іконе “Св. Мікалай” з в. Крыўча [малюнак 7]) выявы пераважна плоскія з лінейна-графічнымі контурамі. Звяртаюць на сябе ўвагу і кветкі ў верхніх кутах паабапал Св. Мікалая. Яны намаляваны смела і дынамічна, складваецца ўражанне, што іх пісаў спрактыкаваны майстар дэкаратыўнага роспісу. Па-іншаму выглядаюць астатнія абразы дадзенай групы. Выкананы яны прыблізна на агульным сярэднім узроўні, але па дэталях бачна, што над імі працавалі розныя жывапісцы [малюнак 8]. Трэба падкрэсліць, што ўкраінскімі даследчыкамі творы такога кшталту аднесены да чарнігаўскай групы. Такая лакалізацыя, на нашую думку, з’яўляецца абгрунтаванай. Справа ў тым, што ў Чарнігаўскай губерні яшчэ ў канцы ХУІІІ ст. існавала некалькі іканапісных цэнтраў: Чарнігаў, Гародня, Нежын, Ромні [7]. Акрамя таго, даследчыкі адзначаюць пра існаванне такіх асяродкаў у ХІХ ст. у Старадубе (ці яго ваколіцах) і Сямёнаўцы [7]. Відавочна, іх прадукцыя прадавалася на кірмашах і ў Магілёўскай губерні. Тады як у апошняй, пра што было сказана вышэй, абразы (не ўлічваючы стараабрадніцкіх) пісаліся толькі ў в. Бабічы.

Малюнак 6 — Св. Мікалай
Малюнак 6 — Св. Мікалай
Малюнак 7 — Св. Мікалай
Малюнак 7 — Св. Мікалай
Малюнак 8 — Св. Мікалай
Малюнак 8 — Св. Мікалай

Дарэчы трэба сказаць, што абразы апошняй у зборах МСБК фактычна не прадстаўлены. Пад пытаннем да бабіцкіх абразоў можна аднесці два творы. Адзін з іх — царкоўны абраз “Архірэй” канца XVIII — пачатку ХІХ ст. [малюнак 9] — у музей патрапіў з г. Лоева; другі — хатні абраз “Божая Маці Казанская” ХІХ ст. — з в. Міхнавічы Брагінскага р-на. Першы з названых мае пэўнае падабенства да бабіцкіх абразоў, што праяўляецца ў каларыце вопратак (асабліва ў выкарыстанні характэрнага ружовага колеру), у дэкарытыўных элементах на архірэйскім аблачэнні Хрыста, у характары надпісаў і німбах, пададзеных у перспектыве, над Божай Маці і Іаанам Хрысціцелем [1]. Аднак адрознівае яго німб над галавой Ісуса: у бабіцкіх абразах яго ніколі не пісалі ў выглядзе жоўтага кола, а ён быў паказаны прамяністым ззяннем вакол галавы; часам, калі персанажы пададзены не франтальна, а ў развароце, то над імі німб паказаны так, як у дадзеным выпадку над Дзевай Марыяй і Правазвеснікам. Але тлумачэнне дадзенай нехарактэрнай рысе ёсць: пры пільным візуальным аглядзе твора выразна бачна, што ён у верхняй частцы перамаляваны. Так, пад цёмна-сіняй фонавай фарбай у верхніх кутах праглядаецца ніжні слой аўтарскага жывапісу. Верагодна, і німб у выглядзе жоўтага кола быў намаляваны пазней і не з яўляецца аўтарскім. Так ці інакш, але пэўнае святло на гісторыю гэтага твора можа праліць рэстаўрацыя, падчас якой будзе адкрыты ніжні фарбавы слой. Другі з названых абразоў таксама пры пэўным падабенстве да бабіцкіх ікон усё ж не з’яўляецца тыповым для іх, а таму яго прыналежнасць да гэтай групы пакуль пад пытаннем.

