Ігар Цішын. Віцебскі клубок

0
132
Ігар Цішын - Віцебскі клубок
Ігар Цішын - Віцебскі клубок

Як і тысячы іншых беларускіх мастакоў, Ігар Цішын нарадзіўся ў вёсцы. У невялічкай вёсачцы з прыродным, нібы гук званочка, іменем — Васільполле… Усё, як і паўсюль. Хіба што болей тугі па чымсьці, чаго тут няма, па тым, па чым — невядома. Самазанураны з дзяцінства, мастак сам прызнаецца, што самым запамінальным уражаннем з дзяцінства была нуда. Цішын лічыў і лічыць, што гэта вельмі істотнае ўражанне і вельмі плённы стан. “Нудота дзіцячых часоў штурхае мяне, і я нешта раблю. Дзякуючы той нуды дзіцячых часоў, я стаў мастаком, а не таксістам або бандытам”, — кажа мастак.

I праўда, адзіным прадметам, што захапіў Ігара Цішына ў агульнаадукацыйнай школе, стала маляванне. Ён пераканаў бацькоў дазволіць яму вучыцца ў мастацкай студыю пры ДК шклозавода ў мястэчку Касцюкоўка, дзе адначасова з ім вучыўся Уладзімір Сцяпан. А пасля яны разам ездзілі ў горад у студыю выяўленчага мастацтва пры тамтэйшым Палацы піянераў, што быў у палацы Паскевічаў… Пасля з другога разу Ігар Цішын паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, дзе ягонымі настаўнікамі сталі Л. Лапчынскі, Ю. Выхадцаў, А. Салькоў — мастакі лірычнага складу ды і самі, як асобы, людзі гранічна датклівыя і занураныя ў сабе, як і іхні вучань. Ну а пасля была вучоба ў галоўным мастакоўскім цэнтры краіны — тагачасным тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе Цішын скончыў аддзяленне манументальнага жывапісу.

Вірлівае культурнае жыццё Мінска абудзіла ў маладога ма­стака цікавасць да сучасных адкрыццяў у выяўленчым мастацтве. Дакладней, нават не сучасных адкрыццяў, а паўзабароненага аван­гарду пачатку XX ст. І, як гэта часта здараецца ў пачатку творчага шляху, у пошуках уласнай мастацкай мовы Цішын вагаўся ад цалкам рэалістычнай манеры да засваення прыёмаў жывапісу Ша­гала, Сезана, Пікаса, экспрэсіянізму i супрэматызму. А з 1980 г. ён сам пачаў выстаўяяць свае творы… А яшчэ яму ўдалося ажыццявіць сваю мару — з’ездзіць у Віцебск, з якім яго шмат што будзе лучыць у далейшым жыцці [1, с. 25].

Сама вучоба маладога мастака як фактар самаспасціжэння i спазнання свету. А стасункі з настаўнікамі, часам нялёгкія, сталі ўнікальным асабістым досведам. Зрэшты, і сам пасля выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы да 1991 г. Так паспытаў настаўніцкага хлеба, спрычыніўся да вялікіх эксперыментаў тае эпохі, напрадвесні незалежнасці Беларусі. Але тая эпоха скончылася разам з той краінаю, у якой пачалася [2, с. 155].

У новай, нязнанай Беларусі Ігар Цішын цалкам аддаўся творчасці. Ужо тады мастак стварыў свой уласны стыль — святочны, наіўны і іранічны, здольны даць адказы на сур’ёзныя праблемы, альбо звесці ў чароўны свет крозаў. Зрэшты, і само сваё жыццё ён пераўтварыў у мастацтва. Ён піша палотны, што апелююць і да беларускіх культурных кодаў (“Хлопчыкі і лётчык”, “Ліст з фронту”), і да досведу віцебскага авангарду (“Рая-футурыстка”, “Урок геаметрыі”). Цалкам натуральным стала ягонае захапленне мас- тацкім досведам 1920-х гг., пільнае яго вывучэнне, сталі адметнай рысаю i ягонае творчасці. Вывучэнне сквапнае, як толькі бывае ў тых, хто занудзіўся ў калгасным дзяцінстве. Найтанчэйшымі ніткамі асацыяцыяў і алюзіяў злучаюцца геаметрычныя фігуры, магічныя знакі і сімвалы беларускай культуры: повязі неба і зямлі, сонца і месяца, як супрацьстаянне мужчынскага і жаночага пачаткаў. У гэты “хор” уліваецца часам і само слова. Літары, словы, наратыўныя сэнсы трывала ўвайшлі ў мастакоўскія прыёмы Цішына. Ці не ў кожнай карціне мастака ёсць глыбокі валошкавы колер. Славуты цішынскі сіні…

