Іх імёнамі названы вуліцы Рагачова

0
180
Рагачоў і яго вуліцы і Караткевіч

Рагачоў ствараўся на працягу 874 гадоў. Мы жывём у горадзе з багатым гістарычным і культурным мінулым і па праву ганарымся яго гісторыяй. Рагачоўшчына – славуты літаратурны край, шчодры на цэлае суквецце пісьменніцкіх талентаў. Іх імёны назаўжды застануцца ў назвах вуліц і завулкаў, якія з’яўляюцца візітнай карткай горада, яго своеасаблівым унутраным светам.

У раённым цэнтры налічваецца больш за 170 вуліц і завулкаў, многія з іх носяць імёны нашых легендарных землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у летапіс Рагачоўшчыны. Аб гэтым сведчаць назвы вуліц у гонар песняроў беларускай зямлі — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Таксама, акрамя вуліц, якія носяць назвы знакамітых палітычных і гістарычных дзеячаў, удзельнікаў і герояў вайны, касманаўтаў, палкаводцаў, канешне, ёсць і вуліцы, названыя ў гонар пісьменнікаў, жыццё і дзейнасць якіх былі цесна звязаны з нашым краем: Алеся Жаўрука, які скончыў мясцовую школу і педтэхнікум; Уладзіміра Караткевіча, які напісаў тут шмат сваіх знакамітых твораў; пісьменніка, публіцыста Уладзіміра Кігна-Дзедлава, які жыў у ваколіцах Рагачова і сябраваў з Мендзялеевым, Шышкіным, Урубелем, Васняцовым, Рэпіным, Чэхавым; Міхася Лынькова, пачатак літаратурнай дзейнасці якога і станаўленне асобы прайшлі ў тутэйшых мясцінах; Андрэя Макаёнка, які нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне; Міколы Янчанкі, што працаваў у раённай газеце “Камунар”.

Горад над Дняпром — сакральнае месца беларускай літаратуры, скарбонка талентаў, чыё нараджэнне і творчасць звязаны з Рагачоўшчынай: Мікола Сурначоў, Рыгор Суніца, Васіль Гарбацэвіч, Алена Васілевіч, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вярцінскі, Васіль Ткачоў, Уладзімір Мехаў, Уладзімір Немізанскі, Наста Кудасава

Нам жа, нашчадкам, неабходна ганарыцца роднымі мясцінамі і добра памятаць запавет Уладзіміра Караткевіча: зберагаць прыгажосць роднай рагачоўскай зямлі!

Аўтар: Наталля Рагачова