Малюнак 9 — Архірэй
Малюнак 9 — Архірэй

Акрамя прааналізаваных, у МСБК маюцца яшчэ некалькі помнікаў з Гомельшчыны, якія з’яўляюцца адзінкавымі такога кшталту і разрозненнымі. Сярод твораў з іншых беларускіх музеяў вядомы толькі рэдкія стылістычныя аналагі да іх, што ўскладняе вызначэнне асноўнага арэалу бытавання.

Падводзячы высновы, неабходна падкрэсліць некалькі момантаў. Перш за ўсё адзначым, што нешматлікі збор абразоў XIX ст. з Гомельшчыны ў МСБК дае даволі поўнае ўяўленне пра тыя гістарычныя, культурныя і мастацкія працэсы, якія адбываліся ў разглядаемым рэгіёне ў акрэслены перыяд. Так, у калекцыі названай установы прадстаўлены і храмавыя абразы, і хатнія, якія акурат у ХІХ ст. і набылі значнае распаўсюджанне на названых тэрыторыях. Акрамя таго, маюцца і помнікі стараабрадніцкага іканапісу, якія, відавочна, належаць да мастацкай спадчыны Веткі. У выніку праведзенага даследавання былі вылучаны тры асноўныя групы абразоў, якія паходзяць з Гомельшчыны, і была здзейснена спроба выяўлення іх рэгіёна стварэння. Так, па папярэдніх звестках, абразы з “зялёнымі німбамі” маглі быць напісаны, найбольш верагодна, на Кіеўскім Палессі. Творы з дзвюх другіх вылучаных намі груп маюць шэраг стылістычных аналагаў на Чарнігаўскім Палессі. Паколькі ў абодвух рэгіёнах украінскага ўсходняга Палесся існавала па некалькі майстэрняў, то на дадзены момант складана дакладна вызначыць, дзе менавіта былі напісаны разглядаемыя абразы. Але ёсць спадзяванне, што далейшая навуковая праца над дадзенай тэмай дазволіць здзейсніць цікавыя адкрыцці.

Літаратура

  1. Голоса ушедших деревень / Г.Г. Нечаева [и др.]. — Минск: Белорусская наука, 2008. — 342 с., илл.
  2. Іканапіс Заходняга Палесся ХУІ-ХІХ стст. / навук. рэд. В. Ф. Шматаў. — Мінск: Бел. навука, 2002. — 349 с.: іл.
  3. Литвинов, В. Кузьмич, А. Народная икона Гомельщины как элемент традиционной культуры / В. Литвинов, А. Кузьмич // Інсітнае мастацтва Беларусі: гісторыя, суадносіны з народнай культурай, сучасныя тэндэнцыі развіцця. Матэр. Навук.-практ. канф. 29-30 верасня 2000 г. / Склад. Л. Вакар. — Віцебск, 2003. — С. 36-44.
  4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Ф. 136. — Воп. 1. — Спр. 8472. Дело о неписании и непродаже неискуссно писанных икон и о надзоре за иконописцами. — 1830 г. — 10 арк.
  5. Нечаева, Г.Г. Ветковская икона / Г.Г. Нечаева. — Минск: «Четыре четверти», 2002. — 272 с.
  6. Опыт описания Могилёвской губернии / под ред. А.С. Дембовецкого. — В 3-х кн. Кн. 2-я. — Могилёв на Днепре: типография губернского правления. — 1884 г. — 1000 с., [3] арк. іл.
  7. Осадча, О. А. Іконописні осередки та основні місця збуту хатньої ікони / Олена Осадча // Мистецтвознавство’09: Науковий збірник. — Львів: СКІМ, 2011. — С. 133-142.
  8. Осадча, О. А. Колірна гама хатніх ікон різних регіонів України / Олена Осадча // Мистецтвознавство: Науковий збірник. — Львів: СКІМ, 2012. — С. 119-130.
  9. Осадча, О. А. Художні та композиційні особливості хатніх ікон різних регіонів України / Олена Осадча // Соціум. Наука. Культура. Матеріали дев’ятої міжнародної науково-практичної інтернет-конференції 24-26 січня 2012 року: зб. наук. праць. — К., 2013. — Частина 3. — С. 1-4.
  10. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл.

Аўтар: Г.А. Флікоп-Світа
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, С. 46-57.