Сярод іншых ягоных палотнаў пачатку 1990-х гг. апрычона стаіць “Віцебскі клубок” — палатно, што нібы ўвабрала ў сябе і ягоную эрудыцыю неафіта, і магічны досвед спірытуаліста, які выклікае забытыя цені, і… лірычны аповед пра самога сябе. Прастора падзелена на некалькі сегментаў, на некалькі каляровых зонаў, у якіх лунаюць рознакаляровыя геаметрычныя і антрапаморфныя фігуры, у якіх пазнаюцца канкрэтныя персанажы, успыхваюць знічкі, гаснуць свечы і святло дня… А таксама тут ёсць крэсла i печка, тумбачка, імбрык, што скора закіпіць, лесвіца ў Неба… У гэтым палатне праз амаль падлеткавую шчырасць Цішына выявіўся ягоны тонкі і датклівы лірызм. Мастак рашуча праводзіць няроўна мяжу паміж брунатна-глінянай зямлёй і валошкава-чорным начным небам, у якое, як увасабленне мары — з зямлі на неба накіравалася лесвічка-трап. Дзіўныя формы і персанаж, падобныя да батлеечных лялек, што лунаюць у пустой прасторы, мігцяць, змяняюцца, распускаюцца… Распускаюцца, як клубок, ніткаю з якога сам мастак імкнецца палучыць незлучальнае — досвед Шагала і Малевіча, хасідскіх унебаўзлётаў дагары і геаметрычнай паэзіі вестуна смерці Мастацтва — Малевіча… Ігар Цішын гэтак урэчаўлёна спрабуе тут адшукаць сваю ідэнтычнасць, самога сябе ў некалькіх існасцях… У той самы ж час, у тую пару ён удзельнічае ў розных акцыях, перфомансах, эксперыментуе з аб’ектамі. Ён прагнуў з-за вострай неабходнасці пашырыць рамкі сваіх магчымасцяў. Але ў гэтым пяшчотным палатне Цішын адкінуў гэтыя эксперыменты, як грубыя пародыі на мастацтва i на самога сябе. Мыслячы сябе прадаўжальнікам віцебскага авангарду 1920-х гг., ён імкнецца знайсці тут i для сябе нейкую нішу. Вось ляціць па небу муза Шагала — Бэла, вось унізе ідзе скукожаны стары, сам Пэн, а на самым краю далягляду, як на вастрыі ляза, — супрэматычныя архітэктоны Малевіча. I малады мастак у розных паставах усё гэта нітуе, нітуе, у адзін вялікі клубок ідэяў, гісторыяў i аповесцяў. Гэта палатно — верш, прысвечаны таму гораду, дзе на- радзілася i выспела нямала ідэяў, што змянілі мастацкі свет Захаду.

“Віцебскі клубок” доўгі час быў у самім Віцебску. Калі ў 1993 г. у гэтым славутым горадзе, колішняй культурнай сталіцы, ад- крылася галерэя “У Пушкіна”, заснаваная калегам Цішына Алесем Пушкіным, то гэта палатно ўжо было тут на пачэсным месцы. I было яно ўвасабленнем мараў беларускіх постмадэрністаў найноў- шага часу. Мараў пра тое, якое пачэснае месца мастацкая традыцыя мусіць заняць у нашай культуры, а мастакоўская штодзённая творчасць увайсці ў нашае жыццё. Але праз чатыры гады галерэю зачынілі. Мроі маладых мастакоў засталіся адно мроямі…

Пасля ў Цішына ізноў былі розныя інсталяцыі, аб’екты, перфомансы: “Формулы Родчанкі”, “Фалічаская фраў”, “Лёгкі партызанскі рух”, “Дагавор з Гітлерам”. Але гэта быў толькі эксперымент, напрацоўка ведаў і ўмельстваў, жаданні цікаўнага чалавека зазір- нуць яшчэ і туды. Яшчэ ў далёкім 1989 г. мастак хацеў зрабіць сваю выставу ў турме. Ігар Цішын цяпер спрабуе дражніць, эпатаваць гледачоў, то выстаўляючы распілаваную на колькі кавалкаў карціну, то дасціпна аперуе цытатамі з Суціна, Бэкана, Гарэцкага, Эйзенштэйна, то кпіць з роднай для савецкіх беларусаў партызанскай тэмы. Увогуле ўсё гэта толькі на першы погляд нагадвае трызненне, а насамрэч гэта зусім рацыянальнае памкненне раскатурхаць публіку, прыцягнуць увагу раўнадушнага мінака… Для Цішына, урэшце, форма ніколі не была абстрактнай. Як казаў Міро, “форма заўсёды зорка, чалавек або яшчэ штосьці”. А часам гэтае штосьці ў Цішына і ёсць самае істотнае, тое, што можа прыадчыніць вечка ў сярэдзіну ягонай смурной, знуджанай сутнасці, за якой аказваецца той самы вясковы хлапчук, якому ўвесь час нечага не стае… У 1997 г. Цішын атрымаў стыпендыю ў Швейцарыі, дзе ў яго з’явілася магчымасць пазнаёміцца з найноўшым Еўрапейскім… А ў 2000 г. мастак пераязджае настала жыць у Бельгію.

***

Ігар Цішын (1958, в. Васільполле, Буда-Кашалёўскі р-н). Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Выстаўляецца ад 1980. Творчыя эксперыменты па-за традыцыйнымі формамі, што лічыў актуальнымі і авангарднымі, пачаў ажыццяўляць ад пачатку 1990-х гг. Персанальныя выставы Цішына праходзілі ў Беларусі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі, Іспаніі, Нямеччыне, Галандыі, Вялікабрытаніі. Удзельнік выставаў у Венецыі, Віцебску, Варшаве, Берліне, Эсэне, Генце, Клермон-Феране, Мінску, Маскве і Браціславе. Творы зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, іншых Еўрапейскіх зборах. Жыве і працуе ў Бельгіі.

Крыніцы

  1. Вайцяхоўская, В. Эцюд па памяці: творчасць Наталлі Залознай і Ігара Цішына / В. Вайцяхоўская // Мастацтва. — 1993. — № 12.
  2. Мая зямля. Жывапіс беларускіх мастакоў. Альбом / Укладальнік Трыгубовіч В., — Мінск: Сімон, 1996.

Аўтар: Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 370-